Шведская Ост-Індская кампанія

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Пячатка кампаніі, каля 1806 - 1813 гг.

Шведская Ост-Індская кампанія (шведск.: Svenska Ostindiska Companiet) — шведскае гандлёвае манапольнае аб'яднанне для падтрымання эканамічных стасункаў з краінамі Азіі ў 17311813 гг.

Ранні перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Спробы стварэння кампаніі пад патранажам шведскай кароны прадпрымаліся фламандскімі гандлярамі ў XVII ст. і еўрапейскімі піратамі з Мадагаскара ў пачатку XVIII ст. У 1718 г. Карл XII нават перадаў піратам ліст з дазволам сяліцца ў Гётэбарге і засноўваць заморскія калоніі. Аднак смерць караля паклала канец перагаворам.

Пасля заканчэння Вялікай Паўночнай вайны ў Швецыі адбываліся спрэчкі пра магчымасць адкрыцця гандлю з усходнімі краінамі. З аднаго боку, дзяржаве патрабаваліся фінансы для ўзнаўлення эканомікі, і замежныя прадпрымальнікі прапаноўвалі праекты сумесных аб'яднанняў, што маглі прыцягнуць значныя сродкі. З іншага боку, супраць выступалі прыхільнікі меркантылізму. Яны асцерагаліся, што танныя ўсходнія тавары будуць канкураваць з прадуктамі мясцовай прамысловасці. Да таго ж у Швецыі былі абмежаваныя магчымасці для аховы сваіх гандлёвых караблёў. Аднак 14 чэрвеня 1731 г. шведскі суднаўласнік нямецкага паходжання Генрык Кёніг і шатландскі інвестар Колін Кэмпбел здолелі атрымаць ад караля дакумент, які перадаваў ім манаполію на ўвоз тавараў з прасторы ад мыса Добрай Надзеі да Японіі.

Згодна хартыі Фрэдрыка I Шведская Ост-Індская кампанія мела права свабоднага гандлю акцыямі, павінна была рабіць значныя адлічэнні дзяржаве, карыстацца толькі караблямі, абсталяванымі ў Швецыі, ёй забаранялася вывозіць шведскую срэбраную манету. Караблі кампаніі маглі не ўдзельнічаць у ваенных акцыях каралеўскага флота, але яе афіцэры мелі роўныя правы з флоцкімі. Да 1753 г. акцыянеры кампаніі ўкладалі сродкі і атрымоўвалі прыбыткі з кожнага заморскага плавання. Да 1813 г. было арганізавана 131 плаванне.

Першыя экспедыцыі накіроўваліся ў Бенгалію і Кітай. Для гандлю з Кітаем патрабавалася срэбра. Яно набывалася па дарозе ў Кадысе ў абмен на шведскую сталь. Зваротна везлі спецыі, шоўк, фарфор і чай, якія збываліся ў Швецыі. Самая першая экспедыцыя працягвалася з 9 лютага 1732 г. да 27 жніўня 1733 г. і скончылася вялізарнымі прыбыткамі для акцыянераў. Галоўным заморскім портам, дзе былі адчынены шведскія гандлёвыя факторыі стаў Кантон.

Дзейнасць у другой палове XVIII ст.[правіць | правіць зыходнік]

Судна Шведскай Ост-Індскай кампаніі

Пасля 1746 г. Шведская Ост-Індская кампанія імкнулася пашырыць свой уплыў на шведскіх і замежных спажыўцоў і інвестараў. Былі павялічаны колькасць гандлёвых суднаў і адказных кіраўнікоў. У 1753 г. былі створаны фіксаваны фонд і сталыя падпіскі на акцыі, якія каштавалі не танней за 500 срэбраных талераў. Замежныя акцыянеры атрымалі магчымасць набываць шведскае падданства.

Асноўныя гандлёвыя аперацыі вяліся з Кітаем. У 1749 г. Шведская Ост-Індская кампанія зрабіла спробу замацавацца ў Сураце. Хаця гандаль з Заходняй Індыяй быў надзвычай прыбытковым, шведскія гандляры сустрэлі супраціў брытанскіх канкурэнтаў і былі вымушаны зноў арыентавацца на кітайскі рынак.

У другой палове XVIII ст. Шведская Ост-Індская кампанія ператварылася ў аднаго з найбольш заўважных пастаўшчыкоў чаю на еўрапейскі рынак. У азіяцкія краіны вывозіліся ваўняныя тканіны, свінец, срэбра. Караблі кампаніі перавозілі міжнародную пошту, абслугоўвалі патрэбы Шведская каралеўскай акадэміі навук.

Разам з гэтым, назіралася моцная канкурэнцыя з боку брытанскіх і галандскіх гандляроў. Увядзенне ў Вялікабрытаніі і яе калоніях высокага мыта на чай прывяло да значных страт сярод шведскіх пастаўшчыкоў. У 1777 г. служачы кампаніі Петэр Ёхан Бладх, заняты прыёмам і выдачай грузаў у Кантоне, прапаноўваў пачаць перагаворы з цынскімі імператарамі, каб увесці поўную манаполію на ўзаемны гандль для выцяснення брытанцаў. Аднак кіраўніцтва кампаніі адмовілася ад яго ідэі.

Заняпад[правіць | правіць зыходнік]

Ужо ў 1789 г. прыбыткі акцыянераў Шведскай Ост-Індскай кампаніі так знізіліся, што з'явіліся прапановы аб яе закрыцці. У 1804 г. кампанія не выправіла ні воднага судна ў заморскае плаванне. У 1806 г. каралеўскія ўлады часткова абмежавалі яе манаполію і дазволілі прыватным асобам весці гандаль з азіяцкімі краінамі ў выпадках, калі Шведская Ост-Індская кампанія не накіроўвае туды свае караблі.

У 1811 г. было афіцыйна абвешчана пра банкруцтва Шведскай Ост-Індскай кампаніі. У 1813 г. рада акцыянераў падцвердзіла гэта рашэнне. Маёмасць была прададзена праз аўкцыён. З 1814 г. з'явіўся каралеўскі дазвол на свабодны гандаль з краінамі Азіі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]