Перайсці да зместу

Марыям Баўардзі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Марыям Баўардзі
араб. مريم بواردي‎‎
Дата нараджэння 5 студзеня 1846(1846-01-05)[1][2]
Месца нараджэння
Дата смерці 26 жніўня 1878(1878-08-26)[1] (32 гады)
Месца смерці
У ліку блаславёны і каталіцкі святы
Дзень памяці 26 жніўня
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Марыям Баўардзі (2 студзеня 1846, г. Ібілін — 26 жніўня 1878, г. Віфлеем) — каталіцкая святая.

Бацькі былі вельмі беднымі, але сумленнымі людзьмі і пабожнымі грэка-католікамі. Застаўшыся разам з братам Паўлам круглай сіратой ва ўзросце трох гадкоў, была аддадзена пад апеку свайго дзядзькі, брата таты, які праз пэўны час пераехаў у Егіпет. Дзяўчынка не хадзіла ў школу і заставалася непісьменнай.

Калі ёй было трынаццаць гадоў, дзядзька, згодна з усходнімі звычаямі, збіраўся выдаць яе замуж, але дзяўчына рашуча адмовілася, бо жадала належаць выключна Богу. На працягу наступных гадоў яна працавала ў якасці хатняй прыслугі ў Александрыі, Іерусаліме, Бейруце і Марселі.

У 1865 годзе ўступіла ў супольнасць сясцёр кампасіяністак, але з-за хваробы праз два месяцы была вымушана яе пакінуць. Потым была прынятая ў супольнасць юзэфітак, але праз два гады пастулату (падрыхтоўкі да распачацця манаскага жыцця) выйшла з яе, паколькі, паводле меркавання настаяцельніц, была больш схільная да жыцця ў кляўзуры.

У выніку 14 чэрвеня 1867 года яна ўступіла ў кляштар кармелітак у По (Францыя), дзе пазней прыняла імя Марыя ад Езуса Укрыжаванага.

21 жніўня 1870 года, яшчэ ў навіцыяце (уступны этап манаскага жыцця), была скіравана ў Індыю, дзе засноўваўся кляштар кармелітак у Мангалуры. 21 лістапада 1871 года дала першыя манаскія абяцанні, а праз год вярнулася ў По, адкуль у жніўні 1875 года была скіравана ў Віфлеем, дзе засноўваўся першы кляштар кармелітак на тэрыторыі Палесціны.

Памерла 26 жніўня 1878 года. Прычынай смерці стала гангрэна, якая пачалася з-за пералому ад падзення.

Была беатыфікавана Папам Янам Паўлам ІІ 13 лістапада 1983 года, і кананізаваная Папам Францішкам у Рыме 17 мая 2015 года.

Зноскі

  1. а б Mariam Baouardy // GCatholic.org — 1997.
  2. Schäfer J. Mirjam von Abellin // Ökumenisches Heiligenlexikon — 1998.