Неглюбская народная тэкстыльная традыцыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Неглюбская народная тэкстыльныя традыцыя (Неглюбскае ткацтва) — адметная з’ява беларускай народнай творчасці, якая нарадзілася і працягвае існаваць у в. Неглюбка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Асноўнымі яе рысамі з’яўляюцца: разнастайнасць ткацкіх тэхнік і вышыўкі, складаная паліхромія і багатыя арнаментальныя кампазіцыі. Найбольш вядомым і распаўсюджаным элементам Неглюбскага ткацтва з’яўляецца знакаміты Неглюбскі ручнік. Неглюбскія ручнікі выконваюцца ў бела-чырвонай і бела-чырвона-белай гаме з мноствам іншых каляровых варыяцый і адценняў (да 25-ці ў адным вырабе), вылучаюцца цудоўным арнаментальным фонам, які фарміруецца ў люстэркава-сіметрычнай структуры (на кожным канцы ручніка размяшчаецца ад 3 да 9 узорных палос) і ўтварае шматвобразныя геаметрычныя і раслінныя арнаментальныя матывы. Канцы рушнікоў аздабляюцца пяцельнымі махрамі з чырвоных, белых, чорных нітак.

Строй замужняй цяжарнай жанчыны

Апроч ручнікоў вырабляюцца і іншыя прадметы інтэр’еру: шматкаляровыя посцілкі, настольнікі, фіранкі, накутнікі, а таксама элементы адзення (так званы «Неглюбскі строй»).

Неглюбскі строй — адзін з найбольш архаічных і складаных відаў беларускага народнага адзення (старадаўні панёўны комплекс), у якім гарманічна спалучаюцца белая арнаментаваная сарочка, дробнаклятчастая панёва-плахта, суконны фартух, нагрудны фартух («запіна»), шырокі чырвоны пояс, узорная тканая хустка. Як і рушнік, Неглюбскі строй адрозніваецца разнастайнасцю ткацкіх тэхнік і багаццем вышыўкі.

Ткацкія тэхнікі і вышыўка[правіць | правіць зыходнік]

У Неглюбскім ткацтве выкарыстоўваецца браная (аднаўточнае і двухуточнае), пераборная (перабор «пад палатно», двухбаковы і аднабаковы перабор), выбарная, закладная і шматнітовая тэхнікі. У вышыўцы шырока распаўсюджаны: «набор», «крыжык», «лікавая і адвольная гладзь», «строчка па выразах», тамбурны шоў, двухбаковы «шоў-роспіс». Апроч таго, шырока выкарыстоўваюцца складаныя злучальныя швы («неглюбская мярэжка») і тэкстыльнае пляценне.

Гістарычныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Неглюбская народная тэкстыльная традыцыя сфарміравалася на падставе ўзаемадзеяння розных культурных плыняў, якія былі ўласцівы гэтаму рэгіёну ў XVII—XVIII стст. як вынік яго актыўнага засялення рознымі этнасамі (аўтахтоннымі беларусамі, рускімі, украінцамі).

У ХIХ ст. в. Неглюбка была адным з буйнейшых паселішчаў Суражскага павета (каля 3000 жыхароў). У гэты час ішло актыўнае развіццё традыцыйнага Неглюбскага строю: мяняліся крой і тэхнікі аздаблення, пашыраўся арнаментальны фонд, з’яўляліся новыя прадметы адзення. Неглюбскі строй у гэты час дасягнуў вышэйшай ступені дасканаласці.

На працягу ХIХ — ХХ ст.ст актыўна развівалася і мастацкая традыцыя вырабу неглюбскіх ручнікоў, а таксама іншых прадметаў інтэр’еру. У 1930-я гады традыцыйнае спалучэнне чырвона-белага колеру ручнікоў узбагацілася ўвядзеннем у пераборныя арнаменты чорнага колеру, арнаментальны фонд значна павялічыўся за кошт з’яўлення новых узораў пераборнага ткацтва і пераводу ў новую тэхніку больш даўніх арнаментальных элементаў.

У ХХ ст. значна ўзбагаціўся інтэр’ер традыцыйнай вясковай хаты дзякуючы з’яўленню новых прадметаў, іх дэкаратыўнай распрацоўцы. У 1970-я гады склаўся своеасаблівы стыль неглюбскага інтэр'еру, які ўражвае сваёй яркасцю і радаснай урачыстасцю. Унікальнасць неглюбскай мастацкай традыцыі стала шырока вядомай у 1970-я гады, дзякуючы шэрагу буйных выстаў і культурных падзей. На Усесаюзнай выстаўцы-конкурсе майстроў народнага мастацтва, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння У. І. Леніна (Масква, 1970) экспанаваліся ў тым ліку і неглюбскія ручнікі (аўтары — Е. С. Барсукова, Т. Ф. Дзеранок, М. А. Прыходзька, Е. Я. Суглоб). З таго часу Неглюбка стала вядома як адметны цэнтр сучаснага ручнога ткацтва і вышыўкі. Выдатныя прыклады ўмельства неглюбскіх майстрых дэманстраваліся таксама ў Італіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Японіі, Бельгіі, Францыі, Канадзе, ЗША.

У сучасны перыяд тэкстыльная традыцыя в. Неглюбка захоўваецца мясцовымі жыхарамі, у асноўным жанчынамі. Сучасныя майстрыхі навучаюць малодшае пакаленне характэрным для неглюбскай традыцыі тэхналогіям у гуртках, арганізаваных пры Неглюбскім сельскім цэнтры ткацтва, у гуртку «Юныя ткачыхі» ў неглюбскай школе, у гуртку ткацтва Веткаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Прызнанне нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю[правіць | правіць зыходнік]

У 2016 г. Неглюбская народная тэкстыльная традыцыя па рашэнню Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю і ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштооўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр —33А0000089). У 2022 г. намініравана ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова (ЮНЕСКА) для разгляду ў 2024 г.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]