Францішак Савіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Францішак Савіч
Асабістыя звесткі
Псеўданімы: Адам Ге́льгет
Дата нараджэння: 1815
Месца нараджэння:
Дата смерці: 1845
Месца смерці:
Грамадзянства: Расійская імперыя
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці: публіцыст, паэт
Валодае мовамі: Заходнепалеская літаратурная мікрамова і польская

Францішак Андрэевіч Савіч (1815[1], в. Вяляцічы, Пінскі павет, Мінская губерня1845, мястэчка Янушпаль[2][3], Валынская губерня) — беларускі публіцыст, удзельнік вызваленчага руху. Адзін з пачынальнікаў рэвалюцыйнага дэмакратызму на Беларусі, папярэднік Кастуся Каліноўскага[4].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў вёсцы Вяляцічы каля Пінска ў сям'і ўніяцкага святара. Рана страціў бацьку. Вучыўся паспяхова, у апошнія гады адначасова з вучобай працаваў хатнім настаўнікам. 9 чэрвеня 1833 атрымаў за № 91 пахвальнае пасведчанне аб сканчэнні Пінскага павятовага вучылішча. Сёлета ж паступіў у Віленскую медыка-хірургічную акадэмію на казённы кошт. На станаўленне грамадзянскіх поглядаў Ф. Савіча моцны ўплыў аказаў наглядчык Пінскай павятовай вучылішча Францішак Махніцкі[5].

Дэмакратычнае таварыства[правіць | правіць зыходнік]

У акадэміі збліжаецца з украінцам Янам Загорскім. Паступова вакол іх гуртуецца кола аднадумцаў і ў 1836 г. сумесна з сябрамі Ф. Савіч арганізоўвае таемнае студэнцкае «Дэмакратычнае таварыства» (першапачатковая назва — «Крыж і Евангелле»[3]), якое аб'ядноўвала некалькі сот чалавек. Члены таварыства лічылі сябе прадаўжальнікамі справы філаматаў і філарэтаў[6].

Ф. Савіч быў абраны за сакратара і скарбніка. Неўзабаве напісаў для таварыства статут пад назвай «Прынцыпы дэмакратызму» і адозву-праклямацыю «Заўвагі аб маральнай вайне народа з дэспатызмам». Задачамі таварыства Статут абвяшчаў барацьбу з беззаконнем, аказанне дапамогі абяздоленым, уздзеянне на моладзь з мэтай выхавання сумленных і справядлівых грамадзян[3]. Ф. Савіч адзначаў:

" Паўстаньце ў імя растаптаных правоў чалавека!.. Сцеражыцеся, браты, пастак. Уводзяць нас у марнатраўства, называючы яго старадаўняй польскай вялікадушнасцю, насаджаюць п'янства і бяздзейнасць пад імем гасціннасці... Хочуць нас падкупіць золатам, кладучы на вагі яго дабрачыннасці, свабоду, асабістую годнасць, хто ж можа з спакойным сэрцам браць шчадроты жыцця за такую дарагую плату... Прыстасоўваючы нас да рабства, дазваляюць і загадваюць нам быць дэспатамі[7] "

Пра ідэі вызвалення роднага края сведчыць і тэкст Савічавае ўлёткі «Заўвагі аб маральнай вайне народа з дэспатызмам, або Якое наша становішча і што ў цяперашні час трэба рабіць людзям дабрадумным»:

" Будзем загартоўваць дух, працаваць да канца жыцця! Хто ведае, дзе і як суджана нам памерці? Магчыма, не адзін з нас сканае пад рукою ката! Але няхай і смерць яго будзе працягам барацьбы за свабоду! I з вышыні шыбеніцы, як з высокага трона, павінен заклікаць: паўстаньце, народы! Паўстаньце ў імя растаптаных правоў чалавека![3] "

У гэтым часе Ф. Савіч клапоціцца аб колькасным пашырэнні таварыства: перапісвае шматлікія праклямацыі, разважанні і супрэчкі замежных аўтараў, чытае і прапагандуе вызваленчыя ідэі на таменых сходах. Член Ф. Савіча па акадэміі Мацвей Лавіцкі адзначаў, што «ў гэты час ён ужо быў другім Занам»[8]. Паступова «Дэмакратычнае таварыства» набывае выразную палітычную накіраванасць. Свае аддзяленні арганізацыя мела ў розных гарадох, у тым ліку і ў Пінску. Таварыства стала шматлікай і ўмела заканспіраванай рэвалюцыйнай арганізацыяй: прыём новых прыхільнікаў адбываўся выключна па рэкамендацыі, радавыя ўдзельнікі тайнага таварыства не ведала ўсіх членаў, для перапіскі карысталіся «сімпатычным» чарнілам, прыняты былі ўмоўныя псеўданімы і назвы: Савіч — Адам, Загорскі — Яцэк, арганізацыйнае ядро таварыства — Клевань, Вільня — матка, Ашмяны — піўная, Мінская губернястадола, Віленская губерня — халупа і інш[9].

Улетку 1837 Ф. Савіч пазнаёміўся з польскім барацьбітом і ўдзельнікам паўстання 1830—1831 гадоў Шыманам Канарскім. Сустрэча канспіратараў адбылася ў маёнтку Лысава (цяпер Маневіцкі раён Валынскай вобласці)[4]. Неўзабавае віленскае «Дэмакратычнае таварыства» ўступіла ў «Садружнасць польскага народа» ў якасці яго радыкальнага крыла пад назвай «Маладая Польшча».

Увесну 1838 Ф. Савіч спрабаваў арганізаваць уласную друкарню. Каб знайсці чалавека, на імя якога можна было выпісаць з Жэневы друкарскую машыну, у маі 1838 у Вільню прыехаў і Шыман Канарскі, аднак тут на яго след натрапіла паліцыя. З дапамогай Ф. Савіча, Ш. Канарскі тайком выехаў з Вільні, але 27 мая 1838 быў затрыманы паліцыяй па дарозе на Ашмяны, на паштовай станцыі Крыжоўка[10].

Ссылка[правіць | правіць зыходнік]

1 чэрвеня 1838 быў арыштаваны і Ф. Савіч за ўдзел у незаконнай арганізацыі. У зняволенні напісаў на польскай мове «Споведзь». Даследчыкі лічаць, што ў ёй адчуваецца моцны ўплыў «Кнігі народа польскага і польскага пілігрымства» Адама Міцкевіча[11]. Следства цягнулася больша восем месяцаў. Утрымліваўся ў Віленскім базыльянскім кляштары. Сучаснікі сведчаць, што за ўвесь час следства Ф. Савіч атрымаў 12 тысяч бізуноў, часта сядзеў у карцары[10]. Допыты вёў старышня следчай камісіі князь Трубяцкі, улюбёнымі словамі якога былі: «Врешь, поросёнок!». Ф. Савіч падрабязна апісаў катаванні ў часе зняволення:

" Трубяцкі ў часе допыту рабіўся шалёным і раз'юшаным, тузаў за валасы, біў па твары кулаком, валіў на зямлю, біў і таптаў нагамі, пакуль вязень не абліваўся крывёю. "

У лютым 1839 следства было скончана. 14 лютага 1839 высланы на Каўказ у салдаты без выслугі.

Разам з іншымі арыштантамі пешшу адпраўлены ў Стаўрапаль праз Чарнігаў, дзе захварэў. Там вывучаў горскія мовы, зблізіўся з палонным горцам Алі, якія даў яму рэкамендацыйныя лісты ў Тыфліс. Па выздараўленні канваяваны ў Апшэронскі пяхотны полк у Кізляры, затым у Дэрбент і нарэшце ў Тыфліс. Тут беспаспяхова спрабаваў уцячы. У маі 1840 знаходзіўся ў крэпасці Жыранчы на Каспійскім моры, дзе выконваў таксама і абавязкі лекара. Затым ізноў вярнуўся ў Кізляр. Тут адзін з армянскіх купцоў параіў яму ўцячы за мяжу праз таганрог і даў адрас брата. 22 красавіка 1841 інсцэніраваў самагубства (пакінуў на беразе р. Церак адпаведную запіску і вопратку)[2]. Спачатку дабраўся да Таганрога, але затым накіраваўся на Украіну, каб адтуль трапіць у Румынію. У Балтах (Адэская губерня) захварэў і быў арыштаваны памежнай вартай. Два гады пад чужым імем прасядзеў у турме Ціраспаль. У 1843 адпраўлены санітарам у Чарнігаўскі батальён унутранай варты. З дапамогай фельчара, якому аказаў паслугі сваімі медыцынскымі ведамі, увесну 1844 зноў уцёк, дабраўся да Кіева, адтуль накіраваў у Бярдычаў, аднак па дарозе вывіхнуў нагу і вымушаны быў пад імем доктара Гельгега затрымацца ў мястэчку Янушпаль на Жытоміршчыне. Адкрыў у мястэчку лекарскую практыку і праславіўся як надзвычай умелы лекар. У 1845 заслужыў поўны давер мясцовых уладаў і атрымаў замежны пашпарт. Аднак у часе пошасці халеры, выконваючы медыцынскія абавязкі, захварэў. Перад смерцю паспеў напісаць успаміны, якія разам са «Споведдзю» перадаў паэту А.Грозе. Гэтыя творы пазней апублікаваў Э. Геленіюш (Іваноўскі).

Пахаваны ў Астрожку на Чарнігаўшчыне.

Постаць[правіць | правіць зыходнік]

Член Ф. Савіча Мацвей Лавіцкі ўспамінаў асаблівыя рысы характару свайго паплечніка:

" Па складзе думак быў ён вядомы з добрага боку, пры гэтым валодаў шчаслівым дарам не толькі падабацца, але і здабываць павагу кожнага, і таму знаёмыя міжволі адкрываліся перад ім... Быў ён таксама актыўным, стараўся схіліць да свайго складу думак і пераканаць у сваіх поглядах[12]. "

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Творчая спадчына Ф. Савіча невялікая: гэта яго працы, напісаныя для «Дэмакратычнага таварыства»: «Прынцыпы дэмакратызму», «Заўвагі аб маральнай вайне народа з дэспатызмам», «Споведзь», мемуары і верш «Там блізко Пиньска, на шыроком полю…»[13]. Мемуары ахопліваюць дзяцінства і юнацтва, віленскі перыяд і службу на Каўказе.

Найбольшая літаратурная актыўнасць Ф. Савіча прыпадае на час вучобы ў Вільні. Сам паэт прызнаваўся, што ў час навучання ў акадэміі крыху займаўся літаратурай, пісаў прозу і вершы, нават меркаваў, што было сярод напісанага нешта і таленавітае[11].

Польскія гісторыкі (Б. Ліманоўскі, А. Гілер і іншыя) сведчаць, што беларускія вершы Ф. Савіча распаўсюджваліся рукапісамі па Беларусі і Украіне[14], многія з іх сталі папулярнымі на Піншчыне, дзе яны бытавалі сярод сялянства, перадаваліся вусна і спяваліся як народныя[15]. Э. Паўловіч успамінае, што ён верш Савіча «Там блізко Піньска...» чытаў сваім сябрам, і гэты твор зрабіў на іх моцнае ўражанне:

" Калі скончыў той поўным мужнай сілы і прастаты верш, адным пачуццём прыяцелі паднялі тост у гонар Савіча: «За дружбу і сяброўства!»[16] "

Творы Ф. Савіча былі апублікаваны ў наступных выданнях:

  • Pamiktnik… // Heleniusz E. Wspomnienia lat minionych. — T. 2. — Krakyw, 1876.
  • Tam blizko Pinska // Pawіowicz E. Wspomnienia z nad Wilji i Niemna. — 3 wyd. — Lwуw, 1895.
  • Дзе ж тое шчасце падзелася?.. // Беларуская літаратура XIX стагоддзя: Хрэстаматыя. — Мн., 1971.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Помнік Францу Савічу ў в. Вяляцічы

У роднай вёсцы паэта яму пастаўлены драўляны помнік. У гонар Францішка Савіча названая адна з вуліц Пінска[17]. Польская пісьменніца Вераніка Трапачынская-Огаркова ўпамінае імя Францішка Савіча ў сваім рамане «Лясныя долы»[15].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Алесандровіч, С. Францішак Савіч // Слова багацце: Літ.-крытыч. артыкулы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — С. 281. — 414 с.
  2. 2,0 2,1 Савіч Францішак Андрэевіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 Вацлаў Паспаліты У палоне свайго жыцця. MyPinsk.com (7 снежня 2011).
  4. 4,0 4,1 Кісялёў, Г. В. Савіч Францішак // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 5. Пестрак — Сяўрук / Б 43 Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Беларусі; Беларус. Энцыкл.; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэд. А. В. Мальдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 217—220. — 480 с. ISBN 5-85700-168-4
  5. Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 60. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4.
  6. Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 61. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4.
  7. Лойка А. А. Францішак Савіч // Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд У 2 ч. Ч. 1. — Мн.: Выш. шк., 1977. — С. 84.
  8. Александровіч, С. Францішак Савіч // Старонкі братняй дружбы. — Мн., 1960. — С. 160.
  9. Алесандровіч, С. Францішак Савіч // Слова багацце: Літ.-крытыч. артыкулы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — С. 283. — 414 с.
  10. 10,0 10,1 Алесандровіч, С. Францішак Савіч // Слова багацце: Літ.-крытыч. артыкулы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — С. 286. — 414 с.
  11. 11,0 11,1 Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 62. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4.
  12. Александровіч, С. Францішак Савіч // Старонкі братняй дружбы. — Мн., 1960. — С. 159.
  13. Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 63. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4.
  14. Алесандровіч, С. Францішак Савіч // Слова багацце: Літ.-крытыч. артыкулы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — С. 294. — 414 с.
  15. 15,0 15,1 Трапачынская-Огаркова, В. Беларускі паэт — друг польскага рэволюцыянера // ЛіМ. — Мн.: 1956. — № 31 сакавіка. — С. 4.
  16. E. Pawłowicz. Wspomnienia z nad Wilji i Niemna. — Lwow, 1882. — С. 96.
  17. Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 69. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]