Перайсці да зместу

Мікалай Аляксандравіч Арахоўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з М. Арахоўскі)
Мікалай Аляксандравіч Арахоўскі
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 3 ліпеня 1950(1950-07-03)
Месца нараджэння
Дата смерці 10 красавіка 1997(1997-04-10) (46 гадоў)
Пахаванне
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці мастак, драматург, пісьменнік
Жанр пейзаж і партрэт
Грамадская дзейнасць
Член у
Узнагароды

Мікалай (Мікола) Аляксандравіч Арахоўскі (3 ліпеня 1950, в. Сялец, Бярозаўскі раён — 10 красавіка 1997) — беларускі мастак, драматург, пісьменнік.

Нарадзіўся 3 ліпеня 1950 года ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Яго маці Вольга Аляксееўна ўсё жыццё працавала даяркай, мела званне заслужанага калгасніка БССР. Бацька Аляксандр Паўлавіч у гады Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на фронце, затым усё жыццё аддаў калгасу[1].

У 1966 годзе Мікалай скончыў дзевяць класаў Сялецкай сярэдняй школы. Затым у 1966—1968 гадах вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А. К. Глебава на настаўніка малявання і чарчэння. У 1969—1971 гадах служыў у Савецкай арміі пад Ленінградам[1]. Пасля дэмабілізацыі працаваў мастаком-афарміцелем у Бярозаўскім раённым Доме культуры, Брэсцкіх вытворча-мастацкіх майстэрнях[2], сябраваў з брэсцкім жывапісцам Іосіфам Крупскім. У 1974 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага роспісу[1], якое скончыў у 1976 годзе[2]. Вучыўся ў мастака Гаўрылы Вашчанкі[1].

У 1977 годзе ў час адпачынку на рацэ няўдала нырнуў, апынуўшыся ў бальніцы, і стаў інвалідам. Усе апошнія гады жыцця ён быў прыкаваны да ложка, маляваў і пісаў[1].

У снежні 1991 года М. Арахоўскі быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі[1].

Памёр 10 красавіка 1997 года[1]. Пахаваны ў в. Сялец Бярозаўскага раёна[2].

Працаваў у жывапісе, графіцы, чаканцы і скульптуры. Пісаў пейзажы, партрэты, па фармаце невялікія, бо мастак быў фізічна абмежаваны: пальцы рук у яго былі нерухомыя[1].

Першыя крокі ў літаратуры падтрымлівалі Алесь Петрашкевіч, Алесь Разанаў, Ніна Мацяш, Яраслаў Пархута. Пісаў вершы, апавяданні, казкі, артыкулы. Упершыню надрукаваны ў 1979 годзе. Публікаваўся ў бярозаўскай раённай газеце «Маяк», абласной «Заре»[1].

Пачаткам драматургічнай творчасці сталі п’есы для лялечнага тэатра — «Жыў-быў Шчупак», «Міль і яго сябры» і іншыя. У 1986 годзе напісаў драму «Напярэдадні», якая была выдадзена асобным выданнем, а пастаўлена ў 1991 годзе Бярозаўскім народным тэатрам. Таксама выконвалася на Беларускім радыё (1990—1992). Трагікамедыя «Машэка» (1988) пастаўлена Брэсцкім абласным драматычным тэатрам (1989), паводле яе ў 1990 годзе створаны тэлеспектакль[1].

П’еса «Ку-ку» (1991) пастаўлена тэатрам-лабараторыяй беларускай драматургіі «Вольная сцэна» (1992), адзначана першай прэміяй Рэспубліканскага конкурсу драматургіі. Назва драмы двухсэнсоўная. «Ку-ку» перш за ўсё — спеў зязюлі, а ў англійскай мове азначае яшчэ вар’яцтва, душэўную хваробу. Драма Міколы Арахоўскага набывае прыкметы філасофскай «антыдрамы» і антыўтопіі — папярэджвае пра магчымасць дэгуманізацыі, распаду маралі, калі людзі забудуцца на такія простыя грамадскія «рэгулятары», як давер, спагада, разуменне. Галоўная думка гэтага твора заключалася ў тым, што ў чалавека павінны быць чыстымі не толькі справы, але і думкі[1].

У сваіх творах малады драматург закранаў вострыя праблемы грамадства: усёдазволенасць чыноўнікаў, здрадніцтва, хабарніцтва і інш[1].

У 1997 годзе драма М. Арахоўскага «Лабірынт» была надрукавана ў часопісе «Крыніца» ўжо пасля смерці аўтара. П’еса была пастаўлена рэжысёрам В. Мазынскім на семінары-лабараторыі беларускай драматургіі ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі[1].

Значная частка творчай спадчыны засталася ў рукапісах, якія захоўваюцца ў літаратурна-краязнаўчай гасцёўні «Вытокі Башты» Сялецкай сельскай бібліятэкі[2].

Лаўрэат тэатральнай прэміі імя Кандрата Крапівы (1997), якую яму прысудзілі за п’есу «Лабірынт»[1].

Рашэннем Бярозаўскага раённага Савета дэпутатаў № 63 ад 26 мая 2011 года імем пісьменніка названа вуліца ў г. Бярозе[1].

Выбраныя творы

[правіць | правіць зыходнік]
  • Лабірынт : [п’еса] / М. Арахоўскі // Сучасная беларуская драматургія : традыцыі і наватарства / уклад. і прадм. П. Васючэнкі. Мінск : Сэр-Віт, 2003. С. 457—507.
  • Лабірынт : [п’еса] / М. Арахоўскі // Крыніца. 1997. № 4. С. 31-59.
  • Ку-ку : драма ў дзвюх дзеях / М. Арахоўскі // Сучасная беларуская п’еса. Мінск : Мастацкая літаратура, 1997. С. 248—285.
  • Вёска ўсё ведае, усё разумее : [замалёўкі з натуры] / М. Арахоўскі // Свабода. 1996. 12 красавіка. С. 8.
  • Першы Рым : апавяданне / М. Арахоўскі // Маяк (Берёза). 1995. 3 января.
  • Напярэдадні : [урыўкі з драмы] / М. Арахоўскі // Берасцейскія карані : гісторыка-краязнаўчы і літаратурны зборнік. Брэст, 1993. С. 130—140.
  • Калі дракон прачнуўся : [п’еса] / М. Арахоўскі // Свецяць, свецяць зорачкі… : п’есы для лялечных тэатраў. Мінск, 1993. С. 71-82.
  • Машэка : трагікамедыя / М. Арахоўскі // Сучасная беларуская п’еса / склад. М. Марчук. Мінск, 1992. С. 84-127.
  • Ку-ку : драма ў дзвюх дзеях / М. Арахоўскі // Тэатральная Беларусь. 1992. № 1. С. 3-18.
  • Мова : [верш] / М. Арахоўскі // Заря. 1991. 11 сентября.
  • Жыў-быў шчупак : казка / М. Арахоўскі // Маяк коммунизма (Берёза). 1989. 25 мая.
  • Напярэдадні : драма / М. Арахоўскі. — Мінск, 1988. — 64 с