Свята-Мікалаеўская царква (Ясянец)
Славутасць | |
Свята-Мікалаеўская царква | |
---|---|
53°21′11″ пн. ш. 26°02′39″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Месцазнаходжанне | |
Заснавальнік | Рыгор Война-Ясянецкі |
Свята-Мікалаеўская царква — колішні праваслаўны храм у в. Ясянец Баранавіцкага раёна.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Будаўніцтва царквы Святога Мікалая ў маёнтку Ясянец фундаваў у 1638 г. мазырскі мечнік Рыгор Война-Ясянецкі разам з жонкай Хрысцінай з Улатоўскіх. Згодна з візітацыяй ад 23 кастрычніка 1680 г., святыня была драўляная, мела і ўсё неабходнае начынне. Адзначаны вялікі алтар, дэісус (іканастас) і новыя абразы, апраўленае ў аксаміт Евангелле са срэбнай таблічкай, друкаваныя Службоўнік, Паўуставец, Ірмалой, Псалтыр, Трэбнік, рукапісныя Апостал, Актоіх, Трыфалой, Каляровая Трыёдзь, бронзавая кадзільніца, два малыя алтарныя званочкі, харугвы, святарскае адзенне і інш. На абразе Дзевы Марыі былі дзве срэбныя кароны, срэбны абруч, тры срэбныя і адзін залаты пярсцёнкі, двое бурштынавых пацерак, завушніцы з чэшскімі дыяменцікамі, чорная бранзалетка, двое чорных карункаў, двое завушніц з залатога дроту, каралі з гэтага ж матэрыялу. На званіцы знаходзіўся вялікі звон. У царкоўным карыстанні былі 3 валокі зямлі з сенажацямі і кустоўем.
Наваградскі гараднічы Аляксандр Война сваім тастаментам запісаў на святыню 300 злотых. Да гэтай сумы былая жонка А. Войны, на час візітацыі ўжо пані Грахольская, «дала царкве хлопа застаўным правам, аднак жа потым адняла». Пры гэтым пан Грахольскі, тагачасны дзяржаўца ясянецкі, на царкоўных грунтах чыніў вялікую крыўду. Плябанія ўяўляла сабой «ізбу белую з сеньмі і з пякаранкай». Пры ёй былі свіран, драўляныя гумно і дзве стайні.
У 1680 г. у мясцовую парафію ўваходзілі жыхары вёсак Ясянец, Брыксічы, Вялікае, Кісілевічы, Несцяровічы, Масцітычы, Душкевічы, Насейковічы, Парочына, Каросна, Мікулічы, Цыневічы, Рудкаўшчына, Равіны, Труднова, Трасейкі, Мінакі, Дашкі, Гарбатовічы, Сапліцы, Куневічы, Грэчышкі, Пруды, Кутаўшчына, Алізараўшчына, Перавалока — усяго 500 чалавек. Царква стаяла ва ўтульным кутку старажытнага парку, што межаваўся з пагоркам, на якім пад вялікімі дубамі хавалі ўладальнікаў маёнтка. Насупраць храма на адной восі з ім знаходзіўся сядзібны дом. Вакол святыні шумелі ліпы з размахам кроны да 16 метраў.
Верагодна ў сядзібнай Свята-Мікалаеўскай царкве быў ахрышчаны будучы канцлер вялікі літоўскі Яўхім Літавор Храптовіч, які нарадзіўся ў Ясянцы, у доме бабулі Тэафілі Войны з дэ Раесаў.
І сядзібны дом, пабудаваны ў 1740-я гг., і царква былі разбураны і пашкоджаны ў гады Першай сусветнай вайны. У пазнейшы час святыня была адрамантавана і адносілася да праваслаўнага прыхода ў вёсцы Паручын. Пасля яе закрыцця ў Паручынскую царкву перайшла яе маёмасць, вопіс якой захаваўся.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- 1638, Ясянец // Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны: нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз; [рэдакцыйны савет: У. У. Андрыевіч (галоўны рэдактар) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2018. — С. 172-173. — 511 с. — 600 экз. — ISBN 978-985-11-1055-7.