Пячэрск (Магілёў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Прадмесце Пячэрск на карце 1861 года, выпраўленай па рэкагнасцыроўцы 1869 года

Пячэрск  — прадмесце Магілёва, размешчанае на паўночны захад ад гістарычнага цэнтра, на Дубравенцы, каля Пячэрскага лесапарку.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

План межавання Пячэрскага маёнтка Георгія Каніскага. 1784

Пячэрскі «двор» існаваў ужо прынамсі ў сярэдзіне XV ст. і належаў князю Андрэю Уладзіміравічу[1], які даваў мясцовасць у часовае трыманне Кіева-Пячэрскаму манастыру пра што сведчыць назва «двара». Пазней належаў князю невядомага паходжання Аляксею Лахтыновічу, які з маці княгіняй Марухай 1 снежня 1532 года, за памінанне душ сваіх і сваякоў, надаў «Пячэрскі двор» каля дарогі на Магілёў з вёскай, падаткамі, землямі і людзьмі Кіева-Пячэрскаму манастыру[2]. У ХVІ ст. манастыр пабудаваў тут карчму і млын і атрымліваў даходы з іх[3].

План межавання Пячэрскага маёнтка Станіслава Богуш-Сестранцэвіча. 1784

Да 1635 года ўсходняя частка Пячэрскага маёнтка пераходзіць да братоў Борцаў, якія будуюць на ёй свой двор з садам і гумнішчам. У 1644 года двор Борцаў пераходзіць да Захара Крукоўскага, а пасля 1682 года да магілёўскіх кармелітаў[3].

У 1788 годзе епіскап Георгій Каніскі будуе ў Пячэрску новую царкву ў імя Святога Георгія.

У XVIII ст. у Пячэрску размясцілася загарадная рэзідэнцыя каталіцкага магілёўскага архібіскупа Станіслава Богуш-Сестранцэвіча. Да 1784 года былі пабудаваны Пячэрскі касцёл, двухпавярховы мураваны палац, закладзены вялікі сад з аранжарэяй, арганізавана дыванова-ткацкая і швейная фабрыкі, піваварня, карчма, вадзяны млын на Дубравенцы. У спецыяльна адведзеных пакоях палаца ладзіў спектаклі прыгонны тэатр. Тут жа працавала друкарня. Пасля пераносу цэнтра каталіцкай епархіі з Магілёва ў Пецярбург, прыкладна з 1801 года, С. Богуш-Сестранцэвіч пераязджае на сталае жыхарства ў сталіцу імперыі[3].

Падчас знаходжання ў Магілёве штаба расійскай 1-й арміі, Пячэрская рэзідэнцыя епіскапа была перададзена вайскоўцам. З 1820 года палац выкарыстоўваецца як ваенны шпіталь на 600 асоб. У сярэдзіне ХІХ ст. будынак разам з некалькімі драўлянымі флігелямі, стайняй, 27 дзесяцінамі зямлі і садам пераходзіць да магілёўскага губернскага прыказа грамадскага догляду, які ў 1862 годзе размяшчае тут «багадзельню для інвалідаў вайны»[3].

У 1908 годзе ў Пячэрскую сядзібу пераведзены хворыя псіхіятрычнага аддзялення губернскай бальніцы, якіх размясцілі ў трох пабудовах былой багадзельні і інваліднага дома. Бальніца атрымала назву Георгіеўская або Св. Георгія. Пры бальніцы былі пабудаваны анатамічны кабінет, капліца і аптэка. 11 верасня 1908 года адкрыты агульнаманастырскі прытулак для хронікаў з царквой Святога Стэфана[3].

Сімвалічная магіла Цішкі Гартнага ў Пячэрскім лесапарку

5 мая 1928 года — Наркамздароўя БССР былі выдзелены сродкі на будаўніцтва новай псіхіятрычнай бальніцы ў Магілёве. У канцы 1920 — пачатку 1930-х гадоў пабудавалі новыя карпусы Пячэрскай бальніцы. Пасля арышту органамі НУКС у 1936 годзе і катаванняў праз год быў адпраўлены ў Магілёўскую псіхіятрычную бальніцу беларускі паэт, дзяржаўны і грамадскага дзеяч Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч), дзе памёр пры нявысветленых абставінах. Сімвалічная магіла З. Жылуновіча знаходзіцца ў Пячэрску, на ёй усталяваны мемарыяльны знак[3].

Комлпекс бальніцы на нямецкім аэрафотаздымку. 1943

На месцы былых драўляных пабудоў сядзібы С. Богуш-Сестранцэвіча ў быў пабудаваны комплекс мураваных будынкаў, два з якіх захаваліся да нядаўняга часу. У будынку знаходзілася дыягнастычная лабараторыя. На сённяшні дзень адзін з карпусоў разбураны[3].

У 1941 годзе падчас акупацыі нямецкімі войскамі, былі знішчаны ўсе хворыя Пячэрскай бальніцы — 1200 чалавек. У 1947 годзе адкрыты Шпіталь для інвалідаў Айчынная вайны. З таго часу і да 2000-х гг. тут месцілася Магілёўская псіхіятрычная бальніца, першае псіхіятрычная ўстанова Беларусі, якая на пачатку 2000-х гадоў была зачынена.

Рашэннем Навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны № 45 ад 14 мая 1998 г. комплексу неўралагічнай бальніцы (тры карпусы) ХIХ стагоддзя па вул. Сурганава, 53 прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 3-й катэгорыі (шыфр 1а1Е700184)[4]. У 2006 годзе назва каштоўнасці зменена на «Комплекс будынкаў (тры карпусы)»[5].

У пераліку матэрыяльных аб’ектаў, якім надаецца статус і катэгорыя гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, зацверджаным Пастановай Савета Міністраў ад 14 мая 2007 г. № 578, ужо фігуе як «комплекс будынкаў (два корпусы)» па вул. Сурганава, 41[6].

Былы палац архібіскупа Богуша-Сестранцэвіча, які каля пяці гадоў стаяў занядбаны, быў пазбаўлены статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і знесены ў 2009 годзе без папярэдняй агалоскі. Як паведаміў супрацоўнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама[7]:

" Прынятае было рашэнне навукова-метадычнай рады Міністэрства культуры. Аднагалосна рада прагаласавала за тое, каб гэта здарылася. Там фундамент толькі застаўся ад таго будынка дзевятнаццатага стагоддзя. Ён некалькі разоў перабудоўваўся. Таму не ўяўляе з сябе ніякай архітэктурнай і гістарычнай каштоўнасці. "
Мемарыяльны знак

У 2009 г. на тэрыторыі ўстановы аховы здароўя «Магілёўская абласная псіхіятрычная бальніца» перад с будынкам, дзе ў час вайны разгортваліся трагічныя падзеі, адбылося адкрыццё памятнага знака «У памяць аб загубленых душах»[3] (скульптар Аляксандр Мінькоў). Расходы па вырабе памятнага знака ўзяў на сябе нямецкі бок. Ініцыятарамі праекта выступілі дактары клінікі агульнай псіхіятрыі Гайдэльберга і супрацоўнік Інстытута гісторыі і этыкі медыцыны тэхнічнага ўніверсітэта г.Мюнхена (ФРГ) доктар псіхіятрычных навук Герыт Гоендорф[de]. Ва ўрачыстым адкрыцці памятнага знака прынялі ўдзел намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, консул Германіі Петэр Эк, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, грамадскасць і моладзь, а таксама дэлегацыя з нямецкага горада Гейдэльберга. Знак мае выгляд двухмятровай пліты з чорнага карэльскага граніту, у чорнай скрыўленай прасторы якой знаходзіцца скразная фігура асуджанага на смерць чалавека, які цягнецца да святла ў акне, — да жыцця[8].

21 верасня 2010 года Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь на падставе заключэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці пазбаўлены былы лячэбны корпус са складу комплексу будынкаў (два корпусы) па вул. Сурганава, 41[9].

У сувязі са знішчэннем аднаго з будынкаў і пабудовай новых для «SOS-дзіцячая вёска Магілёў» змянілася іх нумарацыя, так будынак, які значыўся пад нумарам 41, цяпер нумар 53. У ім размяшчаецца Магілёўскі абласны вучэбна-метадычны цэнтр фізічнага выхавання насельніцтва[3].

У 2017—2019 гг. Ініцыятывай «Захаваем Пячэрскі лесапарк» праведзена інвентарызацыя векавых дрэў лесапарку і прадмесця, якая выявіла звыш 100 дубоў, хвояў, елак і ліп з абхопам звыш 3 метры. Для правядзення абследавання лесапарку былі запрошаны навукоўцы з Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН РБ, якія далі заключэнне пра мэтазгоднасць стварэння рэспубліканскага ці мясцовага заказніка на яго тэрыторыі.

У чэрвені — ліпені 2019 года праведзена грамадскае абмеркаванне архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі, распрацаванай інстытутам «Магілёўграмадзянпраект», якая прадугледжвала будаўніцтва на месцы комплексу былой бальніцы двух 5-7 павярховых жылых дамоў[10]. Канцэпцыя была адхілена праз «дапушчаныя парушэнні горадабудаўнічых рэгламентаў і нізкі ўзровень прапрацоўкі»[11]. Перапрацаваная канцэпцыя, якая прадугледжвала ўзвядзенне двух ужо 8-10 павярховых жылых дамоў, была вынесена на грамадскае абмеркаванне ў снежні 2019 года[12], па выніку якога яна была прынятая да далейшай распрацоўкі[13]. Канцэпцыя прадугледжвала высечку большай часткі зялёных насаджэнняў і знос міжваеннай ваданапорнай вежы.

Пячэрскае вадасховішча і лесапарк


Між тым актывісты аховы помнікаў з тэлеграм-канала «Спадчына» ў час апошняга абмеркавання звярнулі ўвагу мясцовых уладаў на недапушчальнасць згодна з Кодэксам аб культуры распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі на тэрыторыі, што непасрэдна прылягае да гісторыка-культурнай каштоўнасці па вул. Сурганава, 53, для якой не былі зацверджаны зоны аховы. Паводле некаторых звестак, праект зон аховы ў гэты час знаходзіўся на апошніх стадыях узгаднення і, згодна з яго рэгламентамі, будаўніцтва на дадзенай тэрыторыі, акрамя аднаўлення страчаных карпусоў комплексу, было забаранена, у сувязі з чым праект быў адкліканы мясцовымі ўладамі «на дапрацоўку». Экаактывісты з Магілёўскага адзялення грамадскага аб’ядняння «Экапраект» таксама звярнуліся з прапановай правесці археалагічныя даследаванні з мэтай пераўтварэння культурнай каштоўнасці ў «Пячэрскае прадмесце г. Магілёва: пабудовы, планіровачная структура, ландшафт і культурны пласт» і надаць Пячэрскаму лесапарку статус заказніка[14].

Але ўжо 6 лютага 2020 года быў зацверджаны праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынак» па вул. Сурганава, 53, рэгламенты якога не дазвалялі новае будаўніцтва на большай тэрыторыі былой бальніцы[15]. У выніку праект забудовы раёна быў адкладзены. Неахопленай зонамі аховы застаўся толькі ўчастак на рагу вуліц Сурганва і Ніжняй Карабанаўскай, на якой размяшчаюцца міжваенныя будынкі лячэбнага корпуса і воданапорнай вежы.

2 верасня 2021 года рашэннем Магілёўскага гарвыканкама быў абвешчаны заказнік мясцовага значэння «Пячэрскі»[16], у межы якога, аднак, зялёныя насаджэнні на тэрыторыі былой бальніцы не ўвайшлі[17].

У лістападзе 2022 года стала вядома, што Магілёўскі аблвыканкам рыхтуе рашэнне аб прысваенні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці міжваенным будынкам лячэбнага корпуса і воданапорнай вежы[14].

Зноскі

  1. АЗР. Т. 1. — № 46, с. 59-60.
  2. АСЗР. Т. 2. — № 13, с. 11.
  3. а б в г д е ё ж з kropki.by — інтэрактыўная мапа Магілёва(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 верасня 2022. Праверана 14 лістапада 2022.
  4. Постановление Министерства культуры Республики Беларусь от 10 апреля 2003 г. № 11 «Об утверждении Государственного списка историко-культурных ценностей Республики Беларусь»
  5. Постановление Министерства культуры Республики Беларусь от 29 марта 2006 г. № 5 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 10 красавіка 2003 г. N 11»
  6. Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей» Архівавана 23 красавіка 2022.
  7. «Помнік зьнесьлі цішком, каб ня ведалі людзі». 17 лістапада 2009
  8. В МОГИЛЕВЕ ОТКРЫТ ПАМЯТНЫЙ ЗНАК В ПАМЯТЬ О ЗВЕРСКИ ЗАМУЧЕННЫХ ФАШИСТАМИ ПАЦИЕНТАХ ПСИХБОЛЬНИЦЫ 02.07.2009(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 лістапада 2022. Праверана 14 лістапада 2022.
  9. Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 21 сентября 2010 г. № 1351 «Аб наданні статусу і катэгорый гісторыка-культурнай каштоўнасці, пазбаўленні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578»
  10. Извещение о проведении общественного обсуждения архитектурно-планировочной концепции объектов Многоквартирный жилой дом № 1 по ГП в районе ул. Сурганова и ул. Нижняя Карабановская в г. Могилеве с благоустройством прилегающей территории" и Многоквартирный жилой дом № 2 по ГП в районе ул. Сурганова и ул. Нижняя Карабановская в г. Могилеве с благоустройством прилегающей территории"(недаступная спасылка)
  11. Итоги общественных обсуждений(недаступная спасылка)
  12. Извещение о проведении общественного обсуждения архитектурно-планировочной концепции объекта «Комплекс многоквартирной жилой застройки в районе ул. Сурганова и ул. Нижняя Карабановская в г. Могилеве»(недаступная спасылка)
  13. Итоги общественного обсуждения «Многоквартирный жилой дом со встроенными помещениями в районе пересечения улицы Николая Островского и улицы Рогачевской с благоустройством прилегающей территории в городе Могилеве»(недаступная спасылка)
  14. а б Публікацыя на тэлеграм-канале «Спадчына»
  15. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці "Будынак" па вул. Сурганава, 53 у г. Магілёве ад 06.02.2020 № 7 у Нацыянальным фондзе тэхнічных нарматыўных прававых актаў
  16. Решение Могилевского городского исполнительного комитета от 2 сентября 2021 г. № 8-43 «Об объявлении заказника местного значения „Печерский“»
  17. В МОГИЛЕВСКОЙ ОБЛАСТИ ОБЪЯВЛЕН НОВЫЙ ЗАКАЗНИК - "ПЕЧЕРСКИЙ" 18 октября 2021 06:53

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]