Карыбская біягеаграфічная вобласць

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Карыбская біягеаграфічная вобласць — біягеаграфічная вобласць, якая уваходзіць у біягеаграфічнае царства Неагею  (укр.). Займае Вялікія Антыльскія (Куба, Гаіці, Пуэрта-Рыка, Ямайка), Багамскія, Малыя Антыльскія астравы, Трынідад.

Флора прадстаўлена пераважна трапічнымі лясамі, ёсць і іншыя фармацыі расліннасці. Фаўна тыповая для астравоў. Наземных млекакормячых мала (6 родаў). Эндэмічнае сямейства шчыліназубаў (Solenodontidae) з 2 відамі. З грызуноў нутрыевыя і загуці (Plagiodontia). Трапляюцца астраўны апосум і янот. Многа рукакрылых (24 роды, з іх 4 эндэмічныя): вампіры (Desmodontinae) (14 родаў), пладаедныя (Pteropidae), рыбаедныя (Noctilio), лісцяносыя (Phyllostomidae), лістабародыя (Chilonycteridae) і інш. У арнітафаўне 150 родаў, з іх 38 эндэмічных, у т.л. сямейства тодзі (Todidae) (пляскатадзюбы) з атрада ракшападобных. Сярод калібры, трагонаў (Trogon), зязюль, тыранаў і інш. каля 25 % эндэмікаў. Найбольш эндэмікаў на Ямайцы. Сярод паўзуноў некалькі відаў чарапах, 2 віды кракадзілаў (адзін эндэмічны на Кубе), шматлікія яшчаркі (22 роды, з іх 7 эндэмічных, у тым ліку рыючыя амфісбены (Amphisbaenia)), змеі (19 родаў з 4 эндэмічнымі відамі). З амфібій трапляюцца жабы (5 родаў, у тым ліку квакшы, паўднёваамерынскія свістуны (Leptodactylidae) і кароткагаловыя жабы (Brachycephalidae) — эндэмікі Кубы). Сярод прэснаводных рыб — панцырны шчупак (Lepisosteidae) (на Кубе), хромісы (Chromis), жывародныя і яйцародныя карпазубыя (Cyprinodontidae) (на Гаіці і Кубе), гамбузія (Gambusia). Разнастайнасць насякомых невялікая. Шмат наземных малюскаў, паходжанне якіх мае сувязі з афрыканскімі і азіяцкімі відамі.

Натуральныя ландшафты вобласці моцна парушаны дзейнасцю чалавека, таму многія віды жывёл зніклі або на мяжы знікнення.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]