Касцёл Святога Духа і кляштар дамініканцаў (Вільня)
| Каталіцкі храм | |
| Касцёл Святога Духа і кляштар дамініканцаў | |
|---|---|
| літ.: Šventosios Dvasios bažnyčia ir dominikonų vienuolynas | |
| | |
| 54°40′53″ пн. ш. 25°17′04″ у. д.HGЯO | |
| Краіна |
|
| Горад | Вільня |
| Канфесія | Рымска-каталіцкая царква |
| Епархія | Віленская архідыяцэзія |
| Благачынне | Віленскі дэканат |
| Ордэнская прыналежнасць | дамініканцы (гістарычна) |
| Тып будынка | парафіяльны касцёл |
| Архітэктурны стыль | позняе барока, ракако |
| Архітэктар | Іаган Крыштоф Глаўбіц |
| Заснавальнік | Вітаўт (першапачатковы храм) |
| Дата заснавання | 1408 |
| Будаўніцтва | 1408 — 1770 (сучасны выгляд пасля перабудоў) |
| Статус | Помнік архітэктуры |
| Матэрыял | цэгла |
| Стан | дзейнічае |
Касцё́л Свято́га Ду́ха і кля́штар дамініка́нцаў — рымска-каталіцкі культавы комплекс у Вільні. Размяшчаецца ў Старым горадзе па адрасе вуліца Дамінікону (Дамініканская), 8 (літ.: Dominikonų g. 8), працягнуўшыся ўздоўж гэтай вуліцы бакавым фасадам, а заднім фасадам выходзячы на вуліцу Святога Ігната (літ.: Šv. Ignoto g.).
Помнік архітэктуры высокага і позняга барока, а таксама ракако. Інтэр'еры касцёла і кляштара вызначаюцца надзвычай багатым мастацкім аздабленнем, уключаючы ўнікальныя фрэскавыя роспісы і ілюзорны манументальны жывапіс. Набажэнствы ў касцёле традыцыйна праводзяцца на польскай мове.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1408 годзе будаўніцтва першага, яшчэ невялікага касцёла Святога Духа фундаваў вялікі князь Вітаўт. Асноўны аб’ём гэтага храма меў план прамавугольнай формы, які заканчваўся прэсбітэрыем з гранёнай апсідай. З паўночнага боку да яго прымыкала сакрыстыя. У другой чвэрці XV стагоддзя касцёл быў павялічаны ў даўжыню.
У 1501 годзе паводле загаду вялікага князя Аляксандра Ягелончыка касцёл разам з забудовай вакол яго быў перададзены запрошаным з Польшчы манахам-дамініканцам. Яны пашырылі і часткова перабудавалі касцёл, а таксама ўзвялі каля паўднёва-заходняга вугла квадратную ў плане вежу-званіцу, якая была прыстасаваная для абароны. Побач з храмам быў пабудаваны мураваны кляштар (ён прымыкае да галоўнага і паўночнага фасадаў касцёла)[1].
У 1655 годзе касцёл і кляштар былі моцна пашкоджаны падчас акупацыі Вільні маскоўскім войскам. Комплекс быў адноўлены на сродкі мецэната М. Вайніловіча і нанова асвечаны ў 1688 годзе. У XVII і асабліва ў XVIII стагоддзях касцёлу і кляштару былі нададзены выразныя барочныя рысы. Будынкі моцна пацярпелі падчас разбуральных віленскіх пажараў 1748 і 1749 гадоў[1]. За параўнальна кароткі тэрмін дзякуючы намаганням манахаў і ахвяраванням магнатаў (у тым ліку Людвіка Паца, Брыгіты Салагуб з роду Радзівілаў) да 1770 года храм і кляштар былі цалкам адбудаваны і набылі свой сучасны вытанчаны познебарочны выгляд. У гэты ж час быў створаны ўнікальны фрэскавы ансамбль у калідорах кляштара[2].
У 1812 годзе храм пацярпеў ад французскіх салдат, пасля чаго рамантаваўся ў 1813—1815 гадах. У 1818 годзе бурай сарвала дах, які прыйшлося перакрываць нанова.

Пасля паражэння паўстання 1830—1831 гадоў расійскія ўлады ў 1844 годзе скасавалі кляштар дамініканцаў. Касцёл стаў звычайным парафіяльным, але працягваў дзейнічаць на ўсім працягу XIX і XX стагоддзяў. У 1849 годзе жылы корпус кляштара быў ператвораны ў турму. Па распараджэнні віленскага генерал-губернатара М. М. Мураўёва ў гэтых памяшканнях трымалі ў няволі ўдзельнікаў паўстання 1863—1864 гадоў. Сярод вязняў былі Якуб Гейштар, Кастусь Каліноўскі, яго найбліжэйшы паплечнік Цітус Далеўскі, брат Цітуса — адзін з заснавальнікаў Братняга саюза літоўскай моладзі Францішак Далеўскі і іншыя паўстанцы. У 1993 годзе на будынку кляштара з боку вуліцы Святога Ігната была адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар Кастуся Каліноўскага[3] працы беларускага скульптара Аляксандра Мірончыка[4].
Набажэнствы ў касцёле традыцыйна адбываюцца на польскай мове. 5 верасня 1993 года тут адбылася сустрэча Папы Рымскага Яна Паўла II з вернікамі польскага паходжання (пры ўдзеле віленскага архібіскупа Аўдрыса Юозаса Бачкіса, прымаса Польшчы кардынала Юзафа Глемпа, архібіскупаў Тадэвуша Кандрусевіча і Казіміра Свёнтака)[5][6].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Шматлікія рамонты і перабудовы значна змянілі першапачатковую гатычную архітэктуру храма. Цяпер касцёл Святога Духа ўяўляе сабой тыповую познабарочную трохнефавую базіліку з купалам над сяродкрыжжам. Незвычайнай рысай з'яўляецца тое, што галоўны фасад касцёла не мае вежаў, а адзіная гістарычная вежа-званіца прыбудавана асобна з паўднёва-заходняга боку. Сцены раскрапаваныя пілястрамі на асобныя праслы. Галоўны ўваход зроблены з боку паўднёвага фасада і аформлены манументальным парталам з дарычнымі калонамі, пілястрамі і рэльефным картушам[1]. Да галоўнага і паўночнага фасадаў касцёла шчыльна прымыкаюць карпусы кляштара, якія ўтвараюць замкнёны ўнутраны дворык (клуатр).
Інтэр’ер і манументальны жывапіс
[правіць | правіць зыходнік]
Інтэр’ер касцёла адрозніваецца надзвычайнай пышнасцю і з'яўляецца адным з найпрыгажэйшых узораў стылю ракако і позняга барока ў Літве. Галоўныя дэкаратыўныя акцэнты храма — 16 вялікіх алтароў складанай і арыгінальнай кампазіцыі, багата аздобленых скульптурай і ляпнінай, а таксама манументальны амбон. Купал і скляпенні касцёла распісаны фрэскамі на тэмы з жыцій святых і алегарычнымі сюжэтамі[1].
Фрэскі кляштарных калідораў
[правіць | правіць зыходнік]Выключную каштоўнасць уяўляе манументальны насценны жывапіс, створаны каля 1756—1770 гадоў у калідорах першага паверха кляштара, якія абгінаюць унутраны дворык (клуатр). Гэты фрэскавы ансамбль з'яўляецца ўнікальным для ўсяго рэгіёна былога ВКЛ. Значная частка кампазіцый, на жаль, дайшла да нашага часу ў моцна пашкоджаным або зафарбаваным выглядзе, аднак іх іканаграфічная праграма была рэканструявана даследчыкамі дзякуючы захаваным фрагментам і архіўным фотаздымкам Яна Булгака пачатку XX стагоддзя[2].
Іканаграфічная праграма гэтых фрэсак цалкам падпарадкавана дамініканскай тэматыцы і адлюстроўвае гісторыю ордэна, яго выбітных святых, а таксама малітоўную практыку Ружанца, папулярызатарамі якой з'яўляліся менавіта дамініканцы. Сюжэты размяркоўваюцца па розных галерэях кляштара:
- У заходняй галерэі (каля ўваходу) размешчаны сцэны, звязаныя з тэмай смерці і замагільнага жыцця: «Смерць», «Чысцец», «Пакуты пекла» і «Райскі сад»[7]. Далей ідуць гістарычныя сцэны з жыцця ордэна: «Святы Дамінік і Святы Францыск падтрымліваюць Латэранскую базіліку», «Зацвярджэнне ордэна дамініканцаў», дзе папа рымскі ўручае статут Святому Дамініку, і выявы іншых святых і мучанікаў ордэна, напрыклад, Тамаша Аквінскага, Пятра Мучаніка[8].
- Асноўная частка калідораў прысвечана ілюстрацыі Ружанцовай малітвы. У крыжовых скляпеннях паслядоўна намаляваны 15 Таямніц Ружанца, падзеленых на тры часткі:
- Радасныя таямніцы: Звеставанне, Адведзіны Лізаветы, Нараджэнне Хрыста, Ахвяраванне ў храме, Адшуканне Хрыста ў храме[9].
- Балесныя таямніцы: Малітва ў Гефсіманскім садзе, Хвастанне, Укаранаванне цернем, Крыжовы шлях, Укрыжаванне[10].
- Слаўныя таямніцы: Уваскрасенне, Ушэсце, Сашэсце Святога Духа, Унебаўзяцце Марыі, Каранаванне Марыі[11].
- Усходняя галерэя кляштара ўтрымлівае 21 невялікую эмблему, прысвечаную Ларэтанскай літаніі (Litanija Loretańska). Кожная фрэска ілюструе асобны зварот да Дзевы Марыі з літаніі (напрыклад, «Люстэрка справядлівасці», «Вежа Давідава», «Залаты дом» і інш.), якія суправаджаюцца лацінскімі надпісамі[12].
Многія з гэтых фрэсак выкананы з выкарыстаннем прыёмаў ілюзорнага жывапісу і квадратуры. Мастацтвазнаўцы, у прыватнасці, Д. Клаюмене, дапускаюць, што гэты манументальны ансамбль мог стварыць вядомы віленскі мастак-манументаліст Мацвей Слушчанскі[2].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 ЭнцВКЛ 2005.
- 1 2 3 Klajumienė 2006, с. 129.
- ↑ Лявон Луцкевіч. Вандроўкі па Вільні. Вільня: Рунь, 1998. ISBN 9986-9228-2-8. С. 59. (бел.)
- ↑ Мірончык Аляксандр Іванавіч // Беларускі саюз мастакоў, 1938—1998 = Belarussian union of artists, 1938—1998 : Энцыкл. давед. / Аўт.-склад.: Б. А. Крэпак і інш.. — Мн.: ВТАА «Кавалер Паблішэрс», 1998. — 663 с. — 3 000 экз. — ISBN 985-6427-09-6.
- ↑ Jan Paweł II. Polacy i Litwini są powołani do współpracy (польск.)]
- ↑ Šventojo Tėvo kalba Lietuvos lenkams Šventosios Dvasios bažnyčioje (літ.)
- ↑ Klajumienė 2006, с. 130.
- ↑ Klajumienė 2006, с. 137—141.
- ↑ Klajumienė 2006, с. 146.
- ↑ Klajumienė 2006, с. 153—155.
- ↑ Klajumienė 2006, с. 170—171.
- ↑ Klajumienė 2006, с. 157—159.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Т. Габрусь. Віленскі кляштар дамініканцаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 430—431. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Klajumienė D. Tapyti altoriai (XVIII a. – XIX a. I p.): nykstantys Lietuvos bažnyčių dailės paminklai. — Vilnius: Vilniaus dailės akademijos leidykla, 2006. — 272 с. — ISBN 9955-624-56-6.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Святога Духа і кляштар дамініканцаў (Вільня)
