Сцяг Паўднёвага Судана
Сцяг Паўднёвага Судана | |
---|---|
Зацверджаны | 9 ліпеня 2005 |
Прапорцыя | 1:2 |
Сцяг Паўднёвага Судана — афіцыйны нацыянальны сімвал, разам з гербам і гімнам. Зацверджаны 9 ліпеня 2005 часовай канстытуцыяй тады яшчэ рэгіёну Судана, у адпаведнасці з Найвашскім пагадненнем , якое стала завяршэннем Другой грамадзянскай вайны ў Судане.
Першапачаткова выкарыстоўваўся ў якасці сцяга Народнай арміі вызвалення Судана.
Сцяг уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з трох гарызантальных палос чорнага, чырвонага і зялёнага колераў, падзеленых паміж сабой двума белымі гарызантальнымі палосамі, што робіць яго падобным на сцяг Кеніі. У тронка размешчаны роўнабаковы трохкутнік сіняга колеру, у цэнтры якога намаляваная залатая зорка.
Значэнне элементаў
[правіць | правіць зыходнік]Колеры сцяга маюць наступнае сімвалічнае значэнне:
- чорны — сімвалізуе чарнаскурае насельніцтва Паўднёвага Судана;
- белы — сімвалізуе мір у Судане, для дасягнення якога было аддадзена мноства жыццяў;
- чырвоны — сімвалізуе пралітую змагарамі за свабоду кроў;
- зялёны — сімвалізуе сельскагаспадарчы патэнцыял, прадстаўлены ўрадлівай глебай і багатай экватарыяльнай расліннасцю сельскай мясцовасці Паўднёвага Судана;
- сіні — сімвалізуе раку Ніл, якая з’яўляецца асноўнай крыніцай жыцця не толькі для Паўднёвага Судана, але таксама і для тэрыторый паўночней, аж да Егіпта.
Зорка з’яўляецца сімвалам адзінства рэгіёнаў Паўднёвага Судана і «пуцяводным знакам» для краіны і яе народа. Увесь жа сцяг сімвалізуе адну нацыю чорных афрыканцаў, аб’яднаных у барацьбе за вечны мір і дабрабыт для ўсяго народа Паўднёвага Судана.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Дзяржаўныя сімвалы на афіцыйным сайце ўрада Паўднёвага Судана Архівавана 29 красавіка 2012. (англ.)