Лятучы лісток
Ляту́чы лісто́к — еўрапейскае неперыядычнае друкаванае выданне XV—XVIII стагоддзяў з навінамі ў выглядзе асобнага аркуша або невялікай брашуры.
Быў галоўным сродкам распаўсюджванню ваенных і дзяржаўных навін да з’яўлення ў XVII стагоддзі перыёдыкі. Большасць была прынагоднай і прысвячалася аднаму прадмету. З’явіліся 1470 годзе ў Балонні (цяпер Італія). Найбольшымі асяродкамі іх выдання былі Венецыя, Нюрнберг і Аўгсбург. Выдаваліся на нямецкай, лацінскай, чэшскай, італьянскай, англійскай і нідэрландскай мовах. Сярод іх былі цалкам вершаваныя[1].
Рэч Паспалітая
[правіць | правіць зыходнік]У Рэчы Паспалітай выдалі каля 1300 лятучых лісткоў, з якіх 645 захавалася. Спачатку называліся «Навіны», «Апісанні», «Рэляцыі», «Дыярыушы», «Лісты» і «Копіі». З XVII стагоддзя — «Авізы» і «Паведамленні». Наклад дасягаў некалькіх сотняў асобнікаў. Прадаваліся ў кнігарнях, на кірмашах, царкоўных святах і соймах, а таксама вандроўнымі гандлярамі. Асвятлялі падзеі ў Вялікім Княстве Літоўскім ад Аршанскай бітвы 1514 года. На загад вялікага князя літоўскага Жыгімонта II Старога ў краінах Заходняй Еўропы выдалі лісткі пра бітву, з якіх захавалася 4. Гэтыя выданні далі пачатак прэсе ў Рэчы Паспалітай. У лістках «Бітва караля Польшчы з маскавітамі», выдадзеных у Нюрнбергу і Лейпцыгу, змясцілі сцэны бітвы. Ёст Людвік Дэцый выдаў па-нямецку ў Кракаве лісток, у якім апісаў бітву на Альшаніцы 1527 года, дзе войска ВКЛ на чале з Канстанцінам Астрожскім перамагло крымскіх татараў. Некалькі лісткоў прысвячалася Інфлянцкай вайне 1558—1582 гадоў, у тым ліку захопу замкаў маскоўскім войскам цара Івана Грознага. Вядома 10 лісткоў пра захоп Полацка ў 1563 годзе на нямецкай, лацінскай, чэшскай і французскай мовах. «Праўдзівыя і жахлівыя звесткі пра лютага ворага маскавіта», выдадзеныя ў Аўгсбургу, змясцілі выяву прыступу Полацка. У Аўгсбургу і Нюрнбергу тройчы выдалі ў нямецкім перакладзе лісткі з пасланнем Мікалая Радзівіла Рудога да Мікалая Радзівіла Чорнага пра бітву на Уле 1654 года. У 2 іншых нямецкіх лістках змясцілі паведамленні пра бітвы на падставе ліста Радзівіла Рудога[1].
У Чэхіі і Германіі шматкроць перавыдавалі лісткі з рэляцыямі вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя пра вызваленне Полацка ў 1579 годзе і ўзяцце Вялікіх Лукаў у 1580 годзе. Некаторыя лісткі надрукавалі ў перасоўнай друкарні ў абозе войска вялікага князя літоўскага. Выдадзенае ў Нюрнбергу «Праўдзівае і пэўнае паведамленне пра тое, якім чынам яго міласць кароль польскі зноў аблажыў і заняў горад і замак Полацк у Літве» было вершаваным і змяшчала выяву-план аблогі. Некалькі лісткоў прысвяцілі войнам Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—1629 гадоў і з Масковіяй 1609—1618 гадоў (Дзмітрыяда), 1632—1634 гадоў (Смаленская) і 1654—1667 гадоў (Крывавы патоп), у тым ліку «Навіны з Інфлянтаў пра шчаслівае паражэнне, якое пацярпеў Карл, князь Судэрманскі ад пана Яна Караля Хадкевіча» (пра Кірхгольмскую бітву 1606 года), «Пакуты жаўнераў абодвух народаў у сталіцы маскоўскай» (пра капітуляцыю войска Рэчы Паспалітай у Крамлі ў 1612 годзе), «Выправа цара маскоўскага са сталіцы на вайну супраць Літвы і палякаў» (пра пачатак Крывавага патопу), «Перамога над Масквой ад палякаў і Літвы, у 1660 годзе атрыманая» (пра Палонкаўскую бітву). Некалькі лісткоў прысвяцілі перамозе над асманамі ў Венскай бітве 1683 года і Вялікай Паўночнай вайне 1700—1721 гадоў. Асвятляліся змяненні і шлюбы вялікіх князёў, пасольствы, пажары ў гарадах і мор. Аўгсбургскі лісток распавядаў пра голад у Вялікім Княстве Літоўскім 1571 года. Часам паведамлялася пра вымерлых у Заходняй Еўропе зуброў і туроў, якія вадзіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім. Выданне лятучых лісткоў пашырала веды пра Вялікае Княства Літоўскае ў Заходняй Еўропе і ўмацоўвала яго міжнароднае становішча праз прапаганду[1].
Зноскі
- ↑ а б в Лятучыя лісткі // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — С. 322—324. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.