Перайсці да зместу

Класіфікацыя расліннасці

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Класіфікацыя расліннасці, сінтаксанамія — частка фітацэналогіі, якая ўключае ў сябе тэарэтычнае вучэнне і практычныя метады па выдзяленні ўмоўна аднородных тыпаў (фітацэнонаў) з фітацэнатычнага кантынуума  (укр.) і іх субардынацыю ў сінтаксанамічную іерархію.

Агульныя звесткі аб класіфікацыі расліннасці

[правіць | правіць зыходнік]

Класіфікацыя расліннасці з’яўляецца цэнтральнай часткай фітацэналогіі. Узровень яе развіцця адлюстроўвае ўзровень развіцця ўсей навукі.

Сінтаксанамія выкарыстоўвае вопыт таксанаміі, якая ўжо ў пачатку XX стагоддзя была дастаткова развітай навукай. Складанасць класіфікацыі расліннасці тлумачыцца тым, што раслінныя супольнасці, у адрозненне ад відаў, — гэта ўмоўнасці, аб’яднаныя ў шматмерны кантынуум. Акрамя таго, раслінныя супольнасці маюць невысокі ўзровень цэласнасці, што вядзе да зменлівасці архетыпаў (набораў дыягнастычных прызнакаў) сінтаксонаў, часам вельмі значнай. Вельмі рэдка таксама ў сінтаксонах ніжэйшых рангаў прадстаўлены поўнасцю дыягнастычныя віды вышэйшых адзінак. Усё гэта абумовіла значную складанасць выдзялення сінтаксанамічных адзінак і ўсталяванне дыягназаў супольстваў.

Асноўныя падыходы да прынцыпаў і метадалогіі класіфікацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Да пачатку 1970-х гадоў існавала мноства падыходаў да класіфікацыі расліннасці, якія паступова трансфармаваліся ў два асноўныя:

  • Дамінантны (фізіянамічны) падыход.
  • Эколага-фларыстычны падыход.

Пры дамінантным падыходзе сінтаксоны вылучаюцца па дамінантах асобных ярусаў раслінных супольнасцей. Асноўнымі адзінкамі дамінантнай класіфікацыі з’яўляюцца фармацыя — сукупнасць супольнасцей з адным дамінантам (напрыклад, фармацыя дубовых лясоў) і асацыяцыя, якая вылучаецца на падставе дамінантаў розных ярусаў (напрыклад, дубрава рабінава-кіслічная). Гэты падыход з’яўляецца простым і цалкам прымянімым да лясной расліннасці барэальных, суббарэальных і субтрапічных лясоў, г.зн. там, дзе ў складзе супольнасці маюцца некалькі яўных дамінантаў з моцнымі эдыфікатарнымі  (руск.) ўласцівасцямі, дзе высокая ступень дыскрэтнасці расліннага покрыва.

Але гэты падыход не з’яўляецца прымальным пры класіфікацыі лугоў, рудэральнай расліннасці, расліннасці вырубак і гараў, дзе дамінанты могуць хутка мяняцца ў розныя гады і нават сезоны і валодаюць слабымі эдыфікатарнымі ўласцівасцямі, што вядзе да вялікай варыябельнасці відавога складу супольнасцей. Таму ўсё большае распаўсюджванне мае фларыстычны падыход.

Узнікненне эколага-фларыстычнага падыходу да класіфікацыі звязана з імем швейцарскага геабатаніка Ж. Браўн-Бланке. Метад класіфікацыі расліннасці, названы яго імем, грунтуецца на групаванні супольнасцей паводле падабенства фларыстычнага складу, які адлюстроўвае экалагічныя ўмовы і стадыю сукцэсіі і ўсталявання сінтаксонаў ад ніжэйшых да вышэйшіх.

Сінтаксоны ў сістэме Браўн-Бланке выдзяляюцца на падставе дыягнастычных відаў, сярод якіх адрозніваюць характэрныя, дыферэнцыруючыя і канстантныя.

  • Характэрныя віды сустракаюцца толькі ў адным сінтаксоне ці сустракаюцца ў гэтым сінтаксоне часцей за іншыя.
  • Дыферэнцыруючыя віды дыягнастуюць мяжой свайго арэала і ўваходзяць у склад некалькіх сінтаксонаў.
  • Канстантныя віды сустракаюцца з высокім пастаянствам, але праходзяць праз гэты сінтаксон «транзітам».

Віды, канстантныя для ніжэйшых адзінак, могуць быць дыферэнцыруючымі ці характэрнымі для вышэйшых. Але ёсць меркаванне, што розніца паміж дыферэнцыруючымі і характэрнымі відамі нязначная, і часта іх аб’ядноўваюць у адзіную групу дыягнастычных відаў (у гэтым выпадку канстантныя віды разглядаюцца асобна).

Стварэнне назваў сінтаксонаў, іх відазмяненне і адмена рэгулюецца «Кодэксам фітасацыялагічнай наменклатуры», упершыню апублікаваным у 1976 годзе. Існуюць наступныя асноўныя рангі сінтаксанамічнай класіфікацыі (зверху ўніз): клас (канчатак -etea), парадак (-etalia), саюз (-ion), асацыяцыя (-etum). Пры вылучэнні сінтаксона ўказваюць прозвішча яго аўтара і год зацвярджэння.

Пералік усіх сінтаксонаў пэўнай тэрыторыі называецца прадромусам.

Прыклад:

клас: Vaccinio-Piceetea Br.-Bl. 1939
Д. В. (дыягнастычныя віды) Dicranum scoparium, плеўрозій Шрэбера (Pleurozium schreberi), Hylocomium splendens, братаўка лугавая (Melampyrum pratense), Ptilium crista-castrensis, грушанка малая (Pyrola minor), грушанка круглалістая (Pyrola rotundifolia), Peltigera aphthosa, Trientalis europaea, чарніцы (Vaccinium myrtillus), буякі (Vaccinium uliginosum), брусніцы (Vaccinium vitis-idaea)
парадак: Cladonio-Vaccinietalia Kiell.-Lund 1967
Д. В. хвоя звычайная (Pinus sylvestris), кладзіна аленевая (Cladonia rangiferina), кладзіна лясная (Cladonia arbuscula), Dicranum fuscescens, Dicranum polysetum, талакнянка звычайная (Arctostaphylos uva-ursi), Empetrum nigrum nigrum, багун балотны (Ledum palustre)
саюз: Dicrano-Pinion Libb. 1933
Д. В. парушэнец парасоністы (Chimaphila umbellata), дыфазіястр сплюшчаны (Diphasiastrum complanatum), пад’ельнік звычайны (Monotropa hypopitys), грушанка зеленаватая (Pyrola chlorantha), Viscum album austriacum
асацыяцыя: Peucedano-Pinetum W.Mat. (1962) 1973
Д. В. Chimaphila umbellate, дзікая пятрушка горная (Peucedanum oreoselinum), ландыш майскі (Convallaria majalis), купена лекавая (Polygonatum odoratum), прастрэл шыракалісты (Pulsatilla patens), чарнакорань прысадзісты (Scorzonera humilis), сумнік звычайны (Solidago virgaurea)

Асноўныя вышэйшыя сінтаксоны расліннасці Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]

Лясная расліннасць:

Лугавая расліннаць:

  • клас Molinio-Arrhenatheretea  (венг.) R.Tx. 1937 em. R.Tx. 1970 — другасныя паслялясныя лугі, якія фарміруюцца на месцы шыракалістых лясоў з даволі багатымі незасоленымі глебамі[4]
  • клас Sedo-Scleranthethea Br.Bl. 1955 — травяністыя супольнасці на слабаразвітых пясчаных глебах

Расліннасць, сфарміраваная на парушаных участках:

  • клас Epilobietea angustifolii R.Tx. et Prsg. in R.Tx. 1950 — расліннаць высечак і гараў[5]
  • клас Galio-Urticetea  (гал.) Passage 1967 — натуральныя і антрапагенныя нітрафільныя супольнасці зацененых месцаў, засмечаных участкаў, узлескаў у лесапарках, у поймах рэк і ручаёў[6]
  • клас Plataginetea majoris R.Tx. et Prsg. in R.Tx. 1950 — супольнасці нізкарослых, устойлівых да вытоптвання і выпасу мезафітаў і гіграфітаў у дварах, уздоўж дарог, на спартыўных пляцоўках
  • клас Chenopodietea Br.-Bl. 1952 em. Lohm. J. et R.Tx. 1961 ex Matusz. 1962 — супольнасці адналетнікаў, якія ўяўляюць сабой пачатковыя стадыі аднаўленчых сукцэсій пасля парушэнняў і сорнапалявыя супольнасці
  • клас Artemisietea vulgaris  (фр.) Lohm., Prsg. et Tx. in Tx. 1950 — рудэральныя супольнасці высакарослых двухгадовых і шматгадовых відаў[7]
  • клас Agropyretea repentis Oberd., Th.Muller et Gors in Oberd. et al. 1967 — рудэральныя супольнасці з пераважаннем шматгадовых злакаў, якія ўяўляюць сабой папярэднюю перад лугамі стадыю ўзнаўляльных сукцэсій
  • клас Bidentetea tripartiti R.Tx., Lohm. et Prsg 1950 — сінантрапныя супольнасці з пераважаннем аднагадовых відаў парушаемых пераўвільготненых месцаў
  • клас Secalietea Br.-Bl. 1951 — сегетальныя (сорнапалявыя) супольнасці зерневых культур
  • клас Robinietea Jurko ex Sofron 1980 — гарадская спантанная расліннасць і супольнасці штучных дравесных насаджэнняў[8]

Прыбрэжна-водная расліннасць:

  • клас Phragmiti-Magnocaricetea  (венг.) Klika in Klika et Novak 1941 — водныя і каляводныя супольнасці прымацаваных да дна і ўзвышаючыхся над вадой раслін
  • клас Potametea  (венг.) R.Tx. et Prsg — супольнасці прымацаваных да дна раслін з плаваючымі на паверхні ці пагружанымі ў тоўшчу вады лісцямі
  • клас Lemnetea minoris  (венг.) R. Tx. 1955 — супольнасці вольна плаваючых на паверхні і ў тоўшчы вады незамацаваных раслін
  • клас Charetea  (венг.) (Fukarek 1961 n.n.) Krausch 1964 — супольнасці харавых водарасцей
  • клас Utricularietea intermedio-minoris  (венг.) Den Hartog et Segal 1943 em. Pietsch 1965 — пузырчата-мохавыя супольнасці дыстрофных вод, звычайна ў мачажынах і азёрах на верхавых і пераходных балотах

Дэдуктыўны метад Капечкі-Гейні

[правіць | правіць зыходнік]

Метад Браўн-Бланке ў яго класічным разуменні грунтаваўся на характэрных відах і адназначнай дыхатаміі. Гэты падыход апраўдаў сябе пры класіфікацыі натуральных багатых відамі супольнасцей, калі выдзялялі шэраг сінтаксонаў, з якімі суадносілася частка супольнасцей, а іншыя разглядаліся як пераходныя. Але пры класіфікацыі такім метадам гіперкантынуальнай рудэральнай расліннасці паўсталі цяжкасці, звязаныя з шырокай экалагічнай амплітудай, эўрыбіёнтнасцю відаў, што ўваходзяць у яе. Гэта прыводзіла да немагчымасці вылучыць віды, характэрныя для той ці іншай асацыяцыі і нават саюзу.

Таму ў 1974 годзе чэшскія батанікі К. Капечкі і С. Гейні прапанавалі так званы дэдуктыўны метад класіфікацыі сінантрапнай расліннасці. Метад заключаецца ў тым, што разам з асацыяцыямі выдзяляюцца супольнасці, якія падпарадкоўваюцца непасрэдна класу ці парадку, ці адначасова двум вышэйшым сінтаксонам на падставе прадстаўленасці ў іх дыягнастычных відаў вышэйшых адзінак.

Адрозніваюць базальныя супольнасці (сфармаваныя «сваім» дамінантам) і дэрыватныя (дамінантам якіх з’яўляецца дыягнастычны від іншага сінтаксона).

Сістэма Паграбняка

[правіць | правіць зыходнік]

Вялікі ўплыў на развіццё лясной фітацэналогіі аказала класіфікацыйная сістэма П. С. Паграбняка, якая значна распаўсюдзілася ў пачатку XX стагоддзя на Украіне, у Беларусі і еўрапейскай частцы Расіі. Яна прызначана для класіфікацыі толькі лясных біягеацэнозаў. П. С. Паграбняк, развіваючы працы Е. У. Аляксеева, даў двухмерную эдафічную (глебавую) сетку тыпаў, заснаваную на ардынаце ўвільгатнення (якая пазначаецца лічбамі) і на ардынаце ўрадлівасці (якая пазначаецца літарамі). Скрыжаванне ардынат дае адпаведны тып лесу. Па трофнасці ён вылучыў: А — бор, В — субар, С — судубрава, D — дубрава; па вільготнасці: 0 — сухі, 1 — свежы, 2 — вільготны, 3 — сыры, 4 — мокры. Адпаведна, А1 — свежы бор; С2 — вільготная судубрава і г. д.

Гэтая сістэма адыграла значную практычную ролю ў лясной гаспадарцы, асабліва ў паўднёвых раёнах еўрапейскай часткі СССР, аднак з пазіцый тэарэтычнай фітацэналогіі яна крытыкавалася за арыентацыю выключна на глебавыя ўмовы, а не на расліннасць, і атрымала мянушку «фітацэналогія без фітацэнозаў». У цяперашні час амаль цалкам выйшла з ужывання.