Міхась Модэль
Міхась Модэль | |
---|---|
Род дзейнасці | крытык, тэатральны крытык |
Дата нараджэння | 31 сакавіка (13 красавіка) 1904 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 26 кастрычніка 1980 (76 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Месца працы | |
Партыя | |
Член у |
Міхась Модэль (сапр. Мендэль Моўшавіч Модэль, 31 сакавіка (13 красавіка) 1904, мястэчка Камень, Лепельскі павет, Віцебская губерня — 26 кастрычніка 1980) — беларускі крытык, тэатразнавец. Член СП Беларусі з 1934 года. Пісаў пад псеўданімамі М. Каменскі, М. Майсееў, М. Міхайлаў, М. Міхасеў; крыптанімамі М., М. М.
Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]
Нарадзіўся ў сям’і адваката. Скончыўшы ў 1921 годзе школу 2-й ступені ў Лепелі, працаваў старшынёй лепельскага павятовага камітэта камсамола. 3 1921 года ў Мінску. Вучыўся на медыцынскім (да 1924 года) і педагагічным (да 1926 года) факультэтах БДУ, але ніводны з іх не скончыў (сярод прычын была і хвароба).
Працаваў сакратаром аддзела агітацыі і прапаганды ЦК КПБ (1923—1925), рэдактарам Клімавіцкай акруговай газеты (1925-26 гг.), дырэктарам Цэнтральнага партыйнага клуба ў Мінску (1927—1930), інструктарам аддзела культуры і прапаганды ЦК КПБ (1930—1932). З 1932 года навуковы супрацоўнік Інстытут літаратуры і мастацтва Беларускай акадэміі наук. У 1935—1937 гадах узначальваў тэатральны аддзел Упраўлення па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў, адначасова (1932—1937) быў намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва». З 1937 года — літкансультант, у 1940—1941 гадах — адказны сакратар СП БССР. У пачатку Айчыннай вайны эвакуіраваўся ў Тамбоў, потым — у Ташкент, дзе быў намеснікам дырэктара тэатра імя Ахунбаева. У 1943—1944 гадах — дырэктар тэатра імя Маякоўскага ў Андзіжане (Узбекская ССР), у 1944—1948 гадах — загадчык літаратурнай часткі тэатра оперы і балета ў Мінску, з 1945 года працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя», з 1949 года — літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва». З 1962 года персанальны пенсіянер. Узнагароджаны медалём.
Член КПСС.
Творчасць[правіць | правіць зыходнік]
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1926 г. Пісаў пераважна пра яўрэйскі і беларускі тэатры. У 30-я гады прытрымліваўся апалагетычных, вульгарна-сацыялагізатарскіх поглядаў. Драматургічныя творы і спектаклі па іх ацэньваў у асноўным з пазіцый «правільнасці ўскрыцця класавай сутнасці драматычных канфліктаў». Ваяўніча выступаў супраць твораў нацыянальнай беларускай тэматыкі (п’есы «Апраметная» В. Шашалевіча, «Кастусь Каліноўскі» Е. Міровіча, «Скарына, сын з Полацка» М. Грамыкі і інш.). У артыкулах пасляваеннага часу імкнуўся пазбягаць вульгарызатарскіх трактовак.
У перыяд кампаніі па барацьбе супраць касмапалітызму (канец 40-х гадоў) падвяргаўся крытычным нападкам у прэсе, з-за чаго ў 1940-50 гг. нідзе не друкаваўся.
Сведчанні сучаснікаў[правіць | правіць зыходнік]
Пісьменнік Кузьма Чорны ў сваім дзённіку змясціў Модэля сярод іншых, якіх называе «прыжывальшчыкамі і хлебаедамі»:
(4 кастрычніка 1944):
«Так Бэнда лез у беларускую крытыку, Клімковіч у беларускую літаратуру, Александровіч у культуру і грамадскую дзейнасць (сабе на кар’еру), Дадзіёмава[1] ў мастацтва і цэнзуру і Модаль усюды, куды толькі льга лезці» [2].
Мастак Яўген Ціхановіч ўспамінаў:
"Тэатральны крытык Мендэль Модэль не шкадаваў чорных фарбаў, каб крытыкаваць драматургію Галубка за яе меладрамнасць, у якой ён бачыў толькі нацдэмаў і нацыяналяналізм[3], (…) ён ўсюды бачыў толькі нацдэмаў і напісаў шмат артыкулаў у розных часопісах пра адсутнасць класавай барацьбы і пра іншыя хібы … " [4].
Зноскі
- ↑ З чэрвеня 1943 начальнік Галоўліта, органа цэнзуры ў БССР
- ↑ Кузьма Чорны. Выбраныя творы. — Мн.: Беллітфонд, 2000. — С. 590. — (Беларускі кнігазбор).
- ↑ Яўген Ціхановіч . Партрэт стагоддзя. — Мн .: Лімарыус, 2015. — С. 453. — 530, [1] с. — (Беларуская мемуарная бібліятэка). — 300 экз. — ISBN 978-985-6968-48-1.
- ↑ Там жа С. 15
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 10: Малайзія — Мугаджары. — С. 512.
- Модэль Міхась // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал. І. Э. Багдановіч [і інш.]. — Мн., 1994. — Т. 4. — С. 329—331.
- Асобы
- Нарадзіліся 13 красавіка
- Нарадзіліся ў 1904 годзе
- Нарадзіліся ў Лепельскім раёне
- Памерлі 26 кастрычніка
- Памерлі ў 1980 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Пахаваныя на Чыжоўскіх могілках
- Супрацоўнікі Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАНБ
- Супрацоўнікі газеты «Літаратура і мастацтва»
- Члены КПСС
- Члены Саюза пісьменнікаў СССР
- Тэатральныя крытыкі Беларусі