Пятрусь Макаль

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Пятрусь Макаль
Пятрусь Макаль.jpg
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння: 25 жніўня 1932(1932-08-25)
Месца нараджэння:
Дата смерці: 1996
Месца смерці:
Альма-матар:
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці: драматург, перакладчык, паэт
Валодае мовамі: беларуская
Мова твораў: беларуская

Пятрусь Макаль (25 жніўня 1932, в. Крушыняны, цяпер Беластоцкае ваяводства, Польшча — 31 жніўня 1996) — беларускі паэт, драматург, перакладчык.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. З 1944 разам з сям'ёй жыў вёсцы ў Саратаўскай вобл., у 1946 разам з маці пераехаў у Гродзенскую вобл., дзе скончыў сямігодку. У 1947 паступіў у Гродзенскі будаўнічы тэхнікум, але правучыўся 2 гады. Скончыў Гродзенскі педагагічны інстытут (1953). Працаваў супрацоўнікам абласной газеты «Гродзенская праўда». Служыў у Савецкай Арміі (1954—1956). Працаваў рэдактарам аддзела культуры і навукі часопіса «Маладосць» (1957—1960), вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах пры СП СССР (1960—1962). Потым працаваў загадчыкам аддзела літаратуры ў газеце «Літаратура і мастацтва» (1962—1963), рэдактарам рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры БССР (1965—1966), памочнікам галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача (1966—1975). З 1975 — літкансультант СП БССР. З 1978 — старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». У 1980—1983 — рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Маладосць». З 1983 на творчай рабоце. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1953).

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Дэбютаваў вершам у 1949 (газета «Гродзенская праўда»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Першы след» (1955), «Вятрам насустрач» (1958), «Вечны агонь» (1960), «Круглы год» (1964), «Акно» (1967), «Вершы» (выбранае, 1968), «Дотык да зямлі» (1975), «Поле» (1978), «Заручыны» (выбранае, 1979), «Смак яблыка» (1981), «Калыска долі» (1984), «Асенняя пошта лістоты» (1987), «Азбука любві» (1989), «Лагода» (1992), «Твар і душа» (1995). Для дзяцей выдаў кніжкі «Хлопчык будзіць сонца» (1966), «Песня згоды» (вершы, паэмы, казкі, 1983), «Чарадзейная скарбонка» (вершы, казкі, загадкі, 1987), «Я гатую абед» (паэма, 1989). У 1982 выйшлі Выбраныя творы ў 2-х тамах. Творы П. Макаля перакладзеныя на англійскую, нямецкую, іспанскую, польскую і інш. мовы.

Імкненне раскрыць духоўную змястоўнасць і складанасць жыцця, багацце перажыванняў сучасніка — асноўнае ў паэзіі П. Макаля. Ёй уласцівы метафарычна асацыятыўная вобразнасць, алегарычнасць, выкарыстанне сродкаў іроніі і сатыры.

У сааўтарстве з А. Вольскім напісаў п'есы «За лясамі дрымучымі» (1959, 1961, пастаўлена ў 1958) і «Марынка-крапіўніца» (пастаўлена ў 1963). Аўтар п'ес «Адчыніце, казляняткі!» (1972, пастаўлена ў 1970), «Дай вады, калодзеж!» (1974, паста ўлена ў 1971), «На ўсіх адна бяда» (1977, пастаўлена ў 1976), усе яны напісаны ў вершах паводле фальклорных матываў і ставіліся Беларускім рэспубліканскім тэатрам юнага гледача і іншымі тэатрамі краіны. Таксама аўтар лібрэта араторыі «Запрашэнне ў краіну маленства» (музыка Я. Глебава, 1974).

Займаўся перакладамі са славянскіх моў. Пераклаў зборнік сучаснай славацкай паэзіі «Татры пяюць» (1976), зборнік вершаў М. Валека «Крылы» (1978), А. Шасцінскага «Помню і люблю» (1978) і інш.

Прэміі і ўзнагароды[правіць | правіць зыходнік]

  • Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А. Куляшова (1980) за зборнік паэзіі «Поле»
  • Дзяржаўная прэміі БССР імя Янкі Купалы (1984) за зборнік «Смак яблыка».
  • Медалі

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Выбраныя творы Т. 1—2. — Мн., 1982.
  • Лагода: (вершы) / Пятрусь Макаль. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1992. — 399 с.
  • Выбранае. — Мн., 1994.
  • Твар і душа: (паэзія) / Пятрусь Макаль. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1995. — 174 с.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
  • Драздова З. У. Пятрусь Макаль / Драздова З. У. // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: у 4 т. (навук. рэд. У. В. Гніламёдаў, С. С. Лаўшук). — Мн., 2002. Т.4., кн.1. С. 466—489.
  • Макаль Пятрусь // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.
  • Макаль Пятрусь // Бел. энцыкл. : у 18 т. — Мн., 1998. Т. 9. С. 527.