Самава

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Самава
(Tau Samawa)
Агульная колькасць 413 000 (2011)
Рэгіёны пражывання Інданезія
Мова самава
Рэлігія анімізм, шаманізм, іслам
Блізкія этнічныя групы балійцы, сасакі, мбоджа

Самава (саманазва Tau Samawa), або сумбава (індан.: Sumbawa) — аўстранезійскі народ, карэннае насельніцтва вострава Сумбава ў Інданезіі. Агульная колькасць — 413 тысяч чал. (2011 г.)[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Самава насяляюць заходнюю частку вострава Сумбава і каля 38 невялікіх астравоў. На ўсходзе Сумбавы яны мяжуюць з блізкім па мове і культуры народам біма або мбоджа. Самава паходзяць ад старажытных аўстранезійцаў, якія трапілі на востраў некалькі тысяч гадоў таму. У XIV ст. заходняя частка Сумбавы ўзгадваецца як залежная тэрыторыя яванскай імперыі Маджапахіт. У далейшым створаныя на захадзе Сумбавы дзяржаўныя ўтварэнні перыядычна знаходзіліся ў залежнасці ад дзяржаў Балі. У 16501750 гг. султаны захаду Сумбавы самі валодалі землямі на суседнім востраве Ламбок.

У XVII ст. сярод самава распаўсюджваецца іслам. Аднак яго ўплыў набыў асаблівую важнасць толькі ў XIX ст. у сувязі з рэформамі, якія праводзілі мясцовыя манархі для ўмацавання сваёй улады пасля катастрафічнага вывяржэння вулкана Тамбора. Яны спрыялі культурнаму аб’яднанню мясцовага насельніцтва.

Ужо ў перыяд сярэднявечча самава былі вядомы як пастаўшчыкі каштоўнай драўніны, мёду, коней у іншыя краіны Паўднёва-Усходняй Азіі. З 1605 г. вялі актыўны гандаль з галандцамі. Дзякуючы галандскім гандлярам на востраве Сумбава пачалося вырошчванне кавы, якая ператварылася ў асноўную экспартную культуру. У XIX ст. саслабленыя дзяржаўныя ўтварэнні самава былі далучаны да галандскіх калоній. У 1949 г. Заходняя Сумбава стала часткай Інданезіі.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўны традыцыйны занятак — земляробства. Галоўнай сельскагаспадарчай культурай з’яўляецца рыс, які пераважна ўжываецца ў ежу. Іншыя культуры (цыбулю, тытунь, каву, садавіну і г. д.) вырошчваюць пераважна на продаж. Самава трымаюць буйвалаў, коней, на затопленых палетках і ў штучных сажалках — рыбу. Важнае значэнне мае лясная гаспадарка, збор дзікіх арэхаў, воску і ладану.

Для вёсак самава характэрна так званая рассеяная забудова, калі населеныя пункты складаюцца з асобных сядзіб. Вялікія вёскі падзяляюцца не некалькі частак, кожная з якіх мае сваю адміністрацыю. Аднак жыхары вёскі аб’яднаны ў абшчыну, супольна займаюцца праблемамі землекарыстання і ірыгацыі. У горнай мясцовасці на вызваленых ад лесу тэрыторыях будуюць часовыя селішчы. Жытлы слупавога-каркаснага тыпу з высокімі дахамі, звычайна складаюцца з 4—6 пакояў.

Традыцыйнае грамадства падзяляецца на тры групы — сваякоў сям’і манарха, высакародных і асабіста вольных простых абшчыннікаў. Пераважаюць малыя нуклеарныя сем’і, але сваякі захоўваюць шчыльныя сувязі да шостага пакалення. Адлік сваяцтва вядзецца адначасова па мужчынскай і жаночай лініі. Хаця рэлігія не забараняе палігінію, сем’і звычайна манагамныя. Вяселлю папярэднічае доўгі цыкл абрадаў і заручынаў. Нявеста павінна атрымаць бласлаўленне бацькоў. У мінулым уцёкі маладых, якія не атрымалі бласлаўлення, выклікалі абразу сваякоў і абавязковы пераслед уцекачоў.

Фальклор самава вядомы вялікай колькасцю казак, легенд, гістарычных паданняў, дзіцячых вершаў, танцавальнымі і музычнымі відовішчамі.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць вернікаў самава з’яўляюцца мусульманамі-сунітамі, аднак захаваліся некаторыя старажытныя культы. Самава вераць у існаванне мноства духаў, магію. Пэўны ўплыў маюць шаманы, якія выступаюць у якасці дарадцаў і лекараў.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]