Украінскія чамярысы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Украі́нскія чамяры́сы (укр.: українські чемериси) — этнагрупа фіна-ўгорскага народу марыйцаў, што перасяліліся ва ўкраінскія ваяводствы Рэчы Паспалітай у 1527 годзе, а таксама цягам сарака год г.зв. чараміскіх войнаў. Паводле ўласнага паходжання з'яўляюцца адной з найстарэйшых і кампактных груп фіна-ўгорскага насельніцтва Украіны, вядомая пад састарэлым этнонімам чамярыс (укр.: чемерис, параўн. з састарэлым руск.: черемис). Паводле звестак акадэміка Я. Дашкевіча ўкраінскія чамярысы захоўвалі нацыянальную ідэнтычнасць, мову і традыцыйную рэлігію да канца XVIII ст., г.зв. барскія чамярысы (ад горада Бар у Вінніцкай вобласці) — да канца ХІХ ст.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Назоўнік чамярысы з'яўляецца засвоеным з украінскай мовы, у якой, у сваю чаргу, з'яўляецца ўкраінскім экзаэтнонімам для ўкраінскіх марыйцаў, адрозніваючыся ад саманазваў марыйцаў марий, мары, маре, мӓрӹ. Украінскія марыйцы паходзяць з марыйскіх рэгіёнаў Паволжа, адкуль частка марйцаў, пасля перасялення ў якасці палонных на заходнія межы Маскоўскай дзяржавы, у 1527 годзе збегла праз тэрыторыю сучаснай Беларусі на Валынь. Пазнейшыя міграцыі перыяду XVI ст. звязаныя з паўстаннямі марыйцаў супраць расійскіх уладаў, у другой палове XVIII ст. новая хваля марыйскіх перасяленцаў з'явілася ў якасці прыгонных сялян-уцекачоў з Курскай губерні.

З 15411542 гадоў асноўным месцам рассялення чамярысаў стала мястэчка Бар на Падоллі, дзе чамярыская грамада ўтварыла ўласны квартал — г.зв. Чамярыскі Бар. Займаліся вартавай службай, абараняючы памежнае Падолле ад крымскіх татараў і беручы ўдзел у выправах на Прычарнамор'е. Апрача ваенных спраў займаліся хлебаробствам, агародніцтвам, жывёлагадоўляй, пчалярствам і паляваннем.

Іншымі чамярыскімі паселішчамі з'яўляліся Чарамісы (з 1600 года, занепадае ў пачатку XVIII ст.), прадмесце Чарамісаўка сучаснага сяла Сальнік Вінніцкай вобласці (заснаванае ў 1607 годзе), Чамерпаль (з 1730-х гадоў, сучасная Кіраваградская вобласць), а таксама сяло Чамярысы каля Бару (раней вядомае як Чамярыскі Бар); асобнымі сем'ямі з сярэдзіны XVI ст. жылі ў мястэчку Канеў.

Паводле прыблізных падлікаў у 70-х гадах XVI ст. на Падоллі пражывала не менш за 1—1,5 тыс. чамярысаў, у 70-х гадах наступнага стагоддзя — каля 10 тысяч. Да канца XVII ст. былі кансалідаваным астраўным этнасам з досыць трывалымі этнічнымі бар'ерамі.

Бралі параўнальна актыўны ўдзел у паўстанцкім руху Багдана Хмяльніцкага, асноўная маса пераходзіла на бок казакоў і ўтварала асобныя кавалерыйскія часткі або ўваходзіла ў склад палкоў. У 1672 годзе разам з татарскімі атрадамі знаходзіліся на польскай службе; як і татары, перажывалі дыскрымінацыю на нацыянальным грунце. Пазней перайшлі на бок Асманскай імперыі, дзе налічвалася каля 2000 салдат. Акрамя гэтага, каля 400 чалавек знаходзілася на службе малдоўскага войска. Цэнтрамі дадзеных груп чамярысаў з'яўляліся гарады Камянец-Падольскі і Бар. У складзе войска гетмана Паўла Дарашэнкі ваявалі з гетманамі Міхаілам Даненкам і Іванам Самайловічам, а таксама з расійскімі войскамі, якія бралі ў аблогу Чыгірын у 16721673 гг. У гэтыя часы прадстаўлялі значную ваенную групоўку на Падоллі, але ўжо ў 1699 годзе эмігравалі на землі каля дэльты Дуная і ваколіцы Хоціна. Пазней вярнуліся пад імем валоскіх чамярысаў. У 50—60 гг. ХІХ ст. панскія чамярысы змагаліся з расійскай адміністрацыяй за аднаўленне ўласных правоў і скасаванне паншчыны.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Ва ўласным ужытку чамярысы выкарыстоўвалі горнамарыйскую мову, якая належыць да волскае групы фіна-ўгорскае галіны ўральскай сям'і моў. У рэлігійным дачыненні спачатку былі язычнікамі і прытрымліваліся традыцыйных марыйскіх вераванняў, пазней успрынялі праваслаўе. У моўным плане ўжо ў XVII ст. асіміляваліся з украінцамі.

Пражыванне марыйцаў пакінула ва Украіне сляды ў антрапаніміі (прозвішча Чамярыс), тапаніміцы, матэрыяльнай культуры, а таксама ва ўкраінскім фальклоры Падолля. У матэрыяльнай культуры, напрыклад, адзначаюцца чамерка — мужчынскае адзенне для верхавой язды, што было распаўсюджана да 20-х гадоў ХХ ст., а таксама чамярыская вышываная сарочка XVII — пачатку XVIII ст., якая ўплывала на ўкраінскую.

У асобных гістарычных крыніцах і літаратуры часам атаясамліваліся з татарамі-ліпкамі, для чаго, аднак, не існуе падстаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Етнічні меншини Україні.— Київ, 1996.— С.164-165
  • Энциклопедия Республики Марий Эл / отв. ред. Н. И. Сараева.- Йошкар-Ола, 2009.- С.812

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]