Сінантропныя мухі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Сінантропныя мухі — мухі, экалагічна звязаныя з селішчамі людзей. Яны ўяўляюць найбольшую небяспеку для здароўя чалавека і хатніх жывёл.

Да сінантропных мух адносяцца, у першую чаргу, прадстаўнікі наступных сямействаў: сапраўдныя мухі (Muscidae), мясныя мухі (Calliphoridae), шэрыя мясныя мухі (Sarcophagidae), Piophilidae, пладовыя мушкі (Drosophilidae), крывасоскі (Hippoboscidae) — крывасоскі, а таксама прадстаўнікі трох сямействаў і падсямействаў аваднёў: Gasterophilinae, Hypodermatidae і Авадні (Oestridae)[1].

Медыцынскае значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Мухі, нападаючы на чалавека з мэтай харчавання крывёю або выдзяленнямі ран, слізістых абалонак і потавых залоз, моцна дапякаюць і дарослым, і дзецям.

З эпідэміялагічнага пункту гледжання роля мух асабліва вялікая ў распаўсюджанні кішачных і вочных інфекцый. Датыкаючыся з фекаліямі хворых людзей, мухі атрымліваюць узбуджальнікаў дызентэрыі, брушнога тыфа, халеры, а таксама цысты прасцейшых і яйкі гельмінтаў. Узбуджальнікі гэтых хвароб захоўваюцца на целе насякомых на працягу некалькіх сутак, Яны не губляюць вірулентнасць і ў кішачніку мух. Прайшоўшы ў вірулентным стане праз стрававальную сістэму, узбуджальнікі разам з адрыжкай і фекаліямі мух трапляюць на ежу чалавека і прадметы хатняга ўжытку. Мухі могуць быць датычныя да перадачы харчовых токсікаінфекцый. Узбуджальнікаў гэтых захворванняў яны атрымліваюць, харчуючыся на трупах жывёл і мясе, якое захоўваецца з парушэннем санітарных правілаў.

Інфекцыйныя кан’юктывіты і трахомы (вочныя хваробы) мухі распаўсюджваюць пры харчаванні выдзяленнямі з вачэй хворага чалавека, а затым кантактуючы з вачыма здаровага.

Несумненна значэнне мух у перадачы віруса поліяміэліту. Не выключана іх роля ў распаўсюджванні туберкулёзу, а таксама адэнавіруснай інфекцыі.

Крывасмактальныя мухі могуць быць механічнымі пераносчыкамі тулярэміі, сібірскай язвы, стафілакококавых інфекцый. Лічынкі некаторых відаў мух выклікаюць тканкавыя або паражнінавыя міязы.

Сінантропных мух па месцы іх пражывання ў населеных пунктах падзяляюць на эндафілаў, паўэндафілаў, факультатыўных эндафілаў і экзафілаў.

Эндафільныя віды ў дарослым стане ўсё жыццё праводзяць у жыллі людзей або памяшканнях для жывёлы. Тыповы прадстаўнік эндафілаў — муха пакаёвая (Musca domestica).

Паўэндафілы насяляюць як у памяшканнях, так і на адкрытым паветры. Да гэтай групы адносяць Muscina stabulans і муху сінюю мясную (Calliphora uralensis).

Факультатыўныя эндафілы практычна ўвесь час праводзяць па-за памяшканняў і залятаюць туды толькі на вельмі прывабныя пахі. У якасці прыкладу можна прывесці Lucilia illustris і Protophormia terraenovae.

Экзафілы, напрыклад, Bellieria melanura, у памяшканні наогул не залятаюць, праводзячы ўвесь час на адкрытым паветры. Дарослыя мухі звычайна садзяцца на вонкавыя сцены будынкаў, прыбіральняў, смеццевых скрынь, расліны. У розных кліматычных зонах ступень эндафільнасці аднаго і таго ж віду можа змяняцца.

Меры аховы[правіць | правіць зыходнік]

Метады адпужвання мух[правіць | правіць зыходнік]

Клешчавіна звычайная (Ricinus communis)
  • Расліны з невыноснымі для мух пахам. У двары пад вокнамі, вакол смеццязборніка або каля туалета добра пасадзіць арэхавыя дрэвы, чаромху (Prunus padus), кусты парэчак (Ribes) або бузіны (Sambucus), клешчавіну (Ricinus). Лепшы варыянт для кватэр — герань (Geranium) або клешчавіна (Ricinus) у гаршку, а таксама букет з Tanacetum vulgare.
  • Ультрагукавы адпужвальнік для мух.
  • Рэчывы з невыносным для мух пахам. Фумігатар з пласцінамі пры награванні вылучае хімічнае рэчыва, якое забівае або адпуджвае насякомых. Мухі дрэнна пераносяць пах воцату, таму можна багата змазваць аконныя праёмы воцатным растворам.
  • Рэпеленты для абароны ад нападаў мух на адкрытым паветры і ў лесе.

Знішчальныя мерапрыемствы[правіць | правіць зыходнік]

Для дэзінсекцыі (знішчэння насякомых, здольных пераносіць трансмісіўныя хваробы) выкарыстоўваюць розныя інсектыцыды. Інсектыцыды для знішчэння лічынак і кукалак называюцца ларвіцыды. Хімічныя сродкі не рэкамендуецца ўжываць, калі ў хаце ёсць маленькія дзеці ці хатнія гадаванцы.

Механічныя сродкі[правіць | правіць зыходнік]

Асноўным механічным сродкам абароны ад эндафільных мух (якія праводзяць жыццё ў жыллі людзей або памяшканнях для жывёлы) з’яўляецца закрыццё сеткай вокнаў і дзвярных праёмаў (для памяшканняў, дзверы ў якія падоўгу бываюць адкрытымі). Калі маскітная сетка выканала сваю задачу не цалкам, ліпкая стужка можа паслужыць пасткай для выпадкова трапіўшых у памяшканне насякомых.

Прафілактычныя мерапрыемствы[правіць | правіць зыходнік]

Мэта прафілактычных мерапрыемстваў — пазбавіць мух крыніц харчавання і ўмоў для размнажэння. Варта памятаць, што залятаюць мухі ў дом чалавека за ежай. Таму дом трэба ўтрымліваць у чысціні: не пакідаць на стале крошкі і рэшткі ежы, прыбіраць прадукты ў халадзільнік або зачыняць іх крышкамі, рэгулярна выносіць смецце, праводзіць вільготную ўборку. Каб самкі не маглі адкладваць яйкі, рэкамендуецца 1-2 разы ў месяц апрацоўваць дэзінфікавальнымі сродкамі выграбныя ямы, часовыя прыбіральні, ёмістасці для цвёрдых адкідаў. Збор, захоўванне і вываз бытавых адходаў павінны ажыццяўляцца ў адпаведнасці са СНІПамі і санітарна-эпідэміялагічнымі патрабаваннямі[2].

Віды сінантропных мух[правіць | правіць зыходнік]

Сямейства Сапраўдныя мухі (Muscidae)[правіць | правіць зыходнік]

Жыгалка асенняя (Stomoxys calcitrans)

Муха пакаёвая (Musca domestica). Распаўсюджаная паўсюдна. Для паспявання яек самкі неабходная бялковая ежа. Пры спрыяльных умовах размнажаецца круглы год. У халодных памяшканнях перажывае зіму ў неактыўным стане і абуджаецца пры тэмпературы вонкавага паветра вышэй за 10 градусаў. З’яўляецца пераносчыкам узбуджальнікаў кішачных інфекцый, вочных хвароб і туберкулёзу. Лічынкі могуць выклікаць тканкавыя і кішачныя міязы[1].

Муха базарная (Musca sorbens). Распаўсюджаная ў Закаўказзі, Сярэдняй Азіі, Казахстане. У Расіі сустракаецца ў субтрапічнай зоне. Від размнажаецца толькі ў тых населеных пунктах, дзе на зямлі прысутнічаюць экскрыменты чалавека. Мухі харчуюцца фруктовымі сокамі, мясам, малочнымі прадуктамі. Ахвотна нападаюць на чалавека, злізваючы пот, выдзяленні слізістых абалонак вачэй і крывяністы эксудат ран. Від адыгрывае важную ролю ў распаўсюдзе вочных хвароб і кішачных інфекцый[1].

Жыгалка асенняя (Stomoxys calcitrans). Распаўсюджаная паўсюдна (акрамя крайняй поўначы). Гэта пасялковы від, цесна звязаны з населенымі пунктамі, у якіх есць свойскія жывелы. Яна — аблігатны гематафаг; самкі і самцы харчуюцца крывёй, нападаючы пераважна на буйную рагатую жывёлу і коней, але часам і на чалавека. З’яўляецца механічным пераносчыкам стафілакокаў, а таксама ўзбуджальнікаў сібірскай язвы і тулярэміі[1].

Сямейства Мясныя мухі (Calliphoridae)[правіць | правіць зыходнік]

Муха сіняя мясная (Calliphora uralensis). Арэал віду ў Расіі — паўночныя і цэнтральныя раёны. Асноўныя месцы выплоду — неканалізацыйныя прыбіральні (вясковыя прыбіральні). Від з’яўляецца пераносчыкам кішачных інфекцый і інвазій.

Calliphora vicina распаўсюджаная ў Еўрапейскай частцы, Сібіры, на Каўказе, у Сярэдняй Азіі. Лічынкі развіваюцца ў трупах млекакормячых, мясных адкідах, неглыбокіх (да 1 м) скотамагільніках. Дарослыя мухі сустракаюцца ў садах і на рынках. Шматлікія вясной і восенню. Прымаюць удзел у распаўсюдзе кішачных інфекцый. Лічынкі могуць выклікаць тканкавыя і нават кішачныя міязы.

Віды роду Мухі мясныя зялёныя (Lucilia). Найбольш вядомымі прадстаўнікамі роду з’яўляюцца Lucilia illustris і Lucilia sericata. Першы від распаўсюджаны пераважна ў паўночных раёнах, а другі — на поўдні. Абодва віды лічацца факультатыўна-пасялковымі і з’яўляюцца факультатыўнымі эндафіламі. Дарослыя асобіны жывуць на рынках, бойнях, месцах адкрытага продажу ежы. У хаты залятаюць рэдка. Харчуюцца мясам, фекаліямі, ягадамі і садавіной. Лічынкі развіваюцца ў трупах жывёл, мясных адходах на бойню, адкідах з кухні, фекаліях, а таксама ў свежай і маласольнай рыбе на рыбных промыслах. Віды роду вядомыя як пераносчыкі кішачных інфекцый і поліяміэліту. Лічынкі могуць выклікаць тканкавыя міязы[1].

Сямейства Шэрыя мясныя мухі (Sarcophagidae)[правіць | правіць зыходнік]

Вальфартава муха (Wohlfahrtia magnifica)

Уключае шмат сінантропных відаў. Найбольш шырока распаўсюджанымі з’яўляюцца Bercaea haemorrhoidalis, Ravinia striata, Bellieria melanura. Гэта паўпасялковыя віды. Аднак іх колькасць у населеных пунктах вышэй, чым у прыродзе. Лічынкі развіваюцца ў экскрыментах чалавека і жывёл, у адкідах кухні. Дарослыя асобіны — факультатыўныя капрафагі. Імага харчуюцца экскрыментамі, мясам, ягадамі і садавіной. Ступень экзафільнасці шэрых мясных мух неаднолькавая ў розных прыродных зонах. У сярэдняй паласе Расіі яны паводзяць сябе як экзафілы. У паўднёвых раёнах пры высокай тэмпературы паветра яны залятаюць у памяшканні. У сямействе маюцца прадстаўнікі некрафагаў. Самкі прадстаўнікоў сямейства жывародныя: нараджаюць дробных лічынак I стадыі.

Да сямейства шэрых мясных мух адносіцца і сумна вядомая вальфартава муха (Wohlfahrtia magnifica). Лічынкі развіваюцца як аблігатныя паразіты жывёл, радзей чалавека. У кожнай самкі фармуецца ад 100 да 200 лічынак. Па меры паспявання лічынак самка адкладае іх на ранкі, раны, слізістыя абалонкі жывёл і чалавека. Лічынкі харчуюцца жывымі тканкамі. Могуць выядаць шырокія ўчасткі цягліц, прычыняючы пакуты жывёлам[1].

Сямейства Piophilidae[правіць | правіць зыходнік]

Найбольш вядомы прадстаўнік сямейства — Piophila casei. Тыповыя месцы пражывання — прадуктовыя склады, рыбакамбінаты, рыбныя промыслы. Лічынкі развіваюцца на свежай, салёнай або вэнджанай рыбе, ікры, сыры, вяндлінах, свіным сале. Лічынкі Piophila casei могуць выклікаць кішачныя міязы. Гэты від прычыняе значны ўрон рыбнай гаспадарцы і харчовым запасам[1].

Сямейства Пладовыя мушкі (Drosophilidae)[правіць | правіць зыходнік]

Мухі распаўсюджаныя паўсюдна. Для многіх відаў тыповымі месцамі пражывання з’яўляюцца дамы, вінныя і фруктовыя заводы і склады. Лічынкі развіваюцца пераважна ў рэчывах расліннага паходжання, якія забрадзілі — сапсаванай садавіне і гародніне, пракіслых соках, узварах, марынадах, піўным сусле, віне. Праглынутыя разам з ежай лічынкі могуць выклікаць кішачныя міязы[1].

Сямейства Крывасоскі (Hippoboscidae)[правіць | правіць зыходнік]

Мухі маюць характэрны знешні выгляд: плоскае цела, шырока расстаўленыя тазікі ног, масіўныя зубчастыя кіпцікі на лапках. Дарослыя асобіны крывасмокавыя. З’яўляюцца пастаяннымі паразітамі цеплакроўных жывёл. Некаторыя віды нападаюць на чалавека. Самкі жывародныя, адкладаюць гатовых да акуклівання лічынак.

У лясах жыве Lipoptena cervi. Звычайна нападае на коней, буйную рагатую жывёлу і моцна турбуе жывёл. Можа нападаць на чалавека. Уколы мух выклікаюць раздражненні скуры.

У населеных пунктах сустракаюцца крывасоска конская (Hippobosca equina) і Hippoboska longipennis. Гэтыя віды пасля нападу на жывёл не скідаюць крылы. Апошнія захоўваюцца на працягу ўсяго жыцця імага. Могуць нападаць на чалавека[1]. Lipoptena cervi пераносяць спірахеты (узбуджальнікі хваробы Лайма).

Авадні (тры сямействы атраду Двухкрылыя)[правіць | правіць зыходнік]

Усе авадні — пашавыя насякомыя. Лічынкі аваднёў — аблігатныя паразіты жывёл.

Авадзень віду Cephenemyia stimulator

Gasterophilidae. Тыповы прадстаўнік сямейства — Gasterophilus intestinalis. Масавы паразіт коней і аслоў. Распаўсюджаны паўсюдна. Самка адкладвае яйкі на валасяны пакроў галавы і канечнасцяў гаспадара, а таксама на яго кармавыя расліны. Лічынкі, якія вылупіліся, актыўна або з ежай пранікаюць у стрававальны тракт. Тут яны спеюць і выходзяць вонкі разам са спаражненнямі. Лічынкі пры актыўным прасоўванні ўкараняюцца ў скуру і праробліваюць у ёй хады, парушаючы цэласнасць скурнага покрыва і выклікаючы моцны сверб. Паразітаванне лічынак аваднёў у страўніку выклікае катары[1][2][3].

Hypodermatidae. Найбольш вядомы і шматлікі від — Hypoderma bovis. Распаўсюджаны паўсюдна, акрамя Крайняй Поўначы. Паразіт буйной рагатай жывёлы. Самка прымацоўвае яйкі паасобку да валасоў на цела гаспадара. Пасля вылуплення лічынкі ўкараняюцца праз скуру ў арганізм жывёл і мігруюць у тканках, выклікаючы міязы. Перад лінькай у II стадыю яны выходзяць пад скуру спіны гаспадара, утвараючы жаўлакі з адтулінамі (свіршчамі). Праз свіршчы паступае паветра да дыхальца лічынак і ажыццяўляецца іх выхад вонкі. Апісаны выпадкі пранікнення лічынак гэтага віду ў мозг чалавека са смяротным зыходам[1][2][3].

Авадні (Oestridae). Найбольшае значэнне маюць Oestrus ovis і Rhinoestrus purpureus. Першы від паразітуе на свойскіх авечках і козах, а другі — на конях і аслах. Самкі нараджаюць лічынак, якіх на ляту выпырскваюць у ноздры і вочы жывёл або чалавека. Лічынкі паразітуюць на веках, слізістай абалонцы вока і носа, унутры вочнага яблыка. Пры пранікненні ўнутр галавы лічынкі лакалізуюцца ў насавых і лобных пазухах, рашэцістай костцы, у глотцы. Oestrus ovis з’яўляюцца эндапаразітамі і выклікаюць паражнінныя міязы[1][2][3].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к л Дербенева-Ухова В. П. Синантропные мухи // В кн.: Руководство по медицинской энтомологии. М.: Медицина, 1974, С.176-203
  2. а б в г Авторы Чебышев Н. В. и др.; под ред. Н. В. Чебышева Библиография: "Медицинская паразитология: учебное пособие для студентов медицинских вузов
  3. а б в Горностаев Г. Н. Насекомые СССР. М., Мысль. 1970. 372 с.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Мухи // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  • Горностаев Г. Н. Насекомые СССР. — М. Мысль. 1970. — 372 с. (руск.)
  • Дербенева-Ухова В. П. Синантропные мухи // В кн.: Руководство по медицинской энтомологии. — М.: Медицина, 1974. — С. 176—203. (руск.)
  • Захваткин Ю. А. Курс общей энтомологии. — М. Колос, 2001. (руск.)
  • Чебышев Н. В. и др. Медицинская паразитология: учебное пособие для студентов медицинских вузов / под ред. Н. В. Чебышева— М. : Медицина, 2012. — (Учебная литература для студентов медицинских вузов) — ISBN 978-5-225-10010-0. (руск.)
  • Рыльников В. А. Управление численностью проблемных биологических видов: Учебное пособие / под ред. В. А. Рыльникова. — М.: Институт пест-менеджмента, 2012. — В 3 томах. Т. 2. Дезинсекция / А. А. Жаров. — 2012. — 169. с.: ил. (руск.)