Рэвалюцыя 1848—1849 гадоў у Германіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Рэвалюцыя 1848—1849 гадоў у Германіі (ням.: Deutsche Revolution von 1848/49), ці Сакавіцкая рэвалюцыя (ням.: Märzrevolution) — рэвалюцыйныя падзеі, якія адбываліся з сакавіка 1848 года да позняга лета 1849 года ў Германскім саюзе і сталі часткай буржуазна-дэмакратычных і нацыянальных паўстанняў у большасці краін цэнтральнай Еўропы.

Галоўнай унутранай спружынай было пытанне аб аб'яднанні Германіі, устараненні ўмяшання князёў, кіруючых феадальных сіл у гаспадарчае жыццё нямецкіх дзяржаў, што адкрывала шлях далейшаму развіццю капіталістычных адносін. Ідэя аб'яднання Германіі знайшла шырокую папулярнасць сярод ліберальнай буржуазіі.

У час рэвалюцыі быў створаны першы агульнагерманскі парламент — Франкфурцкі нацыянальны сход і была адменена цэнзура.

Ход падзей[правіць | правіць зыходнік]

1848 год[правіць | правіць зыходнік]

Пасля атрымання вестак пра лютаўскую рэвалюцыю 1848 года ў Францыі ў першых лічбах сакавіка ў розных дзяржавах Германіі — Бадэне, Вюртэмбергу, Баварыі, Гесэн-Дармштаце, Саксоніі і іншых — адбыліся хваляванні: сходы грамадзян падавалі манархам ці палатам петыцыі з патрабаваннем свабоды друку, суду прысяжных і склікання агульнагерманскага парламента. Манархі спешна саступіць і адправілі ў адстаўку ранейшыя кансерватыўныя ўрады; іх месца занялі так званыя сакавіцкія ўрады, якія складаліся з правадыроў ліберальнага руху.

У Гайдэльбергу (Бадэн), 5 сакавіка 1848 года, група нямецкіх лібералаў пачала рыхтавацца да выбараў у Германскі парламент. Прадпарламент быў сабраны 31 сакавіка, у франкфурцкай царкве Святога Паўла. Яго члены заклікалі да свабодных выбараў у агульнагерманскі парламент, на што была згодная большасць германскіх княстваў.

На берлінскіх барыкадах, 19 сакавіка 1848

У той жа час адбываліся народныя сходы ў Берліне. 13 сакавіка натоўп, вяртаючыся са сходу ў Тыргартэне, каля Брандэнбургскіх варот у першы раз уступіў у сутыкненне з салдатамі. 15 і 16 сакавіка адбыліся хваляванні, прычым былі забіты і параненыя. Кароль Прусіі Фрыдрых Вільгельм IV пайшоў на саступкі: 18 сакавіка ён абвясціў пра скліканне аб'яднанага ландтага і пра адмену цэнзуры. Перад палацам сабралася маса народа, якая захоплена вітала караля; але з прычыны нейкага непаразумення атрад драгунаў з шаблямі нагала ўварваўся ў натоўп. Пачалася бітва, якая доўжылася ўсю ноч; у ёй прынялі ўдзел рабочыя з розных фабрыкаў, а таксама студэнты; сярод пратэстуючых былі нават жанчыны і дзеці. Да раніцы народ адціснуў войскі; кароль загадаў ім пакінуць Берлін і дараваў амністыю ўсім палітычным злачынцам. Ён гаварыў у прамовах і пракламацыях, што «з гэтага часу пачынаецца для нямецкай нацыі новая славутая гісторыя» і што ён жадае стаць у якасці канстытуцыйнага манарха на чале агульнай германскай айчыны, свабоднай і адзінай. Аднак у асяроддзі саміх рэвалюцыянераў пачаліся рознагалоссі. 14000 берлінцаў, з якіх многія бралі ўдзел у бітве 18 сакавіка, праз дзевяць дзён пасля яе падалі каралю петыцыю аб вяртанні войскаў у Берлін. Гэта было адказам на сход рабочых, які адбыўся напярэдадні, на ім былі заяўлены патрабаванні аб міністэрстве працы, аб нармальным рабочым дні і інш. 270 чалавек, што страцілі жыцці ў час падзей 18 сакавіка 1848 года ў Берліне, увайшлі ў гісторыю Германіі як «сакавіцкія загінулыя» і былі ўрачыста пахаваны на адмыслова закладзеным Могілкі сакавіцкіх загінулых у Кройцбергу.

18 мая 1848 г. Германскі парламент адкрыў сваю першую сесію ў царкве Святога Паўла. З прычыны таго што сярод 586 дэпутатаў шмат было прафесараў (94), настаўнікаў (30) ці тых, хто меў універсітэцкую адукацыю (233), яго далі мянушку «прафесарскім парламентам» (ням.: Professorenparlament).

Пасяджэнне Нацыянальнага сходу ў царкве Святога Паўла. За трыбунай — Роберт Блюм. Чэрвень 1848 года

Усяго каля 400 дэпутатаў належалі да якой-небудзь палітычнай фракцыі, якія звычайна называліся па месцах сходу іх членаў:

  • Café Milani — правыя/кансерватары (40)
  • Casino — правыя цэнтрысты/ліберальныя кансерватары (120)
  • Landsberg — цэнтрысты/лібералы (40)
  • Württemberger Hof — левыя цэнтрысты (100)
  • Deutscher Hof — левыя/ліберальныя дэмакраты (60)
  • Donnersberg — вельмі левыя/дэмакраты (40)

Абвясціўшы эрцгерцага Іаана адміністратарам дзяржавы не без дапамогі ліберальнага палітыка Генрыха фон Гагерна, парламент прыступіў да стварэння сучаснай канстытуцыі як асновы для аб'яднанай Германіі.

З самага пачатку галоўнымі праблемамі былі рэгіяналізм, падтрымка лакальных пытанняў над пангерманскімі, і аўстра-прускія канфлікты. Эрцгерцаг Ёган Баптыст Аўстрыйскі быў абраны часовым главой дзяржавы (імперскі вікарый, ням.: Reichsverweser), што было спробай стварэння часовай выканаўчай улады. Аднак большасць нямецкіх княстваў не прызнавала новы ўрад. Пасля, слабасцю парламента стала рэакцыя. Германскі парламент страціў рэпутацыю ў вачах нямецкай публікі, калі Прусія падтрымала свае ўласныя палітычныя намеры ў Шлезвіг-Гольштэйнскім пытанні без папярэдняй на тое яго згоды. Тое ж адбылося і тады, калі Аўстрыя здушыла народнае паўстанне ў Вене ваеннай сілай.

Нягледзячы на гэта, пачаліся дыскусіі пра будучую канстытуцыю. Галоўнымі пытаннямі былі:

Неўзабаве падзеі пачалі апярэджваць дыскусіі. Дэпутат Роберт Блюм быў пасланы ў Вену сваімі левымі палітычнымі калегамі з мэтай высвятлення дэталяў прыгнечання тамтэйшага народнага паўстання ваенным шляхам. Р. Блюм удзельнічаў у вулічных баях, быў арыштаваны і пакараны смерцю 9 лістапада, насуперак сваім прэтэнзіям на недатыкальнасць як член Франкфурцкага парламента.

Хоць дасягненні Сакавіцкай рэвалюцыі і былі ліквідаваны ў многіх нямецкіх княствах, дыскусіі ў парламенце працягваліся, усё больш і больш страчваючы кантакт з грамадскасцю.

У снежні 1848 года «Фундаментальныя правы для Нямецкага народа» абвясцілі роўнасць усіх грамадзян перад законам.

1849 год[правіць | правіць зыходнік]

28 мая 1849 года яшчэ чарнавая канстытуцыя, нарэшце, прайшла. Новай Германіі наканавана было стаць канстытуцыйнай манархіяй, і тытул главы дзяржавы («імператар немцаў»[1]) павінен быў стаць спадчынным і насіць яго мусіў адпаведны кароль Прусіі. Гэта прапанова была падтрымана не больш як 290 галасамі за, астатнія 248 дэпутатаў устрымаліся. Канстытуцыя была прынята 29 маленькімі дзяржавамі, але не Аўстрыяй, Прусіяй, Баварыяй, Гановерам ці Саксоніяй. Імператарская карона была прапанавана каралю прускаму Фрыдрыху-Вільгельму IV, які ад яе адмовіўся, не жадаючы прымаць яе з рук рэвалюцыянераў і прытым на ўмовах, якія ставіла канстытуцыя.

Для абароны пастаноў парламента ў розных месцах (асабліва — у Саксоніі і ў Бадэне) адбыліся народныя паўстанні, але яны хутка былі задушаны пры дапамозе прускіх войскаў.

Агульнагерманскі парламент, які значна парадзеў, 30 мая 1849 г. пастанавіў перанесці свае пасяджэнні ў Штутгарт. Яшчэ некалькі дзён гэты "парламент-пазадкі" (Rumpfparlament) засядаў у Штутгарце, але 18 чэрвеня быў разагнаны ваеннай сілай.

22 мая 1849 г. у Берліне сабраўся ў нацыянальны сход Прусіі, які, аднак, не паспеў зрабіць нічога сур'ёзнага. Фрыдрых Вільгельм IV адтэрмінаваў пасяджэнні палат і перанёс іх з Берліна ў Брандэнбург. Дэпутаты хацелі не падпарадкавацца гэтай пастанове і спрабавалі збірацца ў розных будынках Берліна, але іх разганялі салдаты. 5 снежня яны сабраліся ў Брандэнбургу з мэтай пратэсту супраць дзеянняў урада, які адказаў на гэта роспускам сходу. Затым кароль выдаў канстытуцыю і выбарчы закон, заснаваны на маёмасным цэнзе (трохкласная сістэма).

Зноскі

  1. Гэта прамая алюзія на тытул «імператара французаў», заснаваны Напалеонам Банапартам у 1804 г. і скасаваны па чарзе ў 1814 і ў 1815 гадах. Тытул «імператара французаў» быў адноўлены Шарлем Луі Напалеонам Банапартам у 1852 г. і скасаваны пасля германскага паланення апошняга пры Седане і пастановы Бардоскага нацыянальнага сходу аб яго звяржэнні ў пачатку[удакладніць] верасня 1871 г.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]