Перайсці да зместу

Ланцэтнікі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ланцэтнікі

Еўрапейскі ланцэтнік (Branchiostoma lanceolatum)
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Branchiostoma Costa, 1834

Сінонімы
Amphioxus Yarrell, 1836

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  159681
NCBI  7737
FW  352173

Ланцэтнікі (Branchiostoma) — род марскіх жывёл падтыпу бесчарапных тыпу хордавых.

Упершыню лэнцэтнік быў апісаны ў 1774 годзе заолагам П. С. Паласам, які прыняў яго за малюска і назваў «ланцэтападобным слізнем». Толькі праз 60 год, пасля вывучэння яго будовы, была прызнана прыналежнасць ланцэтніка да хордавых жывёл.

Даўжыня да 8 см. Цела рыбападобнае, завостранае з абодвух канцоў, паўпразрыстае, ружаватага колеру. Уздоўж спіннога і брушнога бакоў, уключаючы хвост, праходзіць складка скуры, якая ўтварае плаўнік. Спінны плаўнік пераходзіць у хваставы, які мае форму ланцэта (адсюль назва). Уздоўж ніжняга края хваста ідзе падхваставы плаўнік, а ўздоўж бакавых краёў бруха — правая і левая метаплеўральныя складкі. На ніжнім баку пярэдняга канца цела ёсць акружаная шчупальцамі вялікая адтуліна перадротавай поласці, ля пачатку падхваставога плаўніка — вывадная адтуліна каляжабернай поласці, ля пачатку хваставога плаўніка — анальная адтуліна.

Органы пачуццяў развіты вельмі слаба: маецца нюхальная ямка на пярэднім канцы цела, святлоадчувальная пігментная пляма на пярэдняй сценцы нервовай трубкі і шэраг невялікіх плям уздоўж нервовай трубкі ў яе ніжняй частцы (замест вачэй), адчувальныя на дотык клеткі ў скуры і ротавых шчупальцах.

Ланцэтнікі пашыраны ўсюды ў марскіх цёплых і ўмераных водах. У Атлантычным акіяне сустракаюцца ад 67° пн.ш. ля берагоў Еўропы (Нарвегія) і 40° пн.ш. ля берагоў Амерыкі (Чэсапікскі заліў) да Паўднёвай Афркі і Аргенціны (Ла-Плата). Вядомы ў Індыйскім акіяне. У Ціхім акіяне сустракаюцца ад Японскага мора і ўсходу Хакайда, Гавайскіх астравоў і Каліфорніі да Паўднёвай Аўстраліі, Новай Зеландыі і Чылі, вельмі шматлікія ля берагоў Кітая.

Жывуць ланцэтнікі на пясчаным грунце на глыбіні да 30 м і больш. Сустракаюцца пераважна ў слоі буйнага рыхлага пяску, які ўключае абломкі шкілетаў караняножак, ігласкурых і інш. На заіленых участках пясчанага дна трымаюцца рэдка, таму што ім цяжка пранікаць у дробны пясок, а ў ілістым дне яны жыць не могуць. У буйны пясок, між часцінкамі якога свабодна цыркулюе вада, ланцэтнік закопваецца цалкам, з дробнага пяску высоўвае пярэднюю частку на паверхню. Патрывожаны ланцэтнік пераплывае на іншае месца і зноў закопваецца ў пясок.

Ланцэтнікі звычайна баяцца святла, пазбягаюць яркага асвятлення і больш актыўныя ў начны час. Яны аддаюць перавагу вадзе з тэмпературай ад 12-17 да 30 °C і салёнасцю ад 23 да 31 .

Месцамі ланцэтнікі вельмі шматлікія. Напрыклад, еўрапейскі ланцэтнік сустракаецца ля Гельгаланда ў колькасці да 300 асобін на 1 м²[1].

Асаблівасці біялогіі

[правіць | правіць зыходнік]

Анатамічныя асаблівасці

[правіць | правіць зыходнік]

Хорда ў ланцэтнікаў захоўваецца на працягу ўсяго жыцця, жывёла мае нервовую трубку, каля 150 пар жаберных шчылін у глотцы. Перагародкі жаберных шчылін высланы раснічным эпітэліем, які стварае ток вады. Пры гэтым адбываецца не толькі газаабмен, але і адфільтроўванне харчовых часцінак. Харчовая завісь паступае ў стрававальны тракт, дзе адбываецца яе ператраўліванне і ўсмоктванне.

Галаўны мозг не дыферэнцыраваны, і вакол яго няма ніякага зачатку чарапной каробкі. Пярэдні канец цэнтральнай нервовай сістэмы мае выгляд трубкі і крыху не даходзіць да канца хорды.

Будова ланцэтніка. 1. Мазгавы пузырок. 2. Хорда. 3. Нервовая трубка. 4. Хваставы плаўнік. 5. Анальная адтуліна. 6. Стрававальны канал. 7. Крывяносная сістэма. 8. Выдзяляльная адтуліна (для вады). 9. Каляглотачная поласць. 10. Жаберная шчыліна. 11. Глотка. 12. Ротавая поласць. 13. Каляглотачыня шчупальцы. 14. Перадротавая алтуліна. 15. Ганады. 16. Святлоадчувальная клетка. 17. Нервы. 18. Метаплеўральная складка. 19. Сляпы пячоначны выраст.

Акрамя тыповых рысаў, уласцівых хордавай жывёле, будова некаторых сістэм і органаў збліжае ланцэтніка з кольчатымі чарвямі. Так, вонкавы слой скуры прадстаўлены аднаслойным эпітэліем, а не мнагаслойным, як у пазваночных жывёл. Мышачная сістэма ўтворана шматлікімі сегментамі мышачнай тканкі, скарачэнні якой выклікаюць аднастайныя бакавыя рухі цела. Гэта дазваляе жывёлам плаваць або закопвацца заднім канцом цела ў грунт. Крывяносная сістэма замкнутая з падоўжнымі спінным і брушным сасудамі. Мышачнага сэрца няма, яго ролю выконвае пульсуючы брушны сасуд. Выдзяляльная сістэма прадстаўлена прыкладна сотняй пар утварэнняў, падобных на метанефрыдыі кольчатых чарвей.

Дыханне шчэлепнае.

Перадротавая адтуліна адкрывае ўваход у дыхальна-стрававальную сістэму ланцэтніка. Яна вядзе ў перадротавую поласць, у глыбіні якой знаходзіцца рот, акружаны перапончатым клапанам. Ротавая адтуліна вядзе далей у аб'ёмістую глотку, сценкі якой са шматлікімі (звыш 100) жабернымі шчылінамі, што вядуць не наўпрост вонкі, а ў асаблівую каляжаберную поласць, якая акружае глотку. Уздоўж дна і ўздоўж верхняй сценкі глоткі цягнуцца высланыя раснічнымі клеткамі жалабкі (эндастыль і наджаберны жалабок), злучаныя каляглотачным раснічным кольцам у пярэдняй частцы глоткі — вельмі падобнае да гэтага прыстасаванне маюць абалоннікі (асцыдыі).

Жыўленне і страваванне

[правіць | правіць зыходнік]

Кормяцца планктонам, мікраскапічнымі арганізмамі, уцягваючы іх праз ротавую адтуліну з токам вады, што праганяецца рухам раснічак цераз жаберныя адтуліны і каляжаберную поласць і затым вонкі праз атрыяльную адтуліну. Маецца эндастыль, які выдзяляе слізь, што спрыяе ўлоўліванню часцінак ежы. Ротавыя шчупльцы ўтвараюць раштоку, якая перашкаджае пападанню ў поласць глоткі вельмі буйных часцінак. Дробныя харчовыя часцінкі, якія праходзяць цераз гэтую заслону, асядаюць на пакрытых сліззю раснічках жалабкоў, абвалакваюцца сліззю, перамяшчаюцца ў наджаберны жалабок і па ім паступаюць да задняга канца глоткі і ў кішэчнік.

Пажыву ланцэтнікаў складаюць галоўным чанам дыятомавыя водарасці, дробныя караняножкі, інфузорыі, радыялярыі, яйкі і лічынкі абалоннікаў, ігласкурых, рачкоў і іншых беспазваночных жывёл.

Раздзельнаполыя жывёлы, маюць шматлікія (каля 25 пар) палавыя залозы без вывадных пратокаў. Паспелыя палавыя клеткі праз разрывы сценак палавых залоз выводзяцца ў поласць цела, а затым у ваду, дзе і адбываецца апладненне. Развіццё з планктоннай лічынкавай стадыяй.

Размнажаюцца ланцэтнікі ў цёплую пару года. Адразу пасля заходу сонца самка выкідвае ў ваду спелыя дробныя ікрынкі дыяметрам каля 0,1 мм. Развіццё аплодненай ікры і лічынак праходзіць у тоўшчы вады. Лічынкі падымаюцца ўначы да паверхні, а ўдзень апускаюцца ў прыдонныя слаі вады. Перыяд лічынкавага жыцця доўжыцца звычайна каля торх месяцаў. Да канца першага года жыцця ўсходнеазіяцкі від ланцэтніка дасягае даўжыні 30 мм. Палавая спеласць наступае ў яго на другі або трэці год. Жывуць ланцэтнікі ад аднаго да чатырох гадоў.

Выдзяляюцца ад 8 да 24 відаў.

Зноскі

  1. Жизнь животных…
  • Біялогія: вучэб. дапам. для 8-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / Л. В. Камлюк, А. С. Шалапёнак; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — 3-е выд., дап. — Мінск: Нар. асвета, 2010. — 222 с.: іл. ISBN 978-985-03-1367-6
  • Ланцэтнікі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
  • Жизнь животных. В 7-ми тт. Т. 4. Рыбы / Под ред. Т. С. Расса. — М.: Просвещение, 1983.