Гельгаланд
Гельгаланд | |
---|---|
дацк. Helgoland, зах.-фрызск. deät Lun | |
![]() Выгляд з паветра | |
Характарыстыкі | |
Колькасць астравоў | 2 |
Найбуйнейшы востраў | Гельгаланд |
Агульная плошча | 1,7 км² |
Найвышэйшы пункт | 61,3 м |
Насельніцтва | 1 131 чал. (2011) |
Шчыльнасць насельніцтва | 665,29 чал./км² |
Размяшчэнне | |
54°10′57″ пн. ш. 7°53′07″ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Паўночнае мора |
Краіна | |
![]() |
Ге́льгаланд[1] (дацк.: Helgoland, фрыз.: deät Lun) — архіпелаг з двух астравоў (Гельгаланд і Дзюн) у паўднёва-ўсходняй частцы Паўночнага мора. З’яўляецца муніцыпалітэтам у складзе зямлі Шлезвіг-Гольштэйн (Германія). Агульная плошча — 1,7 км². Насельніцтва (2011 г.) — 1131 чал., пераважна фрызы.
Геаграфія і прырода[правіць | правіць зыходнік]
Гельгаланд знаходзіцца ў 56,7 км ад узбярэжжа Германіі. Складаецца з 2 скалістых астравоў, размешчаных на кантынентальным шэльфе. Найбольшы востраў Гельгаланд займае плошчу 1 км². Меншы востраў Дзюн знаходзіцца ў 808,2 м на захад і займае плошчу прыкладна 0,7 км². Да 1720 г. яны з’яўляліся адзіным масівам сушы. Здабыча медзі і гіпсу прывялі да вытанчэння каменю і разбурэння часткі прыморскіх скал падчас павадку 1721 г.
Клімат марскі ўмераны. Сярэдняя тэмпература лютага 2,5 °C, жніўня 16,6 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў 718,6 мм.
Геолагамі выяўлена, што астравы сфарміраваліся ў 2 этапы. Першы пачаўся каля 260 млн гадоў таму, калі з’явіліся асадкавыя жалезістыя і медныя адкладанні, што сталі асновай для знакамітых чырвоных скал Гельгаланда. Другі этап адбыўся 140 — 60 млн гадоў таму, калі працэс выветрывання вывастрыў абрысы скал, і з’явіліся вапняковыя адкладанні. Радовішчы гэтага перыяду маюць таўшчыню больш за 1000 м.
Да XIX ст. скалы атачалі пясчаныя выдмы і балоты. У наш час ад іх засталіся толькі нізкія пясчаныя пляжы. Астатняя прырода таксама была значна зменена ў выніку чалавечай дзейнасці. У нашы дні пераважае травяністая расліннасць. Таксама вырошчваюць экзатычныя расліны. З-за практычнай адсутнасці пылку мясцовае паветра лічыцца надзвычай спрыяльным для хворых на алергію.
Астравы насяляюць 370 відаў птушак, часцяком наведваюць цюлені.
24 красавіка 1981 г. для аховы мясцовай прыроды быў створаны Гельгаландскі скальны запаведнік.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Гельгаланд канчаткова быў аддзелены ад мацерыка морам толькі каля 6500 гадоў таму. Мяркуецца, што першыя людзі з’явіліся ў гэтых мясцінах у эпоху мезаліту або неаліту. Да XIX ст. на скальнай паверхні захоўваліся старажытныя курганы першапасяленцаў.
У VII ст. н.э. Гельгаланд насялілі фрызы. Нягледзячы на геаграфічную ізаляванасць, астравы прыцягвалі здабытчыкаў вапны і медзі. У Сярэднявеччы Гельгаланд таксама славіўся здабычай селядцоў. Хрысціянскія місіянеры паведамлялі, што на Гельгаландзе існаваў цэнтр шанавання паганскага богa правасуддзя Фо́рсэці. Але ў пачатку IX ст. мясцовыя фрызы прынялі хрысціянства.
Да 1231 г. архіпелаг увайшоў у склад Дацкага Каралеўства. Але з XIV ст. гэта аспрэчвалася нямецкім Герцагствам Шлезвіг (гл. Шлезвіг-Гольштэйн). У 1544—1721 гг. Гельгаланд належаў Шлезвігу, пазней зноў трапіў пад кантроль Даніі. Падчас Напалеонаўскіх войнаў з’яўляўся адным з галоўных пунктаў кантрабанды брытанскіх тавараў на кантынент.
У 1807 г. Гельгаланд быў захоплены Вялікабрытаніяй і пераўтвораны пасля 1814 г. у гандлёвы, транспартны і курортны цэнтр. Сюды наведваліся многія культурныя і палітычныя дзеячы Германіі.
У 1890 г. Вялікабрытанія адмовілася ад Гельгаланда на карысць нямецкіх валоданняў у Занзібары. Архіпелаг быў далучаны да Германіі. На галоўным востраве была ўзведзена ваенна-марская база. У перыяд I і II Сусветных войнаў яна з’яўлялася месцазнаходжаннем нямецкага падводнага флота. У 1920—1925 гг. на Гельгаландзе працаваў фізік Вернер Карл Гайзенберг. Тут ён склаў сваю формулу, якая легла ў аснову квантавай механікі.
18 красавіка 1945 г. Гельгаланд быў атакаваны брытанскай ваеннай авіяцыяй (969 самалётаў). Пасля масіраванай бамбардзіроўкі (каля 7000 бомбаў) на галоўным востраве не захавалася ацалелых будынкаў. Мясцовае насельніцтва хавалася ў скальных прыбежышчах і амаль не мела згубы. Пасля налёту яно было эвакуіравана.
У 1945 — 1952 гг. Гельгаланд кантраляваўся брытанскімі ваеннымі. 18 красавіка 1947 г. на востраве Гельгаланд яны ўзарвалі 6700 тон выбухных рэчаў. У выніку, частка скальнага масіву была знесена. Утварыўся сучасны раён Мітэланд. У ФРГ акупацыя Гельгаланда ўспрымалася вельмі балюча. Студэнтамі нават быў арганізаваны рух за выратаванне астравоў. У 1951 г. іх падтрымаў бундэстаг. 1 сакавіка 1952 г. архіпелаг быў вернуты ў склад Германіі.
У далейшым Гельгаланд развіваўся як марскі курорт і гандлёвы цэнтр. Ён не ўвайшоў у склад адзінай эканамічнай прасторы Еўрапейскага Саюза. На астравах забаронена выкарыстанне аўтамабіляў і веласіпедаў, акрамя электрычных. Аўтамабілямі карыстаюцца толькі хуткая медыцынская дапамога і з 2006 г. — паліцыя.
-
Гельгаланд, мал. 1758 г.
-
Паштоўка сяр. XIX ст.
-
Жанчыны Гельгаланда, каля 1900 г.
-
Востраў Гельгаланд, каля 1900 г.
Славутасці[правіць | правіць зыходнік]
Востраў Дзюн[правіць | правіць зыходнік]
Дзюн — самы малы і нізкі з двух астравоў архіпелага Гельгаланд. Быў адарваны ад асноўнага вострава ў выніку шторму ў 1721 г. Цягнецца ў даўжыню 1,1 км, у шырыню — 955 м. На ім сустракаюцца залежы чырвонага крэменю, які выкарыстоўваецца ў ювелірнай прамысловасці. Дзюн таксама знакаміты сваімі белымі пясчанымі пляжамі, адзін з якіх лічыцца нудысцкім. Частыя наведвальнікі пляжаў — цюлені.
На востраве знаходзяцца аэрапорт, некалькі прычалаў і вялікі кемпінг для турыстаў.
-
Панарама вострава
-
Пляж на Дзюне
-
Аэрапорт
-
Цюлені
Востраў Гельгаланд[правіць | правіць зыходнік]
Галоўны востраў прасціраецца на 2,1 км у даўжыню і 796 м у шырыню. Падзяляецца на высокую частку Оберланд, што ўзвышаецца на 61,3 м над узроўнем мора, сярэдняе плато Мітэланд, нізіны завуцца Утэрландам.
Паміж Оберландам і Утэрландам пабудавана лесвіца са 184 прыступкамі. У Оберландзе захаваўся маяк (35 м), пабудаваны нямецкімі ваеннымі. На самай высокай гары Пінеберг усталяваны крыж.
Асноўнае паселішча размяшчаецца ў Мітэландзе. Тут працуе музей, знаходзіцца жытло для турыстаў і сталых жыхароў.
Заходні бераг абрывісты. На поўдні і ўсходзе вылучаюцца нізіны. Поўдзень і частка ўсходу займаюць прычалы і пясчаныя пляжы. У паўночнай частцы вострава вылучаецца маляўнічая скала Доўгая Ганна або Дзіда Ганны. Тут таксама ёсць пляж, аднак хуткая плынь замінае плаванню.
-
Скала Доўгая Ганна
-
Маяк
-
Рэшткі бункера
-
Сучасная забудова
Сімвалы[правіць | правіць зыходнік]
Сучасныя сімвалы Гельгаланда:
-
Герб
-
Сцяг
Зноскі
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5). — С. 143.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- Афіцыйны сайт на нямецкай мове
- БЕЛТА: Германія пашырыць востраў Гельгаланд
- BBC: German Heligoland islands still a minefield for Britons
- Heligoland: Germany’s hidden gem in the North Sea
- Heligoland History and Postal Rates Архівавана 9 ліпеня 2013.
- Landesverordnung über das Naturschutzgebiet «Helgoländer Felssockel»