Лазарысты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Поўная назва Кангрэгацыя місій
Лацінская назва Congregatio Missions
Скарачэнне C. M.
Заснавальнік Св. Вікенцій дэ Поль
Дата заснавання 1625
Год зацвярджэння 1632

Лазарысты, Кангрэгацыя місій, вікенційцы, бацькі Поля (лац.: Congregatio Missions, CM, фр.: Congrégation de la Mission, CM) — каталіцкая мужчынская кангрэгацыя, заснаваная Св. Вікенціем дэ Полем у XVII стагоддзі. Лазарыстаў, разам з жаночай кангрэгацыяй дочак міласэрнасці Св. Вікенція дэ Поля часта называюць вікенційцамі.

Арганізацыя[правіць | правіць зыходнік]

Лазарысты ўяўляюць сабой таварыства апостальскага жыцця. У 2013 годзе лазарысты налічвалі 3347 членаў (з іх 2995 святароў)[1]. Кляштары лазарыстаў аб'яднаны ў правінцыі, поўнасцю ўсёй улады ў кангрэгацыі валодае генеральная асамблея, якая павінна збірацца не радзей аднаго разу ў 6 гадоў і складацца з дэлегатаў ад кожнага кляштара. Генеральная асамблея выбірае генеральнага настаяцеля, рэзідэнцыя якога знаходзіцца ў Рыме. Лазарысты прадстаўлены ў 86 краінах, агульная колькасць кляштароў — 510; больш за ўсё кляштароў лазарыстаў у Францыі, Іспаніі, Італіі, Польшчы.

Галоўныя кірункі дзейнасці кангрэгацыі — пропаведзь Евангелля сярод бедных, каталіцкая адукацыя, у тым ліку і адукацыя кліру, кіраўніцтва семінарыямі, аказанне дапамогі ў кіраванні прыходамі, місіянерская дзейнасць.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Святы Вікенцій дэ Поль, заснавальнік кангрэгацыі

Задума стварэння новай кангрэгацыі ўзнікла ў Св. Вікенція дэ Поля падчас яго службы капеланам у багатай сям'і Гондзі. Дзвюма галоўнымі праблемамі царквы напачатку XVII стагоддзя ў Францыі Святы Вікенцій лічыў нізкі ўзровень адукаванасці і рэлігійнасці сярод бедных слаёў грамадства, у першую чаргу, сялянства; а таксама нізкі ўзровень адукацыі і набожнасці сярод кліра. Рашэнне гэтых праблем і стала галоўнай задачай кангрэгацыі.

Важнай датай для гісторыі лазарыстаў лічыцца 25 студзеня 1617 года, калі пасля пропаведзі Св. Вікенція ў вёсцы Фальвіль мноства людзей перажылі духоўны зварот. Афіцыйнай датай стварэння кангрэгацыі лічыцца 17 красавіка 1625 года, калі Св. Вікенцій і яго вучань Антуан Партэй далі зарок увесь час маліцца аб справе хрысціянскай місіі. Новая абшчына размясцілася спачатку ў калегіі Бон-Анфан у Парыжы, а ў 1632 годзе, калі яна налічвала ўжо больш 140 святароў, то ёй быў перададзены кляштар Сен-Лазар у Парыжы, па імі якога Кангрэгацыя місій і атрымала сваю другую, але найбольш распаўсюджаную назву.

Кангрэгацыя была зацверджана Папам Урбанам VIII 12 студзеня 1632 года, аднак яе статут распрацоўваўся Св. Вікенціем больш за 30 гадоў і прыняў канчатковы выгляд толькі ў 1658 годзе.

Ужо да 1660 годзе кляштары лазарыстаў распаўсюдзіліся па ўсёй Заходняй і Цэнтральнай Еўропе. Актыўна браты вялі і місіянерскую дзейнасць у нехрысціянскіх краінах. Даты заснавання місій — Італія (1638), Туніс (1643), Алжыр і Ірландыя (1646), Мадагаскар (1648), Рэч Паспалітая (1651).

У адпаведнасці з запаветамі свайго заснавальніка вялікая ўвага надавалася семінарыям і багаслоўскай падрыхтоўцы будучых святароў. Да канца XVIII стагоддзя лазарысты ўзначальвалі амаль 100 семінарый (з іх 60 — у Францыі).

Вялікі ўдар кангрэгацыі быў нанесены падчас Вялікай французскай рэвалюцыі, калі былі зачынены і спустошаны амаль усе семінарыі і кляштары, уключаючы і кляштар Сен-Лазар.

У XIX стагоддзі лазарысты аднавілі страчаныя пазіцыі і працягнулі сваё развіццё — былі заснаваны новыя місіі ў шматлікіх краінах Азіі, у тым ліку ў Персіі і Асманскай імперыі, а таксама ў Афрыцы — у Егіпце і Эфіопіі. Лазарыст Святы Юстын дэ Якобіс стаў першым апостальскім вікарыем Эфіопіі і адыграў вялікую ролю ў пераадоленні варожасці эфіёпаў да Каталіцкай царквы.

У XX стагоддзі кангрэгацыя панесла новыя цяжкія страты — падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі былі забіты некалькі дзясяткаў братоў і спустошана мноства кляштароў. Пасля ўсталявання камуністычных рэжымаў ва Усходняй Еўропе былі ліквідаваны ці на доўгі час апынуліся адарванымі ад зносін з кангрэгацыяй кляштары ў Польшчы, Венгрыі, Чэхаславакіі і Югаславіі. Нягледзячы на гэта, найбольшы росквіт кангрэгацыі прыпадае на 1960-я гады, калі яна налічвала амаль 6 тысяч чалавек.

Лазарысты ў Беларусі і Расіі, Украіне[правіць | правіць зыходнік]

У 2001 годзе ў Кіеў з Ірландыі прыехаў а. Поль Роўч, дзе заснаваў першы кляштар лазарыстаў. У гэтым жа годзе Генеральны настаяцель кангрэгацыі абвясціў пра стварэнне Віцэ-правінцыі Свв. Кірыла і Мяфодзія, якая аб'ядноўвае лазарыстаў Беларусі, Расіі і Украіны. Ва Украіне прыходы маюцца ў Кіеве, Адэсе, Харкаве, Пэрэчыне і Старажынцы, у Беларусі — у Гродне, у Расіі — у Ніжнім Тагіле. У наш час візітатарам віцэ-правінцыі з'яўляецца а. Томаж Маўрыч.

Выдатныя асобы[правіць | правіць зыходнік]

За час існавання кангрэгацыі больш 200 братоў, у тым ліку 2 біскупы прынялі мучаніцкую смерць, многія былі беатыфікаваны. Больш за ўсё лазарыстаў загінула падчас французскай рэвалюцыі (Ж. Франсуа, А. Груе і інш.), падчас праследавання хрысціян у Кітаі ў XIX стагоддзі (бл. Жан Габрыэль Пербуар, Франсуа Кле і інш.), падчас іспанскай грамадзянскай вайны ў 1930-х гадах. Да ліку лазарыстаў належалі «апостал Туніса» Ж. Герэн, музыкант К. А. Вакета, багаслоў П. Кале, місіянеры і навукоўцы Э. Гюк і Л. А. Даві і шматлікія іншыя.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]