Жыгімонт Карыбутавіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Жыгімонт Карыбутавіч
Žygimont Karybutavič, Pahonia. Жыгімонт Карыбутавіч, Пагоня.jpg
Жыгімонт і яго войска пад сцягам з выявай Пагоні
 
Дзейнасць: багаслоў
Нараджэнне: 1395
Ноўгарад-Северскі, Украіна
Смерць: 1435
Вількамір
Дынастыя: Гедзімінавічы
Бацька: Карыбут Альгердавіч
Маці: Анастасія Алегаўна Разанская[d]

Жыгімонт Карыбутавіч (кан. 14 ст. — 1435, пад Вількамірам) — кароль чэшскі, вялікалітоўскі палкаводзец.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям'і князя ноўгарад-северскага Карыбута Альгердавіча і разанскай княжны Анастасіі Алегаўны. Пасля смерці бацькі (1404) выхоўваўся пры двары Ягайлы. Свайго ўдзелу, верагодна, не меў і служыў пры каралеўскім двары. У бітве пры Грунвальдзе (1410) узначальваў харугву. Пад час наступнай вайны Польшчы з Ордэнам вызначыўся як палкаводзец, узяў ордэнскі замак Прабут (1414).

Пасля смерці чэшскага караля Венцаслава ў 1419, гусіты паднялі паўстанне супраць улады яго малодшага брата Жыгімонта Люксембургскага (будучага імператара) і прапанавалі чэшскую карону Ягайлу, але той адмовіўся, тады гусіты звярнуліся да Вітаўта. Вітаўт пагадзіўся, бо ў той час вёў спрэчкі за Жамойць і быў не супраць мець Чэхію для палітычнага гандлю, але заявіў чэхам што сам не можа паехаць з ВКЛ і таму прызначыць у Чэхію свайго намесніка. У 1422 годзе Вітаўт паслаў у Чэхію 5-тысячнае войска на чале са сваім намеснікам — Жыгімонтам Карыбутавічам.

Жыгімонт Карыбутавіч адразу павёў актыўныя дзеянні, што вымусіла імператара ўцячы з Чэхіі ў Венгрыю. Пасля ўзяцця замка Нестаў у Маравіі Карыбутавіч разаслаў па ўсёй Чэхіі грамату якой паведамляў, што прыбыў як намеснік Вітаўта і склікаў усе саслоўі на сейм у Часлаў, на якім афіцыйна быў прызнаны за намесніка чэшскага караля Вітаўта. 16 мая 1422 Жыгімонт Карыбутавіч прыбыў у Прагу, дзе распусціў гарадскую раду і правёў выбары новай.[1] Галоўнай задачай Карыбутавіча на першым этапе быў пошук кампрамісу паміж дзвюма крыламі гусітаў — памяркоўнымі чашнікамі і радыкальнымі табарытамі. Нарэшце табарыты на чале з Янам Жыжкам прызналі ўладу Жыгімонта Карыбутавіч, хоць і імкнуліся за самастойнай улады ў Празе. Калі Карыбутавіч займаўся аблогай імператарскага замка Карлштайн табарыты ўзнялі мяцеж і хацелі захапіць уладу ў Празе, але пражаны не падтрымалі мяцежнікаў, а гарадская рада схапіла іх. Вярнуўшыся ў горад Карыбутавіч прысудзіў мяцежнікаў да смерці, але памілаваў, калі яны ўжо паклалі галовы на плаху, гэтым ён займеў яшчэ большы аўтарытэт сярод гусітаў абодвух плыняў.

Тымчасова Вітаўт атрымаў ад імператара Жыгімонта Люксембургскага пацверджанне сваіх правоў на Жамойць і паабяцаў вывесці свае войскі з Чэхіі. Жыгімонт Карыбутавіч вымушаны быў вярнуцца ў Кракаў, дзе прысутнічаў на каранацыі Соф'і Гальшанскай. Але чэхі мелі пра яго добрую памяць і ў 1424 годзе чэшскія паслы ў Гародні прасілі Вітаўта адпусціць Жыгімонта Карыбутавіча ў Чэхію, дзе мелі намер каранаваць яго на караля чэшскага. Вітаўт жа казаў ім, што абяцаў імператару не падтрымліваць гусітаў і калі Карыбутавіч карануецца супраць яго волі, то будзе яму ворагам. Чэхі не гледячы на гэта сустрэліся ў Кракаве з Карыбутавічам і ён прыняў іх прапанову.

29 чэрвеня 1424 на чале ўласнага 1,5 тыс. войска прыбыў у Прагу, дзе на вачах натоўпа прыняў прычасце па гусісцкаму абраду. Ён быў выбраны каралём, але не каранаваўся. Папа Рымскі Марцін V абвясціў Карыбутавіча ератыком, Вітаўт публічна выракся яго, хаця яны вялі ліставанне паміж сабой, дзе Карыбутавіч называў сябе слугой Вітаўта. Апроч таго, напачатку абранне не прызналі табарыты начале з Жыжкам, які прывёў войска пад Прагу з намерам зруйнаваць яе, але пасля перамоў усёж прызнаў Карыбутавіча за караля. Такім чынам, Карыбутавічу ўдалося аб'яднаць абодва крылы гусітаў, пасля смерці Жыжкі ён узначальваў гусіцкае войска і 16 чэрвеня 1426 разбіў імператарскае войска ў бітве пад Усцем.

Замак Вальдштайн у якім Карыбутавіч быў вязнем на працягу чатырох месяцаў

Жыгімонт Карыбутавіч не хацеў далейшай вайны з імператарам і ў сваіх лістах да Вітаўта прасіў, каб той быў пасрэднікам у перамовах аб міры. Гэтая таемная перапіска трапіла ў рукі радыкальных табарытаў, якія з амвонаў зачыталі яе пражанам. Усё гэта было палічана за здраду Жыгімонта Карыбутавіча і яго на чатыры месяцы зняволілі ў замку Вальдштайн. Тымчасова табарыты захапілі ўладу ў Празе, але папулярнасць Карытубавіча сярод звычайных абывацеляў была настолькі вялікай, што табарыты ўвесь час пачувалі сябе неўпэўнена і таму вырашылі вывезці яго з Чэхіі. Таму 9 верасня 1426 ён быў вызвалены і давезены пад вартай да польскай мяжы. Некаторы час Карыбутавіч жыў у Раціборы ў сваёй сястры Алены. Тут ён збіраў сваіх прыхільнікаў гусітаў, наймітаў, сюды з ВКЛ прывёў войска Фёдар Астрожскі.

У красавіку 1430 Жыгімонт Карыбутавіч з войскам пайшоў у Чэхію дзе заняў горад Глівіцу і абвясціў яго сваёй рэзідэнцыяй. Калі ён ездзіў у Кракаў на не адбыўшыйся дыспут з каталікамі — біскуп Збігнеў Алясніцкі, каб пазбегнуць дыспуту, загадаў зачыніць у горадзе ўсе касцёлы, Конрад Алясніцкі напаў на Глівіцу і спаліў яе. Яшчэ некаторы час Карыбутавіч са сваёй харугвай ваяваў супраць імператарскіх войскаў у Чэхіі, але ў 1431 прасіў у новага вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы прыняць яго на службу. Лісты Карыбутавіча да Свідрыгайлы трапілі ў рукі Ягайлы, што дазволіла таму абвінаваціць Свідрыгайлу перад імператарам у сувязях з гусітамі, а Карыбутавіч здолеў вярнуцца ў ВКЛ толькі ў 1434 годзе. Прычым ехаў ён акружным шляхам, бо ў той час у ВКЛ ішла феадальная вайна ў якой Ягайла падтрымліваў Жыгімонта Кейстутавіча супраць Свідрыгайлы. Спачатку Карыбутавіч з Чэхіі праз тэрыторыю Свяшчэннай Рымскай імперыі з дапамогай Ордэна трапіў у яго сталіцу Марыенбург, адкуль немцы пераправілі яго па мору ў Рыгу, дзе Карыбутавіч пражыў год да часу пакуль Свідрыгайла не прыслаў запрашэнне. У ВКЛ Карыбутавіч узначаліў войска Свідрыгайлы.

1 верасня 1435 на рацэ Святой пад Вількамірам сустрэліся войскі Свідрыгайлы на чале з Карыбутавічам і войскі Жыгімонта Кейстутавіча на чале з Якубам з Кабылян.[2] Карыбутавіч прапанаваў праціўніку не праліваць братняй крыві, а пачаць перамовы паміж вялікімі князямі праз пасярэдніцтва імператара ці каго з еўрапейскіх каралёў, але гэтая прапанова не была прынятая ні Жыгімонтам Кейстутавічам, ні самім Свідрыгайлам. У ходзе бітвы пад Вількамірам Карыбутавіч быў паранены ў галаву і шыю, бо спрабаваў з некалькімі харугвамі затрымаць палякаў і даць магчымасць уцякаючаму войску Свідрыгайлы перагрупіравацца. Параненым ён трапіў у палон, калі яго спыталіся, чаму ён не ратаваўся ўцёкамі, ён адказаў, што гонар цэніць вышэй за жыццё. Хутка ён памёр, нібыта раны яго былі смяротныя, па іншай версіі быў забіты.

Зноскі

  1. Пражская гарадская рада была адным з галоўных органаў улады ў гусісцкай Чэхіі.
  2. Войска Жыгімонта Кейстутавіча складалася ў большасці з польскіх харугваў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Карыбутавічы // ЭГБ, Т.4, — Мн., 1997;
  • Chłędowski K. Zygmunt Korybut: szkic historyczny (1420—1428) // Biblioteka Warszawska. T. 3. Warszawa, 1864. S. 32-98;
  • Grydiel J. Życie i działalność Zygmunta Korybutowicza. Studium z dziejów stosunków polsko-czeskich w pierwszej połowie XV wieku // Prace Komisji Historycznej, oddział w Krakowie. Ossolineum. Wrocław, 1988. № 52. S. 23-78;
  • Nikodem Jarosław. Polska i Litwa wobec husyckich Czech w latach 1420—1433. Studium o polityce dynastycznej Władysława Jagiełły i Witolda Kiejstutowicza // Instytut Historii UAM. Poznań, 2004.
  • Semkowicz W. Korybutowicze i Nieświzcy w świetle sfragistyki // Miesięcznik Towarzystwa Heraldycznego. 1913. T. 6. S. 200—204;
  • Semkowicz W. Łosk i wygaśnięcie Korybutowiczów // Rocznik Historyczny. 1926. № 7. S. 168—191;
  • Войтович Л. Княжа доба на Русі: портрети еліти. Біла Церква, 2006. С. 650.