Пахары

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пахары
(पहाड़ी)
Жанчыны з Кашміру (канец XIX ст.)
Агульная колькасць 9 млн
Рэгіёны пражывання  Непал
 Індыя
Мова пахарыйскія мовы
Рэлігія індуізм, іслам
Блізкія этнічныя групы кумаоні, гархвалі, кхас

Пахары (саманазва: पहाड़ी, літаральна «жыхары пагоркаў») — індаарыйскі народ у Гімалаях. Жывуць на поўначы поўначы Індыі і ў Непале. Агульная колькасць (2022 г.) — каля 9 млн чалавек.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Слова пахары можа азначаць любога горца, незалежна ад яго этнічнай прыналежнасці. Але звычайна так называюць толькі горцаў індаарыйскага паходжання, якія моўна адрозніваюцца ад суседдзей, што гутараць на дардскіх і сіна-тыбецкіх мовах. Назва пахары прыйшла звонку. Самі пахары часцей карыстаюцца назвамі сваёй мясцовасці і, асабліва ў Кумаоне і Непале, назвамі сваёй рэлігійнай або каставай групы.

Лічыцца, што пахары паходзяць ад розных груп індаарыйцаў, якія з ведычнага перыяда да позняга сярэднявечча па розных прычынах мігрыравалі ў Гімалаі. Тым не меней, яны маюць пэўнае культурнае і лінгвістычнае падабенства.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўны традыцыйны занятак — сельская гаспадарка. Распаўсюджана земляробства на штучна тэрасаваных схілах. Вырошчваюць рыс, ячмень, проса, тытунь, садавіну, гародніну, опіумны мак і г. д. Трымаюць буйвалаў, кароў, коз, авечак. Асаблівасцю пахары з'яўляецца тое, што зямля звычайна належыць прадстаўнікам вышэйшых каст брахманаў і кшатрыяў. Яны самі апрацоўваюць палеткі, прыцягваюць да працы прадстаўнікоў ніжэйшых каст толькі ў выключных абставінах. Тым не меней, землеўласнікі шчыльна звязаны з ніжэйшымі кастамі гандляроў і рамеснікаў, сем'і якіх выступаюць у якасці іх кліентаў. Нават у нашы дні разлікі часта адбываюцца не на аснове грашова-рынкавых адносін, а дзякуючы абмену паслугамі. Пры гэтым ніжэйшыя касты часцей трапляюць у пазыковую залежнасць. Жанчыны працуюць нароўні з мужчынамі. Апошнія бяруць на сябе найбольш складаныя клопаты — апрацоўку глебы плугам, будаўніцтва тэрас і каналаў, вырубку лесу і інш.

Пахары жывуць у адносна невяліких вёсках з насельніцтвам меней за 350 чалавек. Вёскі будуюць на адкрытых схілах гор у месцах з надзейнымі крыніцамі пітной вады. Узводзяць чатырохкутныя выцягнутыя хаціны з камянёў і гліны. Жытло часта мае болей за 1 паверх. Дахі крыюць каменнай або драўлянай дахоўкай. Для абароны ад землятрусаў сцены ўмацоўваюць тоўстымі бярвеннямі. Характэрная ўнутраная асаблівасць — вялікія гасцёўні тыбары. У іх прымаюць наведвальнікаў. Астатнія пакоі адчынены толькі для чальцоў сям'і. Землеўласнікі часцяком будуюць маленькія хаціны чаан каля палеткаў або ў якасці летняга жытла, якое знаходзіцца вышэй ў гарах, і такім чынам абмінаюць спякоту.

Грамадства падзялена на замкнёныя касты. Яны маюць пэўную прафесійную спецыялізацыю, але з-за вялікай колькасці прадстаўнікоў вышэйшых каст (у некаторых раёнах кшатрыі складаюць ад 75% да 90% насельніцтва) іх рэчаісная спецыялізацыя не магчыма. Касты падзяляюцца на экзагамныя роды, дзе адлік сваяцтва вядзецца выключна па мужчынскай лініі. Роды ўключаюць пашыраныя сем'і. Апошнія ўтвараюцца з прадстаўнікоў некалькіх пакаленняў. Часцяком браты пасля смерці бацькі працягваюць жыць разам з-за недахопу зямлі або з-за патрэбы ва ўзаемнай дапамозе. Сярод заходніх пахары сустракаецца паліандрыя, калі некалькі братоў жэняцца на адной жанчыне. Нярэдкія выпадкі палігініі, калі некалькі сясцёр выбіраюць аднаго мужа.

У адрозненні ад іншых рэгіёнаў Паўднёвай Азіі пасагі амаль не распаўсюджаны. Затое сярод прадстаўнікоў пэўных каст практыкуецца выкуп за нявесту. Хаця галоўным у сям'і лічыцца мужчына, жанчыны пахары маюць дастаткова высокі сацыяльны статус, карыстаюцца правамі на развод і шлюб у выніку ўдоўства. Дзяцей кормяць матчыным малаком да 3, а часам і да 5 гадоў. З-за пашыранасці дзіцячай працы пахары часта абмяжоўваюцца толькі пачатковай адукацыяй.

Прадстаўнікі ніжэйшых каст пахары вядомы як выдатныя разьбяры, ювеліры і музыкі. Народныя святы звязаны з культавым штогадовым цыклам.

Мовы[правіць | правіць зыходнік]

Пахары размаўляюць на заходняй і ўсходняй пахарыйскіх мовах. Яны ў сваю чаргу падзяляюцца на шматлікія дыялекты. Пісьмовасць часцей на аснове дэванагары.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць вернікаў спавядае індуізм. Акрамя агульнага індуісцкага пантэона, часцяком шануюць мясцовых багоў, якія абвяшчаюцца аватарамі Шывы, Дургі, Лакшмі, Брахмы і г. д. Распаўсюджаны хатні культ продкаў. Асаблівая пашана надаецца героям «Махабхараты». Яны разглядаюцца як продкі вышэйшых каст. Так, заходнія пахары тлумачаць паліандрыю як звычай, які існаваў у іх з часоў Пандаваў. Разам з брахманамі — служкамі храмаў, існуюць прадракальнікі, астролагі, экзарцысты і лекары, што могуць належыць да любой касты.

Іслам распаўсюджаны значна радзей, чым індуізм. Прычым, многія мусульмане — прыхільнікі суфізму.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]