Паягуа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Паягуа
(Evueví)
Малюнак пачатку XIX ст. ст.
Агульная колькасць 0
Рэгіёны пражывання Парагвай
Мова паягуа
Рэлігія анімізм
Блізкія этнічныя групы іншыя гуайкуру

Паягуа́ (ісп.: Payaguá, саманазва: Evueví «людзі вады») індзейскі народ, тубыльцы ракі Парагвай. Ад назвы паягуа паходзіць як найменне самой ракі, так і сучаснай краіны Парагвай.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першыми еўрапейцамі, якія сутыкнуліся з паягуа ў 1528 г., былі чальцы іспанскай экспедыцыі Себасцьяна Кабата. Відавочна, назва паходзіць ад гуаранійскага слова Mbayáguá («паўднёвыя гуайкуру»). Самі паягуа называлі сябе Evueví («людзі вады»). Да каланізацыі паягуа насялялі берагі ракі Парагвай, перамяшчаліся па ёй на лодках, займаліся збіральніцтвам і рыбалоўствам, рабілі напады на паселішчы гуарані. Па прыкладных падліках іх колькасць у пачатку каланізацыі была 6 000 чалавек.

Пасля заснавання Асунсьёна ў 1537 г. іспанская каланіяльная адміністрацыя імкнулася ператварыць раку Парагвай у частку гандлёвага шляху паміж Патасі і ўзбярэжжам Атлантычнага акіяна, аднак сутыкнулася з супраціўленнем паягуа. Езуіты, што засноўвалі місіі сярод гуарані, таксама скардзіліся на тое, што рачныя жыхары рабуюць судны з таварамі. Поспеху паягуа садзейнічаў саюз, які яны заключылі з паўночнымі гуайкуру. Тыя асвоілі конегадоўлю і рабілі напады на іспанцаў і гуарані на сушы. У 1618 г. кароль Іспаніі загадаў весці вайну супраць паягуа, пры гэтым палонных індзейцаў дазвалялася ператвараць у рабоў. Нягледзячы на тое, што іспанскія экспедыцыі супраць паягуа мелі месца на працягу ўсяго XVII ст., асаблівых поспехаў яны не прынеслі.

У 1730 г. губернатар Асунсьёна пачаў палітыку прымірэння рачных індзейцаў, ім дазвалялася гандляваць з гарадскімі жыхарамі. Паягуа сталі рабіць напады на больш багатыя партугальскія паселішчы ў вярхоўях Парагвая, а нарабаванае збываць у Асунсьёне. Аднак будаўніцтва партугальцамі ўмацаванняў зрабіла ваенныя паходы на поўнач надзвычай небяспечнымі. Да таго ж у 1760-я гг. паўночныя гуайкуру перайшлі на партугальскі бок. Паягуа былі вымушаны задавальняцца іспанскім сектарам ракі, для асабістага выжывання забяспечваць асунсьёнцаў рыбай і дровамі. У 1766 г. адзін з правадыроў звяртаўся да партугальскіх місіянераў з запытам аб перасяленні ў Белен, але сустрэчнае патрабаванне адмовіцца ад вольнага перамяшчэння па рэках і прыняць хрысціянства астудзіла патэнцыяльных перасяленцаў.

У XIX ст. колькасць паягуа рэзка скарацілася з-за наступстваў папярэдніх войнаў, эпідэмій і алкагалізму. У 1865 г. іх засталося каля 500 чалавек. Улады незалежнага Парагвая наймалі паягуа для аховы мяжы ўздоўж рэк. Падчас вайны 18641870 гг. было нават створана асобнае ваеннае фарміраванне паягуа. Паражэнне ў вайне прывяло да вялізарных чалавечых страт. У 1878 г. у Парагваі заставалася 17 прадстаўнікоў гэтага народа. Канчатковае знікненне паягуа адбылося ў 1943 г., калі памерла апошняя прадстаўніца Марыя Дамінга Міранда.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Правадыр паягуа, узброены лукам. 1862 г.

Жыццё паягуа было шчыльна звязана з ракой Парагвай. Яны залежалі ад сезонных разліваў, паводак, прыбярэжнай прыроды. Лодкі індзейцаў уяўлялі сабою доўгія кадаўбы, хаця часам яны выраблялі малыя для індывідуальнай рыбалкі. Для іх майстравання патрабаваліся высокія і шырокія дрэвы, гаі якіх знаходзіліся пераважна ў вярхоўях ракі. Акрамя таго, лоў рыбы адбываўся ў пэўных месцах з досіць празрыстай вадою, так што сталыя перамяшчэнні ўздоўж рэчышча былі абавязковымі. Рыбу лавілі з дапамогай невялікіх сетак, якія чаплялі да жывата. Рыбалоў бачыў з лодкі вялікую рыбіну, ныраў за ёю і цягнуў у лодку або на бераг з дапамогай сеткі. Пасля выцягвання рыбіну глушылі кіям або булавой. Рыбін, што з'яўляліся на паверхні, білі стрэламі або гарпунамі.

Багатая рачная фаўна дазваляла паспяхова паляваць на птушак, кракадзілаў, змей, аленяў і капібар. На берагах збіралі мёд дзікіх пчол, плады ражковага дрэва, пальмавыя валокны і інш. З насення ражковага дрэва выраблялі аладкі, якія спажывалі з рыбай і мясам. З мёду гатавалі алкагольны напой. Сярод звычайнага харчу, што ўжывалі паягуа, былі кукуруза і маніёк. Аднак рачныя індзейцы іх не вырошчвалі, а здабывалі з дапамогай абмену або нападаў на гуарані і аравакаў.

Менавы гандаль уздоўж ракі набыў асаблівую важнасць у перыяд каланізацыі. Дзякуючы яму паягуа атрымоўвалі еўрапейскія тавары, у тым ліку жалеза, агнястрэльную зброю і ўпрыгожванні. Гэта абумовіла іх імкненне захоўваць гандлёвую манаполію і атакаваць гандлёвыя судны іспанцаў, езуітаў і партугальцаў. Характэрна, што ў адной з мірных дамоў XVIII ст. з партугальскімі пасяленцамі ў вярхоўях Парагвая паягуа патрабавалі даніну золатам і чорнымі рабамі, якіх маглі потым перапрадаць у Асунсьёне.

Рамяство не вылучалася ў якасці асобнага занятку. Паягуа выдатна апрацоўвалі драўніну, выраблялі з яе лодкі, вёслы, лукі. Пляценне валокнаў дазваляла мець кошыкі, простыя тканіны і гароты. Вырабам керамікі займаліся жанчыны. Іспанцы апісвалі іх пасудзіны як дрэнна абпаленныя, але вельмі размаляваныя. Керамічныя вырабы выкарыстоўвалі ў гаспадарцы, а таксама клалі іх у магільню пры пахаванні нябожчыкаў.

Перамяшчэнні ўздоўж ракі вымушалі паягуа будаваць часовыя паселішчы, звычайна ў вусцях прытокаў або ў пратоках. Жытламі з'яўляліся навесы, якія крылі трыснягом. Трыснёг таксама выкарыстоўвалі замест сцен для захілення ад ветру. Пад адным навесам спалі ад 15 да 20 чалавек. Пры перамяшчэнні далей па рацэ слупы для навесаў клалі ў лодкі. Відавочна, для пабудовы часовых жытлаў выкарыстоўвалі толькі пэўныя месцы, абароненыя з боку сушы гаямі або балотамі. Там ствараліся сховішчы для прыпасаў. У XVII ст. іспанцы, што вялі ваенныя дзеянні супраць рачных індзейцаў, рабілі шмат высілкаў у пошуках такіх сховішчаў.

Галоўнай сацыяльнай адзінкай былі вандроўныя калектывы да 20 чалавек. Яны маглі аб'ядноўвацца падчас супольных святаў або для арганізацыі ваенных дзеянняў. Сярод паягуа вылучаўся пласт правадыроў, аднак не вядомв ці перадаваўся іх тытул па спадчыне. Паягуа верылі ў існаванне духаў прыроды і замагільнае жыццё. Езуіты XVIII ст. апісалі паягуанскія могілкі, дзе няблжчыкаў памяшчалі седзячы ў неглыбокія яміны, куды таксама клалі прыпасы і пасудзіны. У сярэдзіне XIX ст. нават нехрышчоныя паягуа, што жылі каля Асунсьёна, хавалі нябожчыкаў на хрысціянскіх могілках.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова паягуа адносіцца да галіны гуайкуру моўнай сям'і матака-гуайкуру. Яна не была пісьмовай, аднак некаторыя словы і выразы захаваліся дзякуючы запісам іспанцаў і партугальцаў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]