Перайсці да зместу

Мангоры

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Ту, народ)
Мангоры
(Mongghul, Mangghuer)
Мангорскі танец масак
Агульная колькасць 289565 (2010 г.)
Рэгіёны пражывання Кітай
Мова мангорская
Рэлігія шаманізм, будызм
Блізкія этнічныя групы манголы, дауры, дунсян, бааань, паўночныя югуры

Мангоры (саманазвы: Mongghul, Mangghuer, кіт.: 蒙古尔) або ту (кіт.: 土族), белыя манголы (саманазва: Chahan Mangguer, кіт.: 察罕蒙古尔) — народ, адна з 56 афіцыйных нацыянальных меншасцяў Кітая. Жывуць пераважна ў правінцыях Ганьсу і Цынхай. Агульная колькасць (2010 г.) — 289 565 чал.

Паходжанне і гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Згодна паданням саміх мангораў, іх продкамі былі манголы, воіны Чынгісхана, якія ажаніліся з дзяўчынамі тыбецкіх пастухоў хуэр. Гэта пацвярджаецца і кітайскімі пісьмовымі крыніцамі, якія адзначаюць наяўнасць аселых манголаў вакол Сініна на працягу XIII — XVI стст.

Пасля кітайскай рэвалюцыі 1911 г. мангоры падтрымалі сям’ю Ма, якая кантралявала мясцовых палявых камандзіраў і падпарадкоўвалася Гаміньдану. У 1949 г. канчатковую перамогу атрымалі камуністы. На землях мангораў адбылася аграрная рэформа. У 1954 г. мангоры былі прызнаны ў КНР этнічнай меншасцю і атрымалі аўтаномію.

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

Першасным заняткам мангораў з’яўлялася качавая жывёлагадоўля, утрыманне авечак і коз. Дадатковую ролю адыгрывала паляванне. Але ўжо ў эпоху Мін многія мангоры пераходзілі да земляробства. Пасля аграрнай рэформы 1949 г. яно ператварылася ў асноўны занятак.

Традыцыйна качавыя мангоры жылі ў юртах. Земляробы будавалі невялікія паселішчы з раскіданай планіроўкай. Жытлы мелі выгляд паўзямлянак. У нашы дні жывуць у буйных сучасных паселішчах. Нацыянальныя строі прадстаўлены доўгімі прыталенымі кашулямі з высокімі каўнярамі, яркімі ўзорамі. Жанчыны носяць хусткі, упрыгожваюцца званкамі, біжутэрыяй. Мужчыны абмотваюць ногі тканінай. Народная кулінарыя ўключае смажаныя аладкі, смажаную локшыну з мясам, чай з маслам і соллю.

Мангоры маюць багаты фальклор, славяцца эпічнымі паэмамі, шматлікімі казкамі, танцамі і песнямі. Раз на год арганізуецца пастушы фестываль хуэр, на які збіраюцца ўсе мангорскія песняры. Новы год па месячным каляндары суправаджаецца святам надун.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Мова мангораў належыць да мангольскай групы моў. Падзяляецца на тры дыялекты. У паўсядзённым жыцці мангоры карыстаюцца кітайскай або тыбецкай графікай, хаця заходнееўрапейскімі навукоўцамі ў 1970-ыя гг. для іх быў складзены алфавіт на аснове лацінкі і кітайскімі — на аснове кітайскай графікі.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць вернікаў — будысты, прыхільнікі вучэння ваджраяна. Захаваліся некаторыя шаманісцкія рытуалы. У 19151949 гг. сярод мангораў актыўна дзейнічалі хрысціянскія місіянеры, аднак у выніку культурнай рэвалюцыі распаўсюджанне хрысціянства было спынена.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]