Палац Радзівілаў (Паланечка)

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Палац Радзівілаў, Паланечка)
Jump to navigation Jump to search
Палацава-паркавы комплекс
Палац Радзівілаў
Belarus-Palanechka-Palace of Radzivil Family-1.jpg
53°20′39″ пн. ш. 26°15′30″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Вёска Паланечка
Архітэктурны стыль класіцызм
Дата пабудовы першая палова ХІХ стагоддзя
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000061шыфр 113Г000061

Палац Радзівілаў — палацава-паркавы ансамбль размяшчаны на левым беразе р. Змейка, прытоку р. Ушы, у в. Паланечка (Баранавіцкі раён). Помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва канца XVIII — 1-й паловы ХІХ стагоддзяў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Землі маёнтку належалі ў 1428 г. Ульяне Гальшанскай, жонцы вялікага князя літоўскага Вітаўта, у 1567 годзе маёнтак уласнасць С. Глябовіча, затым — роду Дусяцкіх-Рудамінаў, а з канца XVII ст. да 1939 г. Паланечка была ва ўласнасці магнацкага роду Радзівілаў, лініі «графаў на Шыдлоўцы».

Першым гаспадаром яе стаў князь Мацей Радзівіл (1749—1800), кашталян віленскі, знакаміты паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч і гарачы патрыёт Вялікага Княства Літоўскага, павенчаны з Эльжбетай з заможнага роду Хадкевічаў. Затым Паланечкай валодалі сын Мацея — Канстанцін (1793—1869), якога апекавалі да паўналецця Хадкевічы і які быў стваральнікам існуючага палаца. Канстанцін Радзівіл быў таксама надзвычай адукаваным чалавекам, узначальваў антыпрыгонніцкае Патрыятычнае Таварыства на Беларусі, быў звязаны з дзекабрыстамі Расіі, шмат здзейсніў для развіцця беларускай культуры.

Палац на малюнку Н. Орды

Вядома, што і пры Мацеі існаваў палац, але ампірны характар будынка сведчыць, што ён быў створаны ў першай палове ХІХ стагоддзя. Сын Канстанціна Мацей Юзаф Радзівіл (1842—1927) не жыў у Паланечцы, а ў Загжэ каля Варшавы, куды адвёз усе каштоўнасці палаца. На працягу некалькіх гадоў палац пуставаў да таго часу, калі ў ім пасяліўся сын Мацея Альберт Станіслаў Радзівіл (1858—1927), які нічога не змяняючы ў архітэктуры, аднавіў палац. У 1917 годзе палац моцна пацярпеў у час ваенных дзеянняў, пасля чаго не аднаўляўся. Альберт Станіслаў Радзівіл выехаў ў Амерыку, перапісаўшы сядзібу плямянніку Уладзіславу Радзівілу (1909 г.н.), павенчанаму з князёўнай Ганнай Марыяй Чартарыйскай. Яны былі апошнімі гаспадарамі Паланечкі. Пацярпеў палацава-паркавы ансамбль і ў 1943 годзе. Пасля вайны будынак быў адноўлены і прыстасаваны пад сярэднюю школу.

Палац у пач. XX стагоддзя

У 1777 годзе ў гасцях у Мацея Радзівіла ў Паланечцы пабываў расійскі сенатар і знакаміты сатырык Дз. Фанвізін, аўтар вядомага «Недоросля». Да Канстанціна Радзівіла ў Паланечку прыязджаў вядомы пісьменнік Уладзіслаў Сыракомля. У 1845 г. у маёнтку К. Радзівіла знаходзілася рэдакцыя часопіса «Народ і час», які выдаваў Я. Філіповіч. Выйшаў у 1845 г. толькі першы нумар гэтага часопіса, а потым ён перастаў існаваць. Пад час паўстання 1863—1864 гг. тут дзейнічалі атрады паўстанцаў.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Паланечкаўскі палацава-паркавы ансамбль пабудаваны ў І палове ХІХ ст.ў стылі ампір, у ІІ палове ХІХ стагоддзя аднаўляўся А. С. Радзівілам. Уключаў палац, капліцу-пахавальню, аранжарэю, уязную браму, млын, парк.

Палац[правіць | правіць зыходнік]

Неагатычны зімовы сад, 1920

Палац — характэрны ўзор забудовы гістарычнага сядзібна-паркавага ансамбля з рысамі архітэктуры позняга класіцызму. Мураваны палац мае сіметрычна-восевую трохчасткавую кампазіцыю. У цэнтры дамінуе двухпавярховы набліжаны у плане да квадрата будынак, да якога з бакоў далучаны галерэямі квадратныя ў плане аднапавярховыя флігелі-павільёны. Да паўднёва-заходняга павільёна ў другой палове XIX ст. прыбудаваны корпус зімовага сада (аранжарэя) у рэтраспектыўных формах готыкі (не захаваўся). Будынкі накрыты ярусна ўзнятымі пакатымі шатровымі дахамі. Цэнтральная частка галоўнага фасада вылучана плоскімі пілястрамі, дэкарыравана капітэлямі-гермамі (на 2-м паверсе) і завершана 3-вугольным франтонам (не захаваўся), на тымпане якога знаходзіўся ляпны герб Радзівілаў, увенчаны вянком. Аналагічныя апоры-гермы вызначалі рытм бакавых галерэй (не захаваліся). Плоскасныя фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, аздобленымі плоскімі ліштвамі з сандрыкамі на фігурных кранштэйнах і філёнгамі, размежаваны міжпаверхавымі паясамі.

Першапачатковая планіроўка значна зменена. Асновай унутранай нерэгулярнай планіроўкі з'яўлялася цэнтральная бальная люстэркавая зала. Да яе вяла парадная двухмаршавая лесвіца шырокага хола, у якім па баках былі два каміны (у далейшым замест сходаў зроблены бакавыя лесвічныя маршы); у бакавых павільёнах знаходзіліся жылыя і службовыя памяшканні.

Сучасны інтэр'ер палаца

Паводле сведчання Р. Афтаназі, «інтэр'еры вызначаліся хутчэй прастатой і добрым густам, чым багаццем дэталей…» Парадныя памяшканні другога паверха групаваліся вакол вялікага холу, абабітага грызайлевымі шпалерамі з выявамі грэчаскай архітэктуры і сцэн танцаў; побач змяшчаўся кабінет князя Канстанціна, з белым мармуровым камінам. Падлога была пакрыта арнаментаваным паркетам, які паўтараў узоры з каралеўскага замка ў Варшаве, на столях былі ўмацаваны ляпныя разеткі, на сценах — вялікія люстэркі ў залачоных рамах. Гаспадары мэблявалі пакоі ў стылі ампір і Людовіка XV. Пазней большасць мэблі і твораў мастацтва ў некалькі этапаў была перавезена гаспадарамі ў іншы маёнтак — Загжэ, адкуль, пад час апошняй вайны, трапіла ў Плоцк.

Бібліятэка[правіць | правіць зыходнік]

З успамінаў Э. Хлапіцкага, які наведаў сядзібу ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, «бібліятэка абстаўлена… проста і густоўна… у цэнтры стаяў стол, укрыты зялёным сукном, а на ім мапы, глобусы, калекцыя гравюр і медалёў…» (медалі былі бронзавыя ў залачоных рамках, з выявамі каралёў Рэчы Паспалітай; зніклі з сядзібы ў 1917 г.). Тут таксама размяшчалася маляванае на палатне генеалагічнае дрэва Радзівілаў. У капліцы меўся абраз Божай Маці, здабыты Янам III пад Венай, які потым быў перададзены ў капліцу Нясвіжскага замка і драўляны крыж «часоў ранняга хрысціянства», прывезены з іерусалімскіх храмаў у 1584 годзе. У зборы мастацкіх твораў знаходзіўся партрэт маладога Каперніка пэндзля італьянскага Габрыэля Матэі і габелен «Наданне Мікалаю Радзівілу княжацкай годнасці імператарам Карлам V у 1547 годзе» памерам 1,5х0,75 м з карэліцкіх ці мірскіх майстэрань. Сямейных партрэтаў у галерэі налічвалася 38, па вызначэнні таго ж Э. Хлапіцкага, «сярэдняга майстэрства». Навейшыя і найлепшыя вобразы належалі пэндзлю таленавітых мастакоў XVIII—XIXст. — М. Бачарэлі, 4 партрэты работы Я. Хр. Лампі, Ю. Пешкі, Я. Рустэма і адна пастэль А. Латура. У бібліятэцы змяшчалася каля 4000 тамоў унікальнага кнігазбору.

Парк[правіць | правіць зыходнік]

Парк

Палац акружаў вялікі парк пейзажна-рэгулярнай планіроўкі, які складаўся з дзвюх частак. Пейзажная частка (з сажалкай) размешчана перад палацам на чатырох тэрасах, якія з невялікімі перападамі спускаліся да ракі. Верхняя прамавугольная тэраса, умацаваная падпорнымі сценкамі, па перыметры была абсаджана таполяй чорнай пірамідальнай. На газоне перад палацам існаваў сонечны гадзіннік. Алея па падоўжанай восі палаца ішла праз парк да капліцы-пахавальні заснавальніка сядзібы Канстанціна Радзівіла. Перад палацам стаяла ўяздная мураваная брама з вазамі, выкананая ў стылі ампір. За палацам быў разбіты рэгулярны «французскі» парк са шпалерамі і баскетамі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён. Мінск, Белта, 2000, стар. 637—639,716-718.
  • Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік, Мінск 1993, стар. 378—379.
  • Несцярчук Л. М. Палацы, паркі, замкі Баранавіцкага раёна. Гісторыя, стан, перспектывы. Брэст, 1999, стар. 42-45.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, том 5,Мінск 1999, стар. 380—381.
  • Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im. Ossolinskich Wyd-wo, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 2. Województwa brzesko-litewskie, nowogródzkie. — 474 s.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]