Палацава-паркавы ансамбль Ягмінаў (Вістычы)
Славутасць | |
Палацава-паркавы ансамбль Ягмінаў | |
---|---|
52°12′10″ пн. ш. 23°41′18″ у. д.HGЯO | |
Месцазнаходжанне | |
Архітэктурны стыль | ампір |
Архітэктар | Францішак Яшчалд |
Дата пабудовы | XIX стагоддзе |
Дата скасавання | 1920-я |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Палацава-паркавы ансамбль Ягмінаў — колішні палацава-паркавы ансамбль у в. Вістычы Брэсцкага раёна. Палац размяшчаўся каля р. Лясная.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У XV ст. Вістычамі валодалі нашчадкі роду Насутаў. У 1510 г. вёска належала Іллінічам. потым Масальскім, пазней Яну Юзафовічу, затым яго другой жонцы Ганне Катовіч. Пасля смерці мужа Ганна выйшла замуж за Юрыя Васільевіча Тышкевіча, ваяводу берасцейскага[1].
У 1678 г. Тышкевічы перанеслі кляштар ордэна цыстэрцыянцаў з Бучэмлі ў Вістычы і пабудавалі тут касцёл, які пасля паўстання 1863 года быў перабудаваны пад Крыжаўзвіжанскую праваслаўную царкву (захавалася)[1].
Пасля Тышкевічаў маёнтак у якасці пасагу перайшоў да Статкевічаў, затым Ягмінаў. Вядома, што заможны гаспадар Павел Ягмін (1747—1808) выкупіў у генерала Румянцава акрамя Вістычаў яшчэ і Пружаны. Ён займаў шэраг высокіх пасад, быў брэст-літоўскім вайсковым камісарам, кобрынскім маршалкам, віцэ-адміністратарам каралеўскіх сядзіб Брэсцкай эканоміі, актыўна ўдзельнічаў у паўстанні 1794 г. пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, атрымаў з рук караля ордэн Святога Станіслава, быў выкліканы ў Санкт-Пецярбург, перайшоў на царскую службу, за што яму было дазволена выкупіць Ліпаўскі і Чахецкі ключы, мястэчка Дзівін[1].
У першай палове XIX ст. Павел Ягмін пабудаваў у Вістычах палац[1].
Будучы бяздзетным Павел Ягмін запісаў Вістычы на сына роднага брата Каятана Паўла (1794—1865). За добрую службу на пасадзе брэсцкага маршалка імператар Аляксандр II уручыў Паўлу ордэн Святой Ганны. Жонка Канстанцыя Шастакова нарадзіла яму 18 дзяцей. Пасля смерці Паўла маёнтак перайшоў па спадчыне аднаму з яго сыноў Станіславу, які прадаў зруйнаваны ў Першую сусветную вайну палацава-паркавы ансамбль Феліцыі Тышкевіч[1].
У 1920-я гады палац быў поўнасцю разбураны пад час ваенных дзеянняў, пасля чаго не аднаўляўся[1].
Паводле праекта зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей аграгарадка Вістычы Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці ад 14.06.2022 № 31 тэрыторыя былой сядзібы ўвайшла ў другі ўчастак зоны аховы ландшафту. На тэрыторыі гэтага ўчастка забараняецца: узвядзенне будынкаў і збудаванняў; змяненне гістарычнага характару ландшафту і рэльефу; правядзенне работ па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі з ужываннем неўласцівых і дысануючых гістарычнаму асяроддзю матэрыялаў; пракладка падземных інжынерных сетак без аднаўлення добраўпарадкавання; высечка старых дрэў (узрост болей 80 гадоў), акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе адпаведнага заключэння: і санітарных рубак[2].
-
Разрэз палаца. 1928
-
План палаца. 1928
-
Бакавы фасад палаца. 1928
-
Палац у 1916 годзе
-
Галоўны фасад. 1928
-
Кафляная печ. 1928
-
Кафляная печ. 1928
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Палац з’яўляўся ўзорам архітэктуры ў стылі класіцызму ампірнага напрамку. Аўтарам праекта палаца і парку быў Францішак Яшчалд. Палац уяўляў сабой кампактнае прамавугольнае ў плане аднапавярховае збудаванне, узнятае на высокі падмурак, накрытае вальмавым дахам. У цэнтры галоўнага фасада меўся мансардавы паверх і прыстаўлены чатырохчленны порцік са ступеньчатым атыкам і балконам. Фасады вылучаліся строгай сіметрыяй, выразным рытмам прамавугольных акон[1].
Палац меў багаты інтэр’ер з дэкарыраванымі столямі, кафлянымі грубкамі, якія былі размаляваны геаметрычнымі фігурамі і кветкамі. У інтэр’еры вылучаліся вялікі салон і дзве залы[1].
У глыбіні парку існаваў павільён для гасцей, які называўся «Мураванка». Ён меў гладкія фасады з квадратнымі вокнамі, быў накрыты гонтавым дахам. Акрамя таго, на мясцовых могілках існавала фамільная капліца-пахавальня роду Ягмінаў[1].
Парк
[правіць | правіць зыходнік]Захаваліся рэшткі пейзажнага парку плошчай З га, паркавы павільён, каналы[1].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з і Вістычы // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х — XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — С. 47-48. — 336 с. — ISBN 985-6302-37-4.
- ↑ Праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей аграгарадка Вістычы Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці Архівавана 16 кастрычніка 2022.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Вістычы // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х — XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — С. 47-48. — 336 с. — ISBN 985-6302-37-4.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Палацава-паркавы ансамбль Ягмінаў (Вістычы)
- Палацава-паркавы ансамбль Ягмінаў (Вістычы) на сайце Глобус Беларусі (руск.)