FS Lublin

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Люблін-БелАЗ)
FS Lublin
Агульныя даныя
Вытворца: Fabryka Samochodów w Lublinie[pl] (1993—1997)
Daewoo Motor Polska (1997—2001)‎
Andoria-Mot (2002—2003)‎
Intrall Polska[pl] (2004—2007)
DZT Tymińscy (2011—2013)‎
Выпуск: 19932007, 20112013
На рынку
Папярэднік
Папярэднік
Пераемнік
Пераемнік
Intrall Lubo
(прататып)

Lublin — сямейства польскіх лёгкіх камерцыйных аўтамабіляў. Выпускалася на «Фабрыцы аўтамабіляў  (польск.) у Любліне» пад маркамі FS, Daewoo, Andoria, Intrall у 19932007, DZT і Honker у 20112013 гады.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Распрацоўка[правіць | правіць зыходнік]

Раннія прататыпы[правіць | правіць зыходнік]

Lublin 43 (1970)

У 19681973 гады спецыялісты завода ў Любліне ў супрацоўніцтве з інжынерамі Канструктарскага Бюро Аўтамабільнай Прамысловасці (Biuro Konstrukcyjne Przemysłu Motoryzacyjnego, BKPMot) з Варшавы стварылі новае ўніфікаванае сямейства малатанажных аўтамабіляў адразу для двух заводаў — FSC (Fabryka Samochodów Ciężarowych, бел.: «Фабрыка грузавых аўтамабіляў», г. Люблін)), які выпускаў Żuk, і ZSD  (польск.), які выпускаў мікрааўтобусы Nysa. Аўтамабілі мелі пярэдні прывад і незалежную падвеску ўсіх колаў, маглі абсталёўвацца рухавіком S-21M або Fiat 115C.

У агульнай колькасці было выраблена і выпрабавана каля 50 прататыпаў у розных версіях: мадэль 40 — суцэльнаметалічны фургон, мадэль 42 — бартавы грузавік, мадэль 43 — грузапасажырскі аўтамабіль, мадэль 45 — хуткая дапамога і мадэль 41 — мікрааўтобус. Першыя тры мадыфікацыі будаваліся на прадпрыемстве ў Любліне пад маркай FSC, а астатнія — на заводзе ў Нысе. Ні адна з гэтых мадэляў не пайшла ў масавую вытворчасць[1].

Lublin 25, Lublin 35[правіць | правіць зыходнік]

Вонкавыя выявы
Lublin 25 (1976)
Lublin 35 (1976)
Вонкавыя выявы
Nysa 25 (1978)
Nysa 25 4x4 (1980)

Наступная спроба стварыць новую машыну на замену «Жуку» адносіцца да другой паловы 70-х гадоў. Распрацоўкі вяліся сумесна сіламі FSC (г. Люблін), FSD (г. Ныса), а таксама варшаўскага Прамысловага інстытута матарызацыі (польск.: Przemysłowy Instytut Motoryzacji, PIMOT). Гэта былі машыны рамнай канструкцыі, паўкапотнай кампаноўкі, заднім прывадам і з дызельным рухавіком.

Каманда інжынераў завода рухавікоў WSW Andoria (г. Андрыхаў) у 1974 годзе пачала работы па стварэнні новага сямейства рухавікоў. Распрацоўка праводзілася з удзелам брытанскай кампаніі Ricardo Engeenering. У працах над сістэмай сілкавання таксама прымалі ўдзел спецыялісты чэхаславацкай кампаніі Motorpal  (чэшск.). Новы дызель атрымаў абазначэнне 4C90 — чатырохцыліндравы, з дыяметрам цыліндра 90 мм.

У 1976 годзе былі пабудаваныя першыя прататыпы Lublin 25 (дапушчальная маса 2,5 т, грузападымальнасць 1 т) і Lublin 35 (дапушчальная маса 3,5 т, грузападымальнасць 1,5 т).

У маі 1981 года пачалася распрацоўка санітарнага варыянта на шасі мадэлі 25. Разглядаліся два альтэрнатыўныя праекты. Першы прадугледжваў выкарыстанне суцэльнаметалічнага фургона з падоўжанай колавай базай і падвышаным дахам. Развіццём гэтай канцэпцыі займаліся на FSD у Нысе. Распрацоўкай другога варыянту займаўся PIMOT, які прапаноўваў усталяванне каркаснага модуля замест бартавога кузава. У лістападзе 1981 года зрабілі выбар на карысць праекту PIMOT. Прататып такога аўтамабіля быў пабудаваны ў 1984 годзе на шасі Lublin 325[2].

Lublin 325, Nysa 325[правіць | правіць зыходнік]

Вонкавыя выявы
Lublin 325w
Nysa 325

У 1981 годзе былі прадстаўленыя прататыпы са змененай пярэдняй часткай кузава: з новымі бамперамі, капотам, крыламі і светлатэхнікай, дзе замест дзвюх круглых фар ад «Жука» былі ўжытыя чатыры меншыя фары ад Fiat 125p.

Знешнія дэталі, якія адрознівалі гэтыя машыны ад пазнейшых серыйных версій узора 1993 года[3]:

  • падвоеныя круглыя фары;
  • круглыя пярэднія паказальнікі павароту і габарытныя ліхтары;
  • іншы задні бампер, у якім месціліся заднія ліхтары і нумарны знак. Заднія ліхтары на серыйных «Люблінах» ставіліся вертыкальна на кузаве побач з дзвярыма;
  • у серыйных «Люблінаў» на капоце для захопу паветра была дадатковая рашотка, якой не было ў прататыпаў серыі «325»;
  • серыйны «Люблін» меў ссоўныя бакавыя пасажырскія дзверы, якія слізгалі па накіравальных, у «Нысы 325» яны былі на петлях і адчынялася ўбок;
  • адрозніваліся вокны пярэдніх дзвярэй: на серыйных «Люблінах» адмовіліся ад трохкутных фортак і вокны кіроўцы і пасажыра адкрываліся цалкам;
  • ручкі дзвярэй былі металічныя, на серыйных Люблінах — з пластыку;
  • адрозніваліся бакавыя люстэркі, гарлавіны паліўнага бака, панэлі прыбораў.
Вонкавыя выявы
Nysa 325 4x4 (1982)

Было створана каля 9 прататыпаў «Nysa 325» у розных варыянтах кузаваў і з прывадам на 2 або 4 колы. На іх таксама выкарыстоўваліся дызельныя рухавікі Andoria 4C90, пры гэтым на машынах з прывадам 4х4, пабудаваных для выпрабаванняў, быў усталяваны рухавік ад легкавіка Polonez. Трансмісія паўнапрывадных версій была такой самай, як і ў прататыпаў PW-1 і PW-2, з якіх пазней паўстаў пазадарожнік Tarpan Honker[3][4].

Супрацоўніцтва PIMOT і НАМИ[правіць | правіць зыходнік]

Сямейства лёгкіх грузавых аўтамабіляў грузападымальнасцю 1,5 т распрацоўвалася таксама і ў СССР. У ліпені 1982 года былі сфармуляваныя асноўныя тэхніка-эксплуатацыйныя патрабаванні да такога аўтамабіля. У Навукова-даследчым аўтамабільным і аўтаматорным інстытуце  (руск.) (руск.: НАМИ) была створана спецыяльная група канструктараў для працы над машынай, таксама былі прыцягнуты спецыялісты Ульянаўскага аўтазавода. Для арганізацыі серыйнага выпуску планавалася пабудаваць у Кіравабадзе Азербайджанскай ССР буйное зборачнае прадпрыемства гадавой магутнасцю 40 тысяч машын.

У сакавіку 1984 года польскі Прамысловы інстытут матарызацыі (PIMOT) і савецкі Навукова-даследчы аўтамабільны і аўтаматорны інстытут (НАМІ) падпісалі пагадненне аб партнёрстве. У кола тэм, намечаных для супрацоўніцтва ўваходзілі ўдасканаленне рухавікоў, працы над непасрэдным упырскам паліва, аптымізацыя працэсаў у карбюратарных рухавіках, а таксама работы па ўстойлівасці і кіравальнасці аўтамабіляў. Кіраўніцтва Мінаўтапрама СССР таксама разглядала магчымасць усталявання на савецкую паўтаратонку рухавікоў 4С90. Разглядалася магчымасць сумеснай вытворчасці машын у СССР і Польшчы[5].

Супрацоўніцтва завяршылася ў 1987 годзе.

FS Lublin 33 (1993—1997)[правіць | правіць зыходнік]

FS Lublin 3372
Вонкавыя выявы
Lublin 3333

У 1991 годзе аўтамабілі абнавілі яшчэ раз, у такім выглядзе машыны і сталі на канвеер[6].

Вытворчасць «Люблінаў» пачалася 15 кастрычніка 1993 года. Нягледзячы на тое, што яшчэ ў 80-я гады былі распрацаваныя мадэлі з рознымі кузавамі і даўжынёй колавай базы, фабрыка не мела сродкаў на старт вытворчасці адразу ўсіх мадыфікацый. Стаўка была зроблена на самую простую версію шасі з кароткай колавай базай, трохмеснай кабінай і з бартавым кузавам (Lublin 3352) або кузавам-фургонам (Lublin 3372). Першыя суцэльнаметалічныя мікрааўтобусы-фургоны Lublin 3302 сышлі з канвеера ў 1994 годзе, але выпускаліся маласерыйна. Іх масавы выпуск пачаўся толькі ў верасні 1996 года. Каб задаволіць попыт на версію з закрытым кузавам у 1994 годзе з'явіўся Lublin 3392 — фургон на шасі мадэлі 3352 з пластыкавай надбудовай вытворчасці фірмы Moto-Sport (г. Аструда).

Яшчэ адной мадыфікацыяй быў рэанімабіль Lublin 3333, распрацаваны на базе фургона з падвышаным дахам. Медыцынскае абсталяванне ўключала дэфібрылятар, каталку, кардыялагічнае крэсла. Таксама мелася аптэчка і месца для куфраў. Выраблена каля 10 машын[7].

23 чэрвеня 1994 года быў выраблены 1000-ы аўтамабіль.

У 1995 годзе ўласнікам завода стала паўднёвакарэйская кампанія Daewoo. Інвестыцыі спрыялі далейшаму развіццю машыны і пашырэнню мадэльнага шэрагу. У 1996 годзе на «Любліны» пачалі ўсталёўваць турбіраваны рухавік 4CT90. У пачатку 1997 года пачаліся продажы мікрааўтобусаў з падвышаным дахам (Lublin 3384) і грузапасажырскіх версій (3322 і 3324). Апцыянальна сталі даступныя 5-ступеньчатая трансмісія і ўзмацняльнік рулявога кіравання.

Daewoo Lublin 2 (1997—1999)‎[правіць | правіць зыходнік]

Daewoo Lublin II

21 сакавіка 1997 года быў прэзентаваны Lublin II. З'явілася новая рашотка радыятара, пярэдні бампер і шклоачышчальнікі, дзякуючы якім павялічылася плошча ачысткі лабавога шкла. Акрамя лёгкага фэйсліфтынгу, вонкава машына мала адрознівалася ад папярэдняй версіі, але была істотна ўдасканалена тэхнічна. Таксама цалкам змяніўся салон: новымі былі панэль прыбораў і рулявое кола (былі такія самыя, як на Polonez Plus), а таксама абіўка. Разам з мадэрнізацыяй пачаўся выпуск пасажырскіх мікрааўтобусаў, а ўвосень гама дапоўнілася мадыфікацыямі з падоўжанай колавай базай (3433 мм).

Мадэрнізацыя і пашырэнне мадэльнага шэрагу значна павялічыла цікавасць да мадэлі — калі ў 1996 годзе было выраблена 7686 машын, то ў наступным ужо 15754, з якіх 3543 пастаўлены на экспарт[8]. Таксама вялася зборка ў Беларусі (БелАЗ, 19941999), Румыніі (Daewoo Automobile Romania  (англ.), 19962001) і Чэхіі (Avia  (англ.), 19971999).

Lublin 3 (1999—2007)‎[правіць | правіць зыходнік]

Daewoo Lublin 3

Паралельна са стварэннем новага пакалення мікрааўтобусаў, якое распрацоўвалася пад кодавай назвай LD-100, працягвалася мадэрнізацыя сямейства «Люблін» і ў красавіку 1999 года быў прадстаўлены Lublin 3[9]. Для «тройкі» былі характэрны вялікія пярэднія вуглавыя ліхтары з паказальнікам павароту і габарытнымі агнямі. Капот і крылы атрымалі закруглены верхні кант. Акрамя таго з'явіліся паўторнікі паваротаў ад Polonez Plus і больш масіўныя карпусы люстэркаў. Усяго ў канструкцыю было ўнесена больш за 300 змен, большасць якіх датычылася канструкцыі аўтамабіля і былі накіраваныя на павышэнне трываласці. Сярод іншага: палепшаная антыкаразійная абарона, алюмініевы радыятар Delphi, каробка перадач Kia, новы гідраўзмацняльнік рулявога кіравання, удасканаленыя прывадны вал і заднія рысоры.

Планавалася, што гэта будзе апошняя мадэрнізацыя «Любліна», а ў сярэдзіне 2000 года паўстане аўтамабіль новага пакалення. Але ў 2000 годзе паўднёвакарэйскі канцэрн збанкрутаваў, а ў кастрычніку 2001 года было абвешчана аб банкруцтве яго польскай "дачкі" Daewoo Motor Polska[10]. Даверным кіраўніком было прынята рашэнне аб здачы вытворчых магутнасцяў у арэнду. Цікавасць праявіў завод рухавікоў Andoria S.A., які ў красавіку 2002 года аднавіў вытворчасць аўтамабіляў «Люблін» пад уласнай маркай[11].

Пагадненне з кампаніяй Andoria скончылася праз два гады пасля яго падпісання — 31 снежня 2003 года. Новааб'яўлены тэндэр на набыццё права вытворчасці «Lublin 3» выйграў брытанска-расійскі кансорцыум International Truck Alliance  (англ.). 9 лютага 2004 года завод пакінулі першыя аўтамабілі «Lublin 3» пад маркай Intrall[12].

Intrall Lublin 3 Mi

Новы ўладальнік неўзабаве пасля аднаўлення вытворчасці абвясціў аб абнаўленні «Люблінаў». Мадэрнізаваная мадэль была прадстаўлена ў снежні 2004 года, а яе вытворчасць пачалася ў сакавіку 2005 года[13]. Intrall Lublin 3Mi адрозніваўся новай рашоткай радыятара і круглымі фарамі. Суцэльнаметалічныя фургоны, комбі і мікрааўтобусы мелі таксама і круглыя заднія ліхтары. У мадэльным шэрагу з'явіўся рухавік Iveco аб'ёмам 2,8 л, а андрыхаўскі рухавік 4CT90 саступіў месца мадэрнізаванаму 4CTi90 з інтэркулерам.

Распрацоўка новага фургона «Lubo»  (польск.), які быў прадстаўлены Інтралам ў 2006 годзе і ў перспектыве павінен быў замяніць «Люблін», фінансавалася за кошт абаротных сродкаў кампаніі, што негатыўна адбілася на фінансавым становішчы фірмы і перашкаджала набыццю кампанентаў, неабходных для ажыццяўлення бягучай вытворчасці. Кампанія павялічвала даўгі перад пастаўшчыкамі. У лістападзе 2006 года прыйшлося прыпыняць вытворчыя лініі, бо не ставала кампанентаў для канчатковай зборкі, а на складзе заставаліся недаўкамплектаваныя машыны. Тым часам банкамі было адмоўлена ў прадстаўленні крэдыту на фінансаванне абаротнага капіталу.

З-за фінансавых цяжкасцяў Intrall занадта позна пачаў працэдуру атрымання амалагацыі на Lublin 3 Mi з рухавіком, які адпавядаў стандарту выкідаў Еўра-4. Выпуск Lublin 3Mi з такімі рухавікамі пачаўся 14 сакавіка 2007 года[14], аднак усяго ў першым квартале 2007 года было выраблена толькі 39 аўтамабіляў класа Еўра-4. Спаду вытворчасці таксама паспрыяла памылковая цэнавая палітыка[15].

Вытворчасць аўтамабіляў вялася ў невялікай колькасці да мая, а ў кастрычніку 2007 года кампанія Intrall Polska была прызнана банкрутам[16].

Статыстыка вытворчасці ў 1999—2007 гг.
1999 2000 2001 2002 2003 2004 2005 2006 2007
11 368[17] н.д. н.д. 1322[8] 1932[8] н.д. н.д. 980[14] 73[18]

DZT Pasagon, Honker Van / Honker Cargo (2011—2016)‎[правіць | правіць зыходнік]

Вонкавыя выявы
Pasagon
Лагатып Honker

У красавіку 2009 года ўладальнікам фабрыкі ў Любліне стала польская кампанія DZT Tymińscy (г. Семятычы).

16 верасня 2010 года быў прадстаўлены Pasagon[19]. У параўнанні з «Люблінам», аўтамабіль атрымаў новы дызайн пярэдняй часткі. Вытворчасць мадэлі пачалася 3 студзеня 2011 года[20]. Pasagon прапаноўваўся толькі ў варыянтах з доўгай колавай базай 3433 мм і дазволенай масай 3,5 т. з кароткай або дубль-кабінай, а таксама мікрааўтобус з нізкім і высокім дахам у варыянтах суцэльнаметалічны фургон альбо "комбі" (грузапасажырскі).

З верасня 2012 года, пасля змянення назвы прадпрыемства на Fabryka Samochodów Honker, машыны прапаноўваліся пад назвай Honker Van, а пазней як Honker Cargo.

Састарэлая канструкцыя не выклікала інтарэсу на рынку. З-за адсутнасці попыту было прададзена крыху больш за 100 машын[21]. Станам на красавік 2013 года было зарэгістравана 127 аўтамабіляў[22]. У чэрвені 2016 года DZT была абвешчана банкрутам[23].

Канструкцыя[правіць | правіць зыходнік]

«Люблін» — рамнай канструкцыі, паўкапотнай кампаноўкі. Рухавік размешчаны спераду падоўжна. Выпускаліся грузавікі і мікрааўтобусы дазволенай масай 2900 кг і 3490 кг з двума варыянтамі даўжыні колавай базы 2900 мм і 3433 мм. Прывад — на заднія колы.

Рухавікі[правіць | правіць зыходнік]

Базавым рухавіком першай версіі быў атмасферны Andoria 4C90 — радны, чатырохцыліндравы, дызельны, вадкаснага ахалоджвання. Аб'ём — 2417 см³; ступень сціску — 20,6; магутнасць — 70 к.с. (51,5 кВт) пры 4200 аб/хв. Рэанімабілі Lublin 3333 абсталёўваліся бензінавым рухавіком Peugeot XU10 2C (2,0 л, 107 к.с.), які пазней быў заменены на рухавік GM магутнасцю 105 к.с. Альтэрнатывай бензінавым рухавікам былі дызелі з турбанаддзіманнем: спачатку Perkins Prima 80T (81 к.с.), а пазней Andoria 4CT90.

З 1996 года на «Любліны» пачалі ўсталёўваць турбіраваны рухавік 4CT90. Наддзіманне павялічыла максімальную магутнасць на 20 к.с. (90 к.с.), даступную пры меншых абаротах рухавіка (4100 аб/хв). Максімальны круцільны момант вырас са 146 да 195 Н·м.

У 1998 годзе мадэльны шэраг рухавікоў быў пашыраны чатырохцыліндравым бензінавым агрэгатам GM (2,2 л, 117 к.с.). Па заказу рухавік мог быць даступны ў версіі на звадкаваным газе (LPG).

У 2003 годзе з'явіўся Andoria 4CTi90, абсталяваны інтэркулерам. Мадэрнізаваны агрэгат меў такую ж магутнасць 90 к.с., аднак максімальны круцільны момант вырас да 205 Н·м.

На Lublin 3Mi ставіліся рухавікі Andoria 4CTi90-1BE магутнасцю 102 к.с. і турбадызель Iveco 8140.43S аб'ёмам 2,8 л (магутнасць 125 к.с.), які быў абсталяваны сістэмай палівападачы common rail. Абодва адпавядалі экалагічным патрабаванням Еўра-3. З сакавіка па май 2007 года на «Любліны» ставіліся рухавікі ADCR (Andoria Diesel Common Rail) аб'ёмам 2,6 літра (115 к.с. і 250 Н·м). Гэты агрэгат адпавядаў патрабаванням стандарта Еўра-4.

Як і на апошніх «Люблінах», пад капотам «Пасагонаў» быў рухавік Andoria ADCR, які адпавядаў патрабаванням стандарта Еўра-4, а з мая 2011 года ўжо Еўра-5.

Тып Вытворца Дыяметр цыліндра х Ход поршня, мм Ст. сціску Магутнасць Макс. круцільны момант Макс. хуткасць
Дызельныя
2,4 4C90[24] R4, 2,4 л (2417 см³), OHC Andoria 90,00 мм × 95,00 мм 20,6 70 к.с. (51,5 кВт) пры 4200 аб/хв 146 Н·м пры 2500 аб/хв 104 км/г
2,4 4CT90[24] R4, 2,4 л (2417 см³), OHC Andoria 90,00 мм × 95,00 мм 20,6 90 к.с. (66 кВт) пры 4100 аб/хв 195 Н·м пры 2500 аб/хв 120 км/г
2,4 4CTi90[24] R4, 2,4 л (2417 см³), OHC Andoria 90,00 мм × 95,00 мм 20,6 102 к.с. (75 кВт) пры 4100 аб/хв 230 Н·м пры 2500 аб/хв 126 км/г
2,8 8140.43S[25] R4, 2,8 л (2798 см³) Iveco 125 к.с. (92 кВт) пры 3800 аб/хв 290 Н·м пры 1800 аб/хв 140 км/г
Бензінавыя
2,0 MPFI R4, 2,0 л (1998 см³) GM 105 к.с. (77 кВт) пры 5000 аб/хв 165 Н·м пры 3000 аб/хв
2,2  C22NED R4, 2,2 л (2197 см³) GM 117 к.с. (85 кВт) пры 4800 аб/хв 178 Н·м пры 2800 аб/хв

Трансмісія і хадавая частка[правіць | правіць зыходнік]

Каробка перадач ранніх версій — механічная, чатырохступеньчатая; перадатачныя лікі: I – 3,753; II – 2,372; III – 1,482; IV – 1,0; задні ход – 3,753; галоўная перадача – 4,56. Пазней машыны абсталёўваліся пяціступеньчатымі каробкамі перадач: польскімі Tczew TS5-21 і карэйскімі Kia PD-97, аўтамабілі з рухавіком Iveco мелі каробку перадач Iveco 2825 S; галоўная перадача гіпоідная, з перадатачным лікам 4,77.

Ад каробкі перадач круцільны момант праз карданны вал з прамежкавай апорай перадаецца на задні вядучы мост. Падвеска, пярэдняя і задняя, — залежная рысорная з тэлескапічнымі амартызатарамі двухбаковага дзеяння. Тармазная сістэма — гідраўлічная, з рэгулятарам тармазных сіл. Пярэднія тармазы на машынах 19931996 г.в. — барабанныя, з 1996 года — дыскавыя. Заднія тармазы — барабанныя. Апцыянальна ўсталёўвалася ABS фірмы Wabco.

Мадыфікацыі[правіць | правіць зыходнік]

  • 3352 — бартавы грузавік, рухавік — 4C90; 3354 — з рухавіком 4CT90-I.
  • 3554 — бартавы грузавік з падоўжанай колавай базай і рухавіком 4CT90-I.
  • 3372 — грузавы фургон, рухавік — 4C90; 3374 — з рухавіком 4CT90-I.
  • 3564 — грузавік з падоўжанай колавай базай і пяцімеснай дубль-кабінай.
  • 3574 — грузавы фургон з падоўжанай колавай базай і рухавіком 4CT90-I.
  • 3302 — суцэльнаметалічны фургон, рухавік — 4C90; 3304 — з рухавіком 4CT90-I; 3307 — з рухавіком C22NED; 3384 — з падвышаным дахам, рухавік — 4CT90-I.
  • 3314 — пасажырскі мікрааўтобус, рухавік — 4CT90-I.
  • 3322 — грузапасажырскі фургон («Towos» — скарачэнне ад польск.: towarowo-osobowy). Кабіна кіроўцы была аддзелена сценкай, а ў грузавой частцы кузава ўздоўж борта ўсталяваныя лаўкі для шасці пасажыраў.
  • «Kombi» — варыянт грузапасажырскага фургона, дзе кабіна кіроўцы і пасажырскі салон не раздзяляліся і былі адасобленыя ад грузавой пляцоўкі металічнай сеткай. У салоне ўсталяваныя сядзенні з падгалоўнікамі для трох пасажыраў (3324 — "комбі" з рухавіком 4CT90-I; 3327 — з рухавіком C22NED).
  • 3504 — суцэльнаметалічны фургон з падоўжанай колавай базай, рухавік — 4CT90-I.
  • 3524 — грузапасажырскі фургон з падоўжанай колавай базай, рухавік — 4CT90-I.
  • 3584 — суцэльнаметалічны фургон з падвышаным дахам і падоўжанай колавай базай, рухавік — 4CT90-I.
  • 0352 — шасі, рухавік — 4C90.
  • 0354 — шасі з рухавіком 4CT90-I.
  • 0554 — шасі з падоўжанай колавай базай, рухавік — 4CT90-I.
  • 3333 — рэанімабіль. У 19931994 гг. выраблена каля 10 машын, у далейшым медыцынскія версіі на базе Люблінаў выпускала фірма AMZ (г. Кутна)[7].
  • 3392 — фургон з пластыкавай (г. зв. «ламінат») надбудовай вытворчасці фірмы Moto-Sport (г. Аструда).

У Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

У 1994 годзе на «Беларускім аўтамабільным заводзе» на спецыяльным участку ў цэху тавараў народнага спажывання пачалі збіраць грузавічкі і фургоны «Люблін-БелАЗ»[26]. Спачатку гэта была "адвёрткавая" зборка, пазней сталі выкарыстоўвацца камплектуючыя мясцовай вытворчасці: у Беларусі выраблялі рамы, бартавыя кузавы, ізатэрмічныя фургоны, рысоры, бакі і некаторыя элементы абсталявання кабіны[27]. Ставілі беларускае электраабсталяванне, шыны, шыбы. Люстэркі выкарыстоўвалі ад МАЗаў, рулявое кола — ад трактароў МТЗ. Масты атрымлівалі з Ульянаўскага аўтамабільнага завода. З Польшчы паступалі сілавыя агрэгаты і кабіны. Дзякуючы лакалізацыі цану на аўтамабіль з бартавой платформай удалося знізіць з $11000 да 9500. БелАЗ выйшаў на вытворчы цыкл 10-12 машын у месяц[28]. Улетку 1997 года пачаліся пастаўкі камплектаў для зборкі абноўленай версіі Daewoo Lublin 2.

Акрамя бартавых грузавікоў і ізатэрмічных фургонаў, распрацоўваліся іншыя варыянты: грузавік грузападымальнасцю 2 тоны, самазвал. Сумесна з канструктарамі аўтобуснай вытворчасці Мінскага аўтазавода былі спраектаваныя мікрааўтобус і грузапасажырскі фургон[26]. Кампанія «Купава» распрацавала для Люблінаў модульны медыцынскі кузаў. У дзяржзакупкі такі аўтамабіль не трапіў, а адзіная пабудаваная машына была пераабсталявана ў пасажырскі фургон і працавала ў якасці ўнутрызаводскага транспарту ў Жодзіне[29].

Агулам на БелАЗе было сабрана 486 адзінак: у 1994 годзе — 45 машын, 1995 — 97, 1996 — 142, 1997 — 108, 1998 — 94. У 1999 годзе зборка была спынена[26].

У наступны раз зборка Люблінаў у Беларусі была наладжана ў 2004 годзе ў пасёлку Апчак на сумесным прадпрыемстве ЗАТ "Юнісон", утвораным на плошчах былога Ford Union. Выпуск першай партыі машын быў прызначаны на 15 мая. Планавалася выпусціць у 2004 годзе 1 тыс. аўтамабіляў, у 2005 — 5 тыс., а ў 2007 годзе выйсці на ўзровень 10 тыс. машын[30]. Па меры развіцця праекта планавалася шырэй прыцягваць мясцовых вытворцаў у якасці пастаўшчыкоў дэталяў, вузлоў і агрэгатаў.

Lublin 35141. Нарач, 2014 год

Акрамя зборкі бартавых грузавікоў, суцэльнаметалічных і грузапасажырскіх фургонаў, на ЗАТ "Юнісон" быў створаны «Lublin 35141» — мікрааўтобус для маршрутных пасажырскіх перавозак. Прапаноўваліся два асноўныя варыянты кампаноўкі салона: 13-ці і 14-ці месны. Сядзенні маглі быць як пластыкавымі (для гарадскіх), так і мяккімі (для прыгарадных і міжгародніх маршрутаў).

Сумесна з расійскай кампаніяй "Саматлор" быў створаны доследны аўтамабіль медыцынскай дапамогі[31].

З самага пачатку ажыццяўленне праекта, асабліва ў плане лакалізацыі вытворчасці, пайшло з адставаннем ад графіка. На расійскім рынку рэалізацыя машын была ўскладнена з-за нізкай долі мясцовага ўдзелу ў зборцы машыны[32]. Усяго сабралі каля 1000 машын[30].

Зборка Lublin 3 у Беларусі
2004 2005 2006[33] 2007[33]
н.д. н.д. 142 25

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Аўталегенды №202 2016, с. 11.
  2. Stanisław Drążkiewicz Nyskie karetki znane i nieznane(польск.) // VAN ekspert. — 2013. — С. 35-36.
  3. а б NYSA 325 – prototyp późniejszego Lublina 33 (польск.). bezpiecznapodroz.org (6 красавіка 2017). Праверана 17 верасня 2019.
  4. Sanitarka Nysa 325 (польск.). histografy.pl. Праверана 17 верасня 2019.(недаступная спасылка)
  5. «ГАЗель»: прелюдия (часть 1). Предшественники 80-х: НАМИ-0267, НАМИ-3305, Lublin 32/33 и БАЗ-3778 (руск.). gruzovikpress.ru. Праверана 17 верасня 2019.
  6. Аўталегенды №202 2016, с. 12.
  7. а б Nieudany eksperyment: Lublin 3333 (польск.). menway.interia.pl (12 лютага 2019). Праверана 17 верасня 2019.
  8. а б в Lublin kończy 25 lat. Część II (польск.). brykacz.com.pl (24 лістапада 2018). Праверана 17 верасня 2019.
  9. Trzeci Lublin. Ostatnia modernizacja (польск.). admoto.pl (16 красавіка 1999). Праверана 17 верасня 2019.(недаступная спасылка)
  10. Lubelskie Daewoo w upadłości (польск.). admoto.pl (5 кастрычніка 2001). Праверана 17 верасня 2019.(недаступная спасылка)
  11. Andoria, czyli ciągle Lublin 3 (польск.). auto-swiat.pl (29 мая 2002). Праверана 17 верасня 2019.
  12. Stare auto, nowy szyld (польск.). admoto.pl (13 лютага 2004). Праверана 17 верасня 2019.(недаступная спасылка)
  13. Zmieniony Lublin (польск.). admoto.pl (31 снежня 2004). Праверана 17 верасня 2019.(недаступная спасылка)
  14. а б Lubliny już z Euro 4 (польск.). auto-swiat.pl (3 красавіка 2007). Праверана 17 верасня 2019.
  15. Lublin 3 Mi i Intrall Polska odjeżdża (польск.). truck.pl (17 жніўня 2007). Праверана 17 верасня 2019.
  16. Polska: Ogłoszono upadłość Intralla (польск.). Instytut Badań Rynku Motoryzacyjnego SAMAR // samar.pl (16 кастрычніка 2007). Праверана 17 верасня 2019.
  17. Koniec polskiego diesla – Andoria 4C90 odchodzi (польск.). brykacz.com.pl (29 верасня 2018). Праверана 17 верасня 2019.
  18. Polska: Produkcja aut osobowych i dostawczych w 2007 roku (podsumowanie) (польск.). Instytut Badań Rynku Motoryzacyjnego SAMAR // samar.pl (11 студзеня 2008). Праверана 17 верасня 2019.
  19. Pasagon. Nowe polskie auto (польск.). motoryzacja.interia.pl (16 верасня 2010). Праверана 17 верасня 2019.
  20. Ruszyła produkcja polskiego auta (польск.). motoryzacja.interia.pl (3 студзеня 2011). Праверана 17 верасня 2019.
  21. Prototypowe Lubo i kabiny Pasagona – zdjęcia z lubelskich zakładów (польск.). dostawczakiem.pl (9 чэрвеня 2019). Праверана 17 верасня 2019.
  22. Honker na ostrym wirażu (польск.). Instytut Badań Rynku Motoryzacyjnego SAMAR // samar.pl (29 мая 2013). Праверана 17 верасня 2019.
  23. To koniec Honkera. Polska firma jest w stanie upadłości (польск.). moto.wp.pl (14 чэрвеня 2016). Праверана 17 верасня 2019.
  24. а б в Lublin II - Dane techniczne (польск.). mokopol.com.pl. Архівавана з першакрыніцы 5 мая 2005. Праверана 25-10-2015.
  25. Z sercem do roboty (польск.). truck.pl. Праверана 25-10-2015.(недаступная спасылка)
  26. а б в Как в 1990-х в Беларуси сделали конкурента «ГАЗели». История Lublin-БелАЗ (руск.). onliner.by (7 лютага 2022). Праверана 7 лютага 2022.
  27. Самый маленький БелАЗ // За рулём : часопіс. — 1996. — № 8. — С. 48. (руск.)
  28. Кобылинский: возвращение. Создатель образа БелАЗа посетил Белорусский автозавод в Жодино (руск.). gruzovikpress.ru. Праверана 17 верасня 2019.
  29. Транспорт в белом халате: от «Волги» до Mercedes и Volkswagen (руск.). onliner.by (3 красавіка 2020). Праверана 6 мая 2020.
  30. а б До Geely дожили, а что пережили? Каким был путь белорусской иномарки "для народа" (руск.). av.by (10 снежня 2015). Праверана 6 лістапада 2021.
  31. Собрано в Беларуси // АВТОбизнес : газета. — 2017. — № 18 (1081), 4 мая. — С. 11.(недаступная спасылка) (руск.)
  32. Два часа на Lublin 3 // Автоперевозчик : часопіс. — 2006. — № 6 (69). Архівавана з першакрыніцы 7 лютага 2022. (руск.)
  33. а б Выпуск автомобилей в СНГ в 2007 году (руск.). gruzovikpress.ru. Праверана 17 верасня 2019.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Самый маленький БелАЗ // За рулём : часопіс. — 1996. — № 8. — С. 48-49. (руск.)
  • "Люблин" - не "Люблин"? // Автобизнес - Weekly : газета. — 2004. — № 52 (439), 30 снежня. Архівавана з першакрыніцы 17 мая 2013. (руск.)
  • Не красавец, но люб, блин // Автобизнес - Weekly : газета. — 2005. — № 17 (466), 28 красавіка. Архівавана з першакрыніцы 23 мая 2013. (руск.)
  • Девять и один // Автобизнес - Weekly : газета. — 2005. — № 47 (496), 24 лістапада. Архівавана з першакрыніцы 23 мая 2013. (руск.)
  • Made in Poland. Микроавтобус Lublin 3Mi // Грузовик Пресс : часопіс. — 2005. — № 11. (руск.)
  • Все на выборы! // Автобизнес - Weekly : газета. — 2006. — № 5 (505), 2 лютага. Архівавана з першакрыніцы 20 мая 2013. (руск.)
  • Братья-славяне // За рулём : часопіс. — 2006. — № 2. — С. 141. (руск.)
  • Знакомьтесь: Lublin. Грузовик FS Lublin 3 Mi // ГрузовикПресс : часопіс. — 2006. — № 5. (руск.)
  • Сказ о том, как один мотор два автозавода прокормил // Автобизнес : газета. — 2007. — № 1 (553), 4 студзеня. Архівавана з першакрыніцы 18 мая 2013. (руск.)
  • Сказание о Люблине. Грузовик FS Lublin 3Mi, модель 3374 // ГрузовикПресс : часопіс. — 2007. — № 5. (руск.)
  • "Żuk А-07". Автолегенды СССР. «DeAgostini». №202: 10–12. 2016. ISSN 2071-095X. (руск.)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]