Свята-Пакроўская царква (Паручын)
Праваслаўны храм | |
Свята-Пакроўская царква | |
---|---|
53°21′44,11″ пн. ш. 26°00′34,96″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Паручын |
Канфесія | Беларуская праваслаўная царква |
Епархія | Пінская і Лунінецкая епархія |
Дата пабудовы | 1783 год |
Свята-Пакроўская царква — праваслаўны храм у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў в. Паручын Баранавіцкага раёна.
Царква ў знаходзіцца на ўсходняй ускраіне вёскі, на могілках. Помнік народнага дойлідства мяжы 18 — 19 стагоддзяў з дрэва.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Згодна з апісаннем Мінскай епархіі 1864 года ў сяле Паручын знаходзілася Свята-Пакроўская, шостага класа драўляная царква, пабудаваная ў 1783 годзе каталіцкім слонімскім свяшчэннікам Якавам Кабылінскім.
У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года — царква ў сяле Паручын драўляная, пабудаваная ў 1783 годзе на каменным падмурку. У плане вырашана падоўжаным крыжам, завершана адным глухім купалам над гонтавым дахам. Інтэр’ер храма асвечаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, мае адзін уваход. Столь падшыта дошкамі, сцены пабеленыя, пол у алтарнай частцы зроблены з дошак, у царкве — з цэглы. Іканастас быў пафарбаваны ў перламутравы колер, складаўся з 9 абразоў, размешчаных у 1 рад. На званіцы было тры званы. У сяле Ясенец знаходзілася прыпісная Свята-Мікалаеўская царква, з мясцовашанаваным абразам Божай Маці.
Настаяцелем храма быў свяшчэннік Сафроній Гаховіч, рукапаложаны ў 1844 годзе. Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства, працавалі дзве школы.
Памятныя кніжкі Мінскай губерніі захавалі нам імёны яшчэ некаторых настаяцеляў Свята-Пакроўскай царквы вёскі Паручын: Іосіф Квяткоўскі (1889—1902), Сяргей Радакоўскі (1905—1908), Пётр Тамашэўскі (1910—1914) (даты пададзены па гадах выхаду Памятных кніжак Мінскай губерніі).
У склад прыходу ўваходзілі вёскі Мікулічы, Трасейкі, Паручын, Крывое, Боўцічы, Душкаўцы, Канюшоўшчына, Мастытычы, Раманы, Саланікі, Ціневічы, Насейкі, Белы Луг, Ясянец, Пруды, Кутаўшчына, Калцявы, Грачыхі, Елізараўшчына, Быткоўшчына, Гарбатовічы, Кіневічы, Скробава.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Адназрубны будынак пад двухсхільным дахам з прытворам і пяціграннай апсідай, па баках якой дзве рызніцы. Фасад вырашаны плоскім прамавугольным у плане двух'ярусным прытворам-званіцай, завершаным макаўкай. Гарызантальна ашаляваныя бакавыя фасады рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах і брусамі-сцяжкамі ў прасценках.
Інтэр'ер
[правіць | правіць зыходнік]У інтэр’еры апсіда вылучана іканастасам. Над уваходам галерэя хораў на двух слупах. Сцены расчлянёны брусамі-сцяжкамі. Абраз «Маці Божая з дзіцем» (канец 18 ст.), Евангелле 18 ст. Перад храмам пастаўлена чатырохслупавая званіца пад двухсхільным пакрыццём.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007. — стар. 314.
- Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202—213.
- Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879.
- Памятныя кніжкі Мінскай губерніі на 1889, 1891, 1893, 1895, 1898, 1902, 1905, 1907, 1908, 1910, 1912, 1913, 1915 гады.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Свята-Пакроўская царква (Паручын) на сайце Radzima.org
- Свята-Пакроўская царква (Паручын) на сайце Глобус Беларусі (руск.)