Перайсці да зместу

Маларыта (рака)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Рака Маларыта)
Маларыта
Характарыстыка
Даўжыня 30,5 км
Басейн 602 км²
Расход вады 2,5 м³/с
Вадацёк
Выток Беларуская града
 • Каардынаты 51°39′49″ пн. ш. 23°58′19″ у. д.HGЯO
Вусце Рыта
 • Каардынаты 51°50′58″ пн. ш. 24°07′41″ у. д.HGЯO
Размяшчэнне
Водная сістэма Рыта → Мухавец → Заходні Буг → Нараў → Вісла

Краіна
Рэгіён Брэсцкая вобласць
Раён Маларыцкі раён
physical
Маларыта (рака)
Маларыта (рака)
physical
выток
выток
вусце
вусце
— выток, — вусце

Маларыта, Малая Рыта — рака ў Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі, левы прыток ракі Рыта (басейн Віслы).

Назва Малая Рыта (> Маларыта) ад назвы ракі Рыта (або Вялікая Рыта), у якую ўцякае. На Вялікай Рыце — вёска Велікарыта, на Малой Рыце — горад Маларыта.

Назва Рыта старабалцкага паходжання.

Узыходзіць да індаеўрапейскага *rī-ti «цячы», якое ад гнязда *rei- / *rī- / *roi- «цячы», адкуль, напрыклад, лацінскае *rei-ṷo-s «ручай» (> rīvum) або кельцкае *rei-no-s «плынь» (> рака Рэйн)[1][2].

У балцкіх мовах гэтага паходжання корань *rei-t-, ад якога латышскае riest, rietēt «цячы, каціцца, плысці», літоўскае rytas «раніца» (як узыход-выцяканне сонца)[3].

Гідранімічныя аналагі — назвы літоўскай ракі Ryt-upis «Цякучая (або Ранішняя) рака» (каля Марыямпале), латышскай Rīta-strauts «Цякучая (або Ранішняя) плынь»[4].

Назва Рыта значыць «Плыткая (рака)».

Балота Малеціна і ўрочышча Гліннае ля Маларыты
Балота Малеціна і ўрочышча Гліннае ля Маларыты

Балцкага паходжання найімаверней і назва балота Малеціна на правабярэжжы Малой Рыты, адразу на ўсходзе ад горада Маларыта. Адпаведнікі — тапонімы Маляцічы пад Шчучынам, Molėtai на ўсходзе Літвы, ад літоўскага molis «гліна». Побач з Малецінскім балотам вядомае і ўрочышча з назвай-«перакладам» Гліннае (да нядаўна там была і аднайменная вёска). Так жа сама на Пасожжы недалёка адна ад адной рэкі з назвамі-«перакладамі» Молінка і Гліна. Гэта ўсё назоўныя сляды колішняга пераходнага перыяду білінгвізму, які для розных рэгіёнаў быў ранейшы ці пазнейшы.

Даўжыня 30,5 км. Плошча вадазбору 602 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 2,5 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,2 ‰.

Пачынаецца за 2 км на поўнач ад аграгарадка Арэхава ад аўтадарогі Арэхава — Олтуш і з’яўляецца працягам канала Сярэдні Роў (раней выцякала з Арэхаўскага возера, але у выніку меліярацыйных работ выток ракі быў засыпаны). Вусце за 2 км на паўночны ўсход ад вёскі Замшаны. Цячэ па Брэсцкім Палессі.

Даліна ракі невыразная. Схілы даліны спадзістыя, парэзаныя сеткай меліярацыйных каналаў, пад лесам і разараныя. Абалона двухбаковая, нізкая, асушаная, шырынёй 1—1,5 км. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае, шырыня яго 6—8 м. Берагі выраўнаваныя, вышынёй да 2 м. Рака прымае сцёк з меліярацыйных каналаў.

На рацэ горад Маларыта. У басейне ракі возера Дворышчанскае[5].

  1. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 330—331.
  2. H. Krahe. Unsere ältesten Flussnamen. Wiesbaden, 1964. C. 96.
  3. K. Karulis. Latviešu etimoloģijas vārdnīca. Rīga, 1992, 2001. С. 754—755.
  4. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 279.
  5. Блакітная 1994.
  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1—2. — Л., 1971
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл./ БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.