Касіяпея (сузор’е)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Сузор'е Касіяпея)
Лацінская назва
(у р. скл.: Cassiopeiae)
Скарачэнне Cas
Плошча 598,4 кв. градусаў (1,451%)
Самыя яркія зоркі
(велічыня < 3m)
  • Шэдар (α Cas)— 2,24m
  • Каф (β Cas)— 2,27m
  • Наві (γ Cas)— 2,47m
  • Рукбах (δ Cas)— 2,68m
Колькасць зорак,
ярчэйшых за m+6,5
(паводле каталога Гіпарха)
157
Назіраецца ў шыротах: 90°Пн – 12°Пд (цалкам)
12°Пд – 43°Пд (часткова)

Касіяпе́я (лац.: Cassiopeia; народная назва — Касцы[1]) — сузор’е ў паўночнай частцы зорнага неба, адно з 88 сузор’яў дзейнай наменклатуры IAU (1930). Самыя яркія зоркі Касіяпеі (ад 2,2 да 3,4 зорнай велічыні) ўтвараюць фігуру, падобную на літары «М» або «W». Сузор’е займае на небе плошчу ў 598,4 квадратнага градуса і змяшчае каля 150 зорак, бачных няўзброеным вокам; з іх 90 зорак — ярчэй за 6m. Большая частка сузор’я ляжыць у паласе Млечнага Шляху і ўтрымлівае шмат рассеяных зорных скопішч. Сузор’е з’яўляецца незаходным на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

W-астэрызм[правіць | правіць зыходнік]

Касіяпея ўключае астэрызм, які фарміруе запамінальны вобраз сузор’я — 'W-астэрызм' . Ён складаецца з самых яскравых зорак сузор’я, ε (Сегін), δ (Рукбах), γ (Наві), α (Шэдар) і β (Каф), якія ўтвараюць фігуру, якая нагадвае лацінскую літару «W».

Зоркі[правіць | правіць зыходнік]

Найбольш яркія зоркі ε (Сегін), δ (Рукбах), γ (Наві), α (Шэдар) і β (Каф), якія ўтвараюць фігуру W, маюць бляск 3,4; 2,7; 2,4; 2,2 і 2,3 бачнай зорнай велічыні.

Незвычайнай зменнай зоркай з’яўляецца Гама Касіяпеі — Наві. Гэта — новападобная зорка, яркасць якой можа змяняцца ад 1,6m да 3m.

Зусім інакш паводзіць сябе ρ Касіяпеі, якая адносіцца да класа зорак-звышгігантаў (яна ў 40 разоў цяжэйшая і прыкладна ў 500 000 разоў ярчэйшая за Сонца). Вялікую частку часу яе бляск нязменны і блізкі да 4m. Але часам бляск спадае да 6,2m, і тады ρ Касіяпеі становіцца недасягальнай для няўзброенага вока. Прычынай змены бляску з’яўляюцца выкіды зоркай газу ў прастору, якія прыводзяць да аслаблення яе бачнай яркасці.

η Касіяпеі — падвойная зорка. Галоўная зорка (3,7m) — жоўты гігант, спадарожнік (7,4m) — маленькая чырвоная халодная зорка з тэмпературай паверхні, блізкай да 3000 К. Абедзве зоркі круцяцца вакол агульнага цэнтра цяжару з перыядам 526 год. Яны знаходзяцца параўнальна блізка ад Сонца — на адлегласці 20 светлавых гадоў.

Жоўтая карлікавая зорка μ Касіяпеі (5,3m) прыкметная сваім вельмі хуткім перамяшчэннем. Кожную секунду яна аддаляецца ад нас амаль на 100 км і пры гэтым ссоўваецца і ў папярочным кірунку. За тысячагоддзе яна праходзіць на небе адлегласць, роўную падвоенаму бачнаму папярочніку месяцавага дыска. Упершыню ў зорныя каталогі μ Cas была занесена Ціха Брагэ.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Старажытнае сузор’е. Уключана ў каталог зорнага неба Клаўдзія Пталемея «Альмагест». Названа імем Касіяпеі — у грэчаскай міфалогіі жонкі эфіопскага цара Кефея і маці Андрамеды. Паводле адной з версій міфа, Касіяпея за сваю хвальбу была прывязана да крэсла, седзячы на якім, была павінна кружыцца вакол Паўночнага Полюса, куляючыся галавой уніз.

У некаторых арабскіх рукапісах сузор’е завецца «Сядзячая жанчына».

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Слоўнік фізічных і астранамічных тэрмінаў [для сярэдняй школы] / Болсун А. І., Рапановіч Я. Н. — Мн.: Народная асвета, 1979. — 182 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]