Прытча аб добрым Самараніне
Прытча аб добрым ці Міласэрным Самараніне (або Самарыцяніне) — адна з найбольш вядомых прытчаў Ісуса Хрыста. Прытча згадваецца толькі ў адным з Евангелляў Новага Запавету. Паводле Евангелля ад Лукі 10:29-37, аднаго падарожніка (невядома, яўрэя ці не) збілі, абрабавалі і пакінулі напаўмёртвым ля дарогі. Спярша святар, а затым і лявіт пайшлі далей і пакінулі гэтага чалавека. Нарэшце тым шляхам ішоў Самаранін. Нягледзячы на тое, што самарыцяне і яўрэі варагавалі, Самаранін дапамагае параненаму.
Ісус расказаў прытчу ў адказ на пытанне «хто мой блізкі?», якога, згодна з Лявіт 19:18, трэба было любіць. Апісанне самарыцяніна ў станоўчым святле прыносіла нейкі шок для слухачоў Ісуса.
Некаторыя даследчыкі, такія як Аўгусцін, інтэрпрэтавалі прытчу алегарычна: Самаранін прадстаўляе Ісуса Хрыста, Які выратоўвае грэшную душу. Іншыя ж разглядаюць яе як алегорыю, якая ілюструе этыку Ісуса.
Прытча натхніла на тварэнне шматлікіх твораў жывапісу, скульптуры, паэзіі і кінематографу. У паўсядзенным жыцці фраза «Добры самарыцянін», якая паходзіць з прытчы, азначае чалавека, які дапамагае незнаёмым; многія бальніцы і дабрачынныя арганізацыі носяць імя Добрага самарыцяніна.
Біблейскае апавяданне
[правіць | правіць зыходнік]Прытча мае наступны змест:
На гэта сказаў Ісус: нейкі чалавек ішоў з Ерусаліма ў Ерыхон і нарваўся на разбойнікаў, якія знялі з яго вопратку, паранілі яго і пайшлі, пакінуўшы яго ледзь жывога. З нагоды нейкі святар ішоў тою дарогаю і, убачыўшы яго, прайшоў міма. Гэтак сама і лявіт, быўшы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. А нейкі Самаранін, праязджаючы, знайшоў яго і, убачыўшы яго, пашкадаваў, і падышоўшы, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном; і, пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз яго ў гасцініцу і паклапаціўся пра яго; а на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў гаспадару гасцініцы і сказаў яму: паклапаціся пра яго; і калі патраціш больш, я, калі вярнуся, аддам табе.
Гэтая прытча была расказана ў якасці адказу на пытанне пра Найвялікшую запаведзь:
І вось, адзін законнік устаў і, спакушаючы Яго, сказаў: Настаўнік, што мне рабіць, каб успадкаваць жыццё вечнае? А Ён сказаў яму: у законе што напісана? як чытаеш? Той сказаў у адказ: «палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцай тваёю, і ўсім разуменнем тваім, і блізкага твайго, як самога сябе». Ісус сказаў яму: слушна ты адказваў; так рабі і будзеш жыць. Але той, хочучы апраўдацца, сказаў Ісусу: а хто мой блізкі?
Гістарычны кантэкст
[правіць | правіць зыходнік]Дарога з Іерусаліма ў Іерыхон
[правіць | правіць зыходнік]У часы Ісуса шлях з Іерусаліма ў Іерыхон быў сумна вядомы сваёй небяспекай і цяжкасцю, яго часта называлі «Шляхам Крыві», таму што там часта нападалі разбойнікі. Марцін Лютэр Кінг у сваёй вядомай прамове «Я пабываў на вяршыні гары», за дзень да сваёй смерці, апісаў дарогу наступным чынам:
Я памятаю, калі місіс Кінг і я былі першы раз у Іерусаліме. Мы арандавалі аўтамабіль і паехалі з Іерусаліма ў Іерыхон. І як толькі мы апынуліся на гэтым шляху, я сказаў маёй жонцы: «Я магу зразумець, чаму Ісус выкарыстаў гэты шлях у якасці месца для сваёй прытчы». Гэта звілістая, вельмі звілістая дарога. Яна сапраўды спрыяе для засады. Вы пачынаеце шлях у Іерусаліме на вышыні каля тысячы двухсот метраў над узроўнем мора [на самай справе каля 640 метраў]. А калі вы прыходзіце ў Іерыхон праз пятнаццаць ці дваццаць хвілін, вы ўжо на вышыні дваццаці двух футаў [7 м] ніжэй за ўзровень мора [на самой справе 846 футаў (258 м) або 258 метраў]. Гэта небяспечны шлях. У дні Ісуса ён стаў вядомы як «Крывавы Шлях». І вы ведаеце, што гэта магчыма, што святар і лявіт паглядзелі ў бок гэтага чалавека на зямлі і палічылі, што рабаўнікі былі ўсё яшчэ навокал. А магчыма, што яны адчувалі, што чалавек на зямлі толькі прыкідваўся, што ён быў абрабаваны і пабіты, каб прыманіць іх там, прывабіць іх туды для хуткага і лёгкага захопу. І так першае пытанне, якое задаў святар, і першае пытанне, якое задаў Лявіт, было: «Калі я спынюся, каб дапамагчы гэтаму чалавеку, што будзе са мной?»
Але калі Добры самарыцянін прыехаў, ён паставіў пытанне па-іншаму: «Калі я не спынюся дапамагчы гэтаму чалавеку, што будзе з ім?»
Самарыцяне і Ісус
[правіць | правіць зыходнік]Яўрэі, якія былі мэтавай аўдыторыяй Ісуса, ненавідзелі самарыцян да такой ступені, што фраза законніка: «той, які зрабіў яму міласць», — паказвае на нежаданне нават назваць самарыцяніна. Самарыцяне, у сваю чаргу, ненавідзелі яўрэяў. Гэтая напружанасць была асабліва высокай у першыя дзесяцігоддзі першага стагоддзя, таму што самарыцяне апаганілі яўрэйскі Храм на Вялікдзень чалавечымі косткамі.
Самарыцяне з’яўляюцца ў іншым месцы ў Евангеллях. У Евангеллі ад Лукі Ісус ацаляе дзесяць пракажоных, і толькі адзін з іх, самарыцянін, вяртаецца, каб падзякаваць Ісусу (Лк. 17:11-19). У Лукі 9:51-56 апісваецца сітуацыя, калі да Ісуса ў Самарыі паставіліся варожа. У Евангеллі ад Яна Ісус вядзе працяглы дыялог з самарыцянкай, і многія самарыцяне паверылі ў Яго. У Евангеллі ад Матфея Ісус, тым не менш, павучае сваіх вучняў не прапаведаваць у паганскіх або самарыцянскіх гарадах (Матф. 10:5-8). У Евангеллях, наогул, хоць Ісус і не прапаведаваў непасрэдна для Самарыцян, але ніколі не казаў грэбліва пра іх.
Святары і лявіты
[правіць | правіць зыходнік]У часы Ісуса кантакт з трупам лічыўся апаганьваннем. Святары былі асабліва заклапочанымі, каб пазбегнуць нячыстасці. Святар і лявіт тады ўжо, можа, выказалі здагадку, што ляжачы падарожнік ужо быў мёртвы, і таму прайшлі міма, каб трымаць сябе рытуальна чыстымі. Праходзячы міма, яны маглі пазбягаць праверкі «ці ён быў жывым ці мёртвым»: калі б ён быў мёртвым, яны б апаганіліся; калі б жывым, то меў бы патрэбу ў дапамозе.
Выкарыстанне імя
[правіць | правіць зыходнік]Прадпісанне «пайсці і зрабіць тое ж самае» прывяло да таго, што імя «добрага самарыцяніна» часта выкарыстоўваецца ў назвах бальніц, такіх як медыцынскі цэнтр «Добры самарыцянін» кампаніі Legacy ў Портлендзе, штат Арэгон.
Тэрмін «добры самарыцянін» выкарыстоўваецца ў якасці агульнай метафары, слова прымяняецца да любога дабрачыннага чалавека, асабліва таго, хто, як чалавек у прытчы, ратуе жывучага ў нястачы незнаёмца або дапамагае яму.
Імя «Добры самарыцянін» было выкарыстана для шэрагу дабрачынных арганізацый, у тым ліку Самарыцяне, Кашалёк самарыцяніна, Сёстры добрага самарыцяніна і Самарыцянскія сябры Ганконгу. Назва шырока выкарыстоўваецца для наймення бальніц па ўсім свеце. У шэрагу штатаў ЗША існуюць Законы добрага Самарыцяніна, якія заахвочваюць тых, хто аказвае дапамогу, і дапамагаюць тым, якія апынуліся ў бядзе.
У мастацтве
[правіць | правіць зыходнік]Прытча была адной з самых папулярных у сярэднявечным мастацтве. Яе алегарычнае тлумачэнне часта ілюструецца выявай Хрыста ў якасці Добрага самарыцяніна. Хрыста часта суправаджаюць анёлы. У некаторых праваслаўных абразах Хрыстос паказваецца як Добры самарыцянін з німбам, які нясе крыж.
Прытча адлюстравана на мастацкіх малюнках Рэмбрандта, Яна Війнантса, Вінцэнта ван Гога, Эме Маро, Даменіка Феці, Ёгана Карла Лота, Георга Фрэдэрыка Воттса, і Джакама Конці. Скульптары Піт Эссер і Франсуа-Леон Сісарт зрабілі кампазіцыі, прысвечаныя прытчы.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Прытча аб добрым Самараніне