Салаўіны цвыркун

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Салаўіны цвыркун
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Locustella luscinioides Savi, 1824

Падвіды
  • Locustella luscinioides fusca
  • Locustella luscinioides luscinioides
  • Locustella luscinioides sarmatica
Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  560838
NCBI  68490
EOL  1052685

Салаўіны цвыркун (Locustella luscinioides) — птушка з атрада вераб’інападобныя (Passeriformes), сямейства валасянкавыя (Sylviidae).

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Маленькая птушка, даўжыня цела каля 13 см, маса 15—16 г. Спінны бок рыжавата-карычневы, ніз белаваты, на горле і валляку часам бываюць маленькія цёмныя трохвугольныя плямы.

Вызначальная рыса — голас. Голас: доўгае, манатоннае і сухое «трр», больш нізкае, чым у звычайнага цвыркуна. Пад час спявання паварочвае галаву ў бакі, таму здаецца, што гук мадулюецца. Асцерагае гарлавым «цік».

Пашырэнне[правіць | правіць зыходнік]

Салаўіны цвыркун на Беларусі

Арэал: разарваны; Паўднёвая, Цэнтральная і Усходняя Еўропа, паўночны захад Афрыкі і Цэнтральная і Заходняя Азія. З 1920-х гадоў (асабліва з 1960-х) пашырае свой арэал у Еўропе на захад і поўнач.

На Беларусі адносна рэдкі на гнездаванні пералётны і транзітна мігрыруючы від. Раней цвыркун адзначаўся пераважна ў паўднёвых і заходніх раёнах, адзінкавыя сустрэчы былі адзначаны ў цэнтральнай частцы краіны. Цяпер сустрэчы і ўскосныя доказы гнездавання вядомы ў Гомельскім і Жыткавіцкім раёнах. Ёсць звесткі пра рэгулярныя сустрэчы самцоў у паўночных раёнах Беларусі — Гарадоцкім, Ушацкім, Шаркоўшчынскім, Шумілінскім.

Пералётны від. Месца зімовак: Афрыка на поўдзень ад Сахары, ад Сенегала да Эрытрэі, Іран, Ірак.

Месцы пражывання: хмызнякі, цяжкадаступныя зараснікі чароту і іншай расліннасці на невялікіх забалочаных вадаёмах, рыбагадоўчых сажалках, багністых берагах азёр, старарэчышчы, забалочаныя поймавыя лясы. Засяляе вялікія па плошчы ўчасткі трыснягу з купінамі рагозу і высокіх асок, немеліярыраваныя тарфянікі, берагі вадаёмаў з высокім чаротам і купінамі асакі і рагозу, а таксама зараснікамі вярбы з высокай травяністай расліннасцю.

Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]

Корміцца насякомымі.

У прыдатных месцах пражывання можа лакальна збірацца ў вялікай колькасці. Гняздуецца ў хмызняках, зарасніках густых траў. Гняздо «уціснутае» ў купіну асакі або сярод заломаў сухой надводнай расліннасці, добра асветленае сонцам, над мокрым грунтам або вадой. Будуе гнёзды з лістоў рагозу, трыснягу, асакі.

У кладцы 4-6 яец памерамі 19,6 x 14,6 мм. Яйкі крыху падоўжаныя, з даволі вострым вузейшым канцом, белыя, з густымі і дробнымі плямкамі: глыбокія — светла-шэрыя, паверхневыя — шэра-карычневыя або чырвона-карычневыя.

Падвіды[правіць | правіць зыходнік]

  • L. l. luscionioides — Еўропа да 35° на ўсход;
  • L. l. sarmatica — ад 35° на ўсход да Волгі і Урала;
  • L. l. fisca — цэнтральная і паўднёва-заходняя Сібір.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]