Водна-зялёны дыяметр Мінска

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Водна-зялёны дыяметр Мінска
Водна-зялёны дыяметр у цэнтры Мінска
Водна-зялёны дыяметр у цэнтры Мінска
53°55′ пн. ш. 27°32′ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Архітэктар калектыў аўтараў арганізацый «Мінскпраект» і «Мінскводаканал» (у розныя часы): архітэктары — Васіліса Паўлаўна Шыльнікоўская, Яраслаў Львовіч Ліневіч, Барыс Алегавіч Юрцін, Любоў Дзмітрыеўна Усава, Аляксей Аляксеевіч Галякоў, Э.Н. Георгіева і інш.; інжынеры-гідратэхнікі — В. Савіч, Мікалай Мікалаевіч Сакалоўскі і інш.
Будаўніцтва пачатак 1940-х гг. — канец 1970-х гг.
Стан даўжыня — 41 км (7 вадасховішчаў каскадам); перапад вышынь воднага каскада — 28,6 м; агульная плошча — каля 2800 га; звыш 20 «зялёных зон» на тэрыторыі ўсёй водна-зялёнай сістэмы Мінска (паркі, скверы, бульвары, сады і інш.)
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Во́дна-зялё́ны дыя́метр Мі́нска — сістэма вадаёмаў, паркаў, бульвараў і сквераў абапал ракі Свіслач, якая перасякае шырокай «зялёнай стужкай» увесь горад Мінск (Беларусь) з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход — ад вадасховішча Дразды да Шабаноў. Водна-зялёны дыяметр Мінска быў створаны ў выніку архітэктурна-ландшафтнага пераўтварэння поймы мінскай ракі Свіслачы ў 1950—1970-ых гадоў і з’яўляецца часткай Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Стаў адным з двух планіровачных «стрыжняў» Мінска і перасякаецца пад прамым вуглом з паўднёвага захаду на паўночны ўсход другім галоўным гарадскім дыяметрам («стрыжнем») — праспектам Незалежнасці. З’яўляецца ўнікальным[1][2] горадабудаўнічым комплексам у свеце і важнай ландшафтна-рэкрэацыйнай зонай беларускай сталіцы. Галоўная яго ўнікальнасць заключаецца ў непарыўнасці і маштабах[3]. Да водна-зялёнага дыяметра Мінска былі дапраектаваны і пабудаваны (як лагічнае і карыснае дапаўненне) Сляпянскае воднае паўкола і Лошыцкае воднае паўкола, якія разам (паводле задумкі) ствараюць водна-зялёную сістэму Мінска. Паводле ацэнкі спецыялістаў, па праву з’яўляецца сімвалам горада і ландшафтна-архітэктурнай каштоўнасцю. У цяперашні час на водна-зялёным дыяметры Мінска ўзводзяцца розныя пабудовы, што парушае першапачатковае прызначэнне водна-зялёнага дыяметра і цэласнасць комплекса, як і саму канцэпцыю стварэння адзінай водна-зялёнай сістэмы Мінска.

Гісторыя стварэння[правіць | правіць зыходнік]

Паркабудаўніцтва ў Мінску пачалося ў 1790-ыя гг., калі каля ракі Свіслачы быў закладзены Губернатарскі сад (пазней Гарадскі сад, а зараз Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага) — першы публічны парк у Беларусі, дзе жыхары і госці горада адпачывалі і які гарадскія ўлады ўдасканальвалі ўсё XIX стагоддзе, аднак сама Свіслач уяўляла сабой неглыбокую і вузкую рэчку[4].

У 1917 г. насельніцтва Мінска налічвала 134,5 тыс. чалавек, а ў 1940 г. дасягнула 270 тыс., аднак да пачатку 1930-х гг. зялёных насаджэнняў агульнага карыстання ў Мінску было мала — Гарадскі сад і два скверы — Аляксандраўскі (цяпер Цэнтральны) і Саборны (сквер на плошчы Свабоды)[5].

Водна-зялёная сістэма Мінска: рака Свіслач, Лошыцкая водная сістэма (злева) і Сляпянская водная сістэма (справа) — звязаныя з Вілейска-Мінскай воднай сістэмай.

Генеральны план Мінска 1932 г. не толькі ўпершыню пераўтвараў гістарычна складзеную радыяльную структуру ў радыяльна-кальцавую, але і прадугледжваў паступовае фарміраванне сістэмы невялікіх паркаў у пойме ракі Свіслач[6].

Мэтанакіраванае паляпшэнне прыроднага ландшафта Мінска пачалося ў 1940-ыя гг. стварэннем водна-зялёнай зоны горада, калі яшчэ не было самога праекта водна-зялёнага дыяметра, першым крокам чаго была пабудова ў 1940—1941 гг. плаціны на рацэ Свіслачы і ніжэй плаціны Камсамольскага возера (вадасховішча) у рысе горада[7].

У часы Другой сусветнай вайны многія драўляныя кварталы па берагам Свіслачы былі знішчаны, і з’явілася мажлівасць пашырыць існуючыя паркі і пабудаваць новыя. Так, у 1945 г. была адноўлена плаціна на Свіслачы, разбураная вайной, і спецыяльна быў створаны парк Перамогі каля Камсамольскага возера, якое пазней стала найважнейшым элементам водна-зялёнага дыяметра Мінска[8]. Менавіта генеральны план Мінска 1946 г. прадуглежваў стварэнне магістралі паркаў уздоўж Свіслачы і пашырэнне і добраўпарадкаванне поймы галоўнай ракі Мінска[9]. Кампазіцыя паркаў ад вуліцы Нямігі на паўночны ўсход уздоўж Свіслачы атрымала назву «Паркавая магістраль», што адлюстравалася і ў назве паралельнай паркам вуліцы — вуліца Паркавая магістраль (цяпер праспект Пераможцаў). Пры пашырэнні забудовы гарадскіх кварталаў Мінска архітэктары таксама пакідалі некранутымі многія старажытныя лясныя масівы, якія станавіліся паркамі горада — напрыклад, парк Чалюскінцаў (былы лес паноў Ваньковічаў), парк імя 50-годдзя Кастрычніка і інш. Менавіта з канца 1940-х гг. пачынае фарміравацца водна-зялёны дыяметр Мінска, у якім вялікую ролю пачынаюць іграць паркі ў цэнтры Мінска — парк імя Максіма Горкага, парк імя Янкі Купалы, парк Перамогі, а ў паўднёва-усходняй частцы ствараецца Чыжоўскае вадасховішча[10].

Будаўніцтва ў 1956 г. Заслаўскага вадасховішча («Мінскага мора») дазволіла кардынальна палепшыць водны рэжым ракі Свіслач у Мінску і яе першых вадасховішчаў[11].

Водна-зялёная сістэма Мінска: водна-зялёны дыяметр абапал ракі Свіслач, Лошыцкая водная сістэма (злева) і Сляпянская водная сістэма (справа), дапоўненыя «зялёнымі клінамі». Праект 1970-х гг.

У канцы 1960-х гг. выявілася неабходнасць унясення карэктывы ў зацверджаны ў 1965 г. генеральны план Мінска, што тлумачылася празмерна хуткімі тэмпамі росту горада. Менавіта тады былі дадзены прапановы па забудове з усебаковым выкарыстаннем мясцовых прыродных умоў і фарміраваннем узаемазвязаных ансамбляў. Адною з найважнейшых вартасцей праекта новага плана было арганічнае спалучэнне штучна створанага прыроднага асяроддзя з забудовай, выкарыстанне патэнцыяльных мажлівасцей малой ракі і даволі спакойнага рэльефу мясцовасці для стварэння жывапіснага водна-зялёнага дыяметра ракі Свіслач: фактычна штучна створаная рэчка, якая ператваралася ў сістэму каскадаў вадасховішчаў, павінна была стварыць у многім мікраклімат усяго цэнтра горада[12].

Рака Свіслач абапал зеляніны парка імя Янкі Купалы і парка Марата Казея ў цэнтральнай частцы дыяметра, фота 2014 г.

Работы па стварэнні сучаснай сістэмы зялёных насаджэнняў пачаліся менавіта з 1970-х гг. з абваднення (з дапамогай вадасховішчаў), азелянення і добраўпарадкавання поймы ракі Свіслач, што да таго рабілася толькі фрагментарна: быў створаны ланцужок паркаў, сквераў і прыгарадных зон адпачынку са штучнымі пляжамі і гранітнымі набярэжнымі ўздоўж ракі Свіслач ад Заслаўскага вадасховішча да вуліцы Пуліхава, якія знаходзіліся абапал штучна створаных вадасховішчаў Крыніца, Дразды, Камсамольскае возера і ў разы пашыранага рэчышча ракі Свіслач, што было пачаткам складвання непарыўнай сістэмы гарадскіх і прыгарадных «зялёных зон», а таксама максімальнага раскрыцця горада ў бок натуральнага прыроднага асяроддзя[13]. Павялічыўся водаабмен у Свіслачы ў пяць разоў, узрасла мастацкая выразнасць ландшафту[14].

Карэктывы плана ў канцы 1960-х гг. вызначалі галоўныя кампазіцыйныя восі горада: першая вось — галоўны праспект горада (праспект Леніна, цяпер — праспект Незалежнасці), другая — уздоўж водна-зялёнага дыяметра ракі Свіслач (раён больш свабоднай, ландшафтнай забудовы). Галоўныя кампазіцыйныя восі павінны быць непарыўна ўзаемазвязаны з архітэктурна-планіровачнай структурай горада: непарыўны водна-зялены дыяметр павінен перасякаць горад з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход; праспект Леніна не павінен заканчвацца на плошчы Леніна (цяпер плошча Незалежнасці), а яго варта накіраваць цераз увесь горад з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад[12].

Паводле абноўленага ў канцы 1960-х гг. генеральнага плана Мінска, тэрыторыя паркаў і бульвараў водна-зялёнага дыяметра не павінна была забудоўвацца дамамі: гарадскія вуліцы і праспекты, якія абрамлялі водна-зялёны дыяметр, павінны афармляцца забудовай толькі з аднаго боку, які не прымыкаў да паркавай зоны, а вялікія і знакавыя будынкі там павінны былі ставіцца ў «краявідных кропках» і мець у першую чаргу сілуэтную архітэктуру[12]. Так, вуліца Паркавая магістраль (цяпер праспект Пераможцаў) была забудавана толькі з аднаго боку — ад Сабора Святых апосталаў Пятра і Паўла да гасцініцы «Юбілейная» і далей — за гасцініцу «Планета» да жылога раёна Вяснянка.

З большага паўночная, цэнтральная і паўднёвая часткі водна-зялёнага дыяметра былі ўжо завершаны ў 1976 г.[15] Так былі праведзены буйнамаштабныя пераўтварэнні ландшафта, якому надалі вялікую эстэтыку, — вялікія адкрытыя прасторы поймы ракі Свіслач сталі адыгрываць важную ролю ў фарміраванні аблічча беларускай сталіцы[16]. Беларускія ландшафтныя архітэктары таксама зрабілі вялікую працу па эстэтызацыі дэталей архітэктуры паверхні зямлі: галоўнымі кампазіцыйнымі элементамі зялёнай зоны сталі групы пляцовак і модульныя кветкавыя сады, што дазволіла нават такой нязначнай актывізацыяй рэльефа стварыць мноства маляўнічых вобразаў і сілуэтаў, хараство якіх узмацняецца прысутнымі вадаёмамі[16].

Пераўтварэнне ў водна-зялёную сістэму Мінска[правіць | правіць зыходнік]

Краявідныя сілуэтныя будынкі-«пункты» на праспектах і вуліцах каля водна-зялёнай сістэмы Мінска. Праект 1970-х гг.

Паводле генеральнага плана Мінска ад 1972 г. водна-зялёны дыяметр Мінска дапаўняўся Сляпянскім водным паўколам (Сляпянскай воднай сістэмай) і Лошыцкім водным паўколам (Лошыцкай воднай сістэмай). З-за адсутнасці значных рэк пры фарміраванні двух водных паўколаў выкарыстоўваліся малыя рэчкі, ручаі ці проста яры. Гэтыя штучна створаныя водна-паркавыя паўкольцы стваралі адзінае водна-паркавае кола (вадаёмы, паркі, бульвары і сады) і пранізвалі сабой перыферыйныя раёны горада і разам з водна-зялёным дыяметрам складалі адзіную ландшафтную водна-зялёную сістэму Мінска, якая сваім планам нагадвала літару «Ф»[17]. Жыхароў вялікіх жылых масіваў на ўсходзе і паўдневым-захадзе горада хацелі забяспечыць месцамі для адпачынку ў фармаце «крокавай даступнасці»[15]. Планавалася таксама, што водна-зялёная сістэма Мінска будзе з цягам часу дапаўняцца стварэннем «зялёных кліноў» і загараднымі лесапаркамі, чым будзе дасягнута ўсеахопнасць водна-зялёнай сістэмы ў горадзе[18]. Выказваліся прапановы ў водна-зялёным дыяметры і паўколах праводзіць партэрнае азеляненне і садзіць ландшафтныя групы дрэў, якія дазволяць максімальна раскрыць сілуэт забудовы процілеглых берагоў, а таксама шорную пасадку дрэў перпендыкулярна напрамку рачной даліны, якая таксама будзе спрыяць раскрыццю сілуэту прыбярэжнай забудовы[12].

Вадаём у Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе ў складзе Лошыцкай воднай сістэмы, фота 2007 г.

З 1976 г. пачалося будаўніцтва водна-зялёных паўколаў, але да канца 1980-х гг. больш-менш было пабудавана толькі адно паўкола — Сляпянская водная сістэма (22,5 км), якую праектавалі архітэктары інстытутаў «Мінскпраект» і «Мінскінжпраект» (архітэктары Мікалай Жлоба, Барыс Юрцін, Людміла Жлоба, Людміла Белякова, Любоў Усава, Дзмітрый Герашчанка, інжынеры Аляксандр Самончык, Л. Дзеравянка і інш.)[19].

Генеральны план Мінска 1974 г. прапісваў, што праблема аховы і аздараўлення асяроддзя вялікага горада не можа быць вырашана без рэкрэацыйных прыгарадных зон і абводненага лесапаркавага пояса (у радыусе 15-25 км ад цэнтра горада) вакол знешніх меж Мінска, каб забяспечыць санітарныя і рэкрэацыйныя патрэбы беларускай сталіцы[20]. Гэтым планавалася стварыць у будучым шэраг вадасховішчаў (Вяча, Пціч, Волма і інш.) і зон адпачынку (Валчковічы, Стайкі, Раўбічы і інш.).

Водна-зялёная сістэма Мінска (2017): зялёны колер — водна-зялёны дыяметр і Сляпянская водная сістэма; фіялетавы — Лошыцкая водная сістэма (плануецца)

Прадугледжанае генеральным планам ад 1965 г. павелічэнне зялёных насаджэнняў агульнага карыстання (паркаў, сквераў, зялёных зон), у чым вялікі горад ужо адчуваў дэфіцыт па савецкіх стандартах, абсталяванне іх сродкамі спорту і адпачынку і транспартнымі сувязямі да 1980 г. не было выканана[21]. У пачатку 1980-х гг. часткова была выканана і мэта стварэння знешняга водна-зялёнага кола (лесапаркавага пояса) вакол Мінскай кальцавой аўтамабільнай дарогі — толькі былі пабудаваны вадасховішчы Вяча і Пціч, а таксама каскад з трох вадасховішчаў у непасрэднай блізкасці ад Мінска[22].

Пляж каля Цнянскага вадасховішча ў складзе Сляпянскай воднай сістэмы, фота 2010 г.

Генеральным планам Мінска ад 1982 г. (з перспектывай на 2000 г.) таксама пацвярджалася і замацоўвалася, што водна-зялёная сістэма Мінска з’яўляецца асновай сістэмы зялёных насаджэнняў у горадзе[23].

Пасля распаду СССР і набыцця Беларуссю суверэннасці ў 1991 г. ужо не хапала сродкаў, каб пабудаваць цалкам другую, паўднёвую палову дыяметра на працягу Свіслачы і другое паўкола на базе рэк Лошыца і Мышка — Лошыцкае воднае паўкола (Лошыцкая водная сістэма) у 22 км. Але да канца 1980-х гг. былі пабудаваны асобныя фрагменты сістэмы: Лошыцкі парк, парк у раёне Курасоўшчыны і іншыя. Цэлай сістэмы, якая пачынаецца ад вуліцы Прытыцкага, праз жылыя раёны Сухарава, Паўднёвы Захад, Міхалова, Курасоўшчыну, Лошыцу і заканчваецца ў Чыжоўскім вадасховішчы, сфарміраваць не ўдалося. Многія беларускія архітэктары спадзяваліся, што ланцуг вадасховішчаў і паркаў усё-такі будзе пабудаваны і водна-зялёная сістэма Мінска атрымае звязнасць з усімі сваімі кампанентамі і завершаны выгляд[24].

Бярозавы гай каля вадасховішча Дразды і праспекта Пераможцаў у Мінску, 22 сакавіка 2015 г.

Рашэнне Мінскага гарадскога савета дэпутатаў ад 21 мая 1996 г. прадпісвала адмяніць усе ранейшыя рашэнні, звязаныя з праектаваннем і будаўніцтвам «пасольскай вёскі» (будынкаў для пасольстваў шэрага еўрапейскіх краін) і адміністрацыйнага будынка СНД у зоне водна-зялёнага дыяметра Мінска (у прыватнасці ў раёне вадасховішча Дразды)[25]. Неўзабаве і прэзідэнт Беларусі, жадаючы ачысціць дачны жылы комплекс Дразды ад рэзідэнцый замежных паслоў, прапанаваў іншыя будынкі ў горадзе Мінску для пасольстваў, што стала падставай для гучнага «пасольскага скандала» (1998 г.) з выездам на 8 месяцаў з Беларусі паслоў некаторых еўрапейскіх краін. Тое ж рашэнне ад 21 мая 1996 г. прадпісвала стварыць адзіную і непарыўную сістэму азелянення горада і прыгарада, сфарміраваную на аснове водна-зялёнага дыяметра, двух водна-зялёных паўколаў, арганізаваных уздоўж Сляпянскай і Лошыцкай водных сістэм, і сямі «зялёных кліноў», якія павінны выйсці ў лесапаркавы пояс; прыняць меры па рэгуляванні рэчышча ракі Свіслач і будаўніцтву Лошыцкай воднай сістэмы[25]. Аднак рашэнне мінскіх дэпутатаў аб завяршэнні будаўніцтва водна-зялёнай сістэмы Мінска як замкнутай і непарыўнай не было выканана з-за адсутнасці фінансавання. І падобныя палажэнні аб стварэнні бесперапыннай узаемазвязанай сістэмы ландшафтна-рэкрэацыйных тэрыторый з водна-зялёнага дыяметра (на пойменых тэрыторыях ракі Свіслач з прыярытэтным размяшчэннем шматпрофільных і спецыялізаваных паркаў агульнагарадскога значэння), водных паўколаў, лесапаркаў і зялёных кліноў з таго часу перапісваліся ў кожны новы генеральны план Мінска[26].

У 2002—2006 гг., у сувязі з будаўніцтвам і ўводам у эксплуатацыю новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, адбылося годнае і выразнае акультурванне прылеглай да бібліятэкі тэрыторыі, якая з’яўляецца часткай Сляпянска воднага паўкола (Сляпянскай воднай сістэмы). Аднак восенню 2014 г. пачалося будаўніцтва двухузроўневай траспартнай развязкі на перакрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Філімонава (каля будынка Нацыянальнай бібліятэкі), для чаго была значна звужана тэрыторыя нядаўна добраўпарадкаванай прылеглай паркавай зоны Сляпянскай воднай сістэмы з абодвух бакоў праспекта, а таксама знесены былы ўваход у парк[27]. Двухузроўневая развязка таксама «разрэзала» краявід і панараму праспекта Незалежнасці.

Цяперашняя структура[правіць | правіць зыходнік]

Схема водна-зялёнага дыяметра Мінска

Водна-зялёны дыяметр Мінска з’яўляецца кампазіцыйным стрыжнем гарадскога плана і ландшафтнай структуры горада, а таксама яго асноўнай саніруючай сістэмай: выконвае функцыю «лёгкіх» горада, забяспечвае падтрыманне біялагічнай і ландшафтнай біяразнастайнасці, цыркулюе свежае паветра ўздож сваёй магістралі, а таму мае вялікае значэнне ў аздараўленні навакольнага асяроддзя і ўдасканаленні эстэтычных якасцей ландшафту ўсяго Мінска[28]. У горадзе створана экасістэма, калі прырода сама сябе падтрымлівае і дапамагае чалавеку: паласа дыяметра дазваляе птушкам і насякомым бесперашкодна патрапіць у цэнтр горада, з’есці шкоднікаў і апыліць расліны, і г.д. Калі падзяліць суцэльную прыродную тэрыторыю водна-зялёнай сістэмы горада на асобныя паркі, то гэты эфект знікне[3].

Кампазіцыйнай воссю водна-зялёнага дыяметра з’яўляецца рака Свіслач, на якой створаны сяміпрыступкавы каскад вадасховішчаў праз увесь Мінск: у межах горада — вадасховішча Дразды, Камсамольскае возера, Цэнтральнае вадасховішча ў парку імя Горкага, Серабранскае вадасховішча ў ЦЭЦ-2, Чыжоўскае вадасховішча; за межамі горада — Заслаўскае вадасховішча і вадасховішча Крыніца[29]. На прылеглых да вадасховішчаў тэрыторыях маюцца набярэжныя, сады і паркі. Да водна-зялёнага дыяметра прымыкае біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння «Лябяжы». Водна-зялёны дыяметр арганічна пераходзіць у сістэму лесапаркавага пояса прыгараднай зоны Мінска на поўначы і на поўдні[30].

Парк Перамогі — цэнтральная частка водна-зялёнага дыяметра Мінска: каскад на Камсамольскім возеры, фота 2002 г.

Працягласць ад упуску Вілейска-Мінскай воднай сістэмы ў Заслаўскае вадасховішча да плаціны Чыжоўскага вадасховішча складае 41 км; перапад вышынь воднага каскаду 28,6 м.[29] Агульная плошча каскада ад Заслаўскага вадасховішча да Чыжоўскага вадасховішча складае каля 2800 га[29].

Умоўна дыяметр падзелены на паўночна-заходнюю (ад кальцавой дарогі і да вуліцы Арлоўскай), цэнтральную (ад вуліцы Арлоўскай да вуліцы Аранскай) і паўднёва-ўсходнюю часткі (ад вуліцы Аранскай да кальцавой дарогі)[30]. На сённяшні момант звязнасць водна-зялёнага дыяметра не існуе ў цэнтральнай частцы — ад вуліцы Пуліхава да Аранскай: у дадзеным месцы абапал Свіслачы адсутнічаюць паркі ці годныя зялёныя зоны.

Рака Свіслач сярод зеляніны парка імя Янкі Купалы і парка Марата Казея ў цэнтральнай частцы дыяметра, чэрвень 2013 г.

У склад Мінскага водна-зялёнага дыяметра (і паўколаў) уваходзіць звыш 20 «зялёных зон» (паркаў, сквераў, бульвараў, садоў і інш.)[31]: парк Перамогі, сквер А. С. Пушкіна, Траецкая гара (каля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета), парк Марата Казея, Парк імя Янкі Купалы, Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага, бульвар па вуліцы Пуліхава, паркавыя зоны ў жылых раёнах Чыжоўка, Серабранка і інш.[32] Менавіта на маляўнічай тэрыторыі мінскага водна-зялёнага дыяметра каля вадасховішча Дразды знаходзіцца дачны жылы комплекс Дразды і з 1994 г. адна з рэзідэнцый Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Паводле дадзеных Інстытута эксперыментальнай батанікі ім. Купрэвіча НАН Беларусі, на тэрыторыі «зялёных зон» дыяметра расце больш за 200 відаў раслін, з якіх больш за 20 відаў з’яўляюцца рэдкімі для гарадскога асяроддзя і цікавыя ў мэтах азелянення Мінска: Filipendula ulmaria, Nuphar lutea, Butomus umbellatus, капытнік (Calla palustris), касач жоўты (Iris pseudacorus), Typha angustifolia і інш.[31]

Трыснёг каля стаўка «Лябяжы» ў Мінску, фота 2015 г.

Паводле дадзеных Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах, у «зялёных зонах» дыяметра можна сустрэць не менш за 200 відаў птушак, з якіх не менш за 10 відаў занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі: гняздуюцца такія рэдкія птушкі як вялікі бугай (Botaurus stellaris), шызая чайка (Larus canus), пустальга звычайная (Falco tinnunculus), драч (Crex crex), зімародак (Alcedo atthis), жаўрук-смяцюх (Galerida cristata), малы бугай (Ixobrychus minutus). На водна-зялёных зонах дыяметра ў перыяд міграцыі таксама назірацца чорны бусел (Ciconia nigra), шэры журавель (Grus grus) і малы арлец (Aquila pomarina)[31].

Важную ролю ў прасторавай кампазіцыі дыяметра адыгрываюць будынкі: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, павільён ВДНГ, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Беларускі дзяржаўны цырк, крыты каток у Цэнтральным дзіцячым парку імя Максіма Горкага, стадыён і іншыя аб’екты[32].

Генеральны план горада Мінска ад 2010 г. ставіў і задачу рэалізаваць праграму развіцця водна-зялёнага дыяметра: 1) у цэнтральнай частцы дыяметра: стварыць Цэнтральны паркавы комплекс — тэрытарыяльна, функцыянальна і кампазіцыйна ўзаемазвязаныя паркі, бульвары, набярэжныя і вадаёмы, якія фарміруюцца ў водна-зялёным дыяметры і ўтвараюць з прылеглай забудовай адзіны архітэктурна-ландшафтны ансамбль[33]; 2) у паўночна-заходняй частцы: сфарміраваць паркавы комплекс уздоўж праспекта Пераможцаў[34]; 3) у паўднёва-усходняй частцы: сфарміраваць паркі агульнагарадскога значэння ў водна-зяленым дыяметры ўздоўж ракі Свіслач (гістарычны парк «Лошыца», прыродны парк, заапарк)[33]. Прадугледжваліся і іншыя мерапрыемствы па фарміраванні прыродных паркаў і комплексным азеляненні ландшафтна-рэкрэацыйных тэрыторый у розных кутках горада, у тым ліку на тэрыторыях водна-зялёных паўколаў[35]. Генеральны план таксама патрабаваў выключыць размяшчэнне капітальных аб’ектаў усіх відаў будаўніцтва на тэрыторыях лінейных ландшафтна-рэкрэацыйных аб’ектаў (бульвараў, сквераў)[36].

З-за адсутнасці адпаведнага дагляду і фінансавання многія ўжо створаныя элементы водна-зялёнага дыяметра і водна-зялёнай сістэмы ідуць да заняпаду.

Узнагароды праекта[правіць | правіць зыходнік]

У 1989 г. калектыў галоўных аўтараў праекта водна-зялёнага дыяметра Мінска (архітэктары Мікалай Жлоба, Барыс Юрцін, Васіліса Шыльнікоўская, Людміла Жлоба, Людміла Белякова, Дзмітрый Герашчанка, інжынер Аляксандр Самончык) атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР у галіне архітэктуры за архітэктурна-ландшафтны комплекс Сляпянскага воднага паўкола[37][38]. Гэты аб’ект гарадской ландшафтнай архітэктуры Мінска таксама быў удастоены вялікага артыкула ў самай аўтарытэтнай «Сусветнай энцыклапедыі архітэктуры»[38]. У энцыклапедыю былі ўключаны чатыры артыкулы аб архітэктурных аб’ектах Беларусі, і менавіта артыкул аб Сляпянскай воднай сістэме з’яўляецца першым па значнасці[39].

Выкарыстанне мажлівасцей[правіць | правіць зыходнік]

Рака Свіслач і «паркі» абапал яе ў цэнтральнай частцы водна-зялёнага дыяметра. Панарама з адной з «краявідных кропак» горада Мінска — з пляца Кафедральнага сабора Сашэсця Святога Духа. Фота 8 верасня 2014 г.

Паводле статыстыкі ад 2005 г. у водна-зяленым дыяметры Мінска, які павінен выконваць рэкрэацыйныя функцыі, адпачывала толькі каля 1 % жыхароў горада, чаму прычынай была адсутнасць цэнтраў прыцягнення для адпачынку і спорту; водна-зялёны дыяметр пуставаў 99 % часу[40].

Для жыхароў горада прыцягальным, папулярным і карысным гарадскім праектам на тэрыторыі ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны стала Мінская веласіпедная дарожка (26,8 км), якая была адкрыта 12 верасня 2009 г. і праходзіць па водна-зялёным дыяметры Мінска праз яго паркі ад вадасховішча Дразды да Шабаноў. Былі ўладкаваны і лыжа-ролерныя трасы ў асобных парках дыяметра (ад вадасховішча Дразды да тэрыторыі футбольных палёў, што дазваляе праводзіць міжнародныя спаборніцтвы); распрацоўваюцца праекты рэканструкцыі асобных паркаў і бульвараў і будоўлі новых[41]. Напрыклад, у парку імя 900-годдзя Мінска ў час рэканструкцыі ў 2013—2014 гг. была створана лыжа-ролерная траса, дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі, атракцыёны і інш., аднак зона «зялёнага аазіса» была значна звужана будаўніцтвам на яго тэрыторыі комплексу «Чыжоўка-Арэна»[42].

На сённяшні дзень водна-зялёны дыяметр усё ж даволі слаба насычаны аб’ектамі мастацтва (у тым ліку інтэрактыўнага дзеяння) і інфраструктурай адпачынку і спорту; слаба развіта безбар’ернае асяроддзе для жыхароў, у тым ліку інвалідаў; зрэдку гучыць жывая музыка; відавочнай з’яўляецца беднасць фларыстычнага напаўнення па-за межамі паркаў і нават у саміх парках, дзе многім дрэвам больш за 40 год[43]. У пачатку XXI ст. уся плошча зялёных насаджэнняў Мінска складала каля 5820 га, аднак адчуваўся дэфіцыт ландшафтна-рэкрэацыйных тэрыторый, бо з апошніх толькі 10 % былі добраўпарадкаваны[41]. Акрамя таго, не робяцца захады захаваць і выкарыстаць вартасці натуральнай флоры, характэрнай для мясцовых шырот, што падкрэсліла б нацыянальны характар прыроднага асяроддзя (напрыклад, як гэта прадстаўлена ў мінскім біялагічным заказніку «Лябяжы»).

Ацэнкі спецыялістаў[правіць | правіць зыходнік]

Губернатарскі сад (Гарадскі сад) у Мінску на фатаграфіі пачатку XX ст. — цяпер тэрыторыя Цэнтральнага дзіцячага парка імя Максіма Горкага і пляца зямлі насупраць яго

Паводле ацэнкі беларускага культуролага, мастацтвазнаўца і гісторыка архітэктуры Сяргея Харэўскага, водна-зялёны дыяметр Мінска (і шырэй — уся водна-зялёная сістэма Мінска — водна-зялёны дыяметр Мінска разам са Сляпянскім водным паўкальцом і Лошыцкім водным паўкальцом) з’яўляецца каштоўным адрозненнем горада (у плане прырода-ландшафтнага будаўніцтва) ад іншых сталіц свету, не кажучы пра экалагічную значнасць дыяметра для жыхароў Мінска і тое, што некаторыя паркі і лясы Мінска маюць ужо мінімум 200-гадовую гісторыю[44]. Харэўскі лічыць, што, чым больш у парках бетону, тым менш функцыянальным становіцца парк, і выступае з прапановамі не забудоўваць тэрыторыю водна-зялёнай сістэмы, а наадварот — стварыць на той тэрыторыі найлепшыя ўзоры ландшафтнага дызайну (з мажлівасцю «дакрануцца да вады») для ўзмацнення аздараўляльна-рэкрэацыйнай функцыі гэтай зоны, запрасіўшы да ўдзелу найлепшых спецыялістаў свету, і зрабіць з гэтага ўнікальны брэнд[45].

Дрэвы ў зялёнай зоне паўночна-заходняй часткі дыяметра каля вадасховішча Дразды, фота 2014 г.

Паводле ацэнкі галоўнага архітэктара (1974—1986) горада Мінска Юрыя Грыгор’ева, мінскі водна-зялёны дыяметр (з яго багаццем зялёных зон і водна-рэкрэацыйных рэсурсаў) з’яўляўся візітнай карткай беларускай сталіцы, пакуль не пачалася яго забудова няпрофільнымі будынкамі і парушэнне цэласнасці, што ў канечным выніку прывядзе да страты рэкрэацыйнай функцыі гэтай зоны[46]. Грыгор’еў указаў, што ў адрозненне ад Масквы (Расія), дзе рака аддзелена з двух бакоў магістралямі, адарвана ад людзей і не працуе як экалагічная і рэкрэацыйная сістэма, у Мінску водна-зялёны дыяметр набліжаны для людзей і вельмі карысны для сухапутнага горада[47].

Народны архітэктар Расіі, прэзідэнт Санкт-Пецярбургскага Саюза архітэктараў Уладзімір Папоў выказаўся, што водна-зялёны дыяметр з’яўляецца галоўнай ізюмінкай і ўпрыгожваннем генеральнага плана Мінска і што гэты «зялёны каркас» горада трэба захаваць і цалкам злучыць з водна-зялёнымі паўколамі, што дазволіць водна-зялёнай сістэме набыць завершаны выгляд[2]. Член-карэспандэнт Расійскай акадэміі архітэктуры і будаўнічых навук, віцэ-прэзідэнт Санкт-Пецярбургскага Саюза архітэктараў Міхаіл Мамошын назваў водна-зялёны дыяметр унікальным і выдатным горадабудаўнічым дасягненнем Мінска і лічыць вельмі важным спыніць ужо распачаты працэс змяншэння гэтай рэкрэацыйнай зоны пад новую забудову[2].

Супрацоўнік Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Людміла Краўчук сцвярджае, што водна-зялёны дыяметр мае высокую інтэгральную экалагічную каштоўнасць для Мінска і, па сутнасці, уяўляе сабой суцэльны падоўжны парк[31].

На Пятым Мінскім архітэктурным форуме (2015), галоўнай тэмай якога стала развіццё водна-зялёнага дыяметра беларускай сталіцы, галоўны архітэктар УП «Мінскграда» Аляксандр Акенцеў выказаўся, што захаванню водна-зялёнага дыяметра Мінска спрыяла бы наданне гэтаму найважнейшаму кампаненту горадабудаўнічай структуры горада і задуманай мадэрністамі прыроднай і антрапагеннай восі Мінска — статусу ахоўнай тэрыторыі (статусу помніка гісторыі і прыроды)[48].

Аналагаў праекта водна-зялёнага дыяметра Мінска няма ў свеце, а ёсць толькі асобныя элементы і ў значна меншых памерах у Франкфурце-на-Майне (Германія)[49]. У іспанскім горадзе Віторыя, які быў еўрапейскай зялёнай сталіцай (European Green Capital) у 2012 г. і паставіў тады сабе за мэту зрабіць горад яшчэ больш экалагічным, існуе паркавае кола вакол перыферыйных раёнаў горада, а гарадскія ўлады запланавалі стварыць яшчэ адно — унутранае зялёнае кола паркаў, каб «пусціць прыроду ў горад», для чаго плануюць там ліквідаваць старую гарадскую забудову цэлымі кварталамі і пабудаваць паркі і скверы[50]. Аднак іспанскі горад Віторыя налічвае толькі каля 235 тысяч жыхароў, не мае воднай сістэмы, аналагічнай мінскай, і ўнутранага дыяметра паркаў цераз увесь горад.

Парушэнне пачатковай канцэпцыі[правіць | правіць зыходнік]

Па сённяшні дзень ідэя непарыўнага водна-зялёнага дыяметра (а тым больш звязанага з водна-паркавым колам і дадатковымі «зялёнымі клінамі») не з’яўляецца рэалізаванай, а на тэрыторыі паркаў, бульвараў і сквераў водна-зялёнага дыяметра Мінска паводле распараджэнняў гарадскіх улад паступова з’яўляюцца масіўныя будынкі, якія нават маюць паміж сабой слабыя кампазіцыйныя сувязі[51].

Мінскі палац спорту (1966) і яго малая арэна (1999) у цэнтральнай частцы дыяметра (злева), фота 2002 г.

Парушэнне першапачатковай канцэпцыі, якая не прадугледжвала будаўніцтва дамоў на тэрыторыі водна-зялёнага дыяметра, а толькі ўздоўж яго па баках цераз дарогу, пачалося яшчэ ў савецкую пару ў час стварэння праекта. Так, на тэрыторыі цэнтральнай часткі дыяметра ў 1963—1966 гг. быў пабудаваны Рэспубліканскі палац спорту (зараз Мінскі палац спорту), распрацаваны калектывам архітэктараў на чале з Сяргеем Філімонавым, хоць калегі-архітэктары гучна пратэставалі і настойвалі, каб палац пабудавалі на другім баку вуліцы Паркавай магістралі, а не сярод сакавітай зеляніны паплавоў і садоў, імкнучыся зберагчы чысціню задумкі водна-зялёнага дыяметра[52]. Хутка ў зялёнай зоне дыяметра быў пабудаваны і інтэрнат БДУ для замежных студэнтаў на вуліцы Кастрычніцкай. Пазней з’явіліся выставачны павільён «Мінск-ЭКСПА», Палац піянераў (зараз Палац дзяцей і моладзі) на Новавіленскім тракце і іншыя аб’екты, якія «дзіравілі» і памяншалі тэрыторыю водна-зялёнага дыяметра ў цэнтральнай частцы.

Будаўніцтва гасцініцы «Пекін» на тэрыторыі парка 40-годдзя Кастрычніка, ліпень 2013 г.

Самыя ж значныя адступленні ад першапачатковай канцэпцыі чысціні водна-зялёнага дыяметра Мінска ад забудоў пачаліся ў новы гістарычны перыяд — з канца 1990-х гг. Гэта выклікала крытыку беларускіх архітэктараў (Юрый Грыгор’еў[53], Міхаіл Гаўхфельд[38], Віктар Крамарэнка[54] і інш.), аднак многія з іх станавіліся і аўтарамі пабудоў у зялёнай зоне дыяметра, чым звужалі яе[55]. Так, яшчэ ў 1980-ыя гг. у цэнтральнай частцы дыяметра менавіта па праекту Юрыя Грыгор’ева былі пабудаваны дамы інтэрната БДУ для замежных студэнтаў на вуліцы Кастрычніцкай, а ў паўночнай частцы дыяметра па праекту Міхаіла Гаўхфельда быў пабудаваны Футбольны манеж (2002 г.), па праекту Крамарэнкі — новы будынак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (2014 г.). Такім жа звужэннем зялёнай рэкрэацыйнай зоны паўночнай часткі дыяметра стала будаўніцтва малай арэны мінскага Палаца спорту (1999 г.), галоўнага офіса Беларускай федэрацыі футбола, галоўнага офіса Беларускай федэрацыі веславання, цэнтра «Мир фитнеса», гіпермаркета «ProStore», новага будынка галоўнага офіса Беларускай калійнай кампаніі (т.зв. рубінавы «Крышталь» (2012 г.), зараз перададзены пад галоўны офіс Банка развіцця Рэспублікі Беларусь), Плошчы Дзяржаўнага сцяга (2013 г.), Палаца Незалежнасці (2013 г.), аквапарка «Лябяжы» (2014 г.) і іншых аб’ектаў адміністрацыйнага, офіснага, камерцыйнага і жыллёвага прызначэння паміж праспектам Пераможцаў і ракой Свіслач, а таксама паміж ракой Свіслач і Новавіленскім трактам. 26 сакавіка 2015 г. падпісаны ўказ аб пачатку будаўніцтва новага будынка Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь у межах водна-зялёнага дыяметра на вуліцы Арлоўскай, для чаго са складу ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны быў выведзены пляц зямлі ўздоўж Свіслачы[56].

Звужэнне зялёнай зоны адбывалася і ў цэнтральнай частцы дыяметра. Асабліва адмоўную рэакцыю жыхароў і архітэктараў-спецыялістаў выклікала будаўніцтва са снежня 2011 г. гасцініцы «Пекін» на тэрыторыі парка 40-годдзя Кастрычніка. Жыхары-актывісты і прадстаўнікі Беларускай партыі «Зялёных» патрабавалі спыніць забудову парка і высечку дрэў, што пагражала здаровай экалогіі месца[57]. Гарадскія ўлады заявілі, што парка 40-годдзя Кастрычніка не існуе юрыдычна, бо такога парка няма ў зямельным кадастры Мінска, і паабяцалі павялічыць пляц паркавай зоны, засадзіўшы ў тым раёне больш дрэў, і добраўпарадкаваць навакольную тэрыторыю[58].

Вялікай горадабудаўнічай няўдачай многія архітэктары палічылі і будаўніцтва атэля «Кемпінскі» (каля Беларускага дзяржаўнага цырка) у цэнтральнай частцы дыяметра, прычым, — у самым вузкім месцы водна-зялёнага дыяметра Мінска, што фактычна рабіла яшчэ адзін разрыў у суцэльнай паркавай зоне водна-зялёнага дыяметра[59]. Адзначалася, што вялізны атэль «Кемпінскі» не толькі пагражае цыркуляцыі паветра і захаванню рэкрэацыйнай функцыі зоны, але і шкодзіць архітэктурнаму ансамблю праспекта Незалежнасці ў стылі «сталінскага ампіра», у тым ліку, накладаючыся сваім грубым сілуэтам на помнік Перамогі на плошчы Перамогі[54]. На тэрыторыі будаўніцтва атэля «Кемпінскі» быў знішчаны будынак першай мінскай электрастанцыі — помнік прамысловай архітэктуры пачатку XX ст., які знаходзіўся пад абаронай закона і планаваўся пад музей.

На тэрыторыі паўднёвай частцы дыяметра ўздоўж вуліцы Маякоўскай таксама ідзе татальная забудова зялёнай зоны з абодвух бакоў ракі Свіслач замест арганізацыі там паркавай тэрыторыі[38]. Шмат маляўнічага ландшафту каля Чыжоўскага вадасховішча было адрэзана ад парку імя 900-годдзя Мінска пасля пачатку будаўніцтва на яго тэрыторыі комплексу «Чыжоўка-Арэна».

Новае будаўніцтва таксама пагражае рэалізацыі звязнасці Лошыцкай воднай сістэмы і стварэнню водна-зялёнага паўкола па рацэ Лошыца да лесапарка Мядзвежына, парка Курасоўшчына, парка «Цівалі» і парка 60-годдзя Кастрычніка — і далей да злучэння з ракой Свіслач.

З 2000-х гг. становіцца тэндэнцыяй вывядзенне ландшафтна-рэкрэацыйных зон Мінска ў іншыя функцыянальныя зоны пад забудову аб’ектамі нерэкрэацыйнага прызначэння, у тым ліку паркоўкамі[60]. Гэта парушае цэласнасць комплекса, экалагічнасць тэрыторыі і канцэпцыю як водна-зялёнага дыяметра, так і водна-зялёнай сістэмы Мінска ў цэлым[38].

Згодна з беларускім заканадаўствам будаўніцтва ў гэтай зоне не можа ажыццяўляцца нават пры станоўчым меркаванні мясцовай грамадскасці, аднак урэшце ландшафтна-рэкрэацыйныя зоны з’яўляюцца самымі неабароненымі тэрыторыямі ў прававым плане[61].

Суіснаванне з галоўным праспектам Мінска[правіць | правіць зыходнік]

«Дом пад шпілем» — выдатны ўзор архітэктуры «сталінскага ампіру» ў Мінску

Адным з двух планіровачных «стрыжняў» Мінска з’яўляецца таксама праспект Незалежнасці, які перасякаецца з водна-зялёным дыяметрам Мінска пад прамым вуглом і прадстаўляе сабой унікальны суцэльны і маштабны архітэктурны ансамбль.

Беларускі мастак і фатограф Артур Клінаў з’яўляецца аўтарам урбаністычна-культурнай канцэпцыі «Горад Сонца», якая пастулюе захаванне ўнікальнасці цэнтральнай часткі Мінска — архітэктурных ансамбляў у стылі «сталінскага ампіру» 1930—1950-х гг. уздоўж праспекта Незалежнасці і навокал яго. Клінаў адзначыў архітэктурную каштоўнасць, мастацкую вартасць і еўрапейскую ўнікальнасць гэтага комплексу ўрбаністычных аб’ектаў і помнікаў культуры, аналага якому няма нідзе ў свеце. На думку Клінава, захаванне аўтэнтыкі і падтрымкі ў годным выглядзе архітэктурных ансамбляў у стылі «сталінскага ампіру» цэнтральнай часткі горада дазволіць ператварыць Мінск у буйны турыстычны і культурны цэнтр Еўропы[62].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Заслуженный архитектор БССР: «В Минске надо сохранить зеленые зоны, не стоит увлекаться „стекломанией“ и делать из него Нью-Йорк»
  2. а б в Возрождение Минска из пепла — гражданский и архитектурный подвиг
  3. а б Михальцов, В. Перекрыли кислород. Что происходит с водно-зеленым диаметром Минска Архівавана 27 чэрвеня 2015.
  4. Харэўскі, С. Горад ночы… С. 33—34.
  5. Архітэктура Беларусі : нарысы эвалюцыі… С. 166, 167, 171.
  6. Архітэктура Беларусі : нарысы эвалюцыі… С. 167, 171.
  7. Градостроительство Белоруссии… С. 101—102; Архітэктура Беларусі : нарысы эвалюцыі… С. 171.
  8. Градостроительство Белоруссии… С. 102
  9. Архітэктура Беларусі : нарысы эвалюцыі… С. 172; Градостроительство Белоруссии… С. 57.
  10. Архітэктура Беларусі : нарысы эвалюцыі… С. 176.
  11. Градостроительство Белоруссии… С. 102; Архітэктура Беларусі : нарысы эвалюцыі… С. 176.
  12. а б в г Гл. главу 4 у кнізе «Потапов, Л. С. Силуэт Минска / Л. С. Потапов. — Минск : Наука и техника, 1980. — 144 с.»
  13. Градостроительство Белоруссии… С. 102; Воинов, А. А. История архитектуры Белоруссии. — Т. 2. — С. 132; Водно-зеленая артерия Минска в опасности Архівавана 4 сакавіка 2016.
  14. Воинов, А. А. История архитектуры Белоруссии. — Т. 2. — С. 132.
  15. а б Darriuss. Районы, кварталы. Слепянская водная система: триумф советских архитекторов
  16. а б Градостроительство Белоруссии… С. 111.
  17. Архитектура Советской Белоруссии — Architecture of the Soviet Byelorussia… С. 83, 85; Градостроительство Белоруссии… С. 60—61, 102.
  18. Архитектура Советской Белоруссии — Architecture of the Soviet Byelorussia… С. 85; Воинов, А. А. История архитектуры Белоруссии. — Т. 2. — С. 135.
  19. Микша, О. Грандиозная ландшафтная архитектура Минска: водно-зеленый диаметр и полукольца; Darriuss. Районы, кварталы. Слепянская водная система: триумф советских архитекторов
  20. Градостроительство Белоруссии… С. 104.
  21. Воинов, А. А. История архитектуры Белоруссии. — Т. 2. — С. 133.
  22. Воинов, А. А. История архитектуры Белоруссии. — Т. 2. — С. 133, 135.
  23. Архитектура Советской Белоруссии — Architecture of the Soviet Byelorussia… С. 86.
  24. Водно-зеленая артерия Минска в опасности Архівавана 4 сакавіка 2016.; Микша, О. Грандиозная ландшафтная архитектура Минска: водно-зеленый диаметр и полукольца
  25. а б Решение Минского городского Совета депутатов от 21 мая 1996 г. № 451 «О проекте „Корректуры генерального плана г. Минска и проекта планировки пригородной зоны“»
  26. Гл., напрыклад: Указ Президента Республики Беларусь от 23.04.2003 N 165 «Об утверждении генерального плана г. Минска с прилегающими территориями и некоторых вопросах его реализации»; і інш.
  27. Минск: начинается возведение двухуровневой развязки Независимости—Филимонова // onliner.by; Каким станет перекресток Независимости-Филимонова после появления развязки // blizko.by
  28. Сычова, А. В. Мінскі водна-зялёны дыяметр / А. В. Сычова // Архітэктура Беларусі. — С. 325—326; Градостроительство Белоруссии… С. 102.
  29. а б в Сычова, А. В. Мінскі водна-зялёны дыяметр / А. В. Сычова // Архітэктура Беларусі. — С. 325.
  30. а б Сычова, А. В. Мінскі водна-зялёны дыяметр / А. В. Сычова // Архітэктура Беларусі. — С. 325—326.
  31. а б в г Ярошевич, А. Над главной зеленой артерией Минска сгустились тучи
  32. а б Сычова, А. В. Мінскі водна-зялёны дыяметр / А. В. Сычова // Архітэктура Беларусі. — С. 326.
  33. а б Генеральный план г. Минска с прилегающими территориями в пределах перспективной городской черты (2010 г.) Архівавана 19 сакавіка 2013.… С. 31.
  34. Генеральный план г. Минска с прилегающими территориями в пределах перспективной городской черты (2010 г.) Архівавана 19 сакавіка 2013.… С. 32.
  35. Падрабязней гл.: Генеральный план г. Минска с прилегающими территориями в пределах перспективной городской черты (2010 г.) Архівавана 19 сакавіка 2013.… С. 31—34.
  36. Генеральный план г. Минска с прилегающими территориями в пределах перспективной городской черты (2010 г.) Архівавана 19 сакавіка 2013.… С. 34.
  37. Достижения и награды предприятия: Архівавана 5 сакавіка 2016.
  38. а б в г д Водно-зеленая артерия Минска в опасности Архівавана 4 сакавіка 2016.
  39. «Золото» Минска — в Слепянке
  40. Центр Минска. Ретросценарий
  41. а б Архітэктура Беларусі : нарысы эвалюцыі… С. 193.
  42. Фотоснимки Google Maps: как уничтожают зеленый Минск(недаступная спасылка); Обновленный парк им. 900-летия Минска
  43. Архітэктура Беларусі : нарысы эвалюцыі… С. 193; Садовская, Е. Гостинице «Пекин» быть, несмотря на массовые протесты Архівавана 5 сакавіка 2016.; Водно-зеленая артерия Минска в опасности Архівавана 4 сакавіка 2016.
  44. Што ў Мінска: твар ці пыса?(недаступная спасылка); Харэўскі, С. Горад ночы.. С. 33—34.
  45. Харэўскі, С. Горад ночы.. С. 34; Харэўскі: Беларуская архітэктура нібыта ў фраку, але шырынка расшпіленая Архівавана 4 сакавіка 2016.
  46. Булатецкая, Е. Водно-зеленый диаметр Минска в соседстве с новыми объектами Архівавана 5 красавіка 2013.
  47. [https://web.archive.org/web/20160304234027/https://www.zastroikaby.org/content/arhitektor-minskane-nuzhno-delat-iz-minska-nyu-york-u-belorusskoy-stolicy-est-svoya Архівавана 4 сакавіка 2016. «Не нужно делать из Минска Нью-Йорк. У белорусской столицы есть своя изюминка — обилие зеленых зон и водно-рекреационных ресурсов. Очень важно не потерять этого»] Архівавана 4 сакавіка 2016.
  48. Мнение эксперта: Минск — город-вампир с невысоким запасом экологической прочности; Пятый Минский Архитектурный Форум. «Водно-зеленый диаметр» Архівавана 1 жніўня 2015.
  49. «Не нужно делать из Минска Нью-Йорк. У белорусской столицы есть своя изюминка — обилие зеленых зон и водно-рекреационных ресурсов. Очень важно не потерять этого» Архівавана 4 сакавіка 2016.; Волчек, Ю. На какой город Минск будет похож в 2043 году? Архівавана 21 верасня 2015.
  50. 2012 — Vitoria-Gasteiz
  51. Cилуэты Минска (назад в будущее)
  52. Харэўскі, С. В. Сто твораў XX стагоддзя… С. 257; Сергей Хоревский. Парковая магистраль. История главной улицы страны.
  53. Булатецкая, Е. Водно-зеленый диаметр Минска в соседстве с новыми объектами Архівавана 5 красавіка 2013.; «Не нужно делать из Минска Нью-Йорк. У белорусской столицы есть своя изюминка — обилие зеленых зон и водно-рекреационных ресурсов. Очень важно не потерять этого» Архівавана 4 сакавіка 2016.
  54. а б Волчек, Ю. На какой город Минск будет похож в 2043 году? Архівавана 21 верасня 2015.
  55. Сяргей Харэўскі. Беларуская архітэктура нібыта ў фраку, але шырынка расшпіленая Архівавана 4 сакавіка 2016.
  56. Для нового здания Верховного Суда «отщипнут» зеленую зону напротив Дворца Независимости Архівавана 22 чэрвеня 2015.
  57. Захаваць зялёныя зоны
  58. Садовская, Е. Гостинице «Пекин» быть, несмотря на массовые протесты Архівавана 5 сакавіка 2016.
  59. Копричева, А. Экс-главный архитектор Минска раскритиковал гостиницу Кемпински и застройку рекреационных зон Архівавана 7 жніўня 2014.; Водно-зеленая артерия Минска в опасности Архівавана 4 сакавіка 2016.; Што ў Мінска: твар ці пыса?(недаступная спасылка); Волчек, Ю. На какой город Минск будет похож в 2043 году? Архівавана 21 верасня 2015.; Водно-зеленый диаметр Минска уничтожают ради парковки(недаступная спасылка)
  60. Водно-зеленая артерия Минска в опасности Архівавана 4 сакавіка 2016.; Водно-зеленый диаметр Минска уничтожают ради парковки(недаступная спасылка); Park Avenue — новы спрэчны праект у водна-зялёным дыяметры Мінска
  61. Водно-зеленый диаметр Минска уничтожают ради парковки(недаступная спасылка)
  62. Артур Клинов: Возрождение Города Солнца позволит государству привлечь миллионы туристов Архівавана 12 верасня 2010.; Артур Клінаў: праект ідэальнага гораду; Артур Клинов: Власти не имеют внятной стратегии развития Минска Архівавана 7 ліпеня 2014.; Артур КЛИНОВ: «Отстоять парк 40-летия Октября означает отстоять городскую культуру Минска» Архівавана 6 сакавіка 2016.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]