Канстанцін Васілевіч Пуроўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Канстанцін Васілевіч Пуроўскі
Дата нараджэння 18 красавіка 1894(1894-04-18)
Месца нараджэння
Дата смерці 1 ліпеня 1965(1965-07-01) (71 год)
Адукацыя
Прафесія фалькларыст, спявак, лібрэтыст
Тэатр
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Канстанцін Васілевіч Пуроўскі (18 красавіка 1894, г. Мінск — 1 ліпеня 1965) — беларускі фалькларыст, спявак (тэнар) і лібрэтыст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў Мінску ў беднай, шматдзетнай сям’і рабочага. Ужо з васьмігадовага ўзросту хлопец вымушаны быў дапамагаць бацькам: пасвіў скаціну, вучыўся шавецкаму рамяству. Ён разам з баратамі і сёстрамі спяваў у царкоўным хоры. У якасці саліста аб’ехаў разам з хорам многія куткі Беларусі. Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе, у Мінскім двухкласным вучылішчы. У 1914 г. скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю і быў накіраваны ў глухую вёску Лідскага павета Віленскай губерні, дзе праводзіў заняткі з дзецьмі ў сялянскай хаце. Быў мабілізаваны ў царскую армію. Праслужыў да канца 1917 г., а пасля дэмабілізацыі настаўнічаў у Мінску. Выкладанне сумяшчаў з выступленнямі ў Першым беларускім таварыстве драмы і камедыі, пазней у БДТ-1. У гэты перыяд заняўся зборам і папулярызацыяй народных песень, перадаваў свае запісы кампазітарам. Менавіта К. В. Пуроўскім былі запісаны такія беларускія народныя песні, як «Бульба», «Таўкачыкі», «Ці ўсе лугі пакошаны» і інш. Як артыст-спявак удзельнічаў у першым выездзе БДТ-1 у Маскву для выступлення на сельскагаспадарчай выстаўцы, дзе на высокім узроўні былі прадэманстраваны ўзоры беларускіх народных песень, у тым ліку запісаныя самім К. В. Пуроўскім. З 1924 г. стаў артыстам Беларускага дзяржаўнага тэатра (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы). Менавіта гэта акалічнасць стала штуршком для павышэння кваліфікацыі: у 1928 г. К. В. Пуроўскі скончыў Беларускі музычны тэхнікум. Пры садзейнічанні маладога артыста ў 1927 г. быў арганізаваны даволі рэдкі ў канцэртнай практыцы мужчынскі калектыў — Беларускі вакальны квартэт, які існаваў да 1965 г. У яго рэпертуары былі апрацоўкі народных песень, творы беларускіх кампазітараў, ансамблі і пералажэнні харавых твораў Ф. Шуберта, Л. Бетховена, А. Барадзіна і інш. Квартэт, дзе сам К. В. Пуроўскі выступаў салістам, прывабліваў слухачоў. Часта яго запісы гучалі на радыё.

На пачатку 1930-х гг. артыст быў накіраваны на Вышэйшыя оперныя курсы, пасля чаго пераведзены ў Беларускую студыю оперы і балета, якую скончыў у 1933 г. Да 1949 г. з перапынкамі з’яўляўся салістам Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. Меў у рэпертуары каля чатырох дзясяткаў сольных партый. Выканаў партыі Госця («У пушчах Палесся» А. Багатырова), Марціна і Сёмкі Бурачэні («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я. Цікоцкага), Мікіты («Кветка шчасця» А. Туранкова), Трыке і Чакалінскага («Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П. Чайкоўскага), Гвідона і Бамелія («Залаты пеўнік[ru]» і «Царская нявеста[ru]» М. Рымскага-Корсакава), Аўлура («Князь Ігар» А. Барадзіна), Рамендада («Кармэн» Ж. Бізэ) і інш.

З 1949 г. К. В. Пуроўскі працаваў карэктарам, рэдактарам газеты «Савецкая Беларусь», тэхнічным рэдактарам у беларускіх выдавецтвах. Ён быў знаёмы з жонкай Я. Купалы У. Луцэвіч, з якой збіраў народныя дзіцячыя песні і змяшчаў у перыядычным друку. Разам з паэтам М. Калачынскім пераклаў на беларускую мову лібрэта оперы Д. Пучыні «Чыа-Чыа-сан». Напісаў арыгінальнае лібрэта оперы «Машэка» паводле паэмы «Магіла Льва» Я. Купалы (музыка Р. Пукста). Канстанцінам Васільевічам зроблена тэксталагічная рэканструкцыя страчанага тэксту драмы М. Чарота «На Купалле» (апублікавана «Полымя», 1982, № 2; з К. Кулаковым). Свае літаратурныя схільнасці ён рэалізаваў у перакладах з рускай паэзіі, сцэнарыях радыёперадач, мемуарных нататках, успамінах пра Я. Купалу «Даўняе, незабыўнае» (1962), кніжцы «Песні вольных людзей» (1961). Песні «З калгасных сёл» (музыка Р. Пукста), «Красуй, Беларусь!» (музыка Я. Цікоцкага), «Ураджайная» (музыка В. Коласава) у выкананні К. В. Пуроўскага былі адзначаны рэспубліканскімі прэміямі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]