Прытча аб Добрым Пастыры

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Выява Добрага Пастыра ў катакомбах Рыма

Прытча аб Добрым Пастыры — адна з прытчаў Ісуса Хрыста. Апавяданне пра прытчу размешчана ў Евангеллі ад Яна 10:1-21, дзе Ісус паказаны як Добры Пастыр, які аддае Сваё жыццё за авечак. Падобная ж выява выкарыстоўваецца ў Псальме 23. Тэма Добрага Пастыра паўторна з’яўляецца ў чатырох Евангеллях, у спасылках на Ісуса, Які не дазволіць загінуць ніводнай з Яго авечак. Вобраз Добрага Пастыра быў вельмі папулярным у раннім хрысціянскім мастацтве.

Біблейскае апавяданне[правіць | правіць зыходнік]

Апавяданне пра Добрага Пастыра размешчана ў Ян. 10:11-18:

Я — Пастыр Добры: Пастыр Добры аддае жыццё сваё за авечкі; а найміт, не пастыр, якому авечкі не свае, бачыць, як воўк падыходзіць, і пакідае авечкі і ўцякае, і воўк рабуе авечкі і разганяе іх; а найміт уцякае, бо найміт і не дбае пра авечкі. Я — Пастыр Добры, і ведаю Маіх, і Мае ведаюць Мяне: як Айцец ведае Мяне, так і Я ведаю Айца, і жыццё Маё кладу за авечкі. Ёсць у Мяне і іншыя авечкі, якія не з гэтай кашары, і тых трэба мне прывесці: і яны пачуюць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін Пастыр. За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё Маё, каб зноў прыняць яго; ніхто не адбірае яго ў Мяне, а Я Сам аддаю яго: маю ўладу аддаць яго і ўладу маю зноў прыняць яго; такі наказ атрымаў Я ад Айца Майго.

Тэма пастыра была вельмі знаёмая слухачам Ісуса. Іудзея ў той час была пераважна аграрнай краінай, жывёлагадоўля займала цэнтральнае месца ў эканоміцы краіны. Праца пастуха (ці пастыра) была даволі цяжкай і адказнай, ён праводзіў у палях цэлыя тыдні. Праца была разам з тым і небяспечнай, пастух быў павінен абараніць свой статак ад драпежных жывёл, а таксама ад рабаўнікоў. Калі хтосьці са статка губляўся, то пастух нёс за гэта адказнасць, таму ён прыкладаў вялізныя намаганні, каб знайсці згубленую авечку. Калі статак быў невялікі, то адносіны да кожнай авечкі былі падобныя сямейным. Не звычайна, што тэма Добрага Пастыра шмат разоў паўтараецца ў Евангеллях. Вобраз Добрага Пастыра быў настолькі пашыраным, што некаторыя даследчыкі лічаць, што Добры Пастыр — гэта хутчэй метафара, чым прытча.

У мастацтве[правіць | правіць зыходнік]

Добры Пастыр, Маўзалей Галы Плацыдзіі

Вобраз Добрага Пастыра з’яўляецца найбольш распаўсюджаным з сімвалічных уяўленняў Хрыста, знойдзеных у раннім хрысціянскім мастацтве ў катакомбах Рыма. Выявы звычайна паказваюць маладога чалавека, які нясе ягня прама на шыі. Тым не менш, вобраз пастуха быў папулярным і ў паганскім мастацтве, таму часта немагчыма дакладна сказаць, ці меў вобраз хрысціянскае значэнне. З V стагоддзя ён становіцца звычайнай выявай Хрыста, у тым ліку ён размешчаны на мазаіцы апсіды ў царкве Санці-Косма-э-Даміяна ў Рыме або ў Равене. Выявы Добрага Пастыра часта ўключаюць у сябе авечак на плечах, як і ў прытчы аб аблуднай авечцы, змешчанай у Евангеллі ад Лукі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]