Перайсці да зместу

Уладзімір Адамавіч Кісель

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Уладзімір Адамавіч Кісель
«Раса́»
Дата нараджэння 20 лістапада 1922(1922-11-20)
Месца нараджэння
Дата смерці 24 жніўня 1999(1999-08-24) (76 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Дзеці Зміцер Кісель
Альма-матар
Член у

Уладзімір Адамавіч Кісель (20 лістапада 1922, мястэчка Клецк Нясвіжскага павета Навагрудскага ваяводства — 24 жніўня 1999, Гродна) — педагог, удзельнік антысавецкага падпольнага руху. Мянушка «Раса́».

У другой палове 1930-х гадоў скончыў сем класаў польскай школы, у 1941 — савецкую сямігодку ў Клецку. Падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, дзе з сябрамі стварыў арганізацыю «Саюз беларускіх патрыётаў». З восені 1944 года працаваў настаўнікам у Качановічах, потым у Рудаўцы на Нясвіжчыне, завочна скончыў педагагічнае вучылішча ў Нясвіжы, паступіў у Гродзенскі педагагічны інстытут..

У беларускім падполлі

[правіць | правіць зыходнік]

У 1946 годзе Уладзімір Кісель удзельнічаў у заснаванні падполнай патрыятычнай арганізацыі «Саюз змагання за незалежнасць Беларусі», якая дзейнічала ў Нясвіжскім, Клецкім, Стаўбцоўскім, Гродзенскім і іншых раёнах Беларусі.

Устаноўчы сход арганізацыі прайшоў у 1946 годзе на хутары Царская Ліпа (Нясвіжскі раён), на сходзе прысутнічала 6 чалавек, а сярод іх студэнты Гродзенскага педінстытуту. СЗНБ будаваўся з «пяцёрак», склад кожнай з іх ведаў толькі кіраўнік гэтага звяна. Праграма СЗНБ прадугледжвала падрыхтоўку патрыятычных сіл, якія ў выпадку вайны павінны былі выступіць у абарону беларускага народа і незалежнасці Беларусі. У адпаведнасці з праграмай СЗНБ, павінны былі быць распушчаны калгасы, а зямля перадавалася сялянам. Была выпушчана і распаўсюджана антысавецкая ўлётка.

На пачатку 1949 года органамі савецкай дзяржбяспекі было арыштавана кіраўніцтва арганізацыі. Дзякуючы канспірацыі, частка структур СЗНБ так і не была раскрытая.

Уладзімір Кісель быў арыштаваны 25 лютага 1949 года ў Гродна і ўтрымліваўся ў мінскай «амерыканцы». У лістападзе 1949 года «за здраду радзіме, ускосны тэрор і антысавецкую прапаганду» асуджаны Ваенным трыбуналам войскаў МУС Беларускай Ваеннай Акругі да 25 гадоў пазбаўлення волі з паражэннем у правах і канфіскацыяй маёмасці. Тады (15—17 чэрвеня 1949) на розныя тэрміны зняволення былі засуджаны 17 членаў СЗНБ (яшчэ адну сяброўку СЗНБ, Веру Касмовіч, судзілі асобна).

Пакаранне адбываў у Джэзказганскім канцлагеры Казахстана і крытай турме ў Грозным. Вызвалены ў 1960 годзе, рэабілітаваны.

Па вызваленні

[правіць | правіць зыходнік]

Па вызваленні вярнуўся ў Гродна, дзе працаваў настаўнікам матэматыкі ў вясковай школе Грандзічаў.

Напісаў успаміны пра падзеі ў Клецку, арганізацыю, лагернае жыццё.

У 1990-я гады быў сябрам Дэмакратычнага аб’яднання ветэранаў. Сын Зміцер Кісель — удзельнік беларускага нацыянальнага руху на Гродзеншчыне ў 1990-х гадах, супрацоўнік газеты «Пагоня».

Памёр у 1999 годзе. Пахаваны з жонкай Галінай Аляксандраўнай Генаш, таксама былой студэнткай Гродзенскага педагагічнага інстытута, удзельніцай Саюза змагання за незалежнасць Беларусі і палітычнай зняволенай, на Аульсаўскіх могілках Гродна.