Людзі на балоце (раман)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
«Людзі на балоце»
Выданне
Вокладка кнігі «Людзі на балоце»
выдавецтва «Мастацкая літаратура», 1991
Жанр проза
Аўтар Іван Мележ
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 1962
Дата першай публікацыі 1961
Электронная версія

«Людзі на балоце» — раман беларускага пісьменніка Івана Мележа з цыкла «Палеская хроніка», надрукаваны ў 1962 годзе. Твор апавядае пра ўсталяванне савецкіх улад у палескай вёсцы Курані.

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Раман «Людзі на балоце» ўваходзіць у залаты фонд шэдэўраў сусветнай прозы ХХ стагоддзя. Гэта нацыянальны эпас, у якім увабраныя найлепшыя рысы беларускага рамана.

Раман «Людзі на балоце» І. Мележ пачаў як твор лірычны і называў яго «лірычным раманам». Лёс і драма жыцця і кахання Васіля Дзятліка і Ганны Чарнушкі індывідуальныя, глыбока народныя. Астатнія вобразы паказаны ва ўсёй іх складанасці, глыбіні і непаўторнасці, яны паказваюць чалавечнасць у чалавеку.

Галоўныя героі[правіць | правіць зыходнік]

Героі «Людзей на балоце» — Васіль Дзятлік, Ганна, Яўхім і Халімон Глушакі, Чарнушкі, Хадоська, Грыбок, Андрэй Руды, Міканор — жыхары вёскі Курані. Кожны з іх мае сваю яркую індывідуальнасць. Іх жыццё, як і жыццё ўсяго Палесся, цікавіць пісьменніка ў пераломныя перыяды: гаворка ідзе пра пачатак 30-х гадоў XX стагоддзя, перыяд калектывізацыі, якая ўскалыхнула ўсю краіну і ўсё сялянства, у тым ліку Беларусь.

Васіль Дзятлік[правіць | правіць зыходнік]

Значнае, важкае абагульненне пісьменніка — вобраз Васіля, у якога шмат агульнага, калі мець на ўвазе літаратурную традыцыю, перш за ўсё з купалаўскім мужыком — высокія маральныя якасці, пачуццё чалавечай годнасці. Аднак вобраз Васіля ў адрозненне ад купалаўскага мужыка — больш выразна індывідуалізаваны. Са з’яўленнем яго ў рамане вызначаецца асноўная праблематыка твора: пошукі працоўным чалавекам шчасця і будучыні, сувязь з зямлёй, адносіны да прыватнай уласнасці, духоўныя каштоўнасці жыцця. Васіль любіць працу, любіць сваё поле. Ён ідзе да яго, «як на сустрэчу з каханай» (А. Адамовіч).

Вобраз Васіля поўны драматызму. Аўтар вельмі патрабавальны да свайго героя, ён не канструюе яго, не выдумляе, такога героя дало само жыццё з яго класавымі супярэчнасцямі. Васіль хоча быць багатым, жыць у дастатку, і ў гэтым няма нічога дзіўнага. Але шлях, які ён выбірае, не вядзе да жаданай мэты, не прыносіць шчасця. Васіль не можа вось так, адразу, беззваротна, аддаць «некаму» сваю зямлю, якая корміць усю яго сям’ю. Важная заслуга пісьменніка ў тым, што ён імкнецца, раскрываючы вобраз Васіля, улічыць ўсе ўмовы і акалічнасці жыцця свайго героя.

Так, у старым селяніне спалучыліся і працаўнік, і ўласнік. Гэтай супярэчнасцю адзначана і свядомасць «людзей на балоце», у тым ліку Васіля. З аднаго боку, цягавітасць, чэснасць, з другога — індывідуалізм, сацыяльная індыферэнтнасць, што, дарэчы, добра адчувае старшыня валвыканкама Іван Анісімавіч Апейка — таксама адзін з галоўных герояў твора.

Ганна Чарнушка[правіць | правіць зыходнік]

Ганна займае ў творы выдатнае месца, з вялікай сімпатыяй дя яе, як да прадстаўніцы народа (у самым лепшым сэнсе гэтага слова), ставіцца аўтар. У яе вобразе шмат паэзіі, хараства. Глядзелі на яе жанкі і дзівіліся, як хутка вырасла дзеўка — яшчэ быццам учора была падлеткам, а цяпер… Пісьменнік параўноўвае яе з рабінай — гэта адна з самых лірычных мясцін рамана. Ганна — сялянская дзяўчына — «чарнабровая, рослая, здаровая, моцная, вясёлая; яна была прыгожая тым хараством, якое асаблівапаважаюць у народзе».

І маральна, духоўна яна вельмі прыгожая. Мы любім яе за тое, што ўсе яе ўчынкі бескарыслівыя, пазбаўленыя халоднага рацыяналізму ці разліку. Любіць яе і Мележ. У вачах Ганны яму бачыцца багаты ўнутраны, эмацыянальны свет. Яна працавітая, добра ведае і любіць сялянскую працу, паважае бацькоў, слухаецца іх ва ўсім, бачыць іх беднасць, гаротнае становішча. І за Яўхіма Ганна пайшла, падпарадкоўваючыся жаданню бацькоў. Сцерпіцца, злюбіцца — думала, але каханне не атрымалася.

Халімон і Яўхім Глушакі[правіць | правіць зыходнік]

Усе думкі Глушака скіраваны на тое, каб больш прыдбаць багацця. Такая мэта асляпляе яго, пазбаўляе чалавечнасці. Ён дамогся багацця — у яго даволі шмат зямлі, сельскагаспадарчы машыны, лішкі хлеба. У Глушака утылітарны падыход да жыцця, аднабаковы погляд на ўсё — толькі з пункту гледжання асабістай, уласнай, вельмі вузка зразуметай карысці. У дзенніках Мележа ёсць запіс: «Багацей. Усяго багата, але груба — без прыгажосці, без смаку (адзенне, страва)». Сказана быццам бы пра старога Карча. Можа, не пра яго, але вельмі падобна.

Глушак плодзіць такіх, як ён сам. «Бацькава насенне!» — з задавальненнем гаворыць ён пра сына Яўхіма, які вырас такім жа драпежнікам, як і бацька. У мележаўскіх чарнавых распрацоўках вобразаў ёсць запіс: «Васіль прывязаны да зямлі больш, чым Яўхім». І гэта вельмі правільна. Яўхім «ахвочы да жыццёвых уцех», праца для яго не ў радасць. Ён гатовы паздзекавацца са слабейшага. Вельмі жорстка, бессардэчна абыходзіцца ён з Хадоськай.

Іван Апейка[правіць | правіць зыходнік]

Апейка займае важнае месца ва ўсёй «Палескай хроніцы». Гэта вобраз камуніста. Пісьменнік уважліва ўглядаецца ў характар свайго героя, у яго адносіны да жыцця, да людзей, не выпускаючы са свайго мастакоўскага поля зроку ўвесь змест яго творчай актыўнасці. Апейка — не ідэальны герой, але ён ва ўсім імкнецца кіравацца сумленнем камуніста, патрабавальнай любоўю да людзей. Яму даводзіцца нялёгка. Канфлікт з кар’ерыстамі, далёкіх ад народа і яго запатрабаванняў, ускладняе пошукі новых форм жыцця, але пісьменнік даказвае, што дабро перамагае зло, што новае неадольна.

Міканор Дамецік[правіць | правіць зыходнік]

Міканор — гарачы прыхільнік калгаснага руху. Гэта — тып вясковага актывіста, для якога перыяд калектывізацыі стаў своеасаблівым «зорным часам». Чалавек ён надзвычай энергічны. Мае поспех яго «асветніцкая» дзейнасць пасля вяртання з Чырвонай Арміі. Ён прымушае куранёўцаў паверыць у сябе, адчуць, што яны «не горай за другіх». Разам з аднавяскоўцамі, на чале грамады, ён удзельнічае ў многіх добрых справах — у будаўніцтве грэблі, перамеры зямлі. Ім быў пакладзены пачатак супольнага гаспадарання. Куранёўцы паважаюць «дамецікавага» Міканора.

Ілюстрацыі[правіць | правіць зыходнік]

Да выдання 1968 года ілюстрацыі стварыў графік Л. П. Асецкі[1]. У выданнях 1973 і 1978 гадоў змешчаны ілюстрацыі Барыса Цітовіча[2]. У выданні 1991 ілюстратарам быў В. Ф. Александровіч[3].

Экранізацыі і тэатральныя пастаноўкі[правіць | правіць зыходнік]

Першую экранізацыю раману ажыццявілі рэжысёр Аляксандр Гутковіч і сцэнарыст Эдуард Герасімовіч у 1965 годзе на Беларускім тэлебачанні. Трохсерыйная тэлекарціна «Людзі на балоце» была заснавана на асноўных сюжэтных лініях рамана. Творчы калектыў карціны атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР[4].

Наступную спробу экранізацыі зрабіў рэжысёр Уладзімір Забэла ў 1979 годзе. На Усесаюзным фестывалі тэлевізійных спектакляў гэты варыянт экранізацыі твора Мележа атрымаў адзін з прызоў[4].

Самай вядомай экранізацыяй раману стала праца Віктара Турава «Палеская хроніка». Усяго пад яго кіраўніцтвам былі зняты дзве дзвюхсерыйныя кінастужкі — «Людзі на балоце» (1981 г.) і «Подых навальніцы» (1982 г.), а таксама аднасерыйны тэлевізійны фільм «Апейка», якія ў 1985 годзе былі аб’яднаны ў васьмісерыйную тэлевізійную эпапею «Людзі на балоце». Стужка была адзначана шматлікімі прэміямі і стала ўнікальнай з’явай у нацыянальным экранным мастацтве[4].

Спектакль, пастаўлены Барысам Эрыным у Купалаўскім тэатры ў шасцідзесятыя гады, стаў культавым[5]. Ролю Васіля Дзятліка ў ім выконваў Генадзь Гарбук. Пастаноўка выконвалася трупай дзевятнаццаць гадоў і была спынена толькі таму, што ўзрост галоўных герояў зусім перастаў адпавядаць узросту акцёраў[5].

У 2012 годзе Iгарам Анiсенка пастаўлены спектакль «Людзі на балоце», які таксама ідзе на сцэне Купалаўскага[6][7].

Пераклады[правіць | правіць зыходнік]

На латышскую мову раман пераклаў Ю. П. Ванаг[8], на нямецкую мову — У. П. ЧапегаГ. Чапега і Г. Бярэзкам, 1974), на эстонскую — Олеў Йыгі, на рускую — Н. Кіслік і М. Гарбачоў[9].

У культуры[правіць | правіць зыходнік]

У Хойніцкім гарадскім парку культуры і адпачынку побач з сядзібным домам Абрамавых, дзе цяпер знаходзіцца гарадскі краязнаўчы музей, пастаўлены помнік героям рамана.

Зноскі

  1. т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
  2. Лірычная драма ў графіцы
  3. Александровіч Віктар — мастак-графік, Мінск
  4. 4,0 4,1 4,2 Як «…Хроніка» стала серыялам?
  5. 5,0 5,1 На падмостках і ў прамым эфіры
  6. «Людзі на балоце» вернулись в Купаловский театр
  7. Людзі на балоце
  8. Ванаг Юлий Петрович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 100. — 737 с.
  9. Горбачёв Евстрат Денисович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 160. — 737 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]