Рыгор Юр’евіч Осцік

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Рыгор Юр'евіч Осцік)
Jump to navigation Jump to search
Рыгор Юр’евіч Осцік
 
Дзейнасць: палітык
Нараджэнне: XVI стагоддзе
Смерць: 18 чэрвеня 1580(1580-06-18)

Рыгор Юр'евіч Осцік (Остык, Осцікавіч) (? — 18 чэрвеня 1580, Вільня) — вялікалітоўскі магнат. Дваранін каралеўскі (з 1569).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

З магнацкага роду Осцікаў. Пасля ад'езду Генрыха Валуа і новага безкаралаўя ў Рэчы Паспалітай Р. Ю. Осцік далучыўся да прамаскоўскай партыі, у лютым 1576 года напісаў ліст да цара Івана IV абяцаючы дапамогу ад сябе і вялікалітоўскай шляхты ў атрыманні стальца. У выпадку поспеху Р. Ю. Осцік спадзяваўся атрымаць Ковель і Бельск, а таксама гетманскі ўрад. Аднак у 1575 годзе каралём быў абраны (каранаваны ў 1576) Стэфан Баторый.

У 1579 годзе не пакінуўшы нашчадкаў памёр брат Р. Ю. Осціка — Юрый Осцік, але ўсю маёмасць запісаў на сваю другую жонку Магдалену з Брамоўскіх. Р. Ю. Осцік пачаў судовы працэс з Магдаленай пра ануляванне тастамента, але прайграў. Пасля гэтага ён абвінаваціў братаву ўдаву ў атручэнні мужа, а таксама сфабрыкаваў фальшывы дакумент, паводле якога брат быццам пазычыў у яго 20 тыс. коп грошаў. У выніку М. Брамоўская саступіла маёмасць мужа, у т.л. Варняны і Гiртушкi, на карысць Р. Ю. Осціка.

У чэрвені 1580 года да караля ў Вільню прыбыў маскоўскі пасол Р. А. Нашчокін, меў ён і царскі ліст да Р. Ю. Осціка, які пад прычынаю пакупкі футра і іншых маскоўскіх тавараў атрымаў дазвол на сустрэчы з Р. А. Нашчокіным. Частыя сустрэчы і багаты падарунак Нашчокіна — дарагі конь, выклікалі падазрэнні, таксама на Р. Ю. Осціка данёс яго слуга. Пасля гэтага Р. Ю. Осцік быў арыштаваны, вобыск ў яго доме знайшоў падробленыя пячаткі многіх сенатараў, а ў маёнтку Каварск пад Вільняй абсталяванне для фальшавання манет. Арыштаваны давераны слуга Р. Ю. Осціка Барталамей пад пыткай паказаў, што яго пан меў зносіны з Масквою яшчэ да безкаралеўя і атрымліваў адтуль лісты.

На судзе Р. Ю. Осцік спачатку адмаўляў здраду, кажучы, што з Масквою і Р. А. Нашчокіным яго звязвала толькі камерцыя, а падробленыя пячаткі выкарыстоўваліся адно ў сваіх маёмасных справах, але потым сазнаўся, што нават абяцаў пры магчымасці забіць караля, праўда, рабіў гэта толькі з-за беднасці спадзяючыся гэтым выцягнуць з рускіх грошы. Р. Ю. Осцік на каленях прасіў аб памілаванні, але 15.6.1580 года быў прыгавораны судом да смерці, а 18.6.1580 года пакараны на Ратушнай плошчы ў Вільні.

Маёмасць[правіць | правіць зыходнік]

Па смерці бацькі атрымаў у спадчыну частку Аванты і маёнтак Шатэчну, апроч гэтага валодаў Чадосамi, Ганушынкамi i Эмельнiкамi (усе — тэрыторыя сучаснай Літвы). Таксама меў дом у Вільні на вул. Вялікай (цяпер на месцы Didžioji g. 7) насупраць палацу Радзівілаў (цяпер Didžioji g. 10), пасля пакарання Р. Ю. Осціка дом быў перададзены С. Баторыям свайму паплечніку Габрыелю Бекешу, які праўда валодаў ім нядоўга[1]. У 1579 годзе шантажом вымусіў братаву ўдаву адмовіцца на сваю карысць ад мужавай спадчыны, у т.л. Варнян і Гiртушак. Пасля пакарання смерцю ўладанні Р. Ю. Осціка перайшлі да вялікага князя, але ў канцы 1580 года большая іх частка была вернута яго ўдаве Ядвізе Юр'еўне з Насілоўскіх.

Радавод[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. У 2-й пал. 17 ст. дом выкуплены Мікалаем Казімірам Пацам (1624—1682, кашталян віленскі, вялікі гетман літоўскі), пазней (1673) ім жа быў выкуплены і суседні дом і на іх месцы пабудаваны палац Пацаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]