Збунін
Вёска
Збунін
|
Збу́нін[1] (трансліт.: Zbunin, руск.: Збунин) — вёска ў Брэсцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Знаменскага сельсавета. Размешчаны за 36 км на поўдзень ад Брэста, побач р. Серадовая рэчка (прыток р. Заходні Буг) і аўтадарога Брэст—Тамашоўка.
У складзе адкрытага акцыянернага таварыства «Птушкафабрыка Медна» (цэнтр — в. Медна); сельская бібліятэка.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Выяўленая археолагамі стаянка (за 2 км на поўнач ад вёскі, на пясчаным узгорку, каля р. Заходні Буг) эпохі позняга неаліту і бронзавага веку (3—2-е тыс. да н.э.) сведчыць пра дзейнасць чалавека ў гэтых мясцінах з глыбокай старажытнасці.
У 16 ст. вядомы як маёнтак — шляхецкая ўласнасць пры р. Буг у Берасцейскім павеце Троцкага ваяводства ВКЛ. Знаходзілася каля дарогі Камароўка—Бярэсце. У 1628 годзе князь Мікалай Сапега пабудаваў тут праваслаўную драўляную царкву.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі, у Слонімскай, з 1797 года — у Літоўскай, з 1801 года — у Гродзенскай губернях.
У 19 стагоддзі фальварак і вёска ў складзе маёнтка Медна (Мяднянскага ключа). Паводле інвентару 1846 года вёска — уладанне граафіні Е. Красінскай. У 1870 годзе працавала народнае вучылішча. У 1886 годзе дзейнічалі карчма, царкоўна-прыходская школа. У 1890 годзе цэнтр Збунінскага сельскагаспадарчага таварыства, якому належала 677 дзес. зямлі, царкве — 104 дзес. У народным вучылішчы навучаліся 25 хлопчыкаў.
У 1905 годзе сяло і фальварак у Мяднянскай воласці Брэсцкага павета. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ў складзе Польшчы, у Мяднянскай гміне Брэсцкага павета Палескага ваяводства.
З 1939 года ў складзе БССР. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўскія акупанты спалілі 20 двароў, загубілі 15 жыхароў.
16 ліпеня 1954 года перададзена з Ляплёўскага сельсавета ў склад Страдзецкага сельсавета [2].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 49 двароў (1846)
- 122 двары, 678 жыхароў (1878)
- 33 двары, 238 жыхароў (1886)
- 363 жыхары (1897)
- 649 жыхароў (сяло), 6 жыхароў (фальварак)(1905)
- 105 двароў (30.9.1921)
- 120 двароў, 480 жыхароў (1940)
- 382 жыхара (1959)
- 475 жыхароў (1970)
- 262 гаспадаркі, 676 жыхароў (1997)
- 104 гаспадаркі, 201 жыхар (2005)
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Стаянка перыяду неаліту, бронзавага веку (3-2-е тысячагоддзi да н.э.), за 2 км на поўнач, на правым беразе р. Заходні Буг — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113В000090
- Брацкая магіла (1941—1944) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Д000091
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Драўляная Мікалаеўская царква[3]
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
- ↑ Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Брестской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938-1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
- ↑ Драўляная Мікалаеўская царква (фота)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / пад навук. рэд. А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2006. ISBN 985-11-0373-X.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Збунін на сайце Глобус Беларусі (руск.)