Ямайка (востраў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Востраў Ямайка)
Ямайка
англ. Jamaica
Выгляд з космасу
Выгляд з космасу
Характарыстыкі
Плошча10 911 км²
Насельніцтва2 868 380 чал.
Шчыльнасць насельніцтва262,89 чал./км²
Размяшчэнне
18°10′ пн. ш. 77°20′ з. д.HGЯO
АрхіпелагАнтыльскія астравы
АкваторыяКарыбскае мора
Краіна
Ямайка (востраў) (Ямайка)
Ямайка
Ямайка
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ямайка (англ.: Jamaica) — востраў у Карыбскім моры. Складае аснову дзяржавы Ямайка. Агульная плошча — 10 911 км². Насельніцтва — 2 868 380 чал.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1 тысячагоддзі да н. э. востраў Ямайка быў населены плямёнамі індзейцаў-таіна — мігрантамі з Паўднёвай Амерыкі. З іх мовы назва Ямайкі (Хамайка) перакладаецца як «зямля крыніц».

4 мая 1494 г. востраў быў адкрыты Хрыстафорам Калумбам. У 1509 г. пачалася іспанская каланізацыя. Да пач. XVII ст. індзейскае насельніцтва Ямайкі было знішчана.

10 мая 1655 г. востраў быў захоплены англічанамі, якія ператварылі яго спачатку ў цэнтр пірацтва, а потым — у галоўнага пастаўшчыка цукру ў Вялікабрытанію. На плантацыях цукровага трыснягу працавалі пераважна чарнаскурыя афрыканскія рабы. Рабства было адменена толькі ў 1834 г.

6 жніўня 1962 г. абвешчана незалежная дзяржава Ямайка.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Ямайка ўваходзіць у склад архіпелага Вялікія Антыльскія астравы. Выцягнута з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход на 232 км. Найбольшая шырыня — 93 км. Знаходзіцца за 149 км на поўдзень ад Кубы, за 190 км на захад ад вострава Гаіці, за 792 км ад узбярэжжа Фларыды (Паўночная Амерыка), 630 км ад узбярэжжа Гандураса (Цэнтральная Амерыка), 777,6 км ад узбярэжжа Калумбіі (Паўднёвая Амерыка), за 9 279 км ад Мінска.

Месціцца на паўночнай ускраіне Карыбскай пліты, не далёка ад мяжы з Паўночнаамерыканскай плітой. Знаходзіцца ў зоне землятрусаў. Землятрус, які адбыўся ў 11 гадзін 43 хвіліны 7 чэрвеня 1793 г., разбурыў вялікі горад Порт-Роял на паўднёва-усходнім узбярэжжы.

Востраў першапачаткова сфарміраваны ў мелавы перыяд (больш за 65 млн гадоў таму) у выніку дзейнасці старажытных вулканаў. Вылучаюць 3 асноўныя стратыграфічныя зоны:

Апошні пласт сфарміраваны караламі, што раслі на плыткаводдзі на месцы былой вулканічнай актыўнасці. У перыяд ад 60 да 40 млн гадоў таму ён быў падняты ў выніку новых тэктанічных зрухаў і ператварыўся ў паверхню вострава. У месцах разбурэння паверхневага кайназойскага пласту ўтвараюцца так званыя выступы. Усяго іх налічваецца 28. У вапняковых скалах шмат карставых пустэч, створаных вадою, але таксама характэрныя ўзгорыстыя і грэбневыя ўзняцці.

Вылучаюцца тры ландшафтныя рэгіёны: вапняковае плата ў цэнтральнай частцы вострава; Блакітныя горы (Blue Mountains) і горы Джон-Кроў на паўночным захадзе; прыбярэжныя раўніны. Найвышэйшы пункт Пік (Peak) ў Блакітных гарах — 2256 м над узроўнем мора. Паўночнае ўзбярэжжа прадстаўлена доўгай вузкай прыбярэжнай раўнінай з белымі пляжамі. Дзякуючы каралаваму рыфу мора тут заўсёды спакойнае. Заходняе і паўднёвае ўзбярэжжы характарызуюцца шырокімі далінамі. На заходнім узбярэжжы вылучаецца вялікая пясчаная каса ў раёне месца Негрыл.

Нетры вострава багатыя баксітамі. Па іх запасам Ямайка займае другое месца ў Лацінскай Амерыцы. Іншыя карысныя выкапні: медзь, гіпс, мармур. У мінулым таксама здабывалі золата.

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Клімат Ямайкі трапічны пасатны. Тэмпературны рэжым амаль нязменны на працягу года: 25 — 30 градусаў па Цэльсію на раўнінах і 15 — 20 градусаў у гарах. На паўночна-заходнім узбярэжжы заўсёды дзьмуць свежыя брызы. Сярэдняя колькасць ападкаў — 1960 мм у год, на поўдні — 762 мм у год. У летнія месяцы часта адбываюцца моцныя тайфуны. У зімовыя месяцы на поўдні вострава магчымы рэдкія засухі.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

У канцы XV ст., калі Ямайка была адкрыта еўрапейцамі, большая частка вострава была пакрыта густымі лясамі і саваннамі. Некаторыя дзікарослыя расліны (какосавая і саламяная пальма, тытунь, бавоўна, какао, ямайскі перац і інш.) актыўна выкарыстоўваліся ямайскімі індзейцамі. Аднак іспанцы, а потым брытанцы актыўна высякалі лясы для атрымання каштоўнай драўніны і ачысткі месцаў для плантацый. Большасць сучасных раслін была ўвезена звонку, у тым ліку бананы, цытрусавыя, цукровы трыснёг, масліна, хлебнае дрэва, кава і інш.

Усяго налічваецца больш за 3 тысячы розных відаў раслін, у тым ліку 200 кветкавых. Эндэмічная расліннасць (27 %) часткова захавалася толькі на паўночным усходзе. У раёнах з найбольшымі ападкамі распаўсюджаныя зараснікі бамбука, папараці, шыпшыны, чырвонага і чорнага дрэваў. На поўдні сустракаюцца месцы з паўпустыннай жорсткалісцевай расліннасцю і кактусамі. Так званае «сіняе жалезнае дрэва» (Buxus) з’яўляецца адным з сімвалаў Ямайкі.

Фаўна прадстаўлена больш чым 200 відамі птушак (25 з іх — эндэмікі, у тым ліку 2 віды папугаяў), больш чым 100 відамі матылёў, 25 відамі кажаноў. Таксама сустракаюцца ігуаны, кракадзілы, агуці (Dasyprocta), жабы і г. д. Ямайскія кракадзілы даволі рэдкія. Сустракаюцца толькі ў мангравых зарасцях на поўдні вострава. Нашэсце пацукоў у XIX ст. вымусіла ўвезці з Індыі мангустаў, якія ў нашы дні з’яўляюцца звычайнымі жывёламі. Ля ўзбярэжжа можна ўбачыць чарапах і дзюгоняў.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]