Старадарожскі мастацкі музей

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Старадарожскі мастацкі музей
Заснаваны 1990
Заснавальнік Анатоль Яўхімавіч Белы
Месцазнаходжанне Старыя Дарогі, Мінская вобласць

Старадарожскі мастацкі музей Анатоля Белага — музей, заснаваны ў горадзе Старыя Дарогі Мінскай вобласці ў 1990 годзе. У аснову музея пакладзена асабістая калекцыя Анатоля Яўхімавіча Белага. Урачыстае адкрыццё музея адбылося 11 снежня 1999 года, на другі дзень пасля 60-годдзя А. Я. Белага.

Гісторыя музея[правіць | правіць зыходнік]

Музей створаны А. Я. Белым як прыватны, асновай экспазіцыі стала сямейная калекцыя. Пачатак збору калекцыі сям'і Белых быў пакладзены дзедам А. Я. Белага — Васілём. Так ад Васіля Белага было атрымана некалькі манет Вялікага княства Літоўскага, на якія Анатоль Белы ў сярэдзіне 1970-х купіў некалькі мастацкіх твораў для сваёй будучай калекцыі. Сапраўднае калекцыяніраванне пачаў бацька А. Я. Белага — Яўхім Белы, які ў вясковай сядзібе пачаў збіраць творы мастацтва беларускай тэматыкі. Калекцыяніраванне самога Анатоля Белала пачалося з кнігазбору ў студэнцкія гады, а цікаўнасць да мастацтва з цягам часу прычынілася да калекцыяніравання мастацкіх твораў — спачатку Анатоль Белы захапіўся медальёнамі, яны падштурхнулі да збору графікі, апошняя ў сваю чаргу да збору жывапісу. Анатоль Белы сябраваў з многімі мастакамі — атрымліваў ад іх у дар карціны.

Вынікам некалькіх дзесяцігоддзяў збіральніцкай дзейнасці стала калекцыя, якая не магла размясціцца ў асабістым жыллі А. Я. Белага і кватэрах яго сяброў. Шматлікія звароты да ўлад аб атрыманні памяшкання пад музей былі задаволены толькі ў пачатку 1980-х, калі калекцыянер здолеў атрымаць некалькі пакояў у раённым домакіраўніцтве для арганізацыі экспазіцыі сваёй мастацкай калекцыі. Гэтым быў закладзены пачатак прыватнага мастацкага музея Анатоля Белага ў Старых Дарогах, але праз пэўны час калекцыя зноў засталася без памяшкання.

У 1990 годзе А. Я. Белы вырашыў стварыць музей на базе дома сваіх бацькоў у Старых Дарогах. Да будынка было прыбудавана некалькі памяшканняў і паверх, сюды на 10 аўтобусах з Мінска была перавезена калекцыя. Урачыстае адкрыццё музея адбылося 10.12.1999 года.

Прыватны мастацкі музей у Старых Дарогах адзін з нямногіх (каля 10) прыватных музеяў Беларусі. Уваход у музей вольны, ёсць экскурсавод, але, каб патрапіць у музей, трэба папярэдне звязацца па тэлефону з роднымі А. Я. Белага.

Кантакты[правіць | правіць зыходнік]

Адрас музея: г. Старыя Дарогі, вул. Садовая, 52.

Кантактныя нумары ў Старых Дарогах: (017 92) 57-068 Ала Мікалаеўна Белая

У Мінску: (017) 347-66-08

Музейная экспазіцыя[правіць | правіць зыходнік]

Экспазіцыя мае каля 4 тысяч экспанатаў, плошча каля 500 м². Аснову мастацкай калекцыі склаў асабісты збор А. Я. Белага: жывапіс, графіка, скульптура, медальернае мастацтва (каля 600 адзінак) і нумізматыка (самым старажытным экспанатам з'яўляецца каранацыйны медаль караля Аўгуста III, датаваны 1730 годам). Музей мае 7 тэматычных залаў.

У зале «Жывапісная Беларусь» экспануюцца творы беларускіх мастакоў Г.Вашчанкі («Беларускі краявід», 1983), М. Карпука («Асеннія палеткі», 1992), І. Рэя («Зялены краявід», 1985), У. Стальмашонка («Слёзы Адама», 1992; «Першыя і апошнія каралі Рэчы Паспалітай», 2003), Б. Ціханава («Маці касманаўта Клімука», 1980), Г. Ціхановіча («Веру — уваскрэснеш», 1997), Я. Ціхановіча («Уладзіслаў Галубок», 1944; «Партызаны ў разведцы», 1995) і інш.

У зале «Гісторыя Беларусі ў мастацкіх вобразах і партрэтах» сабраны партрэты князёў, святых, асветнікаў, палкаводцаў Вялікага княства Літоўскага, дзеячаў «нашаніўскага» перыяду і беларускага замежжа, выявы помнікаў архітэктуры старажытных гарадоў Беларусі, карта Вялікага княства Літоўскага часоў вялікага князя Вітаўта, радавод полацкіх князёў і вялікіх князёў літоўскіх. Экспануюцца творы беларускіх мастакоў А. Крывенкі, У. Стальмашонка, А. Цыркунова і інш.

У зале «Творы мастака А. Пятрухны» сабрана каля 150 твораў жывапісу, графікі, акварэлі. Тут знаходзяцца стэнды, прысвечаныя беларускаму пісьменніку В. Быкаву: кнігі, ілюстрацыі мастакоў да яго твораў, асабістыя рэчы.

Зала «Сябры клуба „Спадчына“» змяшчае партрэты сяброў клуба, іх кнігі, артыкулы ў часопісах і газетах, асабістыя рэчы, афішы, дыскі, запісы выступленняў і інш.

Зала «Скульптура і медальерная кераміка» прадстаўлена творамі беларускіх скульптараў і майстроў медальернага мастацтва: М. Кандрацьева, У. Мелехава, М. Несцярэўскага і інш.

Зала «Гісторыя Беларусі ў графіцы» мае 3 раздзелы. У раздзеле «Старажытная Беларусь» прадстаўлены постаці Е. Полацкай, К. Тураўскага, М. Гусоўскага, С. Буднага, В. Цяпінскага і інш. У раздзеле «Змагарная Беларусь» жывапісныя і графічныя партрэты ўдзельнікаў паўстанняў 1794 і 1830—1831, Т. Касцюшкі і яго паплечнікаў, філарэтаў і філаматаў, А. Міцкевіча, К. Каліноўскага, Э. Плятэр. Раздзел «Маладая Беларусь» змяшчае творы медальернага мастацтва, прысвечаныя Ф. Скарыне, М. Гусоўскаму, Я. Купале, Я. Коласу, Цётцы, К. Каганцу.

У зале «Любіць Радзіму, шанаваць родную мову» экспануюцца партрэты дзеячаў беларускай культуры: М. Багдановіча, Ф. Скарыны і інш., творы заходнебеларускіх мастакоў Я. Драздовіча, М. Сеўрука, П. Сергіевіча.

Па-за будынкам музея дэманструюцца помнікі — скульптуры (77 адз.) вялікім літоўскім князям Міндоўгу, Віценю, Вітаўту, Ягайлу, а таксама Л. Сапегу, Ф. Скарыне, К. Каліноўскаму, Ф. Багушэвічу, А. і М. Багдановічам, М. Улашчыку, В. Быкаву, А. Бярозку і іншым дзеячам гісторыі і культуры Беларусі. Таксама на тэрыторыі сядзібы знаходзяцца камень Мовы (са 100 імёнамі беларусаў-змагароў за родную мову) і камень Гісторыі (100 імёнаў гісторыкаў і публіцыстаў).

Экспазіцыя мастацкага музея часта мяняюцца: з'явіліся асобныя раздзелы, прысвечаныя К. Каліноўскаму і Ф. Скарыну, царкоўным дзеячам. У музеі шмат эміграцыйных выданняў, кніг Н. Арсенневай, А. Бярозкі, Я. Кіпеля, «Запісы БІНІМ», «Конадні», «Полацак» і іншыя.

У музеі ёсць стэнд з творамі мастакоў Заходняй Беларусі пачатку XX стагоддзя: Я. Драздовіча, П. Сергіевіча, В. Жаўняровіча. Пры тым, на творы В. Жаўняровіча ў музея маюцца дакументы, якія сведчаць, што гэтыя творы выстаўляліся ў самых прэстыжных залах Францыі.

Таксама ў Старадарожскім музеі А. Белага выстаўлены арыгінал твору знакамітага мастака XIX стагоддзя Валенція Ваньковіча, адзіны арыгінальны твор Валенція Ваньковіча ў Беларусі. На шыльдзе пад творам пазначана, што гэта дар беларускаму народу ад мастака Арлена Кашкурэвіча. Там жа знаходзіцца рарытэтны бюст Валенція Ваньковіча.

У музеі часта ладзяцца выставы. Найбольш значныя: «Любіць Радзіму — шанаваць родную мову», «Гісторыя Беларусі ў мастацкіх вобразах», «Беларускія Калумбы» і інш.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]