Перайсці да зместу

Спіс нацыянальных музеяў

Развязванне неадназначнасцей
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Нацыянальныя музеі)

Нацыянальныя музеі — музейныя ўстановы, якія захоўваюць і дэманструюць асабліва каштоўныя помнікі агульнанацыянальнага значэння, як правіла, буйнейшыя музеі пэўнага профілю ў краіне. Большасць нацыянальных музеяў належыць да ліку музеяў сусветнага значэння і з’яўляюцца важнейшым фактарам захавання культурнай спадчыны, развіцця навукі, адукацыі, турызму. У шэрагу выпадкаў высокаму статусу нацыянальных музеяў адпавядае іх размяшчэнне ў выдатных архітэктурных помніках, альбо ўзвядзенне для іх спецыяльных будынкаў, адпавядаючых апошнім патрабаванням тэхнікі і дызайна. Першы нацыянальны музей быў адкрыты ў 1893 г. у Луўры пад назвай «Нацыянальны помнік, прысвечаны любові да мастацтва і яго вывучэнню» як вынік першага яснага фармулявання ідэёлагамі Вялікай французскай рэвалюцыі нацыянальнай ідэі. У тым жа годзе французскія рэвалюцыйныя ўлады пераўтварылі Каралеўскі сад раслін у Нацыянальны прыродазнаўчы музей, у 1794 г. «калекцыю дзейнічаючых машын і мадэлей» інжынера і вынаходніка Ж. Вакансона — у Нацыянальную кансерваторыю мастацтваў і рамёстваў, у 1795 г. у кляштары малых аўгусцінцаў стварылі Нацыянальны музей французскіх помнікаў. ХІХ стагоддзе было часам адкрыцця нацыянальных музеяў ва ўсіх сталіцах еўрапейскіх дзяржаў. У 1856 г. па ініцыятыве беларускага археолага і калекцыянера Я. Тышкевіча для захавання і дэманстрацыі «літоўска-рускіх помнікаў» адкрываецца Віленскі музей старажытнасцей. У наш час у Рэспубліцы Беларусь існуюць два нацыянальныя музеі ў Мінску — гістарычны (1992) і мастацкі (1993), а таксама два нацыянальных музея-запаведніка — у Нясвіжы (1993) і Полацку (2004).