Перайсці да зместу

Сяргей Палуян

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сяргей Палуян
Асабістыя звесткі
Псеўданімы С. Ясяновіч, С. П. і П. Ян
Дата нараджэння 19 кастрычніка 1890(1890-10-19)
Месца нараджэння
Дата смерці 8 (21) красавіка 1910 (19 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці публіцыст, літаратуразнавец, пісьменнік, літаратурны крытык, тэатральны крытык
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Партыя
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах

Сяргей Епіфанавіч Палуян (19 кастрычніка 1890(1890-10-19), Брагін, Мінская губерня8 (21) красавіка 1910, Кіеў; Крыптанімы: П. Ян.; С. П.) — беларускі публіцыст, празаік, літаратуразнавец.

Нарадзіўся 19 кастрычніка 1890 года ў Брагіне Рэчыцкага павета, быў трэцім дзіцём у сям’і арандатараў Епіфана Іванавіча і Аляксандры Дзмітрыеўны Палуянаў. У сям’і было 5 дачок і 3 сыны. Праз пяць месяцаў па нараджэнні Сяргея сям’я пераехала на сталае месца жыхарства ў вёску Крышычы Юравіцкай воласці Мазырскага павета, дзе ў 1897 годзе купіла ўласны фальварак.

Вучыўся ў Мазырскай прагімназіі, дзе зблізіўся з рэвалюцыянерамі, распаўсюджваў улёткі і ўдзельнічаў у мітынгах. Праз пагрозу выключэння за рэвалюцыйную дзейнасць, пераведзены бацькам у Мітаўскую гімназію (цяпер — Елгава, Латвія) пад нагляд сваякоў, але ўдзелу ў рэвалюцыйных арганізацыях не спыніў. З прычыны палітычнай дзейнасці, якую бацька не ўхваляў, адбыўся іх канфлікт і разрыў.

У 1908 годзе самавольна з Мітавы з’ехаў у Кіеў, жыў у сваякоў, таксама ўдзельнічаў у рэвалюцыйным руху. Ездзіў у Вільню на сустрэчу з Янкам Купалам. У 1908 годзе ўвайшоў у кіруючы орган Беларускай сацыялістычнай грамады. Пісаў у «Нашу ніву», у тым ліку артыкулы «Беларуская справа і ўкраінскае грамадства», «Лісты з Украіны» (1909). З 1910 годзе зноў жыў у Кіеве. Працаваў у часопісах «Українська хата» і «Світло», дзе друкаваў свае творы, супрацоўнічаў з газетай «Рада» і іншымі.

Паводле афіцыйнай версіі, скончыў жыццё самагубствам у ноч з 7 на 8 красавіка 1910 года[1]. Таксама ёсць версія пра гвалтоўную смерць[2]. Пахаваны ў Кіеве на Байкавых могілках, магіла не захавалася.

Меў пазашлюбнага сына са сваёй каханкай Наталляй.

Падтрымліваў сяброўскія і творчыя сувязі з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, Цішкам Гартным, Ядвігіным Ш. і іншымі.

Аўтар апавяданняў («Вёска» і іншыя), вершаваных і драматычных твораў (не выяўлены), вершаў у прозе, рэцэнзій («Якуб Колас. Другое чытанне для дзяцей беларусаў», «Тарас на Парнасе», «Ядвігін Ш. Дзед Завала» і іншыя), першага ў беларускай крытыцы агляднага артыкула «Беларуская літаратура ў 1909 г.», першага гістарычнага нарыса новай беларускай літаратуры «Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках» (абодва 1910). Выступаў як тэатральны крытык («Віленская беларуская вечарынка», «Беларускія вячоркі», 1910 і іншыя). Даследаваў украінскую культуру і літаратуру, беларуска-ўкраінскія літаратурныя сувязі (цыкл артыкулаў «Лісты з Украіны» і іншыя). Адстойваў правы беларусаў на развіццё сваёй мовы і культуры («Пра нацыянальную школу на Беларусі», цыкл артыкулаў «З нашага жыцця»)[1].

Не ўся творчая спадчына Сяргея Палуяна захавалася, цяпер вядома яго апавяданне «Вёска», абразок «Хрыстос уваскрос!» (зварот да беларускага народа), дваццаць адзін публіцыстычны артыкул, рэцэнзіі. Выйшаў зборнік твораў Сяргея Палуяна «Лісты ў будучыню» (1986).

  • Лісты ў будучыню: проза, публіцыстыка, крытыка / Сяргей Палуян. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1986. — 214, [1] c., [11] л. іл., партр., факсім.
  • Творы. Успаміны. Прысвячэнні. Даследаванні / Сяргей Палуян; укладанне, падрыхтоўка тэксту, аглядныя аналітычныя артыкулы, прадмова i каментар Таццяны Кабржыцкай, Вячаслава Рагойшы. — Мінск : Кнігазбор, 2018. — 336 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»; выпуск 114). — ISBN 978-985-7207-51-0

Памяці Сяргея Палуяна Янка Купала прысвяціў паэму «Курган» і вершы «Памяці С. Палуяна», Максім Багдановіч — першы і апошні прыжыццёвы зборнік твораў «Вянок»[3] і вершы «С. Палуяну», Ядвігін Ш. — верш у прозе «Раны».

  1. а б Рагойша В. 2001, с. 18.
  2. Кастусь Матушыч. Адкрывальнік Багдановіча. Культура. Рознае. «Наша Ніва» (22 кастрычніка 2010).
  3. «Вянок [на магілу Сяргея Палуяна]»
  • Рагойша В. Палуян Сяргей Епіфанавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — С. 18. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12).
  • Палуя́н Сяргей Епіфанавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 554. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Календарыюм // «Czasopis» № 10/2005.
  • Мысліцелі і асветнікі Беларусі: энцыкл. давед. — Мн., 1995.
  • Слядамі знічкі: пра Сяргея Палуяна / Таццяна Кабржыцкая, Вячаслаў Рагойша. — Мінск : Выдавецтва ЦК КП Беларусі, 1990. — 79, [1] с. — (Бібліятэчка часопіса «Маладосць» ; № 11 (29)).