Канакі Новай Каледоніі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Канакі Новай Каледоніі
Фота каля 1906 г.
Агульная колькасць 99078 (2009 г.)
Рэгіёны пражывання Новая Каледонія
Мова канакскія
Рэлігія татэмізм, культ продкаў, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы фіджыйцы

Кана́кі Новай Каледоніі (фр.: kanak, canaque) — карэннае меланезійскае насельніцтва Новай Каледоніі. Агульная колькасць у Новай Каледоніі (2009 г.) - 99 078 чал.

Моўна-тэрытарыяльныя супольнасці[правіць | правіць зыходнік]

Канакі не з'яўляюцца адзіным народам, а падзяляюцца на розныя этнічныя і тэрытарыяльныя групы, якія размаўляюць на больш чым 25 мовах. Само слова "канак" паходзіць ад гавайскага kānaka (літаральна "просты чалавек"). У XIX ст. яно шырока ўжывалася еўрапейцамі ў дачыненні да ўсіх жыхароў Акіяніі і мела пагардлівы сэнс. У Новай Каледоніі, дзе тубыльцы не мелі агульнай саманазвы, французскія ўлады ўжывалі яго ў афіцыйных дакументах для пазначэння асоб мясцовага меланезійскага паходжання. У другой палове XX ст. слова "канак" стала шырока ўжывацца лідарамі руху за правы абарыгенаў і незалежнасць Новай Каледоніі.

Найбольш значныя моўна-тэрытарыяльныя групы канакаў:

Паўночная Новая Каледонія:

  • Аеке
  • Авеке
  • Ажые (ваэ)
  • Ара
  • Немі
  • Ненема
  • Наласу
  • Ньюа-Бондэ
  • Каак (мвенебенг)
  • Камукі
  • Паці
  • Пінджэ
  • Фваі (жае)
  • Убаш (нджаве)

Паўднёвая Новая Каледонія:

  • Арове (боэве)
  • Канала
  • Капоне
  • Ціры (сіры, кіры)

Астравы Луаятэ:

  • Дэху (дрэху)
  • Іааі
  • Ненгоне

Архіпелаг Белеп:

  • Наласу

Іль-дэ-Па:

  • Кунье

У большасці выпадкаў моўна-тэрытарыяльныя групы самой Новай Каледоніі малалікія. Найбольшымі з іх у 2009 г. з'яўляліся паці (7400 чал.), ажые (5400 чал.), камукі (2700 чал.) і інш. Гэта тлумачыцца наступствамі французскай каланізацыі, калі пераезд еўрапейскіх каланістаў выклікаў распаўсюджанне сярод канакаў невядомых дагэтуль захворванняў, адбывалася выгнанне тубыльцаў з іх зямель і вельмі часта — наўмыснае фізічнае вынішчэнне. Іншая сітуацыя склалася на суседніх астравах, дзе масавая каланізацыя адсутнічала. Там канакі да нашых дзён складаюць большасць насельніцтва. Так, у 2009 г. колькасць дрэху дасягала 15 тыс. чал., ненгоне - 8700 чал. Падобная сітуацыя была характэрна для архіпелага Белеп і вострава Іль-дэ-Па.

Акрамя таго, у Новай Каледоніі жывуць крэолы, нашчадкі ад шлюбаў канакаў з прадстаўнікамі іншага паходжання, звычайна еўрапейцамі (французамі, італьянцамі, іспанцамі і г. д.), радзей з імігрантамі з Палінезіі, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі. Яны могуць адносіцца да пэўнай моўна-тэрытарыяльнай групы канакаў, але найчасцей пазіцыяніруюць сябе або як еўранезійцы (26 тыс. чал.), або проста як канакі. Многія з іх пры гэтым вядуць еўрапейскі вобраз жыцця і ў паўседзённасці размаўляюць на французскай мове.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Археолагі выявілі, што першыя людзі з'явіліся на Новай Каледоніі каля 3500 - 3000 гг. да н. э. Першыя пасяленцы былі аўстранезійцамі. Адна з першых хваляў міграцый належала носьбітам культуры Лапіта, якіх навукоўцы лічаць продкамі палінезійцаў і ўсходніх мікранезійцаў. Аднак разам з імі на востраве існавалі прадстаўнікі іншых культурных традыцый. Да пачатку нашай эры носьбіты Лапіта былі выціснуты на ўсход. Мяркуецца, што гэта было зроблена або прадстаўнікамі больш прымітыўнай культуры, якая развівалася разам з Лапіта на поўдні Новай Каледоніі, або выхадцамі з Цэнтральнага Вануату. Тыя, хто застаўся на востраве, а таксама асіміляваныя імі рэшткі носьбітаў Лапіта, сталі прамымі продкамі сучасных канакаў.

Многія даследчыкі лічаць, што на фарміраванне канакскай культуры моцна паўплывалі пазнейшыя кантакты з палінезійцамі. Але ніякіх фактычных доказаў гэтаму няма. Вядомы толькі адзін выпадак шчыльных кантактаў з палінезійцамі да сярэдзіны XIX ст. У канцы XVIII ст. на востраў Увеа перасяліліся палінезійцы з астравоў Уоліс.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Канак (французская літаграфія 1870-ыхт гг.)

4 верасня 1774 г. Новая Каледонія была адкрыта брытанскім мараплаўцам Джэймсам Кукам. У канцы XVIII - першай палове XIX ст. зноў адкрытая зямля прыцягвала да сябе іншых мараплаўцаў, кітабояў і гандляроў каштоўнай драўнінай.

Першыя кантакты еўрапейцаў з канакамі не мелі гвалтоўнага характару. Дзякуючы еўрапейцам у канакаў з'явіліся хатнія жывёлы (першых свінняў падараваў Джэймс Кук), еўрапейскія тавары, але разам з гэтым і агнястрэльная зброя, якую канакі выкарыстоўвалі ва ўзаемных канфліктах. З прыходам еўрапейцаў былі завезены алкаголь і хваробы, супраць якіх у канакаў не было імунітэту.

У 1841 - 1842 гг. на астравах Луаятэ, Іль-дэ-Па і на поўдні Новай Каледоніі пачалі дзейнічаць брытанскія пратэстанцкія місіянеры. У 1843 г. на Новай Каледоніі з'явіліся французскія каталіцкія манахі. Першапачаткова іх місія скончылася правалам. У 1847 г. яны пакінулі Новую Каледонію, але вярнуліся зноў у 1851 г. У 1853 г. яны нават абвясцілі Новую Каледонію валоданнем Францыі, але пад ціскам Вялікабрытаніі французскі ўрад быў вымушаны прызнаць дзеянні манахаў супрацьпраўнымі.

У 1860 г. Новая Каледонія зноў была абвешчана французскай калоніяй. З 1864 г. сюды пачалі ўвозіць катаржан з Францыі. У 1866 г. былі адкрыты радовішчы нікелю, што вызначыла далейшыя перспектывы французскай каланізацыі. З мэтай рассялення новых пасяленцаў у 1862 г. было абвешчана, што ўсе землі пераходзяць ва ўласнасць дзяржавы. У 1868 г. частка зямель прызнавалася канакскімі, іх нельга было прадаваць або дарыць еўрапейцам. Канакаў абавязвалі выплочваць падушны падатак, працаваць на адміністрацыю або пасяленцаў. Французскі губернатар узяў на сябе абавязак зацвярджаць правадыроў.

Патрабуючы ад канакаў падпарадкавання, французскія ўлады парушалі свае асабістыя законы і не выконвалі абавязкаў у дачыненні да тубыльцаў. З 1862 г. да 1877 г. еўрапейскія павялічылі свае надзелы з 27 тыс. га да 150 тыс. га. У канакаў былі адабраны найбольш урадлівыя раўнінныя землі, якія французы выкарыстоўвалі для выпасу свойскай жывёлы. Каровы і авечкі часцяком заходзілі на агароды, спусташалі запасы клубневых культур. Новакаледонскія правадыры здолелі дамовіцца паміж сабою і арганізаваць змову. Яны планавалі ўзброіцца сучаснымі стрэльбамі і захапіць Нумеа. Аднак 19 чэрвеня 1878 г., калі паўстанне толькі рыхтавалася, французскія жандармы арыштавалі 12 канакскіх правадыроў, якіх абвінавацілі ў забойстве французскага пасяленца. Гэта вымусіла астатніх змоўшчыкаў пачаць актыўныя дзеянні раней. Замест нападу на Нумеа яны вырашылі ачысціць ад французаў іншыя раёны заходняга ўзбярэжжа, дзе іх маглі падтрымаць мясцовыя канакі. З 25 чэрвеня паўстанцы пачалі нападаць на жандармскія ўправы. Разам з жандармамі яны забівалі і мірных грамадзян. Адзін з нападаў скончыўся рытуалам канібалізму. 3 ліпеня быў забіты французскі камендант, які павінен быў узначальваць карныя акцыі.

Першапачаткова французы былі разгублены. У Нумеа былі арыштаваны 180 мясцовых канакаў, хаця тыя не прымалі ўдзел у паўстанні. Яшчэ 20 канакаў былі закатаваны быццам бы за рабаванне прыпасаў. Аднак французскія салдаты здолелі абараніць прыбярэжныя ўмацаванні. 18 жніўня 1878 г. на Новую Каледонію прыбылі дадатковыя ваенныя часткі з Індакітая. 1 верасня 1878 г. французы пры падтрымцы саюзнікаў-канакаў і арабскіх наймітаў перайшлі ў наступленне. У снежні 1878 г. яны захапілі апошняе ўмацаванне, якое пабудавалі паўстанцы.

Падчас паўстання загінула каля 5% канакаў, пераважна мужчын. Многія правадыры былі закатаваны без суду. Лідару паўстанцаў Атаю адсеклі галаву і перадалі яе ў Музей натуральнай гісторыі ў Парыжы. Аднак галоўным наступствам паражэння стала далейшае пераразмеркаванне зямлі на карысць французаў. Многія канакскія роды былі гвалтоўна пераселены на поўнач вострава або на архіпелаг Белеп. На поўдні канакаў зганялі ў рэзервацыі, прычым традыцыйна варожыя роды сялілі разам. У 1897 г. за канакмі заставілі права карыстацца зямлёй у разліку 3 га на чалавека. Прычым, вельмі часта гэтыя землі знаходзіліся ў неўрадлівых горных раёнах. Але і гэтага аказалася недастаткова. Да 1903 г. канакі згубілі амаль трэць перададзеных ім тэрыторый. Перапіс 1901 г. зафіксаваў усяго 29 206 канакаў — значна менш, чым да французскай каланізацыі.

Падчас I Сусветнай вайны частка еўрапейскага насельніцтва і французскіх ваенных сіл пакінула Новую Каледонію. Сярод канакаў былі тыя, хто добраахвотна ўступіў у французскія ваенныя фарміраванні і служыў на флоце. Многія з іх загінулі. У 1917 г., калі адміністрацыя няўдала ўмяшалася ў правядзенне рытуальнага свята, на поўначы Новай Каледоніі адбылося яшчэ адно ўзброенае паўстанне, якое, аднак, хутка было задушана, а яго арганізатары павешаны. Тым не менш, у 1940 г. канакі падтрымалі Шарля дэ Голя і прымалі ўдзел у барацьбе французаў супраць нацысцкай і японскай агрэсій.

У 1946 г. канакі афіцыйна атрымалі права французскага грамадзянства, але ўсеагульнае выбарчае права распаўсюдзілася на іх толькі ў 1957 г. Гэта дазволіла канакам пакідаць рэзервацыі, атрымоўваць сучасную адукацыю і ствараць свае грамадскія і палітычныя арганізацыі. У 1960 - 1970-ых гг., калі многія краіны Акіяніі дасягнулі незалежнасці, сярод моладзі хутка распаўсюдзіліся ідэі пераўтварэння Новай Каледоніі у свабодную дзяржаву і інтэграцыю канакаў у агульнамеланезійскую культуру. Першапачаткова гэта прывяло да адраджэння цікавасці да сваіх каранёў, узнекнення культурных аб'яднанняў.

У 1984 г. з ростам напружанасці паміж еўрапейскім і меланезійскім насельніцтвам быў створаны Канакскі сацыялістычны фронт нацыянальнага вызвалення, які заклікаў ігнараваць выбары і не падпарадкоўвацца цэнтральным уладам. У 1987 г. яго прадстаўнік прапанаваў для ААН канстытуцыю будучай канакскай дзяржавы. Увесну 1988 г. удзельнікі руху за незалежнасць захапілі на Увеа 27 заложнікаў і запатрабавалі найхутчэйшай дэкаланізацыі. Але французскія ўлады ў адказ прымянілі сілу. Заложнікі былі вызвалены, але ўсе ўдзельнікі захопу загінулі. Гэта прывяло да міжнародных пратэстаў. У 1988 г. і 1998 г. французы і канакі падпісвалі пагадненні, якія вызначалі юрыдычны статус Новай Каледоніі і магчымасць правядзення рэферэндума аб незалежнасці. У 1989 г. частка найбольш радыкальных лідараў канакаў была забіта.

Напружанасць паміж канакамі і кальдошамі захоўваецца. Яна ўскладняецца значна горшым сацыяльным становішчам канакаў у параўнанні з іншымі групамі насельніцтва Новай Каледоніі.

Культура і традыцыі[правіць | правіць зыходнік]

Вёска канакаў, 1906 г.

Адным з галоўных заняткаў канакаў здаўна было земляробства. Французскія місіянеры сцвярджалі, што канакі шмат клапоцяцца аб сваіх агародах, якія выглядаюць лепш, чым у французскіх сялян. Найважнейшай культурай быў ямс, у меншай ступені — тара. Мясцовыя земляробы распрацавалі складаную сістэму атрымання доўгіх клубняў. Яны клалі малыя клубні ямса на драўляную рашотку над ямай ў зямлі і потым зверху прысыпалі глебай. Клубень рос уніз, пакуль не дасягаў цвёрдай паверхні. Такім чынам некаторыя клубяні дасягалі 2 м і важылі больш за 30 кг. Таксама вырошчвалі какосы і бананы.

Другім важным заняткам было рыбалоўства, паляванне на марскіх чарапах, дзюгоняў, збор малюскаў і крабаў. Большасць вёсак канакаў знаходзіліся каля мора. Каралавы рыф утварае вакол астравоў адносна неглыбокі і добра прагрэты сонцам натуральны садок, таму вялізарныя ўловы можна было атрымоўваць непасрэдна каля берага. Паляванне на сушы вялося на птушак, але значнай ролі не мела.

Са старажытнейшых часоў канакі ведалі выраб керамікі, апрацоўку камянёў і дрэва, разьбярства. Жылі ў каркасных круглых хацінах, якія ладзілі з доўгіх жэрдак і накрывалі лісцем і саломай. Хаціны правыдыроў звычайна будавалі ў цэнтры паселішча. Яны адрозніваліся памерамі. На дах усталёўвалася наверша з выявай сімвалічнага заступніка рода. Падлога складалася з цыновак, якія плялі жанчыны. У цэнтры ладзіўся агмень. Лодкі нагадвалі кадаўбы, выдзёўбваліся з суцэльных дрэў, на іх ладзіўся трохкутны ветразь.

Першыя місіянеры паведамлялі, што канакі амаль не апранаюцца. Звычайна рабілі насцегнавыя повязі з тапы. Мужчыны таксама заварочвалі ў тканіну свае палавыя органы. У нашы дні карыстаюцца еўрапейскім адзеннем. Традыцыйнай ежай канакаў з’яўляецца бунья — вараныя клубні з кавалачкамі рыбы або мяса, загорнутыя ў бананавае лісце.

Асноўнай сацыяльнай адзінкай былі род і пашыраная сям’я. Сваяцтва, пол і ўзрост вызначалі становішча чалавека ў грамадстве. Адлік сваяцтва вёўся строга па мужчынскай лініі. Дочкі не мелі права на спадчыну. Паколькі муж і жонка паходзілі з розных родаў, то яны маглі спаць, прымаць ежу і працаваць паасобку. Не заахвочваліся нават частыя палавыя зносіны. Шлюб суправаджаўся кампенсацыяй роду нявесты, звычайна ежай, вопраткай, прыладамі працы. Разводы дазваляліся, але ў такім разе жанчына вярталася ў свой род без дзяцей. У выхаванні прымалі ўдзел усе члены пашыранай сям’і, але адказнасць неслі бацька і маці. Ад хлопчыкаў з ранняга ўзросту патрабавалі самастойнасці.

На чале родаў стаялі правадыры. Іх улада перадавалася па спадчыне і лічылася свяшчэннай. Але непапулярныя рашэнні правадыра мог аспрэчыць сход дарослых мужчын. Кожны род меў пэўную тэрыторыю для жыцця. Падзялялі і рыбалоўныя ўгоддзі. Каб лавіць рыбу на тэрыторыі іншага рода, трэба было атрымаць дазвол ад правадыра ўласнікаў. Кантакты паміж родамі стымуляваліся абавязковым рытуалам абмену, сумеснымі пірамі і ўзаемнымі шлюбамі. У той жа час паміж родамі маглі ўспыхваць варожыя адносіны, якія суправаджаліся кровапралітнымі войнамі. Канакі практыкавалі рытуальны канібалізм. Апошні выпадак людаедства здарыўся ў 1917 г.

Канакі маюць багаты фальклор — міфы, гістарычныя паданні пра продкаў, песні. На аснове мясцовых музычных матываў быў распрацаваны папулярны ў Акіяніі стыль канека.

Характэрна, што многія рысы традыцыйнай культуры, у тым ліку сацыяльны падзел грамадства, захоўваюцца і ў нашы дні.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

У старажытнасці канакі шанавалі продкаў, якія павінны былі ахоўваць род і яго чальцоў. Пасля смерці на працягу года практыкаваліся складаныя рытуалы, толькі пасля якіх памерлы мог быць абвешчаны продкам. Для традыцыйнай рэлігіі канакаў быў таксама характэрны татэмізм. Татэмамі з'яўляліся жывёлы, рыбы, камяні, дрэвы і г. д.

У XIX ст. у выніку місіянерскай дзейнасці сярод канакаў распаўсюдзілася хрысціянства. У Новай Каледоніі большасць вернікаў — каталікі. На астравах Луаятэпратэстанты.

Мовы[правіць | правіць зыходнік]

Мовы канакаў належаць да меланезійскай групы аўстранезійскай моўнай сям'і. Многія з іх да нашага часу з'яўляюцца непісьменнымі. Улады Новай Каледоніі ігнаруюць моўныя патрэбы канакаў, выкладанне ў школах на роднай мове абмежавана неабавязковымі факультатывамі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]