Мыто
Вёска
Мыто
| ||||||||||||||||||||||
Мыто на Вікісховішчы
|
Мыто́[1] (трансліт.: Myto) — вёска ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Ваверскага сельсавета.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Знаходзіцца за 15 км на паўднёвы захад ад Ліды, за 100 км ад Гродна. З поўначы і з усходу ад вёскі працякае рака Дзітва, прылеглая да ракі мясцовасць забалочаная. На поўдні вёска мяжуе з лесам.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Другой паловай I тысячагоддзя да н.э. датуюцца размешчаныя непадалёк вёскі гарадзішча і селішча.
Міхал Балінскі піша пра Мыто ў 1415 годзе, меркавана, гэта першае згадванне мястэчка Вялікага Княства Літоўскага. Паводле Міхала Шымялевіча вядома, што з старадаўніх часоў дарога з Ліды ў бок Гародні і бегла каля Астроўлі і Цыбараў на мост цераз Дзітву, на якім здаўна бралі маставую ці грэблевую аплату або так званае мыта, адкуль і паселішча, якое месцілася каля таго моста і грэблі і раней называлася Дзітва Пратасаўская, атрымала назву Мыто. Гэта дарога мела назву Мытлянскі гасцінец, ён ішоў на Васілішкі, Астрыну і Азёры да Гародні. Мост на вялікай дарозе з Васілішак да Ліды пры Дзітве Пратасаўскай ці Мыто вядомы з канца XV ст.[2]
У 1567 годзе сяло ў маёнтку Мітва ў Лідскім павеце Вялікага Княства Літоўскага, шляхецкая ўласнасць.
У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай у лютым 1659 года ў Мыто на грамнічны соймік сабралася шляхта Лідскага павета, каб спыніць разбоі і беззаконне ў павеце. 27 лістапада 1659 года на пераправе каля Мыто адбыўся бой з рускімі войскамі. Тады ж была спалена Мытлянская Пакроўская драўляная царква.
Вопіс парафій Лідскага дэканата 1784 года згадвае мястэчка Мыто з рускай (уніяцкай) царкой як уласнасць Пацаў[3].
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) вёска ў Расійскай імперыі. Цэнтр Мыцкай воласці Лідскага павета Віленскай губерні. У 1861 годзе ў сяле і маёнтку 24 рэвізскія душы. У 1869 годзе адкрыта народнае вучылішча.
У Першую сусветную вайну з верасня 1915 года да канца 1918 года акупавана германскімі войскамі. Са студзеня 1919 года ў складзе БССР, у красавіку занята польскімі войскамі. З ліпеня да верасня 1920 года кантралявалася Чырвонай Арміяй, затым ізноў польскімі войскамі. З 1921 года ў складзе Польскай Рэспублікі, належала да Тарноўскай гміны Лідскага павета Навагрудскага ваяводства.
З 1939 года — у БССР, цэнтр сельсавета. З канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад нямецка-фашысцкай акупацыяй.
У 1950 годзе арганізаваны калгас імя Вярхоўнага Савета. Да 1954 года, затым у 1965—1972 гадах цэнтр Мыцкага сельсавета[4]. У 1970 годзе ў вёсцы меліся пачатковая школа, фельчарска-акушэрскі пункт, бібліятэка, магазін, аддзяленне сувязі. Пасля скасавання Мыцкага сельсавета ў 1972 годзе ўваходзіла ў склад Белагрудскага сельсавета.
У 1992 годзе цэнтр калгаса «Світанак». У 2005 годзе цэнтр СВК «Світанак-Мыто».
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 1885 год — 63 жыхары.
- 1897 год — 145 жыхароў у вёсцы, 48 — у маёнтку.
- 1903 год — 135 жыхароў у вёсцы, 40 — у маёнтку.
- 1921 год — 122 жыхары ў вёсцы, 15 — у фальварку.
- 1940 год — 169 жыхароў у вёсцы, 12 — у фальварку.
- 1960 год — 209 жыхароў.
- 1970 год — 161 жыхар.
- 1992 год — 250 жыхароў.
- 2010 год — 195 жыхароў.
- 2015 год — 198 жыхароў.
- 2019 год — 185 жыхароў.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Гарадзішча, селішча (1-е тысячагоддзе да н.э.), за 1,5 км на паўночны захад ад вёскі — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413В000360
- Царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы (XIX ст.).
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ pawet.net
- ↑ pawet.net
- ↑ Рашэнне выканаўчага камітэта Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 11 лютага 1972 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1972, № 8 (1346).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 9: Гродзенская вобласць, кн. 2 / рэдкал.: У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2016. — 848 с.: іл. — 1 500 экз. — ISBN 978-985-11-0908-7.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Мыто
- Мыто на сайце Radzima.org
- Мыто на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Лаўрэш Л. Прыход у Мыто // Лідскі Летапісец. 2021. № 2(94). С. 19-29. // на pawet.net