Міхаіл Афанасьевіч Дружына
Міхаіл Афанасьевіч Дружына | |
---|---|
Асноўная інфармацыя | |
Дата нараджэння | 7 мая 1922 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 2013 |
Месца смерці | |
Краіна | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Музычная дзейнасць | |
Прафесіі | оперны спявак |
Пеўчы голас | бас |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Узнагароды |
Міхаіл Афанасьевіч Дружы́на (7 мая 1922, в. Курылаўка, Днепрапятроўская вобласць, УССР — 2013, Мінск) — беларускі спявак (бас). Заслужаны артыст Беларускай ССР (1982)[1].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Украінец. Нарадзіўся 7 мая 1922 года ў сяле Курылаўка Днепрапятроўскай вобласці. Бацька, Афанасій Пятровіч, яшчэ з дарэвалюцыйных часоў працаваў кавалём на металургічным заводзе ў Днепрадзяржынску, маці, Наталля Пракопаўна, з’яўлялася хатняй гаспадыняй. Толькі бабуля была гарачай аматаркай спеваў[2].
Міхаіл вучыўся ў суседнім Днепрадзяржынску, каб патрапіць туды з Курылаўкі трэба было пераправіцца цераз Дняпро на вялікай шырокай лодцы («дубе»). У дзяцінстве марыў, каб у іх сяле працавала свая школа, паступова ў яго ўзнікла жаданне самому вучыць дзяцей. Таму, атрымаўшы ў 1939 годзе сярэдняя адукацыя, ён паступіў у Днепрадзяржынскае педагагічнае вучылішча. Тут адбыўся дэбют будучага спевака, калі ўдзельнічаючы ў самадзейнасці, ён выканаў куплеты Трыке з «Яўгена Анегіна». Вучылішча Дружына скончыў у чэрвені 1941 года, але папрацаваць па спецыяльнасці не паспеў, бо пачалася вайна[2].
У жніўні 1941 года Дружыну прызвалі ў Савецкую Армію. Ваенкамат накіраваў будучага спевака ў флот, бо Міхаіл да вайны падзарабляў выратавальнікам на Дняпры, але сітуацыя рэзка змянілася, армія адчувала недахоп у лётчыках. Юнака накіравалі на вучобу ў авіяцыйнае вучылішча, якое неўзабаве перабазавалася ва ўзбекскі горад Катакурган. У 1943 годзе Міхаіла як аднаго з лепшых пілотаў перавялі ў Бугурусланскае авіяцыйнае вучылішча, дзе Дружына вучыў маладых пілотаў навыкам будучай прафесіі[2].
З вясны 1944 года Дружына ваяваў на Заходнім фронце, удзельнічаў у вызваленні Усходняй Еўропы[3]. Пасля вызвалення Варшавы ў студзені 1945 года вярнуўся да педагагічных заняткаў, да 1948 года працаваў інструктарам лётчыкаў Войска Польскага ў афіцэрскім лётным вучылішчы, размешчаным у горадзе Дэмблін[2]. У 1948 годзе Міхаіл вярнуўся з Польшчы ў Беларусь і працягнуў службу ў савецкай арміі. У ваенныя гады перыядычна выступаў у канцэртах для аднапалчан, пасля перамогі браў удзел у салдацкай самадзейнасці[3]. У 1950 годзе старшага лейтэнанта Дружыну перавялі ў вайсковую часць, якая базавалася ў Сцяпянцы (прыгарадзе Мінска)[2].
У 1951 годзе змог паступіць у Беларускую кансерваторыю. Вучоба ішла паралельна са службай у авіяцыі[3]. Тут пазнаёміўся з Палінай Галачэвай, якая паступіла ў клас да прафесара Віцінга на год раней за Дружыну і да свайго апошняга курсу пагадзілася выйсці за яго замуж. У 1952 годзе Міхаіла Дружыну выклікалі з адпачынку, каб ён выступіў на канцэрце, які быў прадугледжаны пасля правядзення ў БССР вучэнняў войскаў краін Варшаўскага дагавора. У лесе пад Баранавічамі вялікую брызентавую палатку ператварылі ў глядзельную залу, побач размясцілася сцэна, на паляне сабраліся гледачы старэйшых і вышэйных званняў, у тым ліку маршал Георгій Жукаў[2].
Выканаў «Песню варажскага госця» і «Куплеты Мефістофеля» — апладысменты не змаўкаюць, развярнуцца і сысці нязручна, а дырыжор шэпча: «Міша, праспявай для Жукава «Дывлюсь я на неба». Ведаючы пра слабасць маршала да ўкраінскіх песень, я расхрабрыўся і з вялікім пачуццём зацягнуў «…чому я не сокiл». Тут пад абсалютны шквал апладысментаў Жукаў ўстае, за ім, натуральна, уся зала, падыходзіць да мяне, моцна цісне руку і гаворыць: «Малайчына, старшы лейтэнант, вам бы трэба ў оперы спяваць!» |
Скончыў кансерваторыю ў 1956 годзе (клас Я. Віцінга)[1]. У выніку па хадайніцтве Міністэрства культуры БССР у кастрычніку 1956 года ён быў звольнены з Савецкай арміі ў запас[2].
З 1956 года саліст Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі[1]. Сышоў са сцэны па стане здароўя толькі ў чэрвені 2011 года[3].
З’яўляўся салістам народнага вакальнага ансамбля ветэранаў вайны і Узброеных Сіл Цэнтральнага Дому афіцэраў «Памяць сэрца»[3].
Член Беларускага саюза тэатральных дзеячаў з 1957 года.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Валодае голасам шырокага дыяпазону, добрымі сцэнічнымі данымі, свабодна адчувае сябе ў партыях лірыка-драматычных і камедыйнага плана. Сярод партый нацыянальнага рэпертуару: Гадлеўскі («Яснае світанне» А. Туранкова), Прафесар, Ракоўскі («Калючая ружа», «Новая зямля» Ю. Семянякі), Палкоўнік («Надзея Дурава» А. Багатырова), Найміт («Сівая легенда» Дз. Смольскага); найб. значныя партыі з класічных опер — Сусанін («Іван Сусанін» М. Глінкі), Грэмін («Яўген Анегін» П. Чайкоўскага), Млынар («Русалка» А. Даргамыжскага), Дасіфей, Пімен («Хаваншчына », «Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага), Канчак («Князь Ігар» А. Барадзіна), цар Дадон («Залаты пеўнік » М. Рымскага-Корсакава), Агамемнан («Арэстэя » С. Танеева), Мефістофель («Фаўст» Ш. Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж. Расіні), Інквізітар («Дон Карлас» Дж. Вердзі), Стольнік («Галька » С. Манюшкі)[1].
У старэчым узросце ў спевака заставаліся партыі Шляхціча («Дзікае паляванне караля Стаха»), Сабакіна («Царская нявеста»), Анжэлоці («Тоска»)[3].
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За баявыя заслугі» і «За перамогу над Германіяй», двума польскімі ордэнамі «Сярэбраны Крыж Заслугі», медалём «За перамогу і свабоду»[3].
За вернасць беларускаму нацыянальнаму тэатру і шматгадовую творчасць узнагароджаны «Крыштальнай Паўлінкай» (2008)[4].
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Быў у шлюбе са спявачкай Палінай Дружына, з якой меў сына Аляксандра, які працаваў на тэхнічных пасадах у Тэатры музычнай камедыі[2].
Зноскі
- ↑ а б в г А. Я. Ракава. Дружына Міхаіл Афанасьевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- ↑ а б в г д е ё ж ЛЕТАЮЩИЙ ПЕВЕЦ: МИХАИЛУ ДРУЖИНЕ — 90 ЛЕТ(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 лютага 2021. Праверана 27 сакавіка 2021.
- ↑ а б в г д е ё «ПОКА Я ПОМНЮ, Я ЖИВУ»
- ↑ Крыштальнае прызнанне. 29 сакавіка 2008
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ракава А. Я. Дружына Міхаіл Афанасьевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- Нарадзіліся 7 мая
- Нарадзіліся ў 1922 годзе
- Нарадзіліся ў Новамаскоўскім павеце
- Памерлі ў 2013 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі
- Постаці Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь
- Басы
- Члены Беларускага саюза тэатральных дзеячаў
- Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі
- Узнагароджаныя медалём «За баявыя заслугі»
- Узнагароджаныя медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
- Заслужаныя артысты Беларускай ССР
- Узнагароджаныя сярэбраным крыжом Заслугі
- Уладальнікі «Крыштальнай Паўлінкі»
- Асобы
- Музыканты паводле алфавіта
- Оперныя спевакі і спявачкі XX стагоддзя
- Оперныя спевакі і спявачкі XXI стагоддзя
- Оперныя спевакі і спявачкі Беларусі
- Нарадзіліся ў Днепрапятроўскай вобласці