Станіслаў Іванавіч Богуш-Сестранцэвіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Станіслаў Іванавіч Богуш-Сестранцэвіч
Stanisław Bohusz Siestrzeńcewicz.PNG
1-ы Архібіскуп-мітрапаліт Магілёўскі
11.12.1783 — 1.12.1826
Царква: Рымска-каталіцкая царква
Пераемнік: Каспар Цецішоўскі
Сцяг
2-і Старшыня Каталіцкага дэпартамента юстыцыі-калегіі Расійскай імперыі
1798 — 1800
Папярэднік: барон Карл Аляксандравіч фон Гейкінг[ru]
Пераемнік: бскуп Ян Бяніслаўскі
Сцяг
1-ы Старшыня Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі Расійскай імперыі
1801 — 1826
Папярэднік: біскуп Ян Бяніслаўскі,як старшыня Каталіцкага дэпартамента Юстыц-калегіі
Пераемнік: Каспар Цецішоўскі

Адукацыя:
Прафесія: пісьменнік, ксёндз
Нараджэнне: 3 верасня 1731(1731-09-03)
маёнт. Занкі Ваўкавыскага павета, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, цяпер Свіслацкі раён
Смерць: 1 снежня 1826(1826-12-01) (95 гадоў)
Пахаванне:
Дынастыя: Род Богуш-Сестранцэвічаў[d]
Прыняцце свяшчэннага сану: 3.7.1763

Узнагароды:
Ордэн Святога Андрэя Першазванага
Ордэн Святога Уладзіміра I ступені
Ордэн Святога Аляксандра Неўскага
Ордэн Святой Ганны I ступені
Ордэн Святога Іаана Іерусалімскага, Расія
Ордэн Белага арла
Ордэн Святога Станіслава
Commons-logo.svg Выявы на Вікісховішчы

Яго Высокапраасвяшчэнства Станісла́ў Іванавіч Бо́гуш-Сестранцэ́віч (3 верасня 1731, маёнт. Занкі Ваўкавыскага павета[1], цяпер Свіслацкі раён — 1 снежня 1826, Санкт-Пецярбург) — беларускі[1] рэлігійны дзеяч, літаратар, навуковец[2]. Дзядзька В. Дунін-Марцінкевіча.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў шляхецкай сям'і Богуш-Сестранцэвічаў гербу ўласнага. Яго бацька — міхнеўскі староста і старадубскі стражнік Ян Богуш-Сестранцэвіч (1678—1771), быў па веравызнанні кальвіністам. Маці — Карнелія Адзінец (1698—1773), каталічкай. Па патрабаванні маці дзіцё было ахрышчана 5 верасня 1731 паводле рымска-каталіцкага абраду ў Заблудаве. Неўзабаве сям'я пераехала з Занкаў у Рале (30 км ад Кальварыі, цяпер тэрыторыя Літоўскай Рэспублікі). Там і прайшло дзяцінства будучага мітрапаліта[3].

Калі Станіславу было 7 гадоў, бацька наняў яму вандроўнага настаўніка П. Касарына, які ў суседнім фальварку Бурняны вучыў дзяцей мазырскага стольніка Яна Канарскага. Неўзабаве падраслі сёстры, і Касарын пачаў пераязджаць з аднаго фальварка ў другі разам са сваімі вучнямі. Адну чвэрць яны вучыліся ў Бурнянах, а на астатні час перабіраліся да Богушаў-Сестранцэвічаў. У 12 гадоў хлопчык пакінуў бацькоўскі дом, каб працягваць адукацыю. У 1743—1745 гадах Богуш-Сестранцэвіч вучыўся ў Кейданскім кальвінісцкім калегіуме і Слуцкай гімназіі. У чэрвені 1745 на пахаванні старадубскага харужага Воўка 13-гадовы вучань сказаў прачулую памінальную прамову, яна так уразіла кальвіністаў, што яны вырашылі накіраваць юнака на нямецкія землі для далейшай адукацыі[3].

У жніўні 1745 Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч выехаў вучыцца ў Берлін. У дарозе быў абакрадзены ў адным з гатэляў Штатгарта Шчэцінскага. Не маючы сродкаў на існаванне, быў вымушаны пайсці на службу ў прускую армію. У Еўропе ў той час ішла вайна за «аўстрыйскую спадчыну». Богуш-Сестранцэвіч служыў афіцэрам у гусарскім палку. 15 снежня 1745 у бітве пад Касельдорфам быў цяжка паранены карцеччу ў правую руку. Яго даставілі ў берлінскі шпіталь, а 26 снежня 1745 года, крыху падлячыўшы рану, выпісалі і звольнілі з войска[3].

У Берліне Станіслаў пазнаёміўся з дамініканінам айцом Армандам, які ўладкаваў яго вучыцца ў гімназію Св. Іахіма. Вучыўся ва ўніверсітэтах Кёнігсберга, Франкфурта, Амстэрдама, Лондана. Служыў афіцэрам у гвардыі ВКЛ. Пасля выхаду ў адстаўку (1761) у чыне капітана, працаваў хатнім настаўнікам у Радзівілаў.

Магчыма, няўдалае каханне павярнула яго да царкоўнай кар'еры[1]. Скончыў Варшаўскую галоўную школу піяраў (1762) і ў 1763 годзе пасвечаны ў духоўнае званне, быў настаяцелем у Гомелі і Бабруйску, канонікам і епіскапам-суфраганам у Вільні.

Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай, 3 снежня 1773 года біскуп Богуш-Сестранцэвіч па ініцыятыве Кацярыны II стаў біскупам у «Беларускай дыяцэзіі», якая існавала з 1773 года, але не была зацверджана Ватыканам[2]. З кастрычніка 1773 года быў тытулярным біскупам Малінскім (Маляціцкім?) (Mallus). Жыў у гэты час у Абольцах, каля Оршы.

У 1780 годзе Кацярына II звярнулася да папы Пія VI па дазвол на стварэнне каталіцкага архібіскупства з цэнтрам у Магілёве. З 1780 года С. Богуш-Сестранцэвіч жыў у Магілёве. З 28 студзеня 1782 года стаў архібіскупам Магілёўскім[2]. Архібіскупства складалася з касцёлаў цэнтральнай частцы Расійскай імперыі, а таксама Магілёўскай, Віцебскай і Кіеўскай губерняў. Кацярына II абапіраючыся на С. Богуш-Сестранцэвіча, для якога дамаглася ад Папы права на знак кардынала, процідзейнічала пашырэнню ўплыву Ватыкана на Усходзе[2].

Спачуваў паўстанню 1794 года.

Мармуровы бюст С. Богуш-Сестранцэвіча ў Пецярбургу.

З 1798 года і да канца жыцця жыў у Санкт-Пецярбургу. З 1798 года — мітрапаліт усіх рымска-каталіцкіх касцёлаў у Расійскай імперыі, з 1801 — старшыня Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі.

Памёр на 96 годзе жыцця. Пахаваны ў Пецярбургу ў пабудаваным ім касцёле Св. Станіслава[ru][1]. Да канца жыцця заставаўся архібіскупам Магілёўскім, мітрапалітам рымска-каталіцкіх цэркваў Расіі, адміністратарам Віленскай вакантнай епархіі, старшынёй рымска-каталіцкай духоўнай калегіі.

Уласную маёмасць завяшчаў сваякам. Бібліятэку (3 тысяч тамоў), грашовыя сродкі (20 тысяч рублёў), навуковыя рэчы і прылады — касцёлу Св. Станіслава ў Пецярбургу. Дом у Магілёве — Магілёўскай рымска-каталіцкай кансісторыі. Слуг архібіскупа спадкаемцы мусілі вызваліць з прыгону.

Кавалер ордэнаў Андрэя Першазваннага, Аляксандра Неўскага, крыжоў Уладзіміра Вялікага і Ганны першай ступені, Белага арла святога Станіслава і Яна Іерусалімскага.

Дзейнасць і творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл Святога Станіслава ў вёсцы Маляцічы ў Крычаўскім раёне Магілёўскай вобласці, пабудаваны С. Богуш-Сестранцэвічам.

Быў прыхільнікам ідэй гуманізму і асветніцтва, спрыяў адкрыццю школ, развіццю кнігавыдавецкай справы.

Заснаваў Магілёўскую друкарню (1774), дзе выдавалася духоўная і свецкая літаратура, урадавыя пастановы. У 1783 годзе ў Магілёве адкрыўся заснаваны архібіскупам тэатр, кіраўніком якога быў А. Жукоўскі, мастаком — А. Главацкі. Паспяховая вёў гаспадарчую дзейнасць, заснаваў бровар і суконную фабрыку, у яго працавалі дывановыя майстры, меў аранжарэю ў Буйнічах.

Аўтар вершаў, казанняў і іншых дыдактычных твораў. Напісаў, паставіў і выдаў у Магілёве вершаваную трагедыю «Гіцыя ў Таўрыдзе» (1783), а таксама трагедыю ў пяці дзеях «Ора» (1788). У рукапісах засталіся паэмы «Выратаваны кароль» і «Аб узяцці Ачакава».

Апекаваў навуцы, сам працаваў у галіне гісторыі, філалогіі, медыцыны і інш. Выбіраўся членам Імператарскай Акадэміі навук, Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. У 1813—1823 гадах старшыня Вольнага эканамічнага таварыства[2]. У 1813 годзе часова быў прэзідэнтам Імператарскай Акадэміі навук.

У 1793 годзе выдаў у Магілёве сваю гістарычна-краязнаўчую працу «Аб Заходняй Расіі» (на польскай мове), дзе разгледзеў праблему паходжання беларусаў, украінцаў і рускіх. Трымаўся «заходнерускіх» поглядаў[1]. Аўтар «Гісторыі Таўрыды» (т. 1-2. Брауншвейг, 1800, руск. перакл. СПб., 1806), «Гісторыі сарматаў і славян» (т. 1-4. СПб., 1812).

Таксама, магчыма, С. Богуш-Сестранцэвіч быў аўтарам «Граматыкі літоўскай» са слоўнікам[1]. Праца не публікавалася, а рукапіс не знойдзены. А. Мальдзіс, а за ім Г. Каханоўскі, выказвалі думку, што пад «літоўскай мовай», мусіць, мелася на ўвазе беларуская, аднак С. Запрудскі паказаў, што ў раздзеле пра літоўскую мову сваёй «Гісторыі сарматаў і славян» С. Богуш-Сестранцэвіч дае словы ugnis, akis, wodas, bailus, bruwis, то-бок пад «літоўскай мовай» разумее менавіта літоўскую[4].

Захапляўся помнікамі старажытнасці, збіраў манускрыпты.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 Каханоўскі Г. Богуш-Сестранцэвіч… ЭГБ. Т.2. — С. 52.
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 Биографический справочник, 1982
  3. 3,0 3,1 3,2 М. Папоў (2007)
  4. Назвы беларускай мовы ў працах даследчыкаў пачатку ХІХ ст. // Беларуская мова і мовазнаўства: ХІХ стагоддзе. — Мн.: БДУ, 2013. — С. 97.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Богуш-Сестренцевич Станислав Иванович // Биографический справочник — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 67. — 737 с.
  • Каханоўскі Г. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў 16—19 стст. — Мн., 1984. — С. 11—22;
  • Каханоўскі Г. Богуш-Сестранцэвіч Станіслаў Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0. — С. 52;
  • Папоў М. Мітрапаліт Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч (1731—1826): Нарыс жыцця і царкоўнай дзейнасці // Веснік ГрДУ. Сер. І. — 2007. № 2. — С. 3—10;
  • Філіповіч І. Міфы і праўда аб Магілёве. — Магілёў, 1993. — С. 77—79;
  • Хаўратовіч I. Богуш-Сестранцэвіч Станіслаў Іванавіч. (3.9.1731 — 1.12.1826) // Мысліцелі і асветнікі. Энц.давед. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 185;
  • Яцкевіч З. Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч // «Веснік Магілёва», 11 снежня 1992.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]