У снежні 2019 года стала вядома, што салігорскі «Шахцёр» плануе заявіць даччыную каманду ў Другую лігу[1]. У студзені 2020 года галоўным трэнерам новай каманды стаў Сяргей Нікіфарэнка, які раней працаваў у структуры салігорскага клуба[2]. Склад фарм-клуба ўтварылі ў асноўным былыя рэзервісты салігорскага «Шахцёра», таксама былі запрошаны і іншыя вопытныя ігракі. Некаторы час каманда рыхтавалася да новага сезона ў Салігорску, а ў сакавіку 2020 года быў адкрыты новы стадыён «Прыпяць» у Петрыкаве[3], які і стаў хатнім.
«Шахцёр» адразу стаў адным з фаварытаў Другой лігі. Скончыўшы першую частку Другой лігі 2020 на другім месцы пасля магілёўскага «Дняпра», «Шахцёр» упэўнена прайшоў фінальную частку і заняў другое выніковае месца, якое дазволіла выйсці ў Першую лігу. У сезоне 2021 у Першай лізе петрыкаўскі «Шахцёр» заставаўся фарм-клубам салігорскага, аднак камплектаваўся не толькі салігорскімі, але і іншымі, пераважна маладымі ігракамі. Каманда нестабільна правяла сезон, чаргуючы паспяховыя адрэзкі з правальнымі, у выніку фінішавала ў сярэдзіне, на 7-м месцы з 12.