Дротнінгхольм

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Палацава-паркавы комплекс
Дротнінгхальм
Drottningholm
Drottningholm Palace - panorama september 2011.jpg
59°19′18″ пн. ш. 17°53′10″ у. д.HGЯO
Краіна Flag of Sweden.svg Швецыя
Месцазнаходжанне Дротнінгхальм
Архітэктар Нікадэмус Тэсін
Дата заснавання 1699[1]
Будаўніцтва 16621683 гады
Сайт kungligaslotten.se/…(англ.) 
Commons-logo.svg Дротнінгхольм на Вікісховішчы

Дротнінгхольм (Drottningholm, што значыць «востраў каралевы») — палацавы комплекс у Швецыі. Размешчаны на востраве Лувён пасярод возера Меларэн, на захадзе ад Стакгольма. З 1981 года рэзідэнцыя шведскіх каралёў. У 1991 годзе Дротнінгхольм уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Палац на старадаўняй гравюры
Палац Дротнінгхальм

У XVI стагоддзі шведскі кароль Юхан III пабудаваў на востраве Лувён замак для свой жонкі Кацярыны Ягелонкі. Аднак у 1662 годзе Дротнінгхольм згарэў. Праз год каралева Хедвіга Элеанора задумала рэканструкцыю і загадала пабудаваць на гэтым месцы новы палац — сціплы, без празмернасцяў, супамерны і элегантны.

Спальня каралева Хедвігі Элеаноры

Будаўніцтва сучаснага будынка ўзначаліў архітэктар Нікадэмус Тэсін (старэйшы), а пасля яго смерці ў 1682 годзе — сын Тэсін (малодшы). На поўначы Еўропы гэта была першая загарадная рэзідэнцыя, пабудаваная як перайманне Версаля, без моцных сцен, веж і іншых атрыбутаў сярэднявечнага замка. Хоць палац стваралі з аглядкай на Версаль, але пазычылі ідэю, а не формы, і адмовіліся ад гігантаманіі французскага ўзору. Таксама, палац створаны без умацаванняў і бастыёнаў, бо возера служыла натуральнай перашкодай. Да таго ж ваенная моц Швецыі XVII стагоддзя, баяздольнасць яе арміі і флоту давалі упэўненасць у непераможнасці дзяржавы, якая паспяхова ваявала на еўрапейскім кантыненце. Дротнінгхольм паслужыў адной з крыніц архітэктурных прыёмаў пятроўскага барока, бо рускі цар Пётр запрашаў будаваць Пецярбург і самога Тэсіна, і яго вучняў (Трэзіні).

З пачатковага перыяду захавалася спальня каралевы Хедвігі Элеаноры, створаная вядучымі мастакамі і майстрамі краіны, і манументальная лесвіца — упрыгожаная мармурам, карцінамі і скульптурамі — якая была прадметам вялікага гонару архітэктара. Тэсін-старэйшы памёр у 1682 годзе, і задача завяршэння будаўніцтва палаца была перададзена яго сыну, Тэсіну-малодшаму. Ён скончыў працу свайго бацькі, у прыватнасці, галерэю караля Карла XI, з карцінамі бітвы за Сконэ з яго ўдзелам.

Від з возера

У 1744 годзе Дротнінгхольм падарылі прынцэсе Луізе Ульрыцы Прускай да яе вяселля са шведскім спадчыннікам стальца Адольфам Фрэдрыкам. Луіза Ульрыка аднавіла інтэр’еры ў стылі французскага ракако і адкрыла ў яго сценах прыдворны тэатр. Час Луізы Ульрыкі быў новым залатым векам палаца. Яна апекавала культуру, і акружыла сябе паэтамі, мастакамі, навукоўцамі і пісьменнікамі. Тут адбываліся важныя дыскусіі і супольныя канцэрты. Бібліятэка, з яе класічнымі пазалочанымі калонамі і гуллівымі арнаментамі ў стылі ракако лічыцца адным з самых прыгожых пакояў Швецыі. Архітэктару Жан-Эрыку Рэну дапамагалі лепшыя шведскія майстры.

Навукоўцы таксама сустракаліся і абмеркоўвалі свае працы ў Дротнінгхольме. Пад кіраўніцтвам Карла Лінея навукоўцы арганізавалі ў палацы калекцыю прыродных артэфактаў каралевы, распрацоўвалі таксаномію малюскаў, упарадкавалі сістэмы і класіфікацыі.

Бібліятэка палаца

У 1777 годзе прынцэса прадала Дротнінгхольм шведскаму скарбу, таму яе сын Густаў III і яго нашчадкі працягвалі займаць палац.

Зноў былі зроблены змены ў інтэр’еры, у тым ліку створаны Кітайскі салон з яго прыгожай кафлянай печчу і сучаснай мэбляй, вырабленай вядучымі шведскімі вытворцамі мэблі, Георгам Хауптам і Ёханам Крысціянам Лінінгам.

У дзяцінстве, прынцу Густаву падабалася бавіць час у Дротнінгхольме. У жніўні 1754 года ён пісаў сваім бацькам:

«Учора днём я бегаў па галерэі з маімі братамі. Потым я спытаў галоўнага лекара Лінея распавесці мне пра жывёл. Ён распавёў мне пра камароў, пра птушак, якія ядуць іх, і пра лебедзяў, пеліканаў і марскіх львоў»[2].

Галерэя Карла ХІ

Праз некалькі дзён Густаў быў у скарбніцы сваёй маці, дзе разглядаў рымскія медалі, якія вельмі яго забавілі. Ён таксама любіў праводзіць час у бібліятэцы, чытаючы франкамоўныя кнігі. У добрае надвор’е раніцамі адбываліся выправы ў Кітайскі павільён. Густаў лічыў гэтыя выправы сумнымі і апісваў іх як паходы праз «камяністы пясок Аравіі».

Дротнінгхольм быў летнім палацам, які быў кантрастам паўсядзённаму жыццю ў палацы Стакгольма. Аднак і жыццё тут было запоўнена правіламі, як згадвае нявестка караля Густава III Гедвіга Лізавета Шарлота:

«Наша жыццё тут даволі своеасаблівае. Гэта спалучэнне гарадскога ладу і загараднага жыцця, спалучэнне куртуазных задавальненняў і сельскіх гульняў, этыкета і свабоды, весялосці і адпачынку, што робіць жыццё тут надзвычай прыемным. Быў складзены адмысловы набор правілаў для знаходжання ў Дротнінгхольме, і кожны мае копію правіл у сваім пакоі. Для добрага і благога надвор’я ёсць розныя правілы. Калі надвор’е добрае, мы ямо абед і праводзім увесь дзень у Кітайскім павільёне. Калі надвор’я няма, мы застаемся ў палацы. Калі знаходзімся ў Кітайскім павільёне, то павінны апранацца проста, а мужчыны — у вячэрнія касцюмы або ваенную форму, калі хто яе мае. Калі надвор’е благое, дамы і кавалеры мусяць насіць тое, што і ў Стакгольме»[2].

Сам кароль Густаў III вырашаў, добрае ці благое надвор’е. Кожную раніцу ён змяшчаў ігральную карту на дзвярах свайго пакоя. Калі гэта былі чэрві, надвор’е лічылася добрым, і прыдворныя пойдуць у Кітайскі павільён. Калі пікі — надвор’е благое, усе застануцца ў палацы. Гедвіга Лізавета Шарлота скардзілася, што кароль часта мяняў сваё меркаванне:

«Часам бывае, што карта змяняецца два ці тры разы на працягу вячэры, што выклікае вялікія нязручнасці»[2].

Са смерцю караля Густава III у 1792 годзе Дротнінгхольм крыху страціў сваю яскравасць. Палац перайшоў да яго сына, караля Густава IV Адольфа і каралевы Фрэдрыкі. Вечарыны і турніры па-ранейшаму тут праводзіліся, але без ранейшай легкадумнасці. У Дротнінгхольме Густавіянская эпоха падышла да драматычнага канца. Пасля дзяржаўнага перавароту ў красавіку 1809 года скінуты кароль Густаў IV Адольф быў дастаўлены спачатку ў Дротнінгхольм, а затым — у замак Грыпсхольм перад канечным выгнаннем.

Падчас валадарства (1818—1844) караля з новай дынастыі Бернадотаў Карла XIV Юхана, палац быў закінуты. Кароль успрымаў палац як сімвал старой дынастыі. Будынкі былі пашкоджаны прыродай, рэчы канфіскаваны або прададзены з аўкцыёна. Палац упершыню адкрыты для публікі на працягу гэтага перыяду. Першае публічнае наведванне вядома ў 1819 годзе, таксама публіка карысталася паркам для пікнікоў. Часам палацам карысталіся для публічных мерапрыемстваў, у 1823 годзе нявеста кронпрынца, Жазэфіна Лейхтэнбергская ўрачыста прынята тут па сваім прыбыцці ў Швецыю, і яе імяніны пазней адзначаліся тут. У парку прымалі замежных гасцей, напрыклад, расійскага імператара Мікалая І.

Кароль Оскар I зацікавіўся палацам, і хоць выбраў палац Тульгарн сваёй летняй рэзідэнцыяй, ён паклапаціўся, каб захаваць Дротнінгхольм, правёў першы рамонт у 1846 годзе. Ён яшчэ больш карыстаўся палацам для публічных урачыстасцяў, такіх як прыём для панскандынаўскіх студэнтаў ў 1856 годзе, а ў 1858 годзе будучы кароль Густаў V нарадзіўся ў палацы. Карл XV выбраў Ульрыксдаль сваёй летняй рэзідэнцыі і ігнараваў Дротнінгхольм, але Оскар II працягнуў рамонт. Як Оскара I, так і Оскара II крытыкавалі за мадэрнізацыю палацу і прывядзенне яго ў адпаведнасць сучаснай модзе, а не аднаўленне зыходнага стану, і толькі ў валадараства Густава V палац і яго наваколлі рэканструяваны адпаведна вонкаваму выгляду XVIII стагоддзя. У 1907 годзе была распачата буйная чатырохгадовая рэстаўрацыя палаца, каб аднавіць Дротнінгхольм у ранейшым стане, пасля чаго каралеўскі двор пачаў зноў ім рэгулярна карыстацца.

Палацавая царква[правіць | правіць зыходнік]

Прыдворная царква

Прыдворная царква знаходзіцца ў паўночным акруглым крыле палаца. Тэсін-малодшы завяршыў будаўніцтва на пачатку XVIIІ стагоддзя паводле планаў свайго бацькі. Інтэр’ер распрацаваны пад кіраўніцтвам Карла Хорлемана, і капліца была завершана да 1730 года. Царква належыць прыдворнай скарбніцы і з’яўляецца часткай парафіі каралеўскага двара, але для мясцовага прыхода ў царкве праводзяцца службы ў апошнія выходныя кожнага месяца, на якіх ўсе ахвотныя могуць прысутнічаць. Таксама тут праводзяцца канцэрты на працягу лета і на Каляды.

Унутры знаходзіцца арган, створаны ў 1730 годзе, і габелен, які ўласнаручна выткаў Густаў V.

Оперны тэатр[правіць | правіць зыходнік]

Дротнінгхальмскі тэатр

Пярліна дротнінгхольмскага палацавага комплексу, адзін з найлепш захаваных тэатраў гэтага перыяду ў свеце — прыдворны тэатр, пабудаваны Карлам Фрэдрыкам Адэлькранцам у 1766 годзе на месцы ранейшага будынка, згарэлага ў 1762 годзе.

Росквіт палацавага тэатра пачаўся ў 1777 годзе, калі кароль Густаў III выкупіў Дротнінгхольм. Тут часта адбываліся вялікія оперныя прэм’еры, выступалі французскія трупы і шведскі Каралеўскі драматычны тэатр.

Пасля смерці караля Густава III тэатр паступова занепадае, і будынкам сталі карыстацца як складам. Ён быў адноўлены ў сваім першапачатковым стане ў 1922 годзе. З 1953 года тут праводзіцца міжнародны оперны фестываль, з 1990-х гадоў ён вядомы як прэстыжная пляцоўка для аўтэнтычных пастановак старадаўніх опер і балетаў.

У адрозненне ад іншых еўрапейскіх тэатраў XVIII стагоддзя тут захаваліся тыповыя для таго часу італьянскія машыны і механізмы, з дапамогай якіх па сцэне перасоўвалася мэбля, раздаваўся гром, лілася вада, а ў фінале прадстаўлення спускаўся «бог з машыны». Да гэтага часу драўлянымі тэатральнымі машынамі кіруюць рукамі. Захавалася каля трыццаці сцэнаграфічных набораў, які даюць уяўленне пра тэатральны свет XVIIІ стагоддзя

Кітайская вёска[правіць | правіць зыходнік]

Кітайскі павільён

Кітайскія домікі ў Дротнінгхольме складаюць адзін з першых і найбольш значных помнікаў захаплення еўрапейцаў кітайскай архітэктурай, вядомага пад назвай шынуазры.

Першы будынак быў простым павільёнам з двума крыламі ў кітайскім стылі. Ён быў створаны як падарунак-сюрпрыз на дзень нараджэння каралевы Луізы Ульрыкі 24 ліпеня 1753 года ад караля Адольфа Фрэдрыка. Каралева атрымала залаты ключ ад сямігадовага кронпрынца Густава (пазней караля Густаў III), апранутага як кітайскі мандарын. У лісце да сваёй маці, прускай каралевы Сафіі Дароты каралева піша:

«Ён прывёў мяне да ўскрайку парка, і я раптам трапіла ў казку, бо кароль пабудаваў кітайскі замак, найпрыгажэйшы ў свеце»[2].

Тым часам усё кітайскае было апошняй модай.

Гандлёвыя кампаніі прывозілі ў Еўропу XVIIІ стагоддзя вялікую колькасць чаю, спецый, шоўку, фарфору і эксклюзіўных твораў мастацтва. Кітай успрымаўся як экзатычная, міфічная краіна, і кітайскі павільён быў увасабленнем гэтай усходняй фантазіі.

Пабудаваны ў спешцы і сакрэтнасці, невялікі замак не вытрымаў суровага шведскага клімату. Праз дзесяць гадоў драўляны каркас пачаў гнісці, і Карлу Фрэдрыку Адэлькранцу было даручана стварыць новы і большы павільён, з больш трывалых матэрыялаў.

Стары драўляны павільён быў заменены новай структурай, будаўніцтва пачалося ў 1763 годзе і было завершана ў 1769 годзе.

Інтэр’еры павільёна створаны ў стылі ракако і маюць экзатычны характар. Пакоі напоўнены прадметамі раскошы, прывезенымі з Кітая Шведскай Ост-Індскай кампаніяй — фарфорам, шоўкам, лакіраванымі прадметамі і іншым. Кітай быў міфічнай зямлёй, кожны шведскі дваранін хацеў мець кітайскі пакой ці хоць некаторыя кітайскія рэчы, каб мець уяўленне пра гэту легендарную, але закрытую для еўрапейцаў краіну. Сцены ў Жоўтым пакоі пакрыты кітайскімі лакіраванымі панэлямі, тым часам эксклюзіўнай тэхнікай, бо ў Еўропе не было аналагаў. Панэлі паказваюць адносіны паміж Азіяй і Еўропай у XVIIІ стагоддзі — сцэны з Кантона (цяпер Гуанчжоу) і еўрапейскія Трынаццаць фабрык, аддзеленыя ад горада падвойнымі сценамі.

Пляменніца шведскага караля Адольфа Фрэдэрыка, расійская імператрыца Кацярына II, пад уражаннем ад гэтага праекта загадала Рынальдзі пабудаваць аналагічную вёску ў Царскім Сяле. Побач вёскі ўзведзены будынак для прыдворных тэатральных прадстаўленняў.

У 1989—1996 гадах праведзена руплівая рэстаўрацыя Кітайскага павільёна, пасля яе ён паўстаў перад наведвальнікамі парку ў першаствораным выглядзе. Сам павільён даступны для наведвання з мая па верасень уключна. Праводзяцца экскурсіі на шведскай і англійскай мовах.

Паркі[правіць | правіць зыходнік]

Барочны парк[правіць | правіць зыходнік]

Да сённяшніх дзён захаваўся рэгулярны парк у стылі французскага барока. Барочны парк створаны ў канцы XVII стагоддзя па ініцыятыве каралевы Гедвігі Элеаноры, пад кіраўніцтвам архітэктараў палацавага комплекса Нікадэмуса Тэсіна-старэйшага і яго сына. У садзе побач палаца, акружанага чатырма радамі ліпаў. Архітэктары натхняліся палацавымі садамі Францыі, дзе ідэалам быў строгі, спарадкаваны і сіметрычны парк.

Бронзавыя скульптуры ў парку — копіі арыгіналаў галандскага скульптара Адрыяна дэ Фрыза, прывезеныя ў Швецыю як трафеі з пражскага палаца Валенштэйна і палаца Фрэдрыксборг у Даніі. Арыгіналы можна ўбачыць у Музеі дэ Фрыза. Два бронзавыя львы ля ўвахода ў палац былі вывезены з Уяздоўскага палаца ў Варшаве.

У дадатак да радоў ліп, барочны парк таксама ўключае parterre de broderie, крыху прыўзняты партэр з 12 невялікімі фантанамі і фантанам Геркулеса ў цэнтры, каскадамі і баскетамі, а таксама вялікім баскетам вядомым як «Зорка».

Барочны сад прыйшоў у заняпад у ХІХ стагоддзі, але быў адноўлены ў 1950-1960-я гады ініцыятывай караля Густава VI Адольфа.

Парк вакол Кітайскага павільёна[правіць | правіць зыходнік]

Парк вакол кітайскага павільёна створаны ў сярэдзіне XVIIІ стагоддзя. Тым часам адбываўся адыход ад строгага ідэалу парка, да больш арыентаванага на прыроду. Каралева Луіза Ульрыка пад уплывам гэтых ідэй папрасіла Карла Фрэдрыка Адэлькранца, архітэктара Кітайскага павільёна, пракласці дарожкі вакол павільёна, аточаныя каштанамі. Баскеты на ўсход ад палаца былі запланаваны як альтанкі з вялікімі клеткамі для экзатычных птушак. Адна з гэтых клетак захавалася, хоць і значна змененая. За баскетамі быў створаны звярынец. Сёння засталася толькі адна сажалка. За палацам змешаны лес, які надае прасторы «дзікаватую» рамантычную атмасферу.

Англійскі парк[правіць | правіць зыходнік]

Калі кароль Густаў III прыняў Дротнінгхольм у 1777 годзе, ён захацеў рэалізаваць апошнія тэндэнцыі ў паркавым дызайне паходжаннем з Англіі — прыродны ландшафтны парк. Фрэдрыку Магнусу Пайперу, які вучыўся ў Англіі, была пастаўлена задача стварэння менавіта такога парка на поўнач ад барочнага парка ў 1780 годзе. Англійскі парк складаецца з двух сажалак з каналамі, выспамі і прыгожымі мастамі, вялікімі газонамі, дрэвамі і цяністымі алеямі. З парка адкрываюцца віды і панарамы на сельскую мясцовасць. Большасць антычных мармуровых статуй набыта Густавам III у Італіі. Мэта статуй — здзівіць наведвальніка сваім нечаканым з’яўленнем у зялёнай зоне, або служыць абазначэннем панарамных відаў.

Зноскі

  1. Monuments database — 2017.
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 [1] «Гісторыя палаца Дротнінгхольм» на сайце Шведскіх каралеўскіх рэзідэнцый

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Roosval J., Swedish art, Princeton, 1932
  • Научный каталог. «Архитектурная графика России. Первая половина 18 века», Л, «Искусство», 1981

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Сцяг ЮНЕСКА Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб'ект № 559
рус.англ.фр.